Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Езус быў жанаты?
Рубрыка Ватыканскага радыё
13.06.2012 12:43

У 1960 г. грэчаскі філосаф, пісьменнік і журналіст Нікас Казандзакіс выдаў кнігу, якой было наканавана стаць адным з самых вядомых бестсэлераў ХХ ст. Я маю на ўвазе «Апошнюю спакусу», якая была экранізавана ў 1988 г. амерыканскім рэжысёрам Марцінам Скарцэзэ пад назвай «Апошняя спакуса Хрыста».

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Галоўная ідэя гэтага твора заключалася ў тым, што Езус марыў аб жаніцьбе і сямейным жыцці. У 2006 г. новую інтэрпрэтацыю гэтай тэорыі даў Дэн Браўн у сваёй кнізе «Код Да Вінчы»: аўтар вылучыў тэзіс аб тым, што Езус сапраўды быў жанаты. На працягу апошніх некалькіх гадоў з’явілася каля дзясятка кніг, якія са спасылкай на апакрыфічныя Евангеллі і псеўданавуковыя меркаванні даказвалі адзін тэзіс: Езус не мог жыць у цэлібаце. Галоўным аргументам было тое, што Ён быў яўрэем. У творы Дэна Браўна чытаем дакладна: «Езус быў яўрэем, і звычаі таго часу віртуальна патрабавалі ад яўрэя быць жанатым. Паводле яўрэйскіх традыцый, цэлібат асуджаўся і кожны бацька павінен быў знайсці для свайго сына добрую жонку». Канешне, на думку гэтых псеўдазнаўцаў самай адпаведнай кандыдатурай на ролю жонкі Хрыста была Марыя Магдалена. Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды Езус не мог жыць у цэлібаце.

Канечне, вучні Хрыста, у тым ліку і Марыя Магдалена, называлі Яго «rabbi» — «настаўнік», а сёння рабіны традыцыйна жанатыя. Але сучасны іўдаізм паходзіць толькі ад адной плыні рэлігійных накірункаў, якія існавалі ў Ізраэлі ў часы Езуса, а калі быць дакладнымі, то ад плыні фарысеяў. Аднак нельга забывацца таксама аб садукеях, галоўных апанентах Хрыста, і традыцыяналістах эссэях, аб якіх вядома даволі шмат дзякуючы археалагічным знаходкам, знойдзеным каля Мёртвага мора.

Дык вось, эссэі чакалі надыходу духоўнага Месіі, які паходзіў з роду Давіда, і многія з іх бачылі менавіта ў Хрысце збаўцу, аб якім казалі прарокі. Лічыцца, што першая хрысціянская супольнасць складалася менавіта з вызнаўцаў гэтай плыні. Паводле хрысціянскай традыцыі Езус святкаваў сваю апошнюю Пасху на Сіёнскім пагорку, у паўднёва-заходняй частцы Ерузалема. У той час тут жылі менавіта эссэі. Гэтае ўдакладненне тлумачыць адну з біблійных супярэчнасцяў: чаму Езус пачаў святкаваць Пасху ў чацвер, «у першы дзень Праснакоў», як адзначаецца ў Евангеллях. Адказ на гэтае пытанне далі менавіта манускрыпты, знойдзеныя на беразе Мёртвага мора. У іх апавядаецца, што эссэі святкавалі Пасху па сонечным календары, у той час як фарысеі і садукеі — па лунным. У тым квартале Ерузалема, дзе святкаваў Пасху Езус, яна пачалася на два дні раней. Хутчэй за ўсё, хтосьці з мясцовых эссэяў прыняў Хрыста і Яго вучняў у сябе дома. Адзінай умовай для гэтага павінна была быць адсутнасць на вячэры жанчыны. Эссэі прытрымліваліся цэлібату і жылі як манахі.

Іншае пацвярджэнне таго, што Езус святкаваў Пасху сярод эссэяў, знаходзіцца ў Евангеллі паводле Марка. Евангеліст апавядае аб тым, як Хрыстус адправіў сваіх вучняў да насільшчыка вады, які павінен быў указаць месца, дзе падрыхтаваць Пасху. Нашэннем вады ў яўрэяў займаліся жанчыны, але не паўсюль. Толькі ў адным месцы гэта рабілі мужчыны, а менавіта ў супольнасці эссэяў. Да сённяшняга дня захавалася нават лесвіца, якая вяла ад купальні да Сіёнскага пагорка.

Аб цэлібаце сярод яўрэяў таксама сведчыць постаць св. Яна Хрысціцеля — «папярэдніка Хрыста». Ён зрабіў цэлібат сваёй жыццёвай нормай. Гэта пацвярджае адзін з самых аўтарытэтных у свеце даследчыкаў старажытнаяўрэйскай культуры, выкладчык Оксфардскага ўніверсітэта Геза Вермес у сваёй кнізе «Езус — яўрэй». Вермес адзначаў, што прароцтва і сужэнства ў яўрэйскай традыцыі былі несумяшчальнымі. Месіянізм у юдаізме І ст. уключаў у сябе цэлібат як абавязковы элемент. У старажытнасці яўрэі называлі яго «назырыят», а гаворка аб ім ідзе ў Торы, у кнізе Лічбаў (6, 1–21). Назарэі не стрыглі валасоў і не галіліся. Цікава, што менавіта ў такім выглядзе традыцыйна прадстаўляецца Езус і так Ён выглядае на Турынскай Плашчаніцы.

У Евангеллі паводле Мацвея Езус сам звяртае ўвагу вучняў на прароцкі цэлібат, калі адказвае на пытанне аб тым, «ці трэба жаніцца». Ён адказаў: «Ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее» (Мц 19, 12).

Трохі пазней Пётр спытаў Езуса: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?» А Езус адказаў ім: «І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае». Гэты дыялог набывае сэнс толькі тады, калі Езус сам адмовіўся ад усяго: не меў дома, жанчыны, дзяцей, жыў сярод сяброў, вучняў ці ў пячорах. «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву» (Мц 8, 20). Гэтыя словы дакладна не могуць належаць жанатаму чалавеку ці бацьку.

Таксама і факты з вяселля ў Кане, якое Дэн Браўн «ператварыў» у шлюб Езуса з Марыяй Магдаленай, супярэчаць гэтай тэорыі. На заўвагу сваёй маці аб тым, што скончылася віно, Хрыстус адказаў: «Ці гэта мая справа?» Гэта сведчыць аб тым, што Ён быў толькі госцем. Святы Ян апавядае таксама, што пасля вяселля Езус пайшоў у Кафарнаум разам са сваёй маці, братамі і вучнямі. Гэта таксама не адпавядае паводзінам маладога жаніха.

Нарэшце, апошнім доказам таго, што Езус жыў у цэлібаце, з’яўляецца пытанне св. Паўла, якое змешчана ў Пасланні да Карынцянаў: «Ці не маем мы права мець жонку веруючую, як іншыя апосталы і браты Пана і Кіфа?» Святы Павел не прыводзіць у прыклад Езуса, а толькі некаторых апосталаў. Напрыклад, нам вядома дакладна, што жанатым быў св. Пётр. У Евангеллях апавядаецца, што Езус быў у гасцях у яго цешчы. Такім чынам, Павел не ставіць у прыклад Хрыста, бо ведаў, што Ён не быў жанаты.

Відавочна, што тэзіс аб тым, хто Хрыстус быў жанаты, не пацвярджаецца. Цэлібат сярод яўрэяў І ст. існаваў, прароцкія функцыі лічыліся несумяшчальнымі з сужэнствам, Евангеллі, а таксама словы Хрыста і Яго блізкіх сведчаць аб тым, што Ён не мог мець жонкі. Чаму ж з’яўляюцца, як грыбы, кнігі аб адваротным? Напэўна, жаданне Казандзакіса, Скарцэзэ і Браўна праславіцца і зарабіць грае тут не апошнюю ролю.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.