Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апакаліпсіс-2012: факты і міфы
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
13.02.2012 11:08

Прадказанні аб канцы свету ў 2012 годзе настолькі ўвайшлі ў сучасную масавую культуру, што нават пачалі пранікаць у каталіцкае асяроддзе. Больш таго, нават у беларускай каталіцкай медыяпрасторы пачалі з’яўляцца артыкулы са сцэнарыямі ўсё таго ж Апакаліпсісу-2012.

Не так даўно на адным з беларускіх сайтаў з’явіўся артыкул, які абурыў многіх католікаў. Каб не рабіць «чорнага» піяру, не будзем узгадваць тытул і аўтара. Гэты артыкул папярэджвае аб набліжэнні канца свету, незнарок указваючы на 2012 год і падае канкрэтную інструкцыю, як неабходна перажыць дзень Суду. Для гэтага неабходна падрыхтаваць асвячоную ваду, прынамсі тры васковыя свечкі, закрыцца дома і прамаўляць тыя словы малітвы, якія аўтар падаў у сваім тэксце. Акрамя таго, артыкул яскрава апісвае, як будзе выглядаць Армагедон. Гэта будзе пераслед Касцёла з боку ісламістаў, атамная вайна, прыродныя катастрофы. І ўсё гэта павінна адбыцца да канца 2012 года (значыць, у бліжэйшыя 10 месяцаў).

Калі б свае «прароцтвы» аўтар артыкула падаваў як уласнае бачанне канца свету, то не было б праблем. Кожны мае права на палёт уяўлення. Але дадзены артыкул спасылаецца на аўтарытэт Маці Божай, што гэта яна так сказала ў Фацімскіх аб’яўленнях. Аўтар спасылаецца на с. Люцыю (візіянерку з Фацімы). Адмысловым чынам у артыкуле пераплятаюцца «выказванні» Маці Божай, сястры Люцыі і самога аўтара. Усё падаецца як сапраўднае Божае аб’яўленне. А ў канцы гучаць нават пагрозы ў бок чытача. Калі ён не падзеліцца гэтым «аб’яўленнем» з іншымі людзьмі, то будзе адказваць «за тых, хто не быў паінфармаваны і загінуў».         

На самой справе аўтар артыкула стварыў уласны сцэнарый Апакаліпсісу, выкарыстоўваючы як мінімум тры крыніцы.

Па-першае, тэкст спасылаецца на прызнаныя Касцёлам Фацімскія аб’яўленні Маці Божай, але маніпулюе звесткамі. Бярэ адтуль перасцярогі аб магчымым пераследзе Касцёла, маральным падзенні сярод хрысціянаў. Пры гэтым варта заўважыць, што фацімскія аб’яўленні (так, як і кожныя сапраўды Божыя) — гэта не прадказванне сляпой наканаванасці, але перасцярога, умова: калі не будзе навяртання, будзе бяда. Сапраўднае аб’яўленне мае агульны рэлігійна-маральны характар, заахвочвае да навяртання. А ў артыкуле ў вусны Маці Божай укладваюцца словы, якіх яна не казала (вызначэнне дат, атамная зброя). Гэта лёгка праверыць па афіцыйных дакументах, дзе запісаны пасланні Маці Божай.

Па-другое, дакладная інструкцыя паводзін падчас Суднага дня (трохдзёння), якую падае аўтар артыкула, супадае з непрызнаным аб’яўленнем, якое прыпісваецца св. Піо з П’етрэльчыны. У тэксце літаральна паўтараюцца цэлыя фрагменты з гэтага «аб’яўлення» (на тры дні «кары» трэба будзе закрыцца дома, паліць свечкі, маліцца і не выглядваць за вокны).

Нарэшце, аўтар пераплятае прадказанні з усім вядомымі апакаліптычнымі вобразамі з Бібліі (прыродныя катастрофы, ганенні на хрысціянаў). Як Біблія, так і Фацімскія аб’яўленні заклікаюць вернікаў да чуйнасці, малітвы, жыцця ў згодзе з Богам, бо ніхто «не ведае гадзіны», як кажа Езус (Мц 25,13), калі прыйдзе яго канец. Вызначэнне дат і інструкцый супярэчыць слову Бога. Ніхто не можа ведаць даты (Мц 24,36; Дз 1,7). Бог дае толькі знакі. А вызначэнне дат і інструкцый Апакаліпсісу супярэчыць таму, што кажа Біблія, і з’яўляецца цяжкім грахом для католіка.

Небяспека гэтага артыкула ў тым, што ў ім пераплецена праўда і хлусня, факты і міфы. У чытача можа скласціся ўражанне, што аўтар адкрывае праўду. А насамрэч адбываецца маніпуляцыя свядомасцю веруючага католіка. Бо ён верыць у канец свету, давярае Фацімскім аб’яўленням, Папе, словам с. Люцыі. Калі яны так кажуць, значыць, усё гэта праўда. Але ці сапраўды яны так кажуць? На жаль, спасылка на факты і аўтарытэты стварае ўражанне рэальнасці і праўдзівасці.

Папулярнасць падобных апакаліптычных тэкстаў у хрысціянскім асяроддзі гаворыць аб тым, што існуе сур’ёзны прабел у тым, што вернікі ведаюць пра біблейскае вучэнне аб канцы свету. Варта не спяшацца верыць кожнаму прароку, але зазірнуць глыбей, з якіх крыніц паходзяць яго «аб’яўленні». А найлепей самім звярнуцца да таго, што сапраўды кажа Біблія і Касцёл пра Судны дзень.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.