«100 пытанняў — 100 адказаў». Латэранскія пагадненні — пакт ці перамога справядлівасці? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
30.05.2012 11:56 | ||||||||
Рым, 11 лютага 1929 г. У гэты дажджлівы панядзелак перад Апостальскім палацам на Латэранскім пагорку сабралася вялікая колькасць людзей: біскупы, святары, шматлікія вернікі і проста жыхары Вечнага горада. Усе стаялі ў чаканні незвычайнай падзеі, якая павінна была тут адбыцца.
Каля 10.45 у Апостальскі палац увайшоў Дзяржсакратар кардынал Пьетро Гаспары ў суправаджэнні некалькіх бліжэйшых супрацоўнікаў. Затым пачалі прыбываць прадстаўнікі італьянскіх дзелавых колаў, апранутыя ў чорныя паліто, з цыліндрамі на галовах. Каля 11.35 каля палаца спыніўся чорны лімузін, з якога выйшаў кіраўнік італьянскага ўраду Беніта Мусаліні. Прайшоўшы ў Саборавую залу, Мусаліні заняў сваё месца за доўгім сталом. Прысутныя перачыталі і падпісалі серыю дакументаў. Цырымонія доўжылася каля 20 хвілін. Пасля яе заканчэння кардынал Гаспары і Мусаліні разам выйшлі да людзей, якія чакалі на вуліцы. Забілі званы на базыліцы св. Яна. Пачуліся гучныя апладысменты і воклічы: «Віват, Папа!», «Віват, Савоя!», «Віват, Мусаліні!» Тры дакументы, падпісаныя ў Латэранскім палацы, паклалі канец так званаму «рымскаму пытанню», якое на працягу 60 гадоў выключала Апостальскую Сталіцу з грамадскай дзейнасці і атручвала італьянскую палітыку. З таго моманту мінула ўжо больш за 80 гадоў, але не перастаюць узнікаць самыя супрацьлеглыя меркаванні наконт пагаднення Папы і італьянскага дыктатара. Чым жа былі Латэранскія пагадненні — пактам ці перамогай гістарычнай справядлівасці? Мы паспрабуем адказаць на гэтае пытанне. У VI ст., калі імператар Канстанцін заснаваў новую сталіцу Рымскай імперыі ў Візантыі, Папа, які застаўся ў Рыме без дапамогі імперскіх войскаў, павінен быў сам вырашаць праблемы з нападамі варвараў і бараніць Вечны горад. Так пачала фарміравацца свецкая ўлада Папаў. У 800 г. імператар Карл Вялікі, абаронца Пантыфіка, адлучыў кавалак сваёй імперыі на карысць Святога Айца, і так узнікла Папская дзяржава з цэнтрам у Рыме. Аднак на працягу амаль усёй гісторыі гэтая тэрыторыя станавілася аб’ектам нападаў іншых імператараў і свецкіх уладароў. У ХІХ ст. у многіх еўрапейскіх народаў пачала абуджацца нацыянальная свядомасць, і Італія не была выключэннем. Для многіх дзеячаў італьянскага нацыянальнага адраджэння, якія не хавалі сваёй прыналежнасці да масонскіх арганізацый, Папская дзяржава была не чым іншым, як косткай у горле. 20 верасня 1870 г. каля 70 тысяч італьянскіх салдат увайшлі ў Рым. Папа Пій ІХ, войскі якога складаліся толькі з 10 тысяч воінаў, не аказваў супраціву і зачыніўся ў сваёй рэзідэнцыі за ватыканскімі мурамі. Вечарам ён напісаў свайму пляменніку Луіджы: «Усё скончана. Без свабоды нельга кіраваць Касцёлам. Усе маліцеся за мяне!» Рым быў абвешчаны сталіцай Італіі. З даху Капіталійскага палаца быў прыбраны крыж, зачынена каля 200 касцёлаў, у цэнтры горада быў устаноўлены помнік Джардана Бруна. Але адно важнае пытанне заставалася нявырашаным: што рабіць з Папам? Нават для новых антыклерыкальных уладаў здавалася немагчымым сілай захапіць ці прагнаць главу Каталіцкага Касцёла. Нават яны не маглі не прызнаць уклад, які зрабілі Папы для росквіту, багацця і прыгажосці Рыма. Італьянскія ўлады пачалі шукаць магчымасці кампрамісу і згладжвання наступстваў канфлікту. Папа быў прызнаны недатыкальным, свабодным у ажыцяўленні сваёй духоўнай улады, гарантаваўся імунітэт Апостальскай Сталіцы і папскіх дыпламатаў. Пантыфік заставаўся ўладаром Ватыканскіх палацаў і ахоўваўся італьянскай паліцыяй. Аднак для Папы захоп Рыма заставаўся «нелегальнай узурпацыяй» і «жахлівым рабаваннем». Ён адлучыў ад Касцёла італьянскага караля Віктара Эмануіла ІІ, яго ўрад і парламент. Папа забараніў італьянскім вернікам прымаць удзел у палітычным жыцці краіны-узурпатара і назваў «непрымальнымі» аднабаковыя рашэнні Італіі. Пій ІХ быў схільны аддаць перавагу знаходжанню ў «ватыканскім палоне», чым згодзе з тым, каб супраць яго была накіравана сіла арміі. Такой пазіцыі, з большымі ці меншымі пацяпленнямі ў адносінах італьянскіх уладаў, прытрымліваліся ўсе наступныя Пантыфікі. Надзея на канец канфлікту ўзнікла толькі тады, калі на пасад св. Пятра быў абраны Пій XI. Менавіта гэты Папа вырашыў, што неабходна пакласці канец супрацьстаянню і знайсці шляхі да прымірэння. У той час кіраўніком Італіі быў Беніта Мусаліні. Менавіта з ім давялося праводзіць доўгія сустрэчы і перамовы. Нарэшце праз некалькі гадоў кампраміс быў знойдзены і зацверджаны ў Латэранскіх пагадненнях, падпісаных 11 лютага 1929 г. Гэтыя дакументы складаліся з трох трактатаў. Першы датычыўся палітычнага статусу Апостальскай Сталіцы і прызнаваў поўную суверэннасць горада-дзяржавы Ватыкан. Акрамя таго, у ім прызнаваліся ўласнасцю Папы рэзідэнцыя ў Кастэль Гандольфа, шэраг рымскіх базылік і некаторыя іншыя будынкі. Святы Пасад, у сваю чаргу, прызнаваў каралеўства Італія і адмаўляўся ад прэтэнзій на аднаўленне Папскай дзяржавы. У другім трактаце Італія абавязвалася выплочваць Апостальскай Сталіцы каля 750 млн. лір у год, у якасці кампенсацыі за ўзурпаваную тэрыторыю і даброты. Гэтыя грошы сталі фундаментам для заснавання Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк. Нарэшце, трэці трактат — канкардат — гарантаваў уладу прызначаць біскупаў выключна Папу, уводзіць абавязковае навучанне рэлігіі ў школах, забараняў разводы, надаваў манаскім супольнасцям юрыдычны статус. Цікава, што ў выніку Латэранскіх пагадненняў узнікла самая маленькая ў свеце дзяржава, плошча якой роўная 44 га. Для параўнання: Папская дзяржава ў 1859 г. мела тэрыторыю ў 18 тысяч га. Аднак нават гэтай маленькай суверэннай тэрыторыі дастаткова для таго, каб Апостальская Сталіца была суб’ектам міжнароднага права і вяла сваю незалежную палітыку ў свеце. Такім чынам, мы бачым, што Латэранскія пагадненні былі сапраўднай перамогай справядлівасці — яны кампенсавалі Папу і ўсяму Касцёлу страты, якія ўзніклі ў выніку акупацыі Папскай дзяржавы і яе сталіцы горада Рыма.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |