Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пахаванне па-каталіцку. Адрозніваем традыцыі ад забабонаў
Лікбез ад Catholic.by
15.06.2012 14:10

Як бы балюча ні было, але заўсёды прыходзіць час развітвацца з роднымі і любімымі. Гэтую праўду хрысціяне ўспрымаюць лягчэй за іншых, бо ведаюць, што яшчэ абавязкова сустрэнуцца ў Небе. Але, на жаль, і ў хрысціянскім асяроддзі часта даводзіцца сустракацца з забабонамі падчас пахавання. Што рабіць, каб пахаванне не стала язычніцкім, чытайце ў чарговым артыкуле лікбеза ад Catholic.by.

Нядаўна памерла мая любімая бабуля. Сама каталічка, і дзеці яе, і ўнукі католікі. Але ж і тут не абыйшлося без напружаных момантаў. Маці навязала на руку ружанец, на якім бабуля малілася апошнія гадоў 15. Але прыйшлі спевакі (касцёльныя жанчыны) і сказалі, што трэба абавязкова даць у рукі абразік з выявай Маці Божай. Сварыцца ў такі момант не хацелася, але здавалася, што гэтыя жанчыны ўспрымаюць абразік Маці Божай як білет у рай, без якога яго брамы не будуць адчынены.

У такія моманты мне ўвогуле здаецца, што мы, хрысціяне, вяртаемся ў старажытны Егіпет, калі фараонаў хавалі з усімі роднымі і з усімі магчымымі рэчамі. А нам навошта гэта? У каго мы верым: у Асірыса ці ў Бога Адзінага ў Тройцы?

Дарагія чытачы, калі вам не за семдзясят гадоў (бо такіх людзей ужо немагчыма змяніць), давайце кожны сам для сябе вырашыць раз і назаўсёды: ёсць касцёльная і мясцовая традыцыя, а ёсць адназначна забабоны. Спадзяюся, што інфармацыя гэтага артыкула спатрэбіцца вам у адпаведнай сітуацыі і дапаможа зразумець, што галоўнае, што патрэбна ад вас у дні пахавання блізкіх — гэта малітва. Умейце верыць і давяраць Богу.

На найбольш частыя пытанні адносна пахавання адказвае кс. Юрый Марціновіч.

Дайце, калі ласка, кароткі пералік таго, што неабходна зрабіць  пры арганізацыі пахавання.

Пры арганізацыі пахавання неабходна найперш наведаць святара (пробашча) сваёй парафіі, каб дамовіцца па ўсіх пытаннях, звязаных з пахаваннем (устанавіць дзень, гадзіну). Пры сабе неабходна мець пасведчанне аб смерці. У выпадках, калі памерлы жыў у адной мясцовасці, а пахаваны будзе ў іншай, святар можа папрасіць прадаставіць даведку аб прынятых перад смерцю сакрамэнтах (выдае святар той парафіі, якую ў апошнія часы наведваў памерлы).

Пазней неабходна паведаміць усім блізкім, запрасіць на пахаванне і заахвоціць да малітвы ў інтэнцыі памерлага. Добра было б паведаміць усім, з кім асабліва кантактаваў памерлы.

Аднак першае, пра што павінен памятаць католік, у якога памірае блізкі ці родны, — гэта малітва, а не роспач. Душа памерлага чакае малітвы, таму трэба даручыць памерлага Божай Міласэрнасці, каб Пан прабачыў усе грахі і адарыў жыццём вечным.

Вельмі старым звычаем застаецца трыванне пры труне памерлага (малітва, спеў жалобных песень) — аб гэтым таксама варта памятаць пры арганізацыі пахавання.

У дзень самога пахавання ці ў дзень ахвяравання Імшы за памерлага важна, каб усе блізкія прынялі Камунію ў інтэнцыі памерлага.

Ці абавязкова хаваць на трэція суткі? Ці можна зрабіць гэта раней?

Можна хаваць і раней. Тут няма акрэсленага тэрміну. Галоўнае, каб усе сваякі, якія б хацелі быць на пахаванні, паспелі прыехаць.

Якія рэчы нябожчыка трэба класці ў труну?

Пажадана, каб памерламу ў труну (у рукі) укласці ружанец ці абразік. Вельмі часта людзі ўкладаюць рэчы, з якімі быў звязаны памерлы (для дзіцяці — цацку, навукоўцу — падручнік і да т.п.), але ўсё гэта непатрэбна, бо як казаў Ёва, «голы выйшаў я з улоння маці маёй і голы вярнуся туды» (Ёв 1,21).

Ці моляцца святары за самазабойцаў і ці хаваюць іх?

Калісьці самазабойцаў хавалі за плотам могілак у негабляваных трунах і без удзелу святара. У каталіцызме самазабойства лічыцца цяжкім грахом, але ў святле сённяшняга навучання Касцёла самазабойцы могуць асягнуць жыццё вечнае, калі самазабойства з’яўляецца вынікам моцнага стрэсу, дэпрэсіі або іншых псіхічных захворванняў. Ніхто да канца не ведае ўсёй праўды. Можа, у апошнія секунды свайго жыцця (нават кідаючыся з акна ці маста) такі чалавек перапрасіў Бога за ўчынены акт.

Наадварот жа, малітва за такіх людзей, якія згубілі жыццё праз акт самазабойства, больш патрэбная. Усе душы патрабуюць асаблівай малітоўнай дапамогі, бо не ведаем, асуджаны яны ці збаўлены, а малітвы ніколі не будзе шмат.

Кожны верны памерлы мае права на касцёльнае пахаванне. Але ў Кодэксе Кананічнага Права (1184) агаворваюцца выпадкі, у якіх святары павінны ў гэтым адмовіць. Да такіх належаць самазабойцы, якія на працягу ўсяго жыцця давалі дрэнны прыклад. А таксама адмаўляецца ў пахаванні:

  • апастатаў, ерэтыкоў, раскольнікаў
  • тых, хто захацеў, каб спалілі яго цела па матывах, супрацьлеглых хрысціянскай веры
  • іншых бязбожнікаў (яўных), пахаванне якіх магло б выклікаць здзіўленне ці абурэнне.

У выпадку сумненняў у тым, якое прыняць рашэнне, святару трэба звярнуцца  да дыяцэзіяльнага біскупа, але кожны вернік таксама можа звярнуцца ў дыяцэзіяльную курыю.

Ці пахаваюць неахрышчанага?

Не. Паколькі як можна пахаваць таго, хто на працягу свайго жыцця не меў ніякай сувязі з Каталіцкім Касцёлам?! Членамі Касцёла становімся праз сакрамэнт хросту. Калі чалавек быў неахрышчаным, ніколі не хадзіў у касцёл, не верыў у Бога, то пасля смерці няма патрэбы ў каталіцкім пахаванні.

Згодна з 1183 пунктам Кодэксу па дазволе ардынарыя можна хаваць неахрышчаных дзяцей,  якіх бацькі мелі намер ахрысціць, але не паспелі праз смерць дзіцяці, і катэхуменаў (хто рыхтуецца да хросту).

Як доўга павінна працягвацца жалоба?

Працягласць жалобы залежыць ад кожнага чалавека, ад ступені сваяцтва, блізкасці з памерлым.

У Касцёле існуе прыгожая традыцыя «30-га дня пасля смерці», таму вельмі добра было б, калі ўсе гэтыя 30 дзён былі жывой памяццю аб нашых памерлых і часам інтэнсіўнай малітвы за блізкую нам асобу.

Калі будзем хацець дапамагчы малітвай памерлай маці, то такая жалоба можа працягвацца год. Важна памятаць, што ў любым выпадку жалоба — гэта ўнутраны стан, пастава, а не знешнія праяўленні (адзенне).

Ці можа католік святкаваць Божае нараджэнне, Вялікдзень, калі яшчэ мае жалобу па блізкім памерлым?

Нават ТРЭБА святкаваць Божае нараджэнне і Вялікдзень, на які трэба асвяціць ежу на стол. Гэтае свята, напэўна, не будзе такім радасным, як раней, бо пры святочным стале будзе пуставаць месца; але з надзеяй успрымаем смерць. Трэба святкаваць у хрысціянскім сэнсе: пабываць на літургіі, тым больш Пасхальны Трыдуум дапамагае зразумець сэнс жыцця, смерці і ўваскрасення Пана.

Жалоба павінна быць часам самааналізу, а таксама жаданнем змяніцца. Калі ў перажыванні жалобы будзе адсутнічаць жаданне пошуку Бога, і калі смерць блізкага чалавека будзе весці да бясконцага смутку, не зможам аказаць эфектыўную дапамогу памерлым, якую яны патрабуюць. Не можам дазволіць, каб жалоба знішчала арганізм чалавека.

Як Касцёл ставіцца да крэмацыі?

Касцёл дазваляе крэмацыю, калі яна выбіраецца па матывах, не супрацьлеглых хрысціянскай веры. Аднак Касцёл забараняе практыку рассявання праху ў розных месцах: над морам, у гарах і інш. (ККК 2301, КПК 1176).

Само цела ці прах трэба заўсёды складаць у труну, урну на могілках, бо такое месца выражае веру хрысціяніна ў канчатковае змёртвыхпаўстанне.

Колькі Імшаў варта ахвяраваць у інтэнцыі памерлага?

Святая Імша — найбольшы падарунак, які можа зрабіць памерлым, а праз актыўны ўдзел (прыняцце святой Камуніі) вельмі многа дапамагаем душы памерлага. Ніколі малітвы не будзе зашмат. Бо, калі яна не патрэбна ўжо вашаму блізкаму памерламу, заўсёды ёсць і тыя душы, за якія ніхто не моліцца.

Лічу прыгожым звычаем — ахвяраванне Імшы ў гадавіну пасля смерці, у дзень нараджэння памерлага ці ў дзень імянінаў.

Асабліва памятаем пра памерлых у лістападзе. Для тых, хто мае такую магчымасць, можна ахвяраваць за памерлага 30 Імшаў (так званая грыгарыянская Імша), каб Бог дараваў яе душы кары ў чыстцы.

Ці правільна рабіць памінкі з застоллем (але без алкаголю)? Калі не, то як рабіць?

Зразумелая справа, што пасля пахавання добра было б сустрэцца пры стале, каб найперш падсілкавацца. Гэта павінна быць не застолле, а можа быць звычайны абед з роднымі і блізкімі, якія прыехалі з розных гарадоў і з-за мяжы. Касцёл заахвочвае, каб гэта былі не памінкі, а абед памяці, дзе можна будзе ўспомніць радасныя моманты з жыцця памерлага чалавека. Важнай справай з’яўляецца малітва за сталом у інтэнцыі памерлага.

Як Касцёл ставіцца да застолляў на могілках?

Могілкі — гэта святое месца, тут трэба ўшаноўваць памяць нашых памерлых. У гэтым месцы чалавек павінен задумвацца над сваім жыццём. Менавіта тут асаблівым чынам усведамляе, што чалавек — гэта не толькі цела, але і душа, якая жыве вечна. Таму на могілках не можа быць застолляў, а тым больш нельга ўжываць алкаголь.

Могілкі — гэта месца роздуму і цішыні.

Шмат пытанняў і забабонаў можна знайсці на форумах адносна прабывання на пахаванні цяжарнай жанчыны. Што на гэта скажа Касцёл?

Цяжарным жанчынам Езус не забараняў браць удзел у пахаванні. Аднак калі гэта можа зашкодзіць здароўю маці ці дзіцяці (псіхалагічнаму, напрыклад), то лепш устрымацца ад удзелу ў пахаванні.

Адкуль узнікла традыцыя выносіць нябожчыка ўперад нагамі? Як адрозніць традыцыю ад забабону?

Святое Пісанне нічога не кажа пра гэта (як выносіць памерлага). У сямейных традыцыях, у мясцовых звычаях няхай застаецца ўсё тое, што да гэтай пары было добрага. Тое, што не адпавядае Евангеллю і вучэнню Касцёла, не мае права на існаванне, бо супярэчыць веры ў змёртвыхпаўстанне.

Трэба памятаць, што кожны раз, калі мы верым у забабоны, парушаем першую Божую запаведзь. У ККK чытаем: забабоны — гэта скажэнне рэлігійнага пачуцця і прадпісаных ім паводзінаў. Яны могуць аказаць уплыў на пакланенне сапраўднаму Богу. Таму вельмі важна не верыць забабонам (а гэта можа быць завешванне люстэркаў, абмыванне рук па-за домам і інш.). Калі маем сумненні, традыцыя гэта ці забабон, варта звярнуцца да святара.

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.