Прыміце Духа Святога. Канфірмацыя ў Баранавічах |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
16.04.2013 11:03 |
14 красавіка вернікі баранавіцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа прынялі сакрамэнт канфірмацыі з рук біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Найстарэйшая святыня горада ў гэты дзень не магла змясціць усіх, хто жадаў прыняць удзел ва ўрачыстасці. Малітоўная ўвага была скіравана на вернікаў самага рознага ўзросту, тых, якія ў гэты дзень прынялі асаблівае намашчэнне Святога Духа. Да гэтага моманту яны рыхтаваліся на працягу доўгіх месяцаў руплівай працы па паглыбленні свайго духоўнага жыцця. Як заўважыў у гаміліі біскуп Дзям’янка, прыняцце сакрамэнту канфірмацыі — гэта асаблівы дар і заданне быць свядомымі, адважнымі вестунамі Добрай Навіны пра Збаўленне. Пасля ліхалеццяў атэізму Касцёл і свет патрабуе людзей, якія ўмелі б не толькі вызнаваць веру, але і дзяліцца ёю. Праз сакрамэнт канфірмацыі Бог дае для гэтага неабходныя дары Духа Святога. На заканчэнне ўрачыстасці нованамашчаныя вернікі разам з усёй парафіяльнай супольнасцю не шкадавалі цёплых словаў удзячнасці пастыру дыяцэзіі — біскупу Антонію Дзям’янку. Гучнымі апладысментамі парафіяне выразілі сваю ўдзячнасць таксама пробашчу парафіі кс. дэкану Валянціну Новаку і сёстрам дамініканкам, якія ўклалі шмат сіл у тое, каб супольнасць Баранавіцкага дэканату папоўнілася новымі сведкамі веры, якія, атрымаўшы дары Духа Святога, змогуць з большай адданасцю сведчыць пра Божую любоў у сучасным свеце. Кс. Андрэй Рылка Фота кс. Паўла Рудзьмана |