Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці была каланізацыя Амерыкі варварскай?
Рубрыка Ватыканскага радыё
20.06.2012 11:31

Англійская прапаганда XVI ст. стварыла міфы аб Іспаніі, як краіне крыважэрных забойцаў і рэлігійных фанатыкаў. У гісторыі гэтыя міфы атрымалі назву «чорныя легенды» ад іспанскага «leyenda negra». Яны датычылі многіх сфер, адной з якіх была нібыта варварская каланізацыя Іспаніяй Паўднёвай Амерыкі.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

XVI ст. Англія. Кароль Генрых VIIІ, каб легалізаваць свае шматлікія разводы ізаляваў краіну ад усяго хрысціянскага свету, абвясціўшы самога сябе кіраўніком Царквы на туманным Альбіёне.

Пасля смерці манарха дзве яго дачкі, каталічка Марыя і англіканка Елізавета, пачалі супернічаць за карону. Марыя, каб умацаваць свае пазіцыі, выйшла замуж за іспанскага прынца Філіпа ІІ. У той час Іспанія была самай магутнай дзяржавай Еўропы і многія з зайздрасцю глядзелі на яе адзінства, сусветную магутнасць, адкрыццё Амерыкі. У Англіі гэты шлюб выклікаў адмоўную рэакцыю: няўжо іспанцы будуць панаваць і тут? Гэта вакарыстала Елізавета. Яна вырашыла аслабіць Іспанію ў вачах сваіх падданых любым коштам. Для рэалізацыі сваёй мэты яна задзейнічала банды пірата Фрэнсіса Дрэйка, які зрабіў небяспечнымі воды падкантрольныя Іспанскай кароне і зброю больш магутную — прапаганду.

Менавіта англійская прапаганда XVI ст. стварыла міфы аб Іспаніі, як краіне крыважэрных забойцаў і рэлігійных фанатыкаў. У гісторыі гэтыя міфы атрымалі назву «чорныя легенды» ад іспанскага «leyenda negra». Яны датычылі многіх сфер, адной з якіх была нібыта варварская каланізацыя Іспаніяй Паўднёвай Амерыкі. Паколькі іспанскія манархі насілі тытул «каталіцкіх», міфы сталі актыўна выкарыстоўвацца і іншымі пратэстанцкімі краінамі — Галандыяй, а затым і паўночна-амерыканскімі. Яны настолькі ўвайшлі ў свядомасць людзей, што нават многія сучасныя католікі: святары, законнікі, свецкія выступалі супраць святкавання 500-годдзя адкрыцця Калумбам Амерыкі, якое адзначался ў 1992 г. Так ці сапраўды каланізацыя Амерыкі была варварскай і ці католікі павінны сароміцца за яе? Аб гэтым мы пагаворым сёння.

Французскі гісторык Пьер Шано пісаў, што антыіспанская прапаганда выконвала ролю «зручнага клапана». На яго думку, «прыдуманым генацыдам індзейцаў, нібыта ўчыненым у XVI ст., можна было прыкрыць масавыя забойствы, здзейсненыя паўночнымі амерыканцамі ў ХІХ ст. на заходніх межах». Паглядзіце — там, дзе каланізатарамі былі іспанцы, амаль усе сучасныя жыхары з’яўляюцца чырвонаскурымі. Але на поўначы, там, дзе каланізацыю праводзілі пратэстанты англасаксы, засталося не больш за 10 тысяч карэнных жыхароў. Менавіта на пратэстанцкай поўначы, а не на каталіцкім поўдні панаваў варварскі расізм і меркаванне, што індзейцы — стварэнні інтэлектуальна і маральна недаразвітыя.

Іспанскіх каланізатараў абвінавачваюць у знішчэнні самабытнай індзейскай культуры. Але і гэта не праўда — на поўначы цалкам дамінуе еўрапейская англасаксонская культура, у той час як на поўдні мясцовая культура індзейцаў узяла толькі некаторыя рысы ад іспанскай і працягвае існаваць і сёння. Менавіта каталіцкія місіянеры дапамаглі мясцовым народам развіваць сваю культуру. Напрыклад, стварылі алфавіт для моваў індзейцаў Перу, Чылі, і іншых краін.

