Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
7 метадаў перамогі над злым духам (ч.1)
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
23.08.2012 19:56

Як абараніцца ад злога духа? Калі нельга варажыць і хадзіць да «бабак», то што рабіць і дзе шукаць ратунку? Гэтыя і падобныя пытанні ставяць многія вернікі, якія раптам адкрылі, што за іх жыццёвымі і сямейнымі праблемамі стаяць рэальныя дэманічныя сілы.

Касцёл напрацягу двух тысячагоддзяў адпрацаваў канкрэтныя і правераныя метады 100%-й абароны ад злога духа і аздараўлення чалавека. Сярод шматлікіх спосабаў абароны звернем увагу на тыя, якія найбольш простыя і даступныя кожнаму жадаючаму.

Шчыры давер да Бога

Першай умовай абароны ад уздзеяння «бабак», магаў ці злых духаў з’яўляецца вера ў Бога і давер толькі Яму. У Дэкалогу (пераліку запаведзяў) Пан Бог ставіць гэтую запаведзь на першае месца. Чалавек, які сапраўды ўсю надзею пакладае ў Богу, перастае баяцца лёсу, чараў, злога духа. Святое Пісанне расказвае, што для веруючай асобы Бог становіцца як скала апоры, надзейны прытулак, верны шчыт і непераможная цвярдыня (пар. Пс 46; 59).

Глыбокі давер да Бога б’е ў самае сэрца планаў дэмана, які робіць усё, каб мы дрыжэлі перад ім і ў веры канцэнтраваліся на ім больш, чым на Богу. Многія экзарцысты звяртаюць увагу на тое, што злы дух «харчуецца» нашымі страхамі. Таму Біблія вучыць, што трэба мець Божы страх і не паддавацца чалавечым страхам.

З гэтага вынікае, што трэба адрэзаць усе каналы, праз якія сатана можа раздмухваць чалавечыя страхі і веру ў магутнасць магіі і злых духаў. У практыцы такім каналам распальвання ў чалавеку страхаў і веры ва ўсемагутнасць сілаў цемры з’яўляецца адмысловая кінаіндустрыя (адпаведная фантастыка, містыка, жахі), спецыяльныя камп’ютарныя гульні, акультныя шоу. Таму хрысціянам варта вучыцца выбіраць, якія фільмы глядзець і ў якія гульні бавіцца.

Пакаянне

Плод жывой веры — пакаянне, адмаўленне ад грахоў і змена жыцця на лепшае. Менавіта пакаянне дае чалавеку магчымасць пачаць карыстацца наймагутнейшымі інструментамі збаўлення — святымі сакрамэнтамі. Сатана ведае пра велізарную сілу, якую ў асобе абуджае пакаянне. Таму ён робіць усё, каб чалавек не захацеў змяніцца і адарвацца ад граху.

Дэман часта карыстаецца «звычайнымі» псіхалагічнымі метадамі: уцягнуць чалавека ў грахі так, каб ён думаў, што ад іх залежыць яго жыццё і шчасце. Злы дух дзейнічае праз самыя разнастайныя страхі, маніпуляцыі эмоцыямі і ўсім тым, што Касцёл залічвае да сямі галоўных грахоў. Таму парваць з грахом — гэта адмовіцца ад зла і даверыцца Богу, нават калі па-людску гэта можа здавацца вар’яцтвам, проігрышам ці чымсьці немагчымым.

Важнай прыкметай сапраўднага пакаяння з’яўляецца не толькі ўнутраная змена жыцця, але і канкрэтныя знешнія дзеянні. Іншымі словамі, разрыў сувязі з сатаной і грахом павінен адбыцца не толькі ў душы, але і ў знешнім асяроддзі пражывання. Практычна гэта азначае, што трэба пазбавіцца ад усіх прадметаў, звязаных з дэманамі: сімвалаў, амулетаў, магічных фігурак, татуіровак, карцінак, фільмаў, тэкстаў. А пасля месца гэтых прадметаў абавязкова трэба запоўніць прадметамі, якія стануць трансліраваць нам Бога (крыж, абразы, асвячоныя прадметы, хрысціянская літаратура і фільмы).

