| Фота Віталя Раковіча
| Тэл.: (8-01596) 2-03-40
Адпуст: 6 снежня еЗ гісторыі парафіі
Сёлета
споўнілася 400 гадоў з той пары, як зямны свет пакінуў вядомы дзяржаўны
і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат і пісьменнік
Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка.
Нядаўна ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы
з гэтай нагоды адбылася адмысловая малітва. І гэта не выпадкова.
Мураваная архітэктура мястэчка — самая вядомая з пакінутай спадчыны
магната. Але не толькі тут пакінуў Сіротка свой добры след на зямлі. Ён
таксама фундаваў касцёлы, замкі, кляштары і шпіталі ў Міры, Дзераўной,
Чарнаўчыцах, Свержані, Белай і інш. І будзе справядліва казаць,
што яго жыццё ўвогуле было прыкладам ахвярнасці і адданасці добрым
людзям, справе адраджэння і развіцця роднай зямлі. Як вядома, Сіротка
рабіў шчодрыя ахвяраванні на карысць дабрачынных арганізацый, дапамагаў
хворым і нямоглым, сіротам і бедным. Таксама фундаваў развіццё навукі і
друку, ініцыяваў вялікую працу па картаграфіі Вялікага Княства
Літоўскага.  Унутранае ўбранне святыні. Фота Віталя Раковіча
Нягледзячы
на ўсё багацце, якое атачала яго, як найвялікшую святыню, ён зберагаў
пілігрымскае адзенне, у якім прайшоў шлях да Святой Зямлі. У гэтым жа
адзенні прасіў пакласці яго ў труну… Бо заўжды ведаў, што толькі з Богам
можна быць сапраўды шчаслівым і знайсці суцяшэнне ў цяжкія хвіліны. Мір і Радзівілы Жыццё
чалавека цяжкае, поўнае выпрабаванняў, узлётаў і заняпаду. Такое ж
цяжкае і жыццё святынь. І калі пра нясвіжскую спадчыну Сіроткі вядома
многа, то астатняя яго спадчына незаслужана застаецца ў цені. У самым
цэнтры мястэчка Мір стаіць невялікі і з першага погляду сціплы касцёл.
Гэта апошняя святыня, будоўлю якой фундаваў Мікалай Крыштаф Радзівіл. Сёння
дзверы касцёла адкрыты кожнаму, хто прагне Божай ласкі і слова веры.
Але так было не заўсёды. За чатыры стагоддзі існавання пасля Сіроткі
святыня зведала росквіт і рабаванне, занядбанне і адраджэнне.  Пасля
пераходу мірскіх зямель да Радзівілаў у XVI стагоддзі Мікалай Крыштаф
на месцы старога касцёла, які пабудавалі папярэднія ўладальнікі
Іллінічы, пабудаваў новы. У 1587 годзе асвяціў і аддаў яго на Божую
ласку брат фундатара — біскуп Віленскі Ежы (Юрый) Радзівіл. Тым не менш у
хуткім часе было прынятае рашэнне аб будаўніцтве мураванага касцёла, бо
папярэдні не мог задаволіць патрэб вернікаў, якіх у мястэчку
станавілася ўсё больш. Праект святыні выканаў вядомы італьянскі
архітэктар Джавані Марыё Бернардоні, які да гэтага часу ўжо скончыў
будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Пры гэтым непасрэдна
будаўніцтвам кіраваў сам магнат Радзівіл. Новая святыня паўстала за
шэсць гадоў і 21 жніўня 1605 г. касцёл святога Мікалая быў асвечаны і
ўжо пасля капітальна амаль не перабудоўваўся. Цікавая
гісторыя пра касцёл згадваецца ў несмяротнай паэме Адама Міцкевіча «Пан
Тадэвуш»: «Так і ў касцёле Мірскім ксёндз каля арганаў павесіў косці
выкапнёвых веліканаў». Аказваецца, што ў час закладкі падмуркаў у
зямлі былі знойдзены вялікія косці дапатопнага звера (магчыма, маманта)
і паводле традыцыі, што існавала ў тыя часы, яго косці доўгі час
экспанаваліся ў касцёле. Мікалаеўскі касцёл і гістарычны кантэкст
Амаль
праз стагоддзе ад часу пабудовы Мікалаеўскага касцёла праз падзеі
Паўночнай вайны будынак значна пацярпеў. Але не доўгі час святыня стаяла
ў заняпадзе. Як сапраўдны нашчадак свайго знакамітага продка, князь
Караль Станіслаў Радзівіл у 1710 годзе зладзіў капітальны рамонт касцёла
і прылеглых будынкаў. Акрамя таго, у адмыслова пабудаванай званіцы быў
змешчаны вялікі звон «Караль», які паводле паданняў адлілі са шведскіх
гармат. Святыня стала нават прыгажэй, чым была і гукі «Караля» доўгі час
песцілі слых, а густоўнасць убрання касцёла радавала вочы многіх
знакамітых людзей таго часу. Адным з такіх людзей быў бацька
вядомага навукоўца, удзельніка таварыства філаматаў, нацыянальнага героя
Чылі Ігната Дамейкі. У 1809 годзе, пад гукі таго самага «Караля» ён
знайшоў тут свой апошні спачын. Пакінуў свой след у гісторыі
касцёла і хіба самы знакаміты на той час парафіянін — паэт, драматург,
перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён разгарнуў
цэлую кампанію па зборы сродкаў для рамонту святыні. Падзеі
паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў трагічна адбіліся на лёсе
касцёла святога Мікалая. Першапачаткова яго закрылі, а пасля
прыстасавалі пад праваслаўную царкву, у якасці якой ён дзейнічаў ажно 54
гады. 
На фота: выява касцёла св. Мікалая Фелікса Бжазоўскага. 1882 год
Пасля
паўстагоддзя, у 1919 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Антонія
Мацкевіча католікі зноў вярнуліся ў сваю старадаўнюю святыню.
Падавалася, што наперадзе чакае толькі шчасце і дабрабыт. Але ў гісторыі
часам здараецца не так, як хочацца, і самыя вялікія выпрабаванні яшчэ
чакалі вернікаў і Мікалаеўскі касцёл.
На фота: Мікалаеўскі касцёл у Міры. Пачатак ХХ ст.
Прыйшла
Другая Сусветная вайна. Пачаліся абстрэлы, акупацыя, рабаванне. Увосень
1942 года быў забіты ксёндз Антоній Мацкевіч. Касцёл застаўся без
гаспадара. Пачаўся доўгі перыяд заняпаду. 
На фота: пахаванне князя Міхаіла Святаполк-Мірскага, 1938 год
Хроніка
пасляваенных падзей пакідае шмат пытанняў і яшчэ чакае сваіх
даследчыкаў. Як і многія святыні ў той перыяд, касцёл быў замкнёны.
Пэўны час там месціўся склад. Былі разбураныя два верхнія ярусы вежы,
бакавыя вежачкі, пазней абваліўся дах. Вяртанне і аднаўленне
У
1990 годзе ў такім занядбаным выглядзе касцёл святога Мікалая быў
вернуты вернікам. Паступова наладжвалася і адраджэнне парафіі. У
2001-2002 гадах з нагоды рэспубліканскага свята «Дня пісьменства», якое
прымаў у сябе Мір, былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.
Касцёл у Міры. Фота Віталя Раковіча У
2009 годзе першым з часоў Другой Сусветнай вайны пробашчам касцёла стаў
кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Жыццё зноў вярнулася ў святыню. Пачаўся
перыяд адраджэння. Дзякуючы клопату кс. Аляксандра і намаганням
самай нешматлікай у Гродзенскай дыяцэзіі парафіі, касцёл быў
добраўпарадкаваны і знутры, і звонку. Па фотаздымках быў адноўлены
алтар.
Пробашч парафіі ў Міры — кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Фота Віталя Раковіча
За
гэтыя нешматлікія сем гадоў у касцёле адбылося шмат цікавых падзей.
Ганаровымі гасцямі парафіі былі вядомыя экзарцысты айцец Руфус Перэйра
(Індыя), айцец Джэймс Манджакал (Індыя), Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш
Кандрусевіч, біскуп гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Для дзяцей і
дарослых тут ладзяцца катэхезы, праходзяць рэкалекцыі. Вернікі
ўдзельнічаюць у пілігрымках, штогод адбываюцца канцэрты аркестру пад
кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, ладзіўся мастацкі пленэр-конкурс «Я малюю
гісторыю», дзе дзеці натхнёна малявалі святыню, укладаючы ў мастацтва
свае адносіны да веры, касцёла, гісторыі.
Свята св. Мікалая ў парафіі. Фота Зміцера Невяроўскага
Сёння
дзверы касцёла святога Мікалая ў Міры адкрыты кожнаму, хто прагне Божай
ласкі і Яго слова. Застаецца толькі назіраць за цудоўнымі пераменамі ў
жыцці святыні і спадзявацца, што ўсе ліхія часы ўжо ў мінулым. Вось
так і стала, што маўклівымі сведкамі жыцця і дзейнасці Мікалая Крыштафа
Радзівіла (Сіроткі) сталі створаныя ім святыні. Большасць з іх
дзейнічае да гэтай пары і там дагэтуль шануецца імя свайго фундатара і
заснавальніка. І ў кожнай з іх сваё жыццё, свая гісторыя, сваё мінулае і
будучыня. Таццяна Пятрова
|