Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў гісторыі Баранавіч
Беларусь - Пінская дыяцэзія
17.09.2012 12:10

Свята Узвышэння Святога Крыжа, якое Касцёл адзначае 14 верасня, для католікаў Баранавіч з’яўляецца асаблівым днём. Штогод у гэты дзень вернікі з розных парафій горада і ваколіц збіраюцца ў адным касцёле, ад якога пачалася гісторыя не толькі каталіцкай супольнасці Баранавіч, але і самога горада.

Горад Баранавічы ўзнік у канцы XIX ст. як маленькае паселішча Развадова на скрыжаванні новазбудаваных чыгуначных шляхоў. Назва паселішча ўзяла свой пачатак ад прозвішча мясцовай шляхецкай сям’і Развадоўскіх. Пазней разбудаванае мястэчка было перайменавана ў Баранавічы.  

Разам з хуткім развіццём мястэчка імклівымі тэмпамі развівалася каталіцкая супольнасць. Нягледзячы на забароны царскіх уладаў на будаўніцтва касцёла, вернікі рыхтаваліся да пабудовы святыні. Калі ў 1904 г. памерла жонка графа Яна Развадоўскага — Альжбета,— яе пахавалі ў адмыслова збудаваным родавым склепе, на месцы, прызначаным для касцёла. Дзякуючы намаганням графа, мясцовых католікаў і дапамозе мінскага губернатара над склепам была пабудавана драўляная капліца. У ёй цэлебраваў святую Імшу для шматлікіх баранавіцкіх католікаў пробашч з Новай Мышы кс. Антоні Ганіч. У 1911 годзе была афіцыйна заснавана парафія. І толькі ў 1924 г. пасля ваенных ліхалеццяў Першай сусветнай вайны і распаду імперыі быў пабудаваны касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа, які асвяціў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі.

Сёлетні парафіяльны фэст у найстарэйшым касцёле горада сабраў святароў і вернікаў з усяго горада і суседніх парафій. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. З прывітальным словам да біскупа і соцен мясцовых католікаў звярнуўся пробашч парафіі і Баранавіцкі дэкан — кс. Валянцін Новак.

У сваёй прамове святар нагадаў вернікам аб тым, што гэта святыня з’яўляецца месцам, з якога пачалася гісторыя Баранавіч. У склепе касцёла спачываюць астанкі заснавальнікаў горада — Яна і Альжбеты Развадоўскіх, ля магілы якіх часта моляцца мясцовыя вернікі. У сваю чаргу біскуп Антоні ў казанні ўзгадаў стойкасць баранавіцкіх католікаў, якія ў цяжкія часы камуністычнага тэрору змаглі адстаяць веру, дзякуючы чаму найстарэйшы касцёл горада ніколі не быў зачынены.

Пасля святой Імшы адбылася ўрачыстая эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. На заканчэнне фэсту біскуп Антоні Дзям’янка ўдзяліў благаслаўленне ўсім прысутным.

Кл. Віталь Пазняк

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.