Усё ты, Пане, можаш і ведаеш |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага |
25.06.2014 10:18 |
Апошнім часам баба Нюра часта чула галасы нібы з неба. Вось і цяпер, задумаўшыся пра нешта, пад гоман застолля раптам пачула: – Прывітанне, баба Нюра. І пакуль яна разважала, як у такіх выпадках трэба ветліва адказваць, голас запытаўся: – Як справы? – Добра, дзякуй Богу… э-э… дзякуючы Табе. Здароўе сам ведаеш, ніякае, але што ж тут, такія мае гады. А так нічога. Вось свята сёння, гасцей з гораду панаехала – дзеці, унукі. Дзякуй Табе, мой Божа. – А што, баба Нюра, гасцей прысмакамі частуеш, а сама не ясі нічога? – Дык жа пятніца сёння, няўжо не ведаеш? А што ксёндз казаў, што сёння адпуст у парафіі і посту няма, дык няхай хто і не посціць, а я ўжо «па старынцы», як заўсёды. Усё для цябе, Пане, толькі дзеля Цябе свае цярпенні ахвярую. – Хм… пост і свята ў адным флаконе. Атрымліваецца спалучаць? – Нармальна. У касцёл на святую Імшу схадзіла — лічы адсвяткавала, а мяса не ем — пашчу. Мы спрадвеку так робім, і матуля мая пакойная так заўсёды рабіла, і бабка, і прабабка. – Усё роўна дзіўна. Напэўна, гэта толькі жанчыны так умеюць: адначасова і радавацца, і смуткаваць. Але я табе, баба Нюра, вось што хачу сказаць. Пятніца — гэта дзень смутку, гэта дзень, калі Я цярпеў і памёр на крыжы. Трэба пра гэта памятаць, але… не сёння. Сёння Я даю табе дзень для радасці. Сёння Я як жаніх, які запрасіў сяброў на сваё вяселле, хачу падзяліцца з імі сваім шчасцем, я хачу, каб яны радаваліся разам са мною. Не добра гэта — на вяселлі плакаць. – Пане мой, я ўсё разумею, але ж пятніца! – Але ж Я мацнейшы за пятніцу! Я, які перамог нават смерць! Верыш? – Так, Пане. – Вось і цудоўна. Ну бывай, баба Нюра, частуй гасцей. Я зайду яшчэ сёння, калі ты не супраць. Баба Нюра задумалася. «Так, мой Божа. Велічны Ты і ўсемагутны. Усё Ты можаш і ведаеш, але пятніцы ад іншых дней тыдня адрозніць не можаш… Ешце, мае родненькія, як жа добра, што вы мяне адведалі, як жа я рада, што мы вось так усе разам сядзім за адным сталом, якая ж я шчаслівая», — пранеслася ў галаве бабы Нюры, а вусны ціхонька праспявалі: – А пад крыжам Маці ста-ала, крыж у смутку абдыма-ала… Віталій Палінеўскі |