Я не эгаіст |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага |
11.05.2016 00:00 |
Я не эгаіст. Проста лічу, што няма сэнсу дапамагаць тым, хто сам можа пра сябе паклапаціцца. Дапамагаць трэба тым, хто не можа. Амаль усе, каго я ведаю — дарослыя, здольныя людзі, са сваімі праблемамі спраўляюцца самі. Я не эгаіст. Проста я чалавек творчай прафесіі, і мне для працы патрэбныя адпаведныя камфортныя ўмовы. Не пра сябе клапачуся, пра працу. Дайце мне гэты камфорт. Я не эгаіст. Проста мне і без вас ёсць пра каго падумаць. У мяне ёсць сям’я, дзеці, родныя, лепшыя сябры. Калі вы ў гэтым спісе на месцы дваццатым – не крыўдуйце, што да вас чарга ніколі не дойдзе. Маёй ахвярнасці і самаадданасці не хопіць на ўсіх. Я не эгаіст. Проста ў Пісанні сказана: «Любіце бліжняга як самога сябе». А значыць, перш чым палюбіць бліжняга, трэба спачатку палюбіць сябе і задаволіць свае патрэбы. Што я, уласна, і раблю. Я не эгаіст, я звычайны католік, які жыве ў сучасным меркантыльным грамадстве. Дзесьці тут павінен быў быць пяты пункт у бясконцым ланцужку апраўданняў. Цяжка сказаць, ці маё жыццё сапраўды хрысціянскае. Хіба, не зусім, малюся мала... Віталій Палінеўскі |