Сёння сучасная беларуская сям’я характарызуецца такімі крызіснымі праявамі, як: зніжэнне нараджальнасці і павышэнне смяротнасці, рост колькасці сем’яў групы рызыкі ці няшчасных сем’яў, зніжэнне ўзроўню здароўя, рост разводаў, няпоўных сем’яў, высокая лічба абортаў.
Але ў самым эпіцэнтры па-ранейшаму застаюцца наступныя палохаючыя канстатацыі фактаў пра тое, што традыцыйнае бацькоўства і мацярынства, а з імі і традыцыйная сям’я, знікнуць, стануць проста часткай нашай гісторыі. Сучаснае бацькоўства знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Але чаму? Таму што бацькоўства, першым чынам, адносіцца да адказнасці. Сёння адказныя за выхаванне сыноў таты ўключаюцца ў дадзены працэс ці вельмі мала, ці тады, калі ўжо позна. Хлопцаў, а затым мужчын, не вучаць патрабавальнасці да сябе. Потым такі малады чалавек ахвотна здымае з сябе адказнасць за свае ўчынкі, галоўным чынам сексуальныя. Бо бацькоўства — гэта не згода на адказнасць. Пакліканне да бацькоўства можа нарадзіцца тады, калі муж гладзіць па жывоціку цяжарную маму яго дзіцяці. Дзіця змяняе мужчыну з моманту зачацця, менавіта тады нараджаецца яго бацькоўства.
Сёння адносна бацькоўства існуе адна з самых палохаючых крайнасцяў. Па шматлікіх прычынах зачатае дзіця становіцца вялікім клопатам для бацькі, таму што «не час», «не гатовы», «не стаў трывала на ногі», «не пасадзіў яшчэ дрэва і не пабудаваў хаты»… Тыповая пагроза для мужчыны з’яўляецца тады, калі муж сутыкаецца з перспектывай нараджэння дзіцяці і імкнецца ўхіліцца як ад абавязкаў мужа, так і ад абавязкаў бацькі.
Кажучы пра мацярынства, мімаволі ўспамінаецца дзяцінства! Менавіта пра дзяцінства мы часцей за ўсё ўспамінаем з усмешкай на твары. Слова «мама» ў кожнага з нас асацыіруецца са словам «любоў». Мама дорыць нам любоў і разуменне, прышчапляе працавітасць і павагу да іншых людзей, дзякуючы яе клопатам мы становімся такімі, якія мы ёсць, і таму трэба як мага часцей успамінаць пра сваіх бацькоў і дзякаваць ім за любоў і працу па выхаванню.
У школе на ўроках мовы нас вучылі, што дзеяслоў — гэта слова, якое азначае дзеянне, а «любіць» — гэта дзеяслоў. Любіць — гэта не тое, што можна чакаць ці даць іншаму чалавеку, проста пра гэта падумаўшы. Любоў — гэта дзеянне, учынак. Толькі ўчынак, «наскрозь прасякнуты любоўю», з’яўляецца эфектыўным лекам ад зла і нянавісці. Такі ўчынак змяняе гісторыю, сцірае бар’еры паміж людзьмі, нясе павагу, блакіруе нянавісць і агрэсію. Учынак, які з’яўляецца плёнам любові, ужо сам па сабе асэртыўны, а значыць жаданы і заўгодны Богу. Такі ўчынак — гэта «добрая справа», а як мы ведаем з Бібліі, «адна добрая справа пакрывае мноства грахоў».
Любіць нас усіх вучыць і вучыла першая настаўніца ў жыцці кожнага дзіцяці — яго матуля. Для кожнага з нас мама з’яўляецца, перш за ўсё, той жанчынай, якая нас нарадзіла. Сувязь паміж мамай і дзіцем — адна з самых магутных і непарыўных.
Пакліканне жанчыны да мацярынства і нараджэння ставяць яе на наступнае ганаровае месца пасля шлюбу, у сітуацыю быцця адзіным чалавекам у жыцці іншага чалавека, дзіцяці. Быць матуляю, у сэнсе нараджэння новага чалавека, надае жанчыне адмысловую добрую якасць, бо толькі яна здольная і пакліканая да непасрэднай перадачы жыцця.
Павага да жанчыны-маці захавалася галоўным чынам у тых дзяржавах, дзе кожнае новае жыццё прымаецца як найвялікшае благаслаўленне. Толькі жанчына здольная нарадзіць дзіця, а значыць, да кожнай маці мы проста абавязаны праяўляць найвялікшую павагу.
Сучасная тэндэнцыя, накіраваная супраць жыцця зачатага дзіцяці, пагражае мацярынству. Да гэтага вядзе недаацэньванне такой натуральнай функцыі кожнай жанчыны, як нараджэнне дзяцей. Бо ўсё часцей зачатае дзіця становіцца «наступствам» сексуальнага жыцця жанчыны і, як следства, губляе сваю каштоўнасць пад гнётам матэрыяльнага дабрабыту, кар’еры, жадання распараджацца ўласным целам…
Тут вельмі важную ролю мае гатоўнасць мужа і жонкі да адказнага падыходу да шлюбу і, як следства, да адказнага бацькоўства і мацярынства. Варта заўважыць, што «адказнае бацькоўства і мацярынства» — гэта найперш вынік духоўнасці сям’і, і толькі затым — псіхалагічных заканамернасцяў сямейнай сістэмы. З’яўленне дзяцей дыяметральна процілегла змяняе сітуацыю мужа і жонкі і іх штодзённы стыль жыцця. Цяпер яны ўдваіх становяцца перад абліччам вельмі важных і цяжкіх заданняў. Маці і бацька павінны знайсці ў сабе сілы для выканання такога вельмі важнага задання, як нараджэнне і выхаванне дзяцей. Небяспекі і цяжкасці з’яўляюцца тады, калі муж і жонка — а цяпер ужо і бацькі — не спрабуюць ці не ўмеюць па-даросламу і годна выконваць гэтыя новыя заданні і абавязкі.
Аборт становіцца крыніцай крызісу сям’і. З’яўляецца ён актам, накіраваным супраць любові, без якой немагчыма жыць і без якой не можа функцыянаваць ніводная група, ніводная супольнасць, ніводная сям’я. Без любові жыццё чалавека губляе ўсялякі сэнс. Чалавек адчувае сябе сталым і рэалізуецца, калі мае здольнасць адкрыцця сябе для іншых, будуе міжчалавечую гармонію і давер, што выяўляецца, перш за ўсё, у зачацці дзіцяці, якому муж і жонка даюць жыццё і магчымасць гарманічнага развіцця. Аборт усё гэта знішчае… А калі няма дзіцяці, то няма добрага ўчынку, няма добрага ўчынку — няма любові. Калі няма любові, то няма ні мацярынства, ні бацькоўства, таму што няма сям’і. Бо так уладкавана Богам, што ўсё пачынаецца з сакрамэнту шлюбу — з сям’і.
Дык любіце ж адно аднаго! Віталь Булыга
|