Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Экуменічнае набажэнства ў Гродне: «Распазнаць Хрыста, які нас аб’ядноўвае»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