Ноч цемры — духоўная рэчаіснасць |
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP |
23.09.2012 10:15 |
У хрысціянстве можна сустрэцца са шматлікімі перагібамі, якія, на мой погляд, часта ідэалізуюць, а такім чынам і фальсіфікуюць саму ідэю Евангелля. Адным з такіх перагібаў з’яўляецца тое, што жыццё хрысціяніна некаторым з людзей уяўляецца выключна як нейкі пакутны шлях, на якім не павінна існаваць радасных пачуццяў, перажыванняў, узнёслых праяўленняў духа, а таму жарт і смех становяцца чымсьці падазроным і нежаданым (гэтую з’яву яскрава апісаў Умберта Эка ў сваёй кнізе «Імя ружы»). Іншыя, у сваю чаргу, маюць перад сабою вобраз хрысціяніна як нейкага звышчалавека — радаснага, аптымістычнага і паспяховага, слабасцю для якога з’яўляюцца дрэнны настрой, слёзы, расчараваннне, няўдачы. А таму вельмі часта цяжкасці і выпрабаванні, якія з’яўляюцца ў жыцці людзей з такім падыходам да рэчаіснасці, становяцца нагодай сысці з хрысціянскага шляху. Кажуць: гэта не для мяне. Хтосьці нават спецыяльна ігнаруе цярпенне вакол сябе, літаральна не ўпускае ў сваё жыццё, каб не атручвала існаванне. Адзін вядомы спявак ў газетным інтэрв’ю проста прызнаўся, што ён прынцыпова не засяроджвае ўвагі на людскіх праблемах і недахопах, бо гэта перашкаджае яму ў працы. А яго праца заключаецца ў тым, каб несці радасць іншым людзям… Калі прыгледзецца да жыцця Езуса, якое апісваюць евангелісты, то можна заўважыць, што ў ім былі розныя хвіліны. Была радасць (вяселле ў Кане Галілейскай, навяртанне Закхея), былі таксама слёзы (смерць найлепшага сябра Лазара) і самыя наймацнейшыя, найжахлівейшыя пакуты (Крыжовы шлях, Галгота). Як б там ні было, але кожны чалавек, як бы ён не ідэалізаваў жыцця ці ізноў не ўцякаў ад яго, па-свойму перажывае яго шматграннасць. Кожны ў большай ці ў меншай меры адчувае боль існавання, недасканаласць гэтага свету і дзесьці глыбока ўнутры марыць аб лепшым, больш дасканалым свеце. Таму Пан Бог, ведаючы чалавечую прагу шчасця, жадае вызваліць нас ад «шатанскага наркозу» і адкрыць праўду аб сабе і аб свеце. Робіць, дарэчы, гэта далікатна і паступова, каб нас не «разбіць» праўдай, каб не знеахвоціць, але каб узмацніць і вызваліць (пар. Мц 8, 32). Таму варта нам старацца з Божай дапамогай пазнаць і прыняць рэчаіснасць ва ўсей яе паўнаце, такой, якая яна ёсць, з яе прыгажосцю і адначасова складанасцю і болем. Так, сусвет створаны Богам і таму сам па сабе добры (пар. Быц 1, 21), але праўда таксама ў тым, што ён недасканалы і грэшны па прычыне сапсаванасці першародным грахом. Таму, думаю, варта дакрануцца тут да такой важнай тэмы, як духоўнае цярпенне. Зрэшты, цярпенне заўсёды мае нейкія духоўныя водгукі. Толькі менавіта прычыны гэтага цярпення могуць быць розныя: хвароба (боль фізічны), расстанне, дрэнныя навіны (смерць блізкай асобы), расчараванне жыццём… Такое цярпенне мае цесную сувязь з чалавечымі зямнымі турботамі. Але цярпенне можа мець таксама выключна духоўную прычыну, якая ў каталіцкай містычнай тэрміналогіі акрэсліваецца як цемра начы. Думаю, што ўсе святыя ў большай ці ў меншай меры праходзілі праз гэтую духоўную рэчаіснасць, а менавіта перажывалі аддаленасць Бога, самотнасць, неразуменне людзей вакол сябе. Доўгі час сёстры кармэлітанкі хавалі ад каталіцкага свету некаторыя запіскі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (каб не сапсаваць такім чынам прыгожы «салодкі» вобраз святой), так званы Жоўты дзённік, дзе Тэрэза апісвала свае перажыванні ў апошнія два гады жыцця, калі яна, літаральна дагараючы, як свечка, змагалася з хваробаю і жудаснымі