Існуе меркаванне, што захоп іспанцамі тэрыторыі Амерыкі з’яўляецца амаральным сам па сабе. Але варта падкрэсліць, што і яны, калі прыбылі на новыя землі, таксама сустрэліся з захопнікамі. Ацтэкі і інкі не былі нявіннымі анёламі. Яны стварылі свае імперыі на крыві больш малых народаў, якіх пераўтварылі ў рабоў. Вераванне ацтэкаў было вельмі жорсткім — яны шырока практыкавалі масавыя чалавечыя ахвярныя забойствы. За адзін раз у ахвяру маглі быць прынесены нават да 80 тысяч палонных з суседніх плямёнаў, бо лічылася, што ахвяраванні павінны былі прыносіцца бесперапынна.

Тое, што іспанцы карысталіся вялікай падтрымкай мясцовага насельніцтва, падцвярджае той факт, што на працягу амаль трох стагоддзяў іх панавання не было зафіксавана ніводнага паўстання. Іспанцы не дзейнічалі сілай зброі — канкістадораў было параўнальна няшмат, мясцовы клімат ствараў перашкоды для выкарыстання пораху, а коні ў джунглях былі абсалютна не манёўраныя.

Варта пагадзіцца, што ў каланізацыі існавалі негатыўныя моманты. Сапраўды, мільёны індзейцаў загінулі, але паводле навукоўцаў, прычынай іх смерці была не зброя чужакоў, але невядомыя хваробы, прывезеныя з Еўропы. Індзейцы не былі адаптаваныя да сухотаў, запалення лёгкіх, грыпу, оспы, што прыводзіла да вялікай смяротнасці.

Яшчэ адным міфам з’яўляецца легенда пра масавае выкарыстанне індзейцаў у якасці рабскай сілы. Так, сапраўды, прымус да рабства існаваў у першыя гады каланізацыі, але ён быў вынікам прыватнай ініцыятывы Калумба. Пасля таго, як каралева Іспаніі Ізабэла даведалася аб пазбаўленні мясцовых жыхароў свабоды, яна адразу адрэагавала. Сваім загадам 1500 г. яна прымусіла вызваліць усіх індзейцаў, а Калумб быў пазбаўлены права кіраваць новымі землямі.

У падцвярджэнне намераў каралевы варта працытаваць радкі з яе запавету, напісанага перад смерцю ў 1504 г.: «Наш намер заключаецца ў тым, каб на прызнаных намі астравах і матэрыках, як адкрытых, так і яшчэ не адкрытых, распаўсюджваць нашу каталіцкую веру, пасылаючы сюды святароў і іншых мудрых асоб, якія баяцца Бога, каб з запалам вучылі мясцовых жыхароў веры і добрым манерам. Таму сардэчна прашу майго караля і загавадаю маёй дачцэ, княгіне, і яе мужу, князю, каб імкнуліся не дапускаць прычынення асабістай і матэрыяльнай крыўды жыхарам пералічаных земляў. Зрабіце ўсё магчымае, каб адносіцца да іх гуманна і справядліва, а калі ў чым-небудзь будзе нанесена шкода — няхай будзе выпраўлена».

Гэта ўнікальны па сваім змесце дакумент, бо падобнага не існуе ў гісторыі ніводнай каланіяльнай дзяржавы. Варта адзначыць, што ў 1512 г. кароль Іспаніі Карл І падпісаў спецыяльны закон, які абавязваў іспанцаў гуманна адносіцца да індзейцаў.

Такім чынам, мы бачым, што іспанская каланізацыя Амерыкі пры ўсіх недахопах і некаторых злоўжываннях была станоўчай для мясцовага насельніцтва. Іспанцы прынеслі Евангелле, пазбавілі індзейцаў варварскіх звычаяў, дапамаглі развіваць культуру, спрыялі іх знаёмству з дасягненнямі тэхнікі, баранілі іх правы. Сітуацыю індзейцаў у Паўночнай Амерыцы нават нельга параўнаць з тым, што было дасягнута на поўдні, і факты гэта падцвярджаюць. Гісторыі аб генацыдзе добрых народаў, вынішчэнні мясцовых культур іспанцамі былі прыдуманы з палітычнай мэтай і на працягу стагоддзяў выкарыстоўвюцца ў якасці антыіспанскай і антыкаталіцкай прапаганды.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.