Мітрапаліт Кандрусевіч: мас-медыя становяцца новай «амбонай» |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
27.02.2012 13:03 |
На значэнне мас-медыя ў жыцці Касцёла ў наш час, калі яны становяцца новай найбольш успрымаемай «амбонай», указаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 25 лютага 2012 г. у межах навукова-практычнага семінара на тэму «Евангелізацыя i новыя сродкі камунікацыі» ў Баранавічах іерарх узначаліў святую Імшу ў капліцы Найсвяцейшай Тройцы дома айцоў вербістаў. Мітрапаліт Кандрусевіч у гаміліі прывёў прыклады з жыцця, калі няверуючыя, пачуўшы па радыё разважанні святара, выбіралі шлях веры. Арцыпастыру і самому даводзілася сустракаць такія прыклады. Падкрэсліўшы неабходнасць выкарыстання СМІ ў справе евангелізацыі, арцыбіскуп звярнуўся да ўдзельнікаў семінара з заклікам выконваць сваю дзейнасць сумленна і праўдзіва, не змяняючы навучання Касцёла. Для гэтага журналісты самі павінны быць напоўнены Хрыстом і Яго Евангеллем. На заканчэнне семінару, раніцай 26 лютага, Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліў літургію ў парафіі Маці Божай Фацімскай. У гаміліі іерарх нагадаў пра значэнне Вялікага посту як часу ласкі і навяртання, пры гэтым адзначыўшы тэндэнцыю сучаснага свету, які вельмі часта не прызнае граху. Арцыбіскуп падкрэсліў, што грэх існуе, і заклікаў у барацьбе з ім браць прыклад з Евангелля аб спакушэнні Хрыста, калі Ён не прыняў прапановы злога духа даць Яму ўсе багацці свету, яго славу і накарміць хлебам. На гэта Езус адказаў, што не адзіным хлебам жыве чалавек, але і кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых. У Вялікім посце гэтае слова заклікае да навяртання і веры ў Евангелле. Мітрапаліт таксама звярнуў увагу прысутных, на значэнне СМІ ў абвяшчэнні Добрай Навіны і папрасіў вернікаў маліцца аб журналістах, каб годна выконвалі свае абавязкі і дапамагалі Касцёлу ў справе новай евангелізацыі. |