духоўнымі пакутамі, у якіх не толькі не адчувала прысутнасць Бога, Яго любоў, спагаду, але наогул, як бы дзіўна гэта ні гучала, часам нават сумнявалася ў Яго існаванні. Штосьці падобнае адбылося, калі каталіцкаму свету адкрылася перапіска Маці Тэрэзы з Калькуты, у якой, між іншым, яна апісвае пачаткі свайго манаскага жыцця, Божае натхненне, каб заснаваць новую законную супольнасць, супрацьстаянне са сваімі духаўнікамі і з касцёльнай уладай. Таксама дзякуючы гэтай перапісцы людзі даведаліся пра ўнутранае жыццё благаслаўлёнай з Калькуты, а менавіта аб тым, што, нягледзячы на добрае выкананне абавязкаў, на мужнае штодзённае існаванне, якое перавышала чалавечыя сілы, яна, якая несла Бога іншым, у той жа час перажывала незвычайныя духоўныя пакуты: адасобленасць, самоту і богапакінутасць. І гэты яе духоўны стан не быў мімалётны, але спадарожнічаў ёй на працягу амаль усяго жыцця. Некаторыя яе выказванні могуць нават шакіраваць чалавека, які не пазнаў таямніцы крыжа. Вось некаторыя з яе пісьмовых радкоў: «цемра такая цёмная, а я адна», «быць закаханай і не кахаць, жыць верай і не верыць, вынішчацца для іншых і быць у поўнай цемры; прашу маліцца за мяне». Ізноў жа: «адзінота сэрца, якое жадае любові, не да пераадолення» альбо «часта так здараецца, што тыя, якія ахвяруюць свой асабісты час, каб несці святло іншым, самі застаюцца ў цемры». Маці Тэрэза часта пісала да сваіх духаўнікоў аб тым, што яна адчувае сябе не любімай Богам. Перажывала ні з чым не параўнальную духоўную цемру. У гісторыі Касцёла мала хто са святых перажываў такі доўгі духоўны стан. Сама Маці Тэрэза казала пра сябе, што калі Бог дазволіць і яна дасягне святасці, то будзе менавіта святой ад цемры. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя пакуты, яна заўсёды несла дапамогу і любоў тым, хто гэтага патрабаваў. Вельмі часта паўтарала сваім сёстрам, што яны павінны даць сябе «з’есці» іншым людзям, як Езус дае сябе ў Эўхарыстыі. Наогул мала хто з людзей, нават самых блізкіх, ведаў пра яе духоўныя цярпенні (шмат хто даведаўся аб гэтым ужо пасля яе смерці). Вонкава Маці Тэрэза выглядала супакоенай, радаснай, уся адданая Божай справе, новай супольнасці, несучы дапамогу ўбогім і ратуючы іх ад смерці фізічнай і духоўнай. Адзін з яе духаўнікоў пісаў: «Як толькі я сустракаў Маці, сплываў на мяне супакой і радасць, нават калі дзялілася са мною цемраю, якую перажывала ў духоўным жыцці. Вельмі часта я задаваў сабе пытанне: як хтосьці, хто столькі часу аддае церпячым людзям і сам праходзіць начную цемру, па-ранейшаму можа ўсміхацца і рабіць так, што іншыя адчуваюць сябе шчаслівымі?» Яна несучы свой крыж, спалучаючы свае пакуты з пакутамі Езуса ўкрыжаванага, натхняла іншых, запальваючы іх да Божага жыцця. Што ж гэта за з’ява — начная цемра — і чаму Бог дапускае яе ў жыцці сваіх дзяцей? Наогул паводле досведу містыкаў у каталіцкай тэалогіі прынята казаць пра тры класічныя этапы духоўнага жыцця. Першы этап — захапленне Богам, адкрыццё Яго прысутнасці ў сваім жыцці, радасць знаходжання з Ім. Бог як бы прываблівае душу, уліваючы ў яе сваю ласку, аб’яўляе сваю прыгажосць, напаўняе любоўю. Чалавек раптам навобмацак адкрывае ў сваім жыцці непаўторную Божую прысутнасць. Аб гэтым стане дакладна напісаў у сваіх вызнаннях св. Аўгустын, калі нечакана для сябе адкрыў існаванне Бога і Яго любоў да сябе. Другі этап, самы балючы, — этап ачышчэння, альбо, як яго яшчэ называюць, этап начной цемры. На гэтым этапе адбываецца карпатлівае і не зусім прыемнае ачышчэнне душы ад недасканаласцяў. І трэці этап — з’яднанне з Богам, калі воля Бога становіцца найважнейшай, а любоў да Яго найвялікшай. Трэці этап называюць яшчэ Божымі заручыннамі: душа адчувае тады сваю выключнасць і непаўторнасць, адчувае сябе так, быццам бы, паводле містычнай тэрміналогіі, была нявестай, а Бог Жаніхом. Узаемаадносіны, якія адбываюцца паміж душой і Стварыцелем на гэтым этапе, яскрава паказвае біблійная кніга Песні Песняў. Як бачым, любоў Бога накіроўваецца на тое, каб нас захапіць сваёй прысутнасцю, потым ачысціць (асвяціць, асвятліць) і, у рэшце рэшт, з’яднаць з сабою, каб мы ўжо нічога і нікога больш не жадалі, толькі Бога самога, і каб стараліся любіць бліжняга так, як Ён любіць нас. Менавіта другі этап, этап ачышчэння, становіцца самым нялёгкім і пакутным, так што большасць людзей, у тым ліку хрысціянаў, збочвае з гэтай дарогі. Аб гэтай з’яве кажа сам Збаўца: «Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу, ды многа такіх, што праз іх ідуць» (Мц 7, 13). Наогул само духоўнае ачышчэнне, альбо ноч цемры, таксама мае свае этапы і, паводле майстра духоўнай начы св. Яна ад Крыжа, дзеліцца ізноў жа на два этапы: так званую ноч пачуццяў і ноч духа. Падчас першай начы ачышчаецца памяць, а чалавек вызваляецца ад неўтаймаванай прывязанасці да цялесных задавальненняў, а таксама ад свету стварэнняў, і запрашаецца Богам да сузіральнай малітвы. Калі чалавек пройдзе гэты першы этап начы, можа быць накіраваны Богам на дарогу яшчэ большай дасканаласці, якая называецца ноччу духа. Дзякуючы гэтаму наступнаму ачышчэнню, чалавек пазбываецца найглыбейшых недасканаласцяў. Падчас гэтай начы яму спадарожнічае стан незвычайнай духоўнай «сухасці», чалавек тады мае пачуццё, што ён адрынуты, пакінуты Богам. Адначасова яму можа здавацца, што ён ідзе ў напрамку вечнага асуджэння і духоўнай смерці. І тут асабліва выпрабоўваюцца цноты, падараваныя самім Богам: вера, надзея і любоў. Малітва становіцца цяжкай, амаль што немагчымай, а парады духоўныя, у сваю чаргу, не служаць дапамогаю. Да гэтага могуць далучыцца яшчэ розныя знешнія выпрабаванні. Мала хто з людзей можа зразумець гэты стан. А ў сучасным свеце, нават у хрысціянскім асяроддзі, такі стан духа могуць проста акрэсліць як дэпрэсійны і скіраваць да псіхолага. Але ў сітуацыі Маці Тэрэзы напрошваецца пытанне. Чаму яна пакутавала такі доўгі час, на працягу амаль што пяцідзесяці пяці гадоў? Як кажуць сведкі яе жыцця, Маці ў сваёй пакоры вельмі часта паўтарала, што патрабуе прабачэння з боку Бога. Але большасць, сутыкаючыся з ёю штодзённа, ведалі, што яна ўжо «дыхае» святасцю. У чым тады справа? А справа ў тым, што яе далейшыя цярпенні і пакуты мелі ўжо характар не ачышчаючы, але кампенсацыйны. Прасцей кажучы, дзякуючы яе добраахвотнаму цярпенню, Божая справа хутка пашыралася (на працягу дваццаці гадоў кляштары місіянарак любові з’явіліся ў сямідзесяці сямі краінах свету), а шмат душаў ратавалася ад вечнай смерці — пекла. Штосьці падобнае было ў жыцці св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Хтосьці з тэолагаў сцвердзіў, што ў апошнія гады свайго жыцця яна ўзяла на сябе ўсе грахі тагачаснай бязбожнай Францыі. Вось такія адкрытыя Богу людзі, зносячы пакуты і выпрабаванні, з’ядноўваючыся з Езусам укрыжаваным, удзельнічаюць у ратаванні чалавечых душаў. Пан Бог шукае такіх верных, моцных людзей і разлічвае на іх. І хутчэй за ўсё толькі на другім баку ракі, у Нябеснай Краіне, можна будзе даведацца, колькі душаў было ўратавана, дзякуючы мужнаму адданаму жыццю людзей, шчыра любячых Бога. А. Віталій Сапега ОР |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl |