Вядомыя адносіны Аляксандра VI з Ваноццай дэі Катанэі — жанчынай, якая нарадзіла яму трох сыноў і дачку ў той час, калі ён быў яшчэ кардыналам, — даволі часта інтэрпрэтуюцца прадузята і ў вырваным з гістарычнага і культурнага кантэксту святле. На гэтым грунтуюцца абвінавачванні Радрыга Борджыа ў тым, што ён быў распуснікам і акружаў сябе каханкамі, вёў неадпаведнае для кардынала жыццё і плёў інтрыгі, каб схаваць сваю праўдзівую натуру. Канешне, будучы Папа не быў святым чалавекам, меў шмат слабасцяў і грахоў, але вымяраць яго жыццё сучаснымі катэгорыямі не зусім карэктна. Ён быў перш за ўсё чалавекам сваёй эпохі, а калі паглядзець на тагачасныя звычаі, то можна ўбачыць, як бы не дзіўна гэта гучала, абсалютную «звычайнасць» яго паводзінаў.