Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чаму мы не прабачаем
Хрысціянская сям'я. Старонка Віталя Булыгі
01.09.2011 12:10

«І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым…» — гэтыя словы з малітвы Панскай, якімі многія з нас моляцца штодня, з’яўляюцца заклікам, заклікам да прабачэння. Але ці ўмеем мы прабачаць? Ці ўмеем мы прыняць слабасці, як свае, так і бліжняга?

Калі кожны з нас быў дзіцём, то прабачаў безумоўна, інстыктыўна. Тады вось мы прабачалі іншых вельмі хутка, амаль імгненна. Але ўявіце такую гісторыю, калі двое дзяцей гуляюцца ў пясочніцы. Нечакана яны штосьці не падзялілі і пачалі дзерціся. Праз хвіліну заплаканыя дзеці бягуць да сваіх мамаў і жаляцца на «нядобрага крыўдзіцеля». Далей адна мама ідзе да другой і разгараецца новы, часам зацяжны, канфлікт. Праз яшчэ пяць хвілін дзеці ўжо мірна гуляюцца ў пясочніцы, як быццам нічога не адбылося, а іх мамы ненавідзяць адна адну «да сканчэння стагоддзяў»!

У шматлікіх сем’ях сітуацыя падобная да гісторыі тых маці, дзеці якіх гуляліся ў пясочніцы. Некаторыя крыўды ў іх жывуць дзесяцігоддзямі. Сужэнцы, якія збоку здаюцца вельмі блізкімі, ненавідзяць адно аднаго да такой ступені, што гатовыя пайсці на неймаверныя паскудствы, каб адпомсціць крыўдзіцелю. Дарослыя дзеці праз дзясяткі гадоў не могуць прабачыць свайму бацьку, таму што ён алкаголік і ў п’яным чадзе прычыняў траўмы ўсім членам сям’і; маці, таму што не дазволіла выйсці замуж за каханага чалавека ці сілком вырашала, куды і на каго лепш пайсці вучыцца. Падобных сітуацый тысячы.

Пасля сваркі ў канфліктнай сітуацыі пакрыўджаны чалавек пачынае зачыняцца, часцей дыстанцавацца ад крыўдзіцеля, накопліваючы крыўду і пагарду да яго. У такія моманты, паддаўшыся эмоцыям, многія і не заўважаюць, што сам крыўдзіцель шукае пагаднення, магчымасці выказацца, растлумачыцца, папрасіць прабачэння. Аднак часцей за ўсё чалавек, якому прычынілі боль, настолькі зачынены за высокімі сценамі, што не жадае і не бачыць нічога, акрамя свайго болю.

Чаму ж мы не прабачаем? Мы не прабачаем таму, што: быць ахвярай часам выгодна; зайздрасць; рэўнасць; помслівасць; і галоўнае, закрананне ран, прычыненых крыўдай, — гэта балюча і шматлікія людзі проста ўхіляюцца ад такога болю, павялічваюць дыстанцыю з крыўдзіцелем, каб скараціць да мінімуму рызыку быць яшчэ раз абражаным… Людзі, якія не ўмеюць прабачаць, самі часта не могуць прыняць тое, што Бог — гэта Прабачэнне, Любоў і Літасць. Бог у іх вачах — гэта нейкі жорсткі і строгі суддзя і кат.

Адсутнасць прабачэння атручвае чалавека. Выклікае боль і рабства. Нежаданне ці няўменне прабачаць прыводзіць чалавека да абыякавасці і нянавісці. І выйсце тут толькі адно — імкненне чалавека да прабачэння і пагаднення. Бо ў рэчаіснасці толькі прабачэнне можа нас вызваліць з рабства нянавісці. Калі адносіны сапсаваны, трэба вярнуцца назад, высветліць чыннік разладу для таго, каб адносіны маглі працягвацца. Толькі тады можна рухацца далей. Толькі тады можна жыць.

Усе Евангеллі — гэта заклік да ўз’яднання і пагаднення. Вельмі яркімі прыкладамі прабачэння з’яўляюцца прыпавесць пра блуднага сына, малітва мытніка і інш. Цудоўны прыклад прабачэння прадэманстраваў папа Ян Павел ІІ, прабачыўшы злачынцу яго замах.

Прабачэнне заўсёды мае на ўвазе самаахвяраванне: адмова ад уласнага права пакараць ці адпомсціць. Калі вы не можаце ці проста не жадаеце прабачаць, вы рызыкуеце спазнаць гаркату ўласнага непрабачэння.

Прабачыць — значыць даць магчымасць вінаватаму выправіцца, не пазбаўляючы яго прывілеі зносін з вамі.

Наступствамі адсутнасці прабачэння бываюць галоўным чынам хваробы, дрэнны сон, парушэнне артэрыяльнага ціску, мігрэнь, адсутнасць радасці і крэатыўнасці, блакада Божай Міласэрнасці.

Пагадненне для пакрыўджанага чалавека складаецца ў яго жаданні, каб яго перапрасілі, і ў тым, каб прабачыць крыўдзіцелю. Пагадненне для крыўдзіцеля заключаецца ў жаданні перапрасіць за зробленае і атрымаць прабачэнне. Сам акт прабачэння і пагаднення выглядае наступным чынам: 1) варта паінфармаваць крыўдзіцеля пра пэўную траўму; 2) варта паведаміць, што яму будзе даравана тое, што ён учыніў; 3) дачакацца ад крыўдзіцеля абяцання таго, што падобнае больш не паўторыцца; 4) прыняць ад крыўдзіцеля кампенсацыю за прычынены боль, нават сімвалічную.

Назірайце за сабою. «Калі ж брат твой зграшыць, дакары яго, а калі пакаецца, прабач яму. І калі сем разоў на дзень зграшыць супраць цябе і сем разоў звернецца да цябе, кажучы: „Каюся“, — прабач яму» (Лк 17, 3–4).

Прабачэнне — гэта свабода для ўсіх удзельнікаў канфлікту. Прабачэнне — гэта найвышэйшы акт узаемнай павагі і пагаднення. Прабачэнне дазваляе кожнаму чалавеку ачысціцца, прыняць свае і чужыя слабасці, ачысціцца ад граху, наблізіцца бліжэй да Усявышняга.

Віталь Булыга
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.