Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адвэнт
Усяго патроху
29.11.2015 00:02

Падрыхтоўка да Божага Нараджэння – такое значэнне Адвэнт мае для вялікай колькасці вернікаў. Яны разумеюць, што паставіць дома ёлку ці набыць падарункі – гэта яшчэ далека не ўсё, бо ўсё гэта знешняе і амаль не ўплывае на нашае духоўнае жыццё.

Рыхтавацца толькі да святкавання нараджэння Хрыста азначала б жыць толькі мінулым. Хрысціян якраз і абвінавачваюць у кансерватызме, у тым, што яны баяцца перамен. Аднак сапраўднаму вучню Хрыста ўласціва змяняцца і імкнуцца не паўтарыць былых няправільных выбараў. Інакш нельга было б набліжацца да нашай мэты. А наша мэта – гэта Бог.

Калі б сустрэча людзей з Хрыстом адбылася толькі аднойчы, то мы 25 снежня святкавалі б толькі адну гэтую сустрэчу. Аднак Ён захацеў стаць маленькім і нарадзіцца, каб кожны мог узяць Яго ў свае рукі. Потым Ён захацеў нараджацца кожны раз падчас Імшы на нашых алтарах, каб кожны мог прыняць Яго ў сэрца.


Хрыстус сустрэўся з людзьмі не толькі ў мінулым. Ён заўсёды побач, але мы часамі Яго ігнаруем. Прыйдзе час яшчэ адной сустрэчы з Езусам, калі ўжо нельга будзе Яго праігнараваць. Адвэнт – гэта час, калі мы нагадваем сабе пра гэта і пра тое, што неабходна рыхтавацца да новай сустрэчы.

Алтар у візантыйскай традыцыі называюць тронам (прастолам). Трон – вядомы атрыбут таго, хто пануе. У канцы часоў настане панаванне Бога. Таму мы і рыхтуемся, каб Бог ужо цяпер панаваў у нашым розуме, пачуццях і волі. У такім выпадку гэта будзе радасная сустрэча.

Калі ў кардынала Ратцынгера, будучага Папы Бэнэдыкта XVI, спыталіся, колькі дарог вядзе да Бога, ён адказаў: «Столькі, колькі людзей, бо ў кожнага свая дарога», а потым дадаў: «аднак сам Хрыстус становіцца гэтай дарогай».

Кс. Кірыл Бардонаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.