Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэканальная сустрэча моладзі ў Баранавічах: навучыцца бачыць Езуса
Беларусь - Пінская дыяцэзія
15.05.2012 17:24

12 мая 2012 г. у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адбылася дэканальная сустрэча моладзi. Арганізатар сустрэчы ксёндз дэкан Валянцін Новак прапанаваў моладзі паразважаць на тэму «Адкрыць Езуса ў сваёй штодзённасці».

Моладзь з розных парафій Баранавіч і ваколіц пачала збiрацца загадзя. На сустрэчу прыехалі і маладыя католікі са Сталовiчаў, Паланэчкi, Лясной, Новай Мышы і Палонкі. Усіх удзельнікаў сабралася каля 70 чалавек. Дзякуючы добрай арганiзацыі, сустрэча атрымалася вельмі цікавай і змястоўнай.

Моладзь распачала сустрэчу супольнай малітвай Вяночка да Божай Мiласэрнасцi. Пасля адбылася цікавая канферэнцыя, якую праводзiў кс. Андрэй Рылка. На аснове фрагмента з Евангелля паводле Лукі святар запрасіў моладзь паразважаць над сустрэчай Езуса з Закхеем, начальнiкам мытнiкаў, якога многія баяліся і не любілі. Закхей хацеў пабачыць Езуса, прадумаў свой план сустрэчы з Ім, але Езус змянiў яго так, што Закхей не проста ўбачыў Пана, але атрымаў збаўленне сам і для ўсяго свайго дома.

Ксёндз Рылка заўважыў, што мы, сучасныя хрысцiяне, часта прыходзім да Езуса, як Закхей. Мы прыходзiм да Бога, у касцёл, з асабiстым планам, просячы Бога толькi аб тым, што нам патрэбна, не звяртаючы ўвагу на тое, чаго Ён сёння хоча для нас. Але Бог найлепей ведае, што нам патрэбна. Таму заўжды на пачатку дня трэба прасiць Бога пражыць дзень так, як гэтага хоча Ён. Варта прасiць Езуса, каб Ён дапамог нам пазбавiцца ад нашых страхаў і недаверу, пабачыць тое, што Бог любiць у кожным з нас i таксама палюбiць гэта.

Паміж малітоўнымі і біблійнымі сустрэчамі адбываліся не менш цікавыя перапынкі на гарбату, калі можна было асабіста падзяліцца з удзельнікамі ўражаннямі і падсілкавацца.

Важным пунктам былі сустрэчы з Божым словам, якія праводзілі мясцовыя святары: кс. Андрэй Рылка, кс. Валянцін Ляўковіч, кс. Павел Врубель і кс. Эдуард Сінкевіч. Кожная група атрымала свой тэкст з Евангелля для разважанняў i абмеркаванняў.

Глыбокім перажываннем для моладзі была сустрэча з Панам Езусам падчас эўхарыстычнай адарацыі і святой Імшы. Кароткiя разважаннi дапамагалі ў малітве і добрым перажыванні споведзi. У гаміліі кс. Валянцiн Ляўковіч засяродзіў увагу на словах прарока Ерамii, заўважыўшы, што тут і цяпер Пан Бог хоча заключаць з намi Новы Запавет. Нашы iнтарэсы і слабасцi разрываюць Яго. Але Пан Бог заўжды падае нам сваю руку — трэба толькi звярнуцца да Яго.
 
Напрыканцы святой Імшы кс. Андрэй Рылка адзначыў: «Хрысцiянiн не бывае старым, бо стары — той, хто заўжды думае аб мiнулым. А мы, хрысцiяне, павiнны заўжды думаць аб будучым, аб Валадарстве Божым!»

Пасля Імшы адбыўся вясёлы вечар са смачным пачастункам пры вогнішчы. Завяршылася сустрэча супольнай малітвай у касцёле. Удзельнікі дзякавалi Пану Богу i ўсiм, хто дапамог арганізаваць гэтую сустрэчу, асабліва сястры дамініканцы Наталлі за яе старанні і працу. На развітанне кожны ўдзельнік атрымаў ад новапрэзбітэра Эдуарда Сінкевіча благаслаўленне і памятны абразік Маці Божай Будслаўскай.

Няма сумненняў, што для кожнага маладога католіка дэканальны дзень моладзі быў плённым. Кожны вынес з яго штосьцi новае і важнае, а перадусім удзельнікі сустрэчы ўсвядомілі, як моцна Бог дзейнічае ў іх штодзённым жыцці.

Настасся Тамашэўская

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.