«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці была Марыя Магдалена распусніцай? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
23.05.2012 10:55 | ||||||||
Марыя Магдалена — адна з самых спрэчных і, у той жа час, прывабных постацяў Новага Запавету. Менавіта наконт яе і гісторыі яе жыцця існуе хіба што найбольш памылковых стэрэатыпаў. Нам здаецца, што мы шмат ведаем аб ёй, але калі пачаць «капаць» глыбей, хутка стане зразумелым, што на самой справе вядома аб ёй няшмат.
Часцей за ўсё Марыю Магдалену лічаць прастытуткай, распусніцай, грэшніцай, якой прабачыў Езус. Сёння мы паспрабуем разабрацца, ці на самой справе так было. Па-першае, важна адзначыць, што імя Марыя было самым распаўсюджаным жаночым іменем у старажытным Ізраэлі. У Евангеллях мы сустракаем чатырох Марый: Марыю — Маці Езуса, яе сваячку Марыю, Марыю — сястру Лазара і, нарэшце, Марыю Магдалену. Каб адрозніваць Марыю Магдалену ад іншых Марый, евангелісты называлі яе паводле месца паходжання — Марыя з Магдалы, ці Магдалена. Магдала — гэта сучасны горад Аль-Мійдал, які знаходзіцца на тэрыторыі Галілеі, на беразе Тыберыяцкага возера. У старажытнасці ён меў назву Мігдал Нуная, што азначае «вежа рыбакоў». Гэты горад атрымаў шырокую вядомасць дзякуючы смачнай засоленай рыбе, якую тут выраблялі і пастаўлялі ў розныя куткі Рымскай імперыі. Дзякуючы развіццю гандлю, мясцовыя жыхары былі вельмі заможнымі. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў горадзе, паказалі вялікую колькасць багатых дамоў і бань, упрыгожаных цудоўнымі мазаікамі. Акрамя таго, тут была знойдзена толькі адна і вельмі маленькая сінагога, што сведчыць аб малой рэлігійнасці мясцовага насельніцтва. Нават у Талмудзе ёсць папрок да насельніцтва Мігдалы ў нявер’і. Інфармацыя аб мінулым Марыі Магдалены знаходзіцца ў Евангеллі паводле Лукі. Евангеліст адзначае, што Езус прапаведаваў у Галілеі, «і былі з Ім Дванаццаць, а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем духаў; Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй» (Лк 8,1-3). Таксама і св. Марк падкрэслівае, што Езус з Марыі Магдалены «выгнаў сем духаў». Святы Мацвей, у сваю чаргу, адзначае, што яна была адной з тых «многіх жанчын», якія «спадарожнічалі Езусу з Галілеі, служачы Яму». Магчыма, Марыя Магдалена была апанавана злымі духамі ці пакутавала ад псіхічнай хваробы, што ў тыя часы было адным і тым жа. Папа Грыгорый Вялікі лічыў, што «сем злых духаў» азначаюць сем галоўных грахоў. Магчыма, яна была ўдавой — бо ў адрозненне ад многіх іншых жанчын Новага Запавету, яна ніколі не ўзгадваецца як жонка, дачка, сястра ці маці кагосьці. Магчыма таксама, што яна была незалежнай з фінансавага пункту гледжання ці нават заможнай, бо падтрымлівала Езуса і вучняў «маёмасцю сваёй». Яна магла рабіць гэта з удзячнасці за аздараўленне, якое атрымала, і за сэнс жыцця, які падарыў ёй Езус. Вось што нам вядома аб Марыі Магдалене. Канешне, яна была грэшніцай — бо кожны чалавек грэшны. Адкуль яна брала грошы, мы не ведаем. Магчыма, атрымала ў спадчыну, бо паходзіла з горада заможных прадпрымальнікаў-рыбакоў. У любым выпадку, не існуе ніводнага ўказання на тое, што яна была прастытуткай, як прынята лічыць. Адкуль тады паходзіць меркаванне аб тым, што яна зарабляла на жыццё распустай? Цікава, што гэтая версія належыць аднаму з Пантыфікаў — папу Грыгорыю Вялікаму. У адной са сваіх гамілій ён адзначаў, што Марыя Магдалена намасціла ногі Езуса духмяным алеем у доме фарысея Сымона. Папа патлумачыў наяўнасць алея ў яе тым, што яна займалася прастытуцыяй, бо менавіта распусніцы намашчалі сваё цела духмянымі водарамі. Аб намашчэнні ног Езуса алеем св. Лука распавядае ў 7 раздзеле свайго Евангелля, а аб Марыі Магдалене ўпершыню ўзгадвае ў 8 раздзеле. Паміж гэтымі двума фрагментамі няма ніякай відавочнай сувязі. Лука расказавае, што ў доме фарысея Сымона Езуса намашчала алеем жанчына, але не называе яе імя. Аб гэтай жанчыне Езус сказаў: «Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна палюбіла». А затым: «Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў супакоі!» Больш няма словаў аб тым, што яна далучылася да вучняў Хрыста. Няма словаў аб тым, што Ён выгнаў з яе «сем духаў». Больш інфармацыі аб гэтым выпадку знаходзіцца ў іншых Евангеллях. У іх таксама распавядаецца, як Езус прыйшоў у дом Сымона і сустрэў там жанчыну з «алебастравым флаконам каштоўнага міра». Евангелісты адзначаюць, што гэта адбылося ў Бэтаніі, недалёка ад Ерузалема. Евангеліст Ян піша, што жанчыну, якая абмыла ногі Езусу, звалі Марыяй, яна была сястрой Лазара і Марты, якія таксама прысутнічалі ў доме. Аднак св. Ян не называе яе Марыяй Магдаленай — таму няма ніякай прычыны лічыць гэтых жанчын адной і той жа постаццю. Адна Марыя жыла са сваімі сваякамі ў Бэтаніі Юдэйскай, іншая паходзіла з Магдалы ў Галілеі і менавіта там далучылася да Хрыста. Такім чынам, Марыя Магдалена не была той жанчынай, якая абмыла ногі Езусу «духмяным алеем». Ва Усходніх Цэрквах аб гэтым заўсёды ведалі: успамін Марыі з Бэтаніі ў іх адзначаецца 4 чэрвеня, а Марыі Магдалены — 22 ліпеня. Каталіцкі Касцёл толькі ў 1969 г., пасля Другога Ватыканскага Сабору, афіцыйна прызнаў памылковым меркаванне аб тым, што гаворка ідзе аб адной і той жа Марыі. Марыя Магдалена, без сумнення, была вучаніцай Хрыста, яна суправаджала Яго падчас прапаведавання, заставалася каля крыжа, калі амаль усе вучні разбегліся. Затым, у дзень пасля суботы, Марыя Магдалена з іншымі жанчынамі прыйшла, каб намасціць цела памерлага Пана, але ўбачыла, што грабніца пустая. Яна пабегла да Пятра і Якуба, каб расказаць аб гэтым. Уваскрослы Езус сам аб’явіўся ёй. Марыя Магдалена, калі ўбачыла Пана, звярнулася да Яго са словам «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік!»). Можна меркаваць, што Марыя Магдалена была ўдзячнай вучаніцай Пана — адной з самых верных і любімых.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |