Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святая Імша на месцы расстрэлу сясцёр-мучаніц: Бог узнагароджвае гераічныя цноты сваіх слуг
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.07.2010 14:42

31 ліпеня 2010 г. у лесе каля Батароўкі (5 км ад Навагрудка) па дарозе на Наваельню (Гродзенская дыяцэзія) адбылася святая Імша, якую узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка. 1 жніўня 1943 г. на гэтым месцы фашысцкімі карнікамі былі расстраляны 11 сясцёр назарэтанак — бл. с. Стэла і яе сяброўкі. У набажэнстве прыняла ўдзел група пілігрымаў з Гродна, якая пеша пераадолела шлях у 150 кіламетраў, каб удзельнічаць у гадавіне мучаніцкай смерці сясцёр.

У гаміліі біскуп раскрыў сэнс слова «мартыралог» (грэч. мartyrologion), якое складаецца з двух словаў — martys — сведка і logos — слова, аповед. «Такімі сведкамі былі ўсе апосталы і іх таварышы, якія бачылі Езуса, слухалі Яго навуку, дзівіліся Ягоным цудам», — адзначыў іерарх. Місія давання сведчання аб Хрысце перайшла ад апосталаў «да іх вучняў і наступнікаў».

Аднак, працягваў далей біскуп Дзям’янка, «грэчаскае слова акрамя першаснага сэнсу азначала таксама цярпець за Хрыста, аддаваць жыццё за Хрыста. І гэтае значэнне слова martys — мучанік — набыло ва ўсім Касцёле». Праз вынясенне такіх людзей да хвалы алтара «Касцёл падкрэслівае вялікую праўду, што Бог у небе ўзнагароджвае гераічныя цноты сваіх слуг; у той жа час Касцёл указвае нам у святых прыклады святасці жыцця».

Боскі апафеоз, як адзначыў біскуп, існаваў і ў часы язычніцтва, аднак тады ён надаваўся найперш уладарам, часам іх жонкам і любімцам. Касцёл жа, як падкрэсліў іерарх, параўноўваючы дзве гэтыя з’явы, кананізуе «папаў і жабракоў, нявольнікаў — адным словам, кожнага без выключэння, калі толькі ён заслугоўвае гэтага святасцю жыцця». Кананізуючы сваіх шматлікіх сыноў і дачок, Касцёл «можа праўдзіва называць сябе Маці святых, Маці незвычайна плоднай». Аб сваіх святых Касцёл, па словах біскупа, гаворыць так: «Гэта мае сыны і мае дочкі! Я іх маці, у маім улонні яны сталіся праз святы хрост дзецьмі Божымі, на маіх руках узрасталі, з маіх рук бралі ежу ў сакрамэнтах! Як добрая маці, я вучыла іх любіць Бога і людзей!»

Наяўнасць мучанікаў, як дадаў біскуп Дзям’янка, сведчыць аб Боскім устанаўленні Касцёла — бо «калі б Касцёл не быў устаноўлены ад Бога, ён ніколі б не нарадзіў столькі святых». Сярод святых розных краін і народаў, якія праслаўлялі Езуса і маліліся за сваіх катаў, таксама і сёстры-мучаніцы з Навагрудка, што «велікадушна ахвяравалі сваё жыццё за тых, каму пагражала смерць».

Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў, каб прыклад сясцёр з Навагрудка дапамог кожнаму з нас «у выпрацоўцы патрэбных для святасці цнотаў» — такіх, «якія мелі сёстры-мучаніцы ў тую крывавую раніцу 1943 г., калі сярод буры нянавісці… яны з любові да бліжняга велікадушна ахвяравалі сваё жыццё».



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме