Галінкі, якія сёння прыносім у касцёл, азначаюць вясну і адначасова выражаюць нашае прагненне, каб уключыцца ў радаснае прывітанне Езуса Хрыста жыхарамі Ерузалема. Сённяшняя нядзеля таксама называецца Нядзеляй Мукі Пана і пачынае Вялікі тыдзень. Мы прыйшлі, каб прывітаць Пана, які прыходзіць, і трымаем у руках сімвал жыцця, якое прачынаецца.
Праз сакрамэнт хросту мы атрымалі Духа Святога, і, хоць мы паміраем, аднак маем жыццё вечнае, – вучыць святы Павел. Праз пакаянне мы атрымліваем новую надзею на вечнае жыццё.
Усе мы сляпыя ад нараджэння. Магчыма, шмат бачым, але не бачым таго, што самае галоўнае. “Чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца” (1Сам 16, 7). Гэты цуд, які здарыўся дзве тысячы гадоў таму каля купальні Сілаам, павінен здзейсніцца ў кожным з нас. Толькі тады, калі будзем глядзець на людзей і навакольны свет вачыма Бога, пачнем паволі разумець нашую рэчаіснаць.
Езус паабяцаў нам дары сваёй ласкі, калі размаўляў з самаранкай пра “жывую ваду”, якая будзе гасіць прагненні ўсіх, хто будзе піць яе. Прадвеснікам гэтага была таксама вада, якую даў Майсей выбранаму народу ў пустыні. Мы праз хрост атрымліваем усяго Бога, а Ён атрымлівае нас, як сваіх дзяцей.
Бог заклікае людзей, каб перамяніць іх і адарыць хвалой. Сённяшняя другая нядзеля Вялікага посту падрыхтоўвае нашыя сэрцы да перажывання таямніцы Уваскрасення Хрыста, які паклікаў нас да супольнасці Касцёла, каб змяніць нашае жыццё сваёй ласкай і каб ужо тут, на зямлі, заяснела Яго хвала.
У кожным чалавеку ёсць крыху зла. Гэта з'яўляецца наступствам упадшай натуры людзeй, граху непаслухмянасцi першых бацькоў. Езус Хрыстус праз сваю паслухмянасць Богу Айцу даў нам сiлу, каб перамагаць зло дабром.
Аднолькавыя справы ў розныя дні могуць прынесці зусім розныя плёны для душы, у залежнасці ад таго, як мы іх будзем пражываць. Можам асэнсоўваць рэчаіснасць праз акуляры, дадзеныя Богам, – Божае слова, малітву, сакрамэнты, а можам ісці праз жыццё, не заўважаючы нічога і нікога вакол сябе, будуючы мары пра добрыя дні ў будучыні. Але варта памятаць тады, што ніхто не ведае, колькі дзён засталося пражыць яму.
Тыдзень таму літургія нагадвала нам пра важнасць ісці шляхам запаведзяў, які з’яўляецца сапраўдным вызваленнем чалавека. Сёння ж Пан кажа нам, што першая і найбольшая з Яго запаведзяў – гэта запаведзь любові. І любові нават да ворагаў.
Сярод нас няма двух аднолькавых людзей, мы ўсе асаблівыя ў вачах Бога. Кожны прыходзіць з асабістымі перажываннямі, просьбамі, падзякамі. Але ўсіх нас яднае Хрыстус. Падчас Эўхарыстыі Ён кожнага ўмацуе і адорыць спакоем.
У Евангеллі Езус звяртае ўвагу на дзеянні апосталаў. Для людзей, якія яшчэ не вераць, важна пабачыць сапраўднае хрысціянства ў веруючых, а ўжо потым самім прыйсці да веры.
Хрыстус ахвяраваў сябе за нас. Ён прыйшоў да людзей, якія жывуць у страху перад смерцю, якія жывуць у цемры граху. Ён прыйшоў да нас, каб прынесці святло збаўлення, надзею спаўнення абяцанняў, вызваленне ад граху.
Хрыстус пасяліўся між людзьмі, несучы ім святло і супакой. Мы пакліканы, як апостал Павел, абвяшчаць прыйсце Божага Валадарства і адзінства ўсіх асветленых Божым ззяннем. Праз гэтую ахвяру, у якой удзельнічаем у нядзелю, Хрыстус зноў да нас прыходзіць, асвячае нас сваім Словам, корміць нас сваім Целам, лечыць хваробы грахоў і абвяшчае прыйсце Божага Валадарства.
Мы прыбылі да нашай святыні, каб прадставіць Пану Езусу тое, што ў нас баліць, непакоіць нас, з чым мы не можам справіцца, верачы, што Ён пераменіць усё гэта, як ператварыў ваду ў віно ў Кане Галілейскай. Ён – сапраўдны Сын Божы! Ён можа здзейсніць цуд перамены ў жыцці кожнага з нас.
“Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў…” – словы, якія былі прамоўлены Богам да Езуса пасля хросту. Але Бог прамаўляе іх і да кожнага з нас, першы раз пасля хросту, а потым у кожную хвіліну, калі мы хочам чуць Яго голас.
Божая Мудрасць уцелавілася сярод людзей у Асобе Езуса Хрыста. Ён, народжаны перад усімі вякамі, з’явіўся свету праз свае Уцелаўленне. У святле гэтай Мудрасці чалавек можа распазнаць сваё пакліканне, сваё прызначэнне і сэнс жыцця. Такім чынам, калі прымаем Хрыста, напаўняемся мудрасцю жыцця і дарамі Бога.