Дывергент 1984 |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага |
13.09.2015 21:21 |
У свеце, які перажыў глабальную вайну, існуе мегаполіс, жыхары якога прыдумалі спосаб пазбягаць канфліктаў і падтрымліваць вакол непарушны парадак. Кожны чалавек у залежнасці ад сваіх асобасных якасцяў належыць да адной з фракцый, на якія падзелена грамадства. Вялікадушныя і самаахвярныя павінны належаць да фракцыі... «Эрудыцыя»! Нечакана? Смелыя і адважныя, якія нічога не баяцца ідуць у... «Адрачэнне», шчырыя ў «Прыязнасць», прыязныя ў «Бясстрашнасць» і г.д. Галоўнае — не трапіць у фракцыю, адпаведную сваім сапраўдным здольнасцям. Тыя, хто мае адразу некалькі здольнасцяў — дывергенты — самыя небяспечныя людзі, ім падыходзяць, а значыць супрацьпаказаны, любыя фракцыі. Іх баяцца, з імі змагаюцца. Не, іх не знішчаюць, як у вядомым галівудскім фільме. Іх проста высылаюць з Горада ў якую-небудзь муха... у Горкі, напрыклад.
Калеб бачыў усю недарэчнасць сістэмы «фракцый-наадварот», яму толькі не хапала смеласці выказаць гэта адкрыта. Мабыць, трэба было ісці ў «Бясстрашнасць». Па роду працы Калеб часта бачыўся з кіраўнікамі фракцый, асабліва з Мэтам, які ўзначальваў «Эрудыцыю». Аднойчы Калеб падзяліўся з ім сваімі думкамі. Сівы Мэт, самае добрае душы чалавек, паглядзеў на Калеба ласкава і растлумачыў: — Ты ўсё не так разумееш. Тое, што табе здаецца абсурдным, насамрэч вельмі правільна. Проста ёсць пэўныя акалічнасці, якіх ты не ведаеш. І не павінен ведаць. Запомні, Калеб, – гэта не твая справа. — Як жа не мая, я ж член нашага грамадства. І потым… Вось глядзіце, нашая фракцыя распрацоўвала праект палаца Праўды, я некалькі год правёў на гэтым будаўніцтве — там усе разлікі памылковыя, іх музыканты рыхтавалі, напалову збудаваная вежа хутка абрынецца… — Я ведаю. Мы хацелі замяніць кіраўніка будаўніцтва, але высветлілася, што ён аніводнага разу на працы не быў. Такіх больш няма, разумееш? Ён цяпер незаменны. — Але чаму? Гэта ж абсурд! Так жа нельга! Твар Мэта пахмурнеў. — Нешта для эрудыта ты зашмат разважаеш.
Але сэрца Калеба належала Гораду. З’ехаць альбо змагацца? З кожным днём у гэтым чалавеку расла рашучасць. Кожны крок аддаляў яго ад кампрамісаў. Прага праўды і шчырасці перамагала. Ён станавіўся дывергентам. Аднойчы па дарозе на працу Калеба спыніў незнаёмы чалавек у шэрым касцюме. Ён проста загарадзіў яму дарогу і працягнуў нейкія паперкі. — Вам туды нельга, — цвёрда сказаў ён. — Чаму? Хто вы? Што гэта? — Калеб не разумеў, што адбываецца. — Палац Праўды дабудаваны, вежа абрынецца з дня на дзень. Гэта білеты на цягнік. Вам больш няма чаго рабіць у Горадзе.
Гісторыя заснавана на рэальных падзеях. Усе супадзенні лічыць правільнымі. Віталій Палінеўскі |