Каля трохсот маладых людзей прымаюць удзел у Музычнай майстэрні ў Івянцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.08.2011 11:22 |
Сотні маладых, таленавітых, музычна адораных людзей з’ехаліся ў гэтыя дні ў Івянец на ІХ Музычную майстэрню. Сёння ўжо трэці дзень напружанай працы і навучання маладых спевакоў і музыкантаў. Своеасаблівая школа літургічнага спеву распачалася 1 жніўня 2011 г., а завяршэннем «Майстэрні» стане Малітоўная сустрэча моладзі, што адбудзецца 5-7 жніўня. Ініцыятарам майстэрні ў Івянцы з’яўляецца культурны дзеяч і музыкант спадар Ян Паспяшальскі (Польшча). Ужо на працягу 11 год былы ўдзельнік вядомага польскага гурта «Чырвоныя гітары», музыканты і спевакі з польскіх парафій дзеляцца сваім музычным вопытам у сферы касцёльнай музыкі і заахвочваюцць маладых людзей Беларусі да творчай працы ў накірунку развіцця рэлігійнага спеву. У цэлым мэта майстэрні — падзяліцца вопытам у сферы літургічнага спеву, распрацаваць уласныя матэрыялы, далучыць маладых людзей да творчасці. Праца ў майстэрні дапамагае ў далейшым яе ўдзельнікам ажыўляць і ўзбагачаць жыццё сваёй парафіі. У межах «Майстэрні» група з Польшчы (сёлета каля 30 чалавек) арганізоўвае для ўдзельнікаў разнастайныя майстар-класы: харавы спеў, сольны спеў, дырыжыраванне, ігра на інструментах, тэатральнае майстэрства. Прэзентацыя працы майстэрні пройдзе ў выглядзе спектакля на заключным канцэрце ІІ Усебеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы (6 жніўня, 23.00). Сёлета, ужо ў ІХ Музычнай майстэрні, прымаюць удзел каля 300 маладых людзей з усіх дыяцэзій Беларусі. |