Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пазнайце Яго міласэрнасць
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
02.10.2011 06:47

«І ты, Фаўстына, дар Божы нашаму часу, дар зямлі польскай для ўсяго Касцёла, выпрасі для нас зразумець глыбіню Божай Міласэрнасці, дапамажы нам адчуць яе ў нашым жыцці і сведчыць пра яе братам. Тваё пасланне святла і надзеі няхай распаўсюдзіцца па ўсім свеце, накіроўваючы грэшнікаў да навяртання, утаймоўваючы варожасць і нянавісць, адкрываючы людзям і нацыям шлях да братэрства…» (з прамовы папы Яна Паўла ІІ падчас кананізацыі Фаўстыны Кавальскай 30 красавіка 2000 г.).

Нядаўна на катэхезе мы з дзецьмі праходзілі тэму «Бог, у якога я веру, які Ён?». Дзеці пачалі гаварыць пра тое, што наш Бог — гэта самая вялікая і неспасцігальная Таямніца, а яшчэ пра тое, што Ён укрыты. Пасля такіх выказванняў наступіла глыбокая цішыня: калі Бог укрыты і калі Ён — неспасцігальная Таямніца, то што ўсё ж такі мы можам аб Ім сказаць? Як можам Яго распазнаць? Дзеці не вытрымалі паўзы і пачалі наперабой гаварыць усё, што яны чулі пра Бога. Бог — наш Айцец, Валадар Сусвету, Ён Любоў, Стварыцель, вечны, святы, мудры, усюдыісны, усемагутны, прыгожы, Праўда, Жыццё, добры, шчодры і, канешне ж, Справядлівы Суддзя. Гэтая апошняя функцыя Бога асабліва падабаецца дзецям, яна дае ім пачуццё бяспекі і стабільнасці, яны з задавальненнем і разуменнем, як вершык, дэкламуюць мне: «Бог за добрае ўзнагароджвае, а за злое — карае». Адзін з вучняў спытаў у мяне: «Сястра, чаму складаецца такое ўражанне, як быццам Бог, у якога мы верым, слабы?» Згадзіцеся, вельмі шчырае і дастаткова смелае пытанне для 9-гадовага дзіцяці. Пасля такога пытання я паспрабавала дакрануцца да самай запаветнай таямніцы для мяне, таямніцы, якая звязана з адчуваннем слабасці Бога. Гэтая таямніца не перастае натхняць і хваляваць; яна вяртае мяне да жыцця і дае мужнасць пакаяцца і агаляць мае раны перад маім Лекарам; яна ўсяляе ў мяне надзею, што, нягледзячы на смерць і духоўную праказу, Бог адновіць мяне з праху, і я ў целе маім убачу Яго — Бога Жывога. Я ўбачу Яго сама; мае вочы ўбачаць Яго… Вялікая гэта таямніца — Міласэрнасць Божая… Міласэрнасць з’яўляецца атрыбутам боскасці. Міласэрнасць, уласцівая Богу, яна, як і любоў, з’яўляецца сутнасцю самога Бога.

Для сучаснага чалавека разуменне міласэрнасці мала прымальнае, таму што ў нашым грамадстве гэтае паняцце асацыіруецца са слабасцю. Уявіце сабе: жорсткія рыначныя адносіны і міласэрнасць, прага нажывы і міласэрнасць, канкурэнцыя і міласэрнасць, крэдыты і міласэрнасць, беспрацоўе і міласэрнасць, насілле і міласэрнасць, голад і міласэрнасць і т.д. Мы стварылі цывілізацыю, якая выцясняе міласэрнасць з нашага грамадства. Мы, як зязюлі, хочам выгадна пакласці свае яйкі ў чужыя гнёзды, а калі нашы бязглуздыя ідэі рэалізуюцца, тады мы, як новавылупленыя зязюляняты, выкідваем з гнязда чужые надзеі, чаканні і мары. Нашмат прасцей пакараць, асудзіць, пасадзіць у турму, аддаліцца, пазбавіць мацярынскіх правоў, легалізаваць эўтаназію і аборты, чым зразумець, дапамагчы выправіцца, быць побач, не ізалявацца, зрабіць некалькі крокаў разам, даць шанс, перачакаць, навучыць…

Спрадвеку чалавек шукаў адказ на пытанне: у чым заключаецца моц, веліч і магутнасць чалавека. Кожны з нас сам павінен знайсці адказ на гэтае пытанне. Чым для нас з’яўляюцца сілы і магутнасць? Ці заключаюцца яны ў тым, каб любым чынам рэалізаваць сябе і свае планы, нават калі пры гэтым неабходна падпарадкаваць сабе тых, хто слабейшы? Ці гэта веліч і мужнасць, якія праявіў Сын Божы на Крыжы? У першым выпадку чалавек становіцца захопнікам і разбуральнікам, а ў другім выпадку мы бачым Збаўцу.

Мне вельмі падабаецца слова «хэдэс». Гэтым словам аўтары Старога Запавету ў арыгінальным тэксце называлі тое пачуццё, якуе Бог адчувае да кожнага чалавека. Уваскрослы Пан уваходзіць у наш свет з хэдэс. Для Яго не існуе ні сцяны, ні прорвы, увесь гэты шлях Ён прайшоў на Крыжы. Хэдэс — гэта нічым не заслужаная, бескарыслівая любоў Бога да чалавека. Ён любіць нас не за штосьці, а любіць проста так. Для некаторых людзей, нават і веруючых, гэтыя словы гучаць, у лепшым выпадку, як ерась. Бо любоў трэба запрацаваць, заслужыць. На жаль, так нас вучылі і так нас выхоўвалі… Мама любіць свайго сына, таму што ён яе дзіця, муж любіць сваю жонку, таму што…, люблю свайго сябра за тое, што ён… Побач з кожным словам «люблю» ёсць тлумачэнне, пералік, «за што?» і цалкам лагічны адказ на пытанне «чаму?». А ў Бога не так. Ён проста любіць, і няма на гэта ніякіх лагічных, прычынна-выніковый тлумачэнняў. Ён любіць таму, што Ён — Бог і ў гэтым Яго сутнасць, Ён не можа перастаць любіць, як вада не можа перастаць быць мокрай. Не будзе тэалагічнай памылкі, калі я скажу, што ва ўсемагутнага Бога ёсць «слабасць» — і гэтай «слабасцю» з’яўляецца чалавек.

Да, мае дарагія чытачы, станьце перад люстэркам, лепш за ўсё, каб бачыць сябе ва ўвесь рост, і скажыць сабе гучна: «Бог адчувае да мяне хэдэс. Ён любіць мяне не таму, што я заслугоўваю Яго любоў, не таму, што Бог ад гэтага нешта мае. Бог любіць мяне ні за што. Ён адчувае да мяне слабасць. Яму даспадобы той, каго я бачу ў люстэрку». Уяўлю твары многіх людзей у люстэрку. Цікава, колькі працэнтаў з нас верыць у гэтыя словы? Калі мы верым у гэтыя словы, то нам не складана зразумець значэнне слоў з Евангелля ад святога Лукі: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Хачу завяршыць дадзены артыкул словамі малітвы святой Фаўстыны Кавальскай. Няхай яны дапамогуць нам адказаць узаемнасцю на Божую любоў і навучаць нас быць дзецьмі Міласэрнага Айца: «Пане Езу, мой Настаўнік, учыні так, каб мае вочы, вусны, сэрца былі поўныя міласэрнасці. Зрабі мяне міласэрным».

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.