Вылазь з-пад ложка, я супакоілася |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага |
10.01.2015 19:34 |
– Чым скончылася вашая сварка з жонкаю? rНародная мудрасць кажа, што калі жанчына не мае рацыі, то лепей папрасіць у яе прабачэння. Гэта, канешне, жарт. А калі сур'ёзна, то як часта мы просім прабачэння? Ці кожны раз, калі правінімся? Бывае, пасварыцца муж з жонкаю, пасля яны тры дні дуюцца адно на аднаго, а потым неяк само сабой усё нармалізуецца. Інцыдэнт вычарпаны, аднак асадачак застаецца. Далей падобныя сітуацыі неаднаразова паўтараюцца, крыўды назапашваюцца. Як добрыя католікі, мы больш-менш рэгулярна прыступаем да сакрамэнту пакаяння, перад Богам грахі вызнаём і за правіны шкадуем. Пасля споведзі мы ўпэўненыя, што Бог нам усё дараваў, можам пачынаць жыццё з чыстага ліста. Толькі нашыя бліжнія аб гэтым не ведаюць. Няма перазагрузкі ў адносінах, цягнецца ўвесь цяжар папярэдніх канфліктаў. І пры гэтым мы лічым сваё сумленне чыстым. Аднак адной з умоваў добрай споведзі з’яўляецца выпраўленне крыўды. Хрыстус жа кажа:
Папрасіць Бога аб прабачэнні няцяжка. А бліжняга свайго? Бывае, што лёгка, напрыклад, едучы ў трамваі. Калі выпадкова штурхнём кагосьці ці наступім камусьці на нагу, аўтаматычна вырываецца: «Ой, прабачце!» Бываюць і іншыя «стандартныя сітуацыі». Некаторыя практыкуюць добрую традыцыю падчас дзялення аплаткай не толькі віншаваць бліжніх з Божым Нараджэннем і складаць найлепшыя пажаданні, але таксама і прасіць прабачэння за ўсе ўчыненыя крыўды. Выглядае гэта так: – Ну, гэта... можа, калі я цябе пакрыўдзіў, дык прабач мне. Што значыць «можа, я калісьці цябе пакрыўдзіў»? А можа, і не? Мабыць, ніякай віны я не адчуваю і кажу гэтыя словы толькі фармальна, як жэст ветлівасці. Значна цяжэй казаць пра канкрэтныя рэчы. «Учора я паводзіў сябе па-хамску і сапсаваў табе ўвесь дзень. Не ведаю, што тады на мяне найшло. Мне сапраўды вельмі сорамна і вельмі шкада, што так атрымалася». Гэта была б зусім іншая размова. Але, па-першае, сваім нягодным учынкам маю сто апраўданняў, а па-другое, чаму я павінен перапрашаць, калі мяне ніхто ніколі не перапрашае? Не дачакаецеся! Вока за вока, зуб за зуб, нос за вуха... Дасведчаныя людзі расказваюць реальныя гісторыі з жыцця, як блізкія ў выніку нейкага канфлікту гадамі не хацелі бачыцца і размаўляць адно з адным. Кожны вінаваціў іншага і лічыў сябе абражаным. Толькі надзвычайныя абставіны, напрыклад, пагроза смерці, штурхалі іх да прымірэння. І аказвалася, што дастаткова было простага «прабач мне, тата», «прабач мне, сын». Канешне, калі мы першымі робім крок да прымірэння, то не маем ніякіх гарантый. Ёсць верагоднасць не быць пачутым, не ўсё можна выправіць, не ведаем, ці ўдасца аднавіць адносіны. Надзея можа не апраўдацца. Аднак у любым выпадку пачнецца хоць крыху, але іншая гісторыя. Шлях пачынаецца з аднаго кроку. Віталій Палінеўскі |