Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у адкрыцці новага навучальнага года ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
19.09.2011 14:02

17–18 верасня 2011 г. у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах прайшлі ўрачыстасці з нагоды распачацця новага 2011/2012 навучальнага года. Сёлетняя інаўгурацыя была адметная тым, што яе ўзначаліў новапрызначаны Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 Увечары 17 верасня адбылася сустрэча студэнтаў з Мітрапалітам. На трох курсах каледжа вучацца каля 80 чалавек. Навучэнцы каледжа мелі магчымасць у цёплай сямейнай атмасферы пагутарыць са сваім пастырам і абмеркаваць хвалюючыя пытанні. Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў пра сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго дасягненні і галоўныя праблемы. Іерарх таксама падкрэсліў, што чакае ад навучэнцаў каледжа новых катэхетаў і каталіцкай інтэлігенцыі, якая павінна быць сведкам Евангелля і мець здольнасць адказваць на выклікі часу па прынцыпах навучання Касцёла.

Пасля ў вячэрняй малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам студэнты і выкладчыкі каледжа даверылі Богу новы навучальны год.

Раніцай 18 верасня Мітрапаліт Кандрусевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў каледжа ў касцёле Маці Божай Фацімскай. Падчас літургіі арцыпастыр урачыста адкрыў новы навучальны год у Катэхетычным каледжы і ўручыў 14 навучэнцам першага курса студэнцкія білеты і залікоўкі. Іерарх заклікаў студэнтаў быць руплівымі ў навучанні і хрысціянскай фармацыі, каб потым стаць тымі, якія будуць адказна і згодна з навучаннем Касцёла вучыць праўдам веры і яе ўзмацняць. Таксама Мітрапаліт благаславіў усіх выкладчыкаў і студэнтаў на новы год руплівай духоўнай і інтэлектуальнай працы.  

У межах візіту іерарх Мітрапаліт наведаў і іншыя баранавіцкія парафіі. Падчас літургіі ў касцёле св. Зыгмунта ў гаміліі іерарх падкрэсліў неабходнасць памятаць аб тым, што не матэрыяльныя рэчы з’яўляюцца мэтай нашага жыцця, а духоўныя. Матэрыяльныя ж павінны дапамагаць на шляху да Бога, а не весці ад яго, бо не толькі хлебам жыве чалавек.

Арцыпастыр маліўся таксама ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа. У гаміліі Мітрапаліт нагадаў аб значэнні гэтай святыні ў захаванні і перадаванні веры маладым пакаленням у часы пераследу, калі гэта быў адзіны адкрыты касцёл у Баранавічах. З нагоды таго, што касцёл нядаўна адзначаў сваё патранальнае свята, іерарх нагадаў аб значэнні крыжа як знаку веры і надзеі і заклікаў вернікаў ніколі не адракацца яго.

 Адкрыць у новым акне Download (5Мб)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме