Падзяліцца ўласным досведам знаходжання ў Касцёле як верніка-мужчыны не так проста, як можа здацца. Ад імя «проста верніка» можна напісаць шмат, а вось ад імя «верніка-мужчыны»... Ці часта ў Касцёле мне даводзіцца выказваць свае спецыфічна мужчынскія ўласцівасці? Як праявіць сябе ў Касцёле менавіта як мужчыну?
Мужчыны ў касцёле прыкметныя: мужчынам, па-першае, ёсць святар, які цэлебруе Імшу. Але, падобна, на гэтым мужчынская выключнасць і заканчваецца. На літургічныя чытанні выходзяць то жанчыны, то мужчыны. А падчас натхнёнага спеву «Святы, святы, святы...», уяўляючы хоры бесцялесных анёлаў, якія спяваюць разам з табой, і пагатоў не задумваешся над уласнай гендэрнай ідэнтычнасцю. Нават такая «мужчынская» справа, як расставіць цяжкія лавы і мэблю па капліцы, насамрэч не з’яўляецца чыста мужчынскім «подзвігам». Не было б у парафіі мужчын — з гэтым выдатна справіліся б і жанчыны, бо гэта не самае цяжкае, з чым ім даводзіцца сутыкацца ў жыцці. Што засталося яшчэ? Падняць руку ў адказ на заклік святара: «Запрашаюцца 12 мужчынаў на абрад абмывання ног у Вялікі чацвер»? Але ці я стаў за год, які прайшоў з папярэдняга абмывання, настолькі мужчынам і настолькі апосталам, каб цяпер смела пацягнуць руку ўгару: «Вось, я мужчына! Я! Я!»?..
Часам мне здаецца, што касцёл з’яўляецца месцам больш зручным для жанчын і дзяцей, чым для мужчын. Арганіст задае высокія танальнасці, да якіх мой барытон проста не дацягвае, а некаторыя тэксты ў спеўніку не падыходзяць для мужчынскага спеву незалежна ад таго, якая нота ўзята (верагодна, укладальнік і не задумваўся, як будзе гучаць калядная калыханка «Лі-лі-лі-лі-ляй» у выкананні тых, каму Пан падараваў бас...). Я не люблю слова «найсалодшы» ў літаніях (украінск. – прым. перакл.): мне цяжка ўспрымаць вобразы Божай радасці праз мармеладныя метафары дзяцінства. Калі б я быў касцёльным краўцом, я пашыў бы гэтыя муслінавыя комжы даўжэйшымі і грубейшымі, каб яны не выглядалі на хлопцах-міністрантах, як дзявочыя сукенкі. А яшчэ я бянтэжуся пры параўнанні Касцёла з нявестай: бо Касцёл — гэта і я таксама, а якая ж я нявеста?? Зрэшты, усё гэта больш адносіцца да індывідуальных густаў і ніяк да месца мужчыны ў Касцёле.
Што з’яўляецца стопрацэнтна мужчынскім у маім касцёле — дык гэта казанні! Нам пашанцавала з прапаведнікам: на шчасце, наш пробашч далёкі ад салодкай сентыментальнасці. Ён захапляльна распавядае пра сур’ёзныя і зразумелыя рэчы: пра мастацтва годна пражыць жыццё, пра мужнасць у адстойванні свайго выбару, пра ўнутраную годнасць асобы. Але гэта характарызуе яго, а не мяне...
Дык дзе мужчына, які верыць у Бога, можа праявіць сябе мужчынам?
Асабіста са мной гэта здараецца не падчас басавітага спеву або абмывання ног, а за дзвярыма святыні — там, куды мы выходзім пасля Імшы. Менавіта там мяне на кожным кроку чакае экзамен на мужнасць. Штодзённасць ставіць мяне перад выбарам, значнасць якога нават не заўсёды заўважаеш. У розных сітуацыях і мне, і кожнаму мужчыну даводзілася сутыкацца з тым жа выбарам, перад якім аказваліся і Адам (не расслабляйся пасярод дабрабыту і шчасця), і Лот (не прыпадабняйся да садомскага натоўпу), і Абрагам (адмяні ўсе планы дзеля свайго вышэйшага паклікання), і Майсей (аддай усе намаганні дзеля дасягнення чыйгосьці дабра, нягледзячы на папрокі і ведаючы, што ты сам гэтым дабром не скарыстаешся). Штосекундна можна апынуцца на месцы і Яна Хрысціцеля (падвяргаючы сябе небяспецы выказваннем праўды ў твар), і Паўла (каб, перамагаючы прыродную пыхлівасць, стаць «усім для ўсіх»). Найлягчэй — і гэта самае страшнае! — апынуцца перад выбарам Юды. І на ўсялякі выпадак варта заўсёды быць гатовым прыняць рашэнне, калі сітуацыя не пакіне іншага выбару, як толькі пакласці душу сваю за бліжніх сваіх.
Пад гэтыя, на першы погляд пафасныя, параўнанні падыходзіць безліч будзённых жыццёвых сітуацый, вонкава вельмі далёкіх ад святой гісторыі. Але было б памылкай лічыць гэты бок жыцця чымсьці асобным ад майго знаходжання ў Касцёле. Бо я заўсёды з’яўляюся яго часткай, і мой выбар на ўсіх скрыжаваннях вызначаюць (па меншай меры, я стараюся, каб вызначалі) менавіта мой Касцёл і мая Вера.
У свеце існуе шмат вызначэнняў таго, кім ёсць «сапраўдны мужчына». Ён не хлусіць, не прадаецца, не баіцца, не ведае болю і жалю, ён лёгка скарае любую прынцэсу і каштуе столькі, колькі зарабляе, і да т.п. Часам гэтыя вызначэнні супярэчаць адно аднаму, і не ўсе з іх паходзяць з чыстых крыніц. Зрэшты, мы, вернікі-мужчыны, маем прывілей значна лягчэй вызначыць для сябе гэтыя прыкметы, бо перад намі заўсёды ёсць прыклад Мужчыны, які калісьці назваў нас сябрамі. Менавіта нас, менавіта мяне. Будзе вельмі і вельмі сорамна, калі я апынуся няздольным адказаць на Ягоную прапанову сяброўства.
А што да занадта далікатных песенак і слоўных слодычаў... У турыстаў на дальніх пераходах здаўна існуе правіла: раўненне на слабога. І менавіта моцныя і мужныя ў групе звычайна прытрымліваюцца гэтага правіла найбольш строга.
Аляксей Гайваронскі, часопіс CREDO. Пераклад з украінскай Віталія Палінеўскага.
|