Сакрамэнты

Кожны з сямі святых сакрамэнтаў — гэта наймагутнейшы інструмент супрацьдзеяння злу і развіцця жыцця з Богам. Нездарма Езус пакінуў Касцёлу гэтыя надзвычайныя знакі, праз якія Ён сам дзейнічае ў супольнасці вернікаў. Таму кожнаму хрысціяніну варта пазнаваць, што азначае кожны сакрамэнт і навошта Бог жадае дзейнічаць такім чынам.

Трэба максімальна, наколькі дазваляюць магчымасці, выкарыстоўваць гэтыя Божыя інструменты абароны і збаўлення. У практыцы гэта азначае, што нельга адкладваць на пазней сакрамэнт, калі можна да яго прыступіць цяпер. У сучасным свеце можна заўважыць вельмі хітрую стратэгію сатаны: адвесці людзей ад сакрамэнтаў. Нават нібыта веруючыя людзі часам прыдумваюць смешныя адгаворкі, каб не прымаць хрышчэнне, шлюб, св. Камунію, споведзь і г.д. Чалавек на гэтым заўсёды прайграе, а выграе толькі сатана.

Вернікам, якім здаецца, што сакрамэнты не дзейнічаюць у іх жыцці, варта папрасіць святара аб аднаўленні ласкі кожнага сакрамэнту. У практыцы гэта азначае, то варта нанава пераасэнсаваць значэнне кожнага сакрамэнту і пачаць прымаць яго больш свядома, годна, адкрыцца на тую ласку, якую дае Пан Бог.

Жывая малітва

Пакаянне — гэта не мэта, а толькі сродак. Яго эфектам павінна стаць прабачэнне і паяднанне з Богам, бліжнімі і самім сабой. Многія экзарцысты заўважаюць, што брамай цяжкіх грахоў і каналам злога духа часта становяцца нявырашаныя псіхалагічныя канфлікты, эмацыянальныя раны, зайздрасці, нянавісці, непрабачаныя памылкі і г.д. Многія затоеныя грахі могуць маскіравацца ў глыбінях нашай падсвядомасці цэлымі гадамі.

Па гэтай прычыне веруючыя людзі могуць адчуваць унутраны дыскамфорт, адсутнасць спакою сэрца пры, здавалася б, ідэальным хрысціянскім жыцці. І толькі ў часе глыбокай малітвы аб вызваленні і ўнутраным аздараўленні часта надыходзіць момант адкрыцця: усплываюць схаваныя ў дзяцінстве або маладосці затоеныя непрабачэнні, якія не пераставалі атручваць жыццё і блакавалі дзеянне Божай ласкі. Пладом такой малітвы-адкрыцця павінна быць т.зв. «генеральная» споведзь (з усяго жыцця або з нейкага жыццёвага этапу) і яшчэ мацнейшае паяднанне з Богам, бліжнімі і самім сабой.

Акрамя асабістай малітвы кожны чалавек мае магчымасць звярнуцца па дапамогу да іншых асобаў: людзей і анёлаў. Здаецца, не трэба тлумачыць, якую вялікую моц мае малітва святога чалавека, а наколькі магутнейшую моц мае малітва цэлай групы святых асобаў. Таму Бог стварыў Касцёл як супольнасць людзей, якія адно аднаго могуць падтрымаць у барацьбе за Неба.

У справе абароны ад злога духа шматвяковая практыка Касцёла падказвае, што варта звяртацца ў малітве асабліва да Маці Божай, Міхала Арханёла, Анёла-апекуна, святых заступнікаў. Варта не саромецца прасіць аб малітве не толькі тых, хто ў Небе, але і супольнасць Касцёла на зямлі ці паасобных вернікаў (духоўных і свецкіх). Акрамя гэтага існуюць спецыяльныя малітоўныя набажэнствы, якія маюць велізарную экзарцыстычную моц: св. Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Крыжовы шлях і т.п.

У справе малітвы экзарцысты таксама заўважаюць, што варта часта звяртацца да Хрыстовых пакутаў, ранаў, крыві. Бо праз Муку Езуса мы былі адкупленыя і быў канчаткова пераможаны злы дух. У малітве варта асцерагацца, каб не ўступаць у кантакт са злым духам праз заклікі, загадванні яму і г.д. Варта маліцца да Бога або клікаць заступніцтва анёлаў і святых. А непасрэдны кантакт са злым духам варта пакінуць спецыялісту (святару, экзарцысту), які ведае, што і як рабіць.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.