«100 пытанняў — 100 адказаў». Паляванне на вядзьмарак — ці вінаваты Касцёл? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
11.07.2012 13:52 | ||||||||
Вераванні, заснаваныя на заклёнах і магіі, былі характэрнымі для ўсіх старажытных культур. Але адносіны да іх былі розныя. Ужо ў законах Майсея габрэям забаранялася карыстацца магіяй і варажбой. Рымскае права таксама карала за магію спаленнем на кастры. Аднак у дакументах, якія сведчаць аб жыцці першых хрысціянскіх супольнасцяў, мы не знаходзім увогуле ніякіх згадак аб наяўнасці чарадзейства.
Што ж датычыць карання за іншадумства... Калі ў 415 г. хрысціяне Александрыі бічавалі жанчыну-філосафа з кола неаплатаністаў, біскупы асудзілі гэта; яны казалі аб «вялікай ганьбе», якая не мае нічога супольнага з верай. Шырока распаўсюджанай вера ў вядзьмарак была сярод язычніцкіх германскіх народаў. Існаваў звычай спальваць абвінавачаных у варажбе жанчын, а затым з’ядаць іх целы, каб атрымаць цудадзейныя здольнасці. З гэтымі звычаямі змагаўся імператар Рымскай імперыі Карл Вялікі. Таксама ў эдыкце Ротара VII cт. (зборніку законаў лангабардаў, якія зусім нядаўна сталі хрысціянамі) забаранялася забіваць вядзьмарак, бо хрысціяне не павінны былі верыць у іх. У 1080 г. папа Грыгорый VII пісаў каралю Гаральду Дацкаму, каб не пераследаваў жанчын, пра якіх ходзяць чуткі аб тым, што выклікаюць дрэннае надвор’е, навальніцы і хваробы, бо гэта варварскі і язычніцкі звычай. Дык чаму адказнасць за спаленне на кастрах тысяч жанчын ускладаюць на Касцёл? Паспрабуем разабрацца ў сённяшняй праграме. Інквізіцыя цікавілася вядзьмаркамі і магамі толькі ў тых выпадках, калі гаворка ішла аб ерэтыках, напрыклад катарах ці валдэнсах. У 1258 г. папа Аляксандр IV загадаў інквізітарам не займацца справамі варажбітоў, за выключэннем тых выпадкаў, калі гаворка ішла аб ерасі. Цікава, што ў справаздачах аднаго з найбольш знакамітых інквізітараў Бярнарда Гуя няма ніводнай згадкі аб працэсе над вядзьмаркамі ці магамі. Аднак жа на мяжы XIV–XV стст. Касцёл часткова саступіў перад ціскам язычніцкіх народных забабонаў. Істэрыка па прычыне вядзьмарак пачалася ў альпійскім рэгіёне — у мястэчках Шафгаўзэн і Люцэрн на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі. Тут людзі масава пачалі абвінавачваць у сваіх бедах і кепскім надвор’і жанчын і мужчын, якія займаліся магіяй. Паводле рымскага права, такая дзейнасць каралася спаленнем на кастры, што ў выніку і пачало рабіцца. Толькі ў адным кантоне Валес свецкімі ўладамі было асуджана на спаленне каля 100 чалавек. Затым падобныя працэсы адбыліся на поўдні Германіі і поўначы Італіі. Многія тагачасныя юрысты, аналізуючы гэты феномен, пачалі казаць аб існаванні «секты вядзьмарак». У гэты перыяд быў зафіксаваны толькі адзін унікальны выпадак, калі жанчын, абвінавачаных у вядзьмарстве, прызнаў ератычкамі інквізітар. Гэта адбылося ў 1384 г. у Мілане. Аднак сур’ёзна ў «масавы псіхоз» з вядзьмаркамі Касцёл уцягнуў нямецкі дамініканін Генрых Крамер. Гэты персанаж кіраваў дзейнасцю інквізіцыі на поўдні Германіі, аднак сам не вылучаўся асаблівай прыстойнасцю: былі зафіксаваны выпадкі калі ён біўся, краў у сваіх братоў, прысвойваў грошы, выплачаныя за індульгенцыю і толькі цудам пазбягаў арышту. Свае ўчынкі ён тлумачыў тым, што яму былі патрэбны сродкі на барацьбу з ерэтыкамі, сярод якіх «некаторыя жанчыны, што выракаліся веры». Так ён пачаў сваё «паляванне». Нягледзячы на пратэсты некаторых святароў і біскупаў, ён нават здолеў запэўніць папу Інакенція VIII, які толькі пачынаў свой Пантыфікат, у існаванні на поўначы Германіі «вядзьмарскай секты». Папа паверыў і выдаў булу, у якой дазволіў Крамеру пераследаваць магаў і вядзьмарак паводле каталіцкіх законаў, а затым перадаваць вінаватых для суда свецкім трыбуналам. Аднак, паўсюль, дзе з’яўляўся Крамер, ён сустракаў супраціў мясцовых біскупаў, якія бачылі ў інквізітары жорсткага, неўраўнаважанага, прагнага да крыві чалавека. Нарэшце, не атрымаўшы належнага задавальнення і засмучаны тым, што ніхто вакол не бачыў «небяспекі», што навісла над светам, інквізітар зачыніўся ў кляштары і пачаў пісаць сваю кнігу, якая стала вядома ва ўсім свеце як прыклад хворага, фальшывага і змочанага ў крыві літаратурнага твору — гаворка ідзе аб знакамітым «Молаце вядзьмарак». Гэта кніга не была апублікавана інквізіцыяй, як сцвярджае Дэн Браўн у сваім «Кодзе да Вінчы», але самім Крамерам. У прамове да выдання ён змясціў тэкст папскай булы аб дазволе пераследаваць чарадзеяў, маўляў, Пантыфік благаславіў кнігу, чаго на самой справе не было. Цікава, што була Папы датычыла і мужчын, і жанчын, аднак Крамер сваю кнігу прысвяціў выключна прадстаўніцам слабой паловы чалавецтва. Твор складаўся з трох частак: у першай апавядалася аб прыродзе вядзьмарак; у другой — аб метадах абароны і вызвалення ад іх чараў; а ў трэцяй — пра тэарэтычныя і практычныя аспекты вядзення працэсу супраць іх. Напрыканцы Крамер сцвярджаў, што найбольшай ерассю з’яўляецца нявер’е ў існаванне вядзьмарак. Так ён далучаў да ерэтыкоў усіх, хто адмаўляў неабходнасць «палявання». Такім чынам, у гісторыі Касцёла Крамер застаўся чалавекам, які на кароткі перыяд выкарыстаў давер Пантыфіка, але пакінуў вялікую брудную пляму на ўсім каталіцкім сярэднявеччы. Ідэі Крамера шырока распаўсюдзіліся сярод свецкіх уладароў тагачаснай Еўропы. Яны лічылі вядзьмарства свецкім злачынствам, нападзеннем на грамадства, якое падлягала грамадзянскаму суду. Законы Карла V, агульныя для ўсёй Рымскай імперыі, абавязвалі спальваць на кастры асуджаных. Такім чынам, спроба Крамера пераўтварыць вядзьмарства ў ерась і даверыць яе інквізіцыі засталася няўдалай. Аднак яго кніга, якая шырока распаўсюдзілася ў Еўропе, выклікала вялікі страх сярод людзей перад тымі, хто займаўся магіяй. У выніку, паводле ацэнак гісторыкаў, на кастрах загінула ад 30 тыс. да 50 тыс. чалавек, 80% з якіх былі жанчыны. З гэтай колькасці працэсаў толькі каля 1000 правялі прадстаўнікі інквізіцыі, сярод якіх 200 сам Крамер. Канечне, гэта вялікая колькасць, але не такая, як сцвярджаюць стваральнікі «чорных легенд» аб Касцёле, гаворачы аб 9 мільёнах спаленых. Цікава, што найбольшая колькасць працэсаў прайшла ў Германіі, Швейцарыі і ўсходняй Францыі, рэгіёнах, якія аддаляліся ад каталіцтва ў бок пратэстантызму. У Германіі, напрыклад, сам Марцін Лютэр падтрымаў паляванне на магаў і чарадзеек. А вось у каталіцкай Ірландыі за ўсю гісторыю толькі аднойчы былі асуджаны чатыры чалавекі. Акрамя таго, варта падкрэсліць, што Папы даверылі інквізіцыі заданне сачыць за тым, каб не было злоўжыванняў падчас судовых працэсаў. Захаваліся шматлікія сведчанні інквізітараў аб тым, што свецкія суддзі адносіліся да абвінавачаных прадузята і імкнуліся ўсімі сродкамі давесці працэс да пакарання на кастры. З усяго вышэйсказанага бачна, што Касцёл не з’яўляецца ініцыятарам палявання на вядзьмарак, у чым яго часта абвінавачваюць. Гэта злачынства перш за ўсё было звязана з неадукаванасцю, верай у забабоны і жаданнем скінуць віну за свае праблемы на іншых, якія, справакаваныя кнігай Крамера, пераўтварыліся ў масавы псіхоз. Касцёл хоць і быў уцягнуты ў гэту авантуру адным са сваіх неадказных членаў, прыкладаў шмат намаганняў, каб выратаваць нявінных. Аляксандр Панчанка
|
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |