Калі вы любіце сваіх дзяцей... |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага |
26.09.2014 01:05 |
Сталічны ўніверсам, невялікая чарга ў касу. Дама, што перада мною, разлічваецца за прадукты. У яе кашальку мільгануў фотаздымак дзяўчынкі. Напэўна, яе дачка. Падобнае ўжо бачыў учора і некалькі дзён таму. Тралейбус, кандуктар правярае білеты, жанчына бальзакаўскага ўзросту дастае з кашалька праяздны. Не падглядваю, проста выпадкова погляд трапляе на фотакартку маленькага хлопчыка. Мабыць яе сын, можа цяпер ўжо дарослы... І чарговы раз узнікае пытанне: сям’я — гэта не толькі дзеці, няўжо вы мужоў сваіх не любіце? Я не веру, што жонкі не любяць мужоў, але пачынаю падазраваць, што дзяцей любяць больш. Асабіста я не супраць, каб мая жонка любіла нашых дзяцей больш, чым мяне, хоць і дзіўна гэта гучыць: любіць больш альбо менш…
Кожны чалавек свядома ці несвядома робіць выбар: што для яго больш важнае, што менш. Ён стварае сваю шкалу каштоўнасцяў. Фішка ў тым, каб яна супадала з той шкалой, якую прапануе Бог, з ёй мы павінны звярацца, расстаўляючы жыццёвыя прыярытэты. Свядомыя хрысціяне скажуць, што галоўнае ў свеце і ў жыцці чалавека — Бог. Гэта таксама няпроста прыняць, хоць і лёгка растлумачыць. Касцёл вучыць, што не трэба баяцца паставіць Бога на першае месца, у тым ліку і вышэй за сям’ю, таму што Бог у нас нічога не забірае, а толькі дае. Бог — гэта дасканалая дабрыня, яму не патрэбны сваркі і непаразуменні, сямейныя крызісы, разбітыя сужэнствы. Бог ёсць любоў. Сям’я нічога не згубіць, калі любоў будзе панаваць у ёй, а разам з любоўю супакой, згода, шчасце. А што (альбо хто) з’яўляецца самым важным ў сям’і? Пасля Бога, зразумела. Многія скажуць, што дзеці, і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Дзеці — кветачкі нашага жыцця, нашыя радасць, надзея, будучыня; у іх наша кроў, працяг нас саміх; у дзецях Бог нас благаслаўляе. І так мы лёгка... робім вялікую памылку, бо ведаеце, што бывае, калі ў шкале каштоўнасцяў штосьці стаіць не на сваім месцы. Падобна таму, як не трэба баяцца ставіць Бога вышэй сям’і, не трэба баяцца вышэй за дзяцей паставіць сужэнскія адносіны. Дзеці ад гэтага нічога не губляюць. Калі муж і жонка любяць і шануюць адно аднаго, то чаму навучацца ад іх дзеці? Менавіта гэтай любові і пашане. Дзеці будуць мець добры прыклад, мадэль сямейных адносін, якую пазней, калі стануць дарослымі, змогуць паўтарыць ва ўласных семя’х. І наадварот, калі ёсць непаразуменні паміж мужам і жонкай, то, як бы яны не стараліся добра выхоўваць сваіх дзяцей, выхаванне гэтае будзе кульгаць на абедзве нагі. Акрамя таго, дзяцей мы маем толькі на час. Калі яны выляцяць з роднага дому, якім будзе ў бацькоў «і не пакіну цябе ажно да смерці»? Вядомы польскі эксперт па сямейных справах і шчаслівы бацька Яцэк Пулікоўскі сказаў у інтэрв’ю парталу Сatholic.by нечаканую фразу: «схіляючыся над калыскай дзіцяці, можаш цалкам прайграць сваё сужэнства, не робячы па-сутнасці нічога дрэннага». А калі для жанчыны галоўным мужчынам яе жыцця становіцца не муж, а сын, то гэта нясе шкоду не толькі сужэнству, але і аб’екту абажання. Таму, калі вы любіце сваіх дзяцей, стаўце свайго мужа (сваю жонку) вышэй за іх.
Сённяшні свет дае так шмат магчымасцяў, прапануе столькі шляхоў, што трэба быць мудрым і разважлівым, каб выбіраць правільны. Здаецца проста неверагодным, што ў нашых продкаў, якія ніколі не чыталі кніг па псіхалогіі і педагогіцы, было так шмат гэтай жыццёвай мудрасці. На сучаснай мове яна між іншым кажа: Калі вы любіце сваіх дзяцей, памятайце пра сваю бацькоўскую годнасць.
Думаю, Бог не супраць, каб кожны чалавек дасканаліўся і развіваўся. Бо, каб штосьці даць, трэба штосьці мець. Каб чамусьці навучыць, трэба штосьці ўмець. Каб распаліць агонь, трэба мець хаця б іскру. Гаворка не толькі пра рэчы матэрыяльныя ці інтэлектуальныя, але і пра духоўныя. Каб здабыць іх, таксама патрэбны намаганні, пэўная праца над сабой. Я ведаў людзей, якія не адзначаліся ні адукаванасцю, ні выдатнымі здольнасцямі, але сваім прыкладам вучылі справядлівасці і міласэрнасці, чуласці і дабрыні, цярплівасці і трываласці, веры і вернасці. Для мяне такім прыкладам быў мой дзед — звычайны селянін і адначасова такі незвычайны чалавек, які так многа мне даў. Веды і ўменні, магчыма, рэчы другарадныя, але як жа без іх? Пагадзіцеся, сорамна на кожнае пытанне дзіцяці адказваць «не ведаю», ці «ўключы кампутар, пагуглі сам у інтэрнэце». Для мяне ў дзяцінстве вельмі важнымі ўрокамі былі, калі мой бацька, афіцэр-падводнік, паказваў, як правільна трымаць пілу і як забіваць цвік, каб не застацца без пальцаў. Я так і не навучыўся майстраваць якасныя і прыгожыя рэчы, але гэтыя моманты памятаю вельмі добра і яны мне вельмі дарагія. А вось захапленне фатаграфіяй прынёс мне мой дзядька. Нават неяк прыкра, што не бацька. Тым далёкім летам мы з дзядькам аблазілі ўвесь пасёлак і наваколле ў пошуках цікавых кадраў. А тата, на жаль, фатаграфіяй не цікавіўся. Дакладней, на той момант ужо не цікавіўся, бо адкуль ў нашых сямейных фотаальбомах такія цудоўныя здымкі? Вярнуўшыся з канікулаў, я, запалены новай ідэяй, з бляскам у вачах кінуся да бацькоў: «Тата, мама! Купіце мне фотаапарат!» Што было далей? Размова з бацькам «як мужчыны з мужчынам», умовы па школе, поўны дом спецыялізаванай літаратуры, нарэшце (ура!), найлепшая «зеркалка», аб якой можна было толькі марыць, тэорыя і практыка (ура, разам з татам!) па экспазіцыі і апрацоўцы, невядома адкуль з’явіліся фоталіхтар і фотапавелічальнік. І сёння гэтыя чароўныя вечары, калі мы з бацькам пры святле чырвонага ліхтара праяўлялі першыя здымкі, я ўзгадваю як самыя шчаслівыя моманты майго дзяцінства. А чым вы здольныя падзяліцца са сваімі дзецьмі? Вы ж іх так любіце! Віталій Палінеўскі |