Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Куды імчыцца сучасная сям'я?
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
22.08.2011 14:40

Назіраючы штодня за сучаснай сям’ёю, аналізуючы мноства гісторый сямейных дысфункцый, узіраючыся ў чыннікі развалу сям’і, вынікамі якіх з’яўляюцца разводы, аборты, безбацькоўства і іншае, мімаволі ўсплывае непрыемная асацыяцыя, што сучасная сям’я — гэта хуткасны цягнік, які імчыцца без прыпынкаў, экспрэсам. Але куды?

Чалавек сёння становіцца запраграмаваным на мноства задач, пастаўленых перад ім, што прымушае яго жыць у шалёным тэмпе, калі перад тварам штодня пралятаюць сотні ўражанняў і эмоцый, стрэсаў і дэпрэсій. Людзі, узбуджаныя і ўцягнутыя ў гэты шалёны рытм, занятыя штодня дзясяткамі спраў, забываюць, што праходзіць гадзіна, дзень, тыдзень, месяц, год, а ў іх не застаецца ні хвіліны на адпачынак, на сумесныя сямейныя гутаркі і баўленні часу.

Бацькі цэлы дзень знаходзяцца на працы і на магчымых падзаробках, імкнучыся забяспечыць сваім дзецям разнастайныя матэрыяльныя выгоды і светлую будучыню.

Варта адзначыць, што ў такім выпадку бацькі, хоць і праз сілу, але імкнуцца прысвяціць як мага больш часу дзецям. Аднак пераважная большасць сем’яў функцыянуюць няправільна, а людзі, якія жывуць разам пад адным дахам, бываюць на здзіўленне няшчасныя і далёкія адно ад аднаго. Прыводзіць гэта да парушэнняў усёй сямейнай сістэмы, і як следства — праблемы ў выхаванні дзіцяці, праблемы ў школе, сацыяльная непрыстасаванасць, злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, аборты і іншае.

Калі абагульніць і вылучыць самыя актуальныя праблемы сучаснай сям’і, то атрымліваецца важкі спіс дысфункцый бацькоў, які складаецца з: выкананняў  адных толькі абавязкаў перад дзецьмі (напрыклад, бацькі сваё знаходжанне з дзецьмі  абмяжоўваюць паходамі ў паліклініку падчас прастуды дзіцяці); адсутнасці часу на дзяцей ды сужэнца; адсутнасці кантакту з дзіцём; неспакойнай атмасферы ў сям’і, канфліктаў, сварак (адсутнасці бяспекі); алкагалізму і іншых хвароб бацькоў; шлюбных здрад; абортаў; разводаў…

Дадзены спіс можна дапаўняць і разгортваць, аднак асноўнай праблемай, якая руйнуе сем’і, знішчае асобу дзіцяці, з’яўляецца адсутнасць духоўнасці ў сучаснай сям’і. Праблема гэтая глабальная, таму што калі нашы сем’і маюць больш дысфункцый, чым гарманічных адносін, тады, як следства, мы маем такое ж грамадства, Касцёл, дзяржаву…  

Гармонію ў сям’і, цёплыя адносіны можна пабудаваць толькі на трывалай падставе, падмурку. Асновай хрысціянскай сям’і, яе пачаткам з’яўляецца пакліканне кахаючых сэрцаў да шлюбу. Але якія задачы гэтага паклікання? Задачы гэтыя простыя, высакародныя і шчыра духоўныя: пабудаваць шчасце ў шлюбе, пасродкам адзінства і ўзаемадапамогі; імкнуцца да ахвярнага кахання, здольнага прабачаць і прыносіць сябе ў ахвяру дзеля каханага чалавека; змагацца за моц свайго шлюбу, жывучы ў непарыўным саюзе аж да смерці; імкнуцца ўвесь час удасканальвацца ў выхаванні сваіх дзетак.

Толькі гэты духоўны базіс, на якім сямейныя адносіны развіваюцца ў сардэчных пачуццях і каханні, з’яўляецца  асяроддзем якаснага развіцця і ўдасканалення сям’і, правільнага вырошчвання і выхавання дзяцей. Толькі духоўнасць сям’і паўплывае на тое, ці будзе ў будучым дарослым жыцці дзіця сталай і здаровай асобай, якім будзе наша грамадства, дзяржава і Касцёл!

Хрысціянская сям’я — гэта жывы арганізм, у якім, перш за ўсё, пануе каханне. А каханне — доўгацярплівае, міласэрнае; не зайздросціць; не ўзнімаецца; не ганарыцца; не шукае свайго; не раздражняецца; не думае зла; не цешыцца няпраўдзе, а радуецца праўдзе; усяму верыць; заўсёды спадзяецца; усё пераносіць. Каханне ніколі не перастае… (пар. 1 Кар 13)

Віталь Булыга

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.