Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці хочаш чагосьці большага?
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага
04.09.2014 14:44

Перш чым вучыцца малітве, мы павінны задаць сабе простае, але важнае пытанне. Ці хачу я маліцца? Ці хачу я ад духоўнага жыцця чагосьці большага, чым прыходзіць на Імшу час ад часу — прынамсі раз у тыдзень? Станоўчы адказ на гэтае пытанне дае надзею, што Хтосьці можа дапамагчы нам у дасягненні гэтых жаданняў.

Ёсць два вельмі розныя разуменні малітвы, і, хоць тэарэтычна яны могуць быць з’яднаныя, аднак на практыцы становяцца двума асобнымі напрамкамі. Ёсць малітва як культ і малітва як сустрэча. Чаму тэалогія лічыць, што гэтыя два спосабы малітвы могуць быць аб’яднаныя, а практыка паказвае, што для звычайнага верніка гэта мяжуе з цудам?

Найпрасцей мы разумеем культ як час, калі веруючы католік стаіць у касцёле як глядач, а пры алтары нешта адбываецца: прыгожа апрануты святар выконвае шмат розных жэстаў, добра падабрана дэкарацыя, музыка на хоры, можа, крыху недавучаны, але неяк сабе грае. Залаты келіх, прыгожы табэрнакулюм, уся атмасфера здзяйснення культу павінна перанесці думкі верніка на Таго, хто ёсць па-за гэтым светам. На Таямніцу, якою ёсць Бог.

У адрозненне ад гэтага, малітва як сустрэча з Богам адбываецца галоўным чынам з заплюшчанымі вачыма. Калі ў мяне ёсць у сэрцы прагненне падняць рукі ўгару, далікатна дыхаць і жывіцца тым, што Езус ёсць ува мне, у маім сэрцы... Малітва як сустрэча з Асобай, якую я люблю, — гэта час радасці, а не выканання абавязку. На такой сустрэчы час ляціць хутка і няма жадання паглядаць на гадзіннік. Калі ўсё скончыцца, то хочацца яшчэ.

Бачым выразную розніцу паміж малітвай-культам і малітвай-сустрэчай. Чаму большасць вернікаў не ў стане іх аб'яднаць? Расчараванні, якія з-за гэтага адбываюцца, часам заканчваюцца пошукамі Бога ў малітоўных практыках іншых рэлігій. Некаторыя «хрысціяне ў пошуку» вяртаюцца да Касцёла параненымі, а іншыя часам знаходзяць ва ўсходніх метадах тое, што не змаглі знайсці ў Каталіцкім Касцёле.

Праблема аб’яднання культу з сустрэчай у нашай малітве сыходзіць з таго, што мы маем дрэнную адпраўную кропку, зыходны пункт. Амаль кожны хрысціянін спачатку сутыкаецца з культам. Настаўленні, якія вернік чуе ў касцёле, кажуць, што ён павінен выконваць культ. І ён гэта робіць. З амбоны патрабуюць не асабістай сустрэчы, але культу, пакланення. Між тым, парадак павінен быць зваротным. Спачатку я сустракаю Яго асабіста, спазнаю Божую любоў, і толькі тады выплывае мая ўнутраная патрэба выказаць ужо сваю любоў да Бога, прычым публічна, гэта значыць у кульце.

Ніводзін дарослы хлопец не палае жаданнем проста падарыць камусьці кветкі або запрасіць кагосьці ў кіно. Ён мае прагненне сустрэць тую, якую пакахае. І калі сустрэне, то з’явіцца ў ім і жаданне падарыць ёй букет ружаў, і разам паразмаўляць, і разам паглядзець фільм. Калі сустрэне каханую, то кветкі і сэрца можа прыносіць ёй штодня. Не будзе ў гэтым бачыць празмернасці, наадварот — ён будзе адчуваць ад гэтага вялікую радасць. А без спаткання і закаханасці будзе толькі прымус дарыць кветкі па невядомай прычыне.

Гэтыя простыя прынцыпы мы ўсе ведаем, але не можам прыстасаваць іх для тых найважнейшых зносін у нашым жыцці, якія вызначаюць нашу вечнасць. У выніку мы застаемся на ўзроўні культу і, махнуўшы рукою, у сэрцы гаворым сабе: «Ну, гэта не мае сэнсу. Я гэта ведаю, ксёндз гэта ведае. Але на ўсялякі выпадак схаджу ў касцёл. Хто ведае, можа, Бог ёсць... напэўна, ёсць. Навошта рызыкаваць?» Такім чынам, малітва-культ бярэ верх, і на гэтым заканчваецца наша духоўнасць, якую мы і перадаем з пакалення ў пакаленне.

Часам з-за смерці блізкіх ці іншых жыццёвых трагедый мы пачынаем гаварыць з Богам, але больш у духу прэтэнзій. Калі сустрэнем мудрага духоўніка, то з яго дапамогай мы можам у гэтых сітуацыях перайсці ад малітвы культавай да малітвы асабістых адносін. Часцей, аднак, мы не звяртаемся ў такія моманты да людзей духоўна мудрых, а хутчэй ставім пад пытанне само існаванне Бога з усім Яго культам, які маем абавязак спаўняць.

Рэмігій Рэцлаў SJ, www.remi.jezuici.pl

Пераклад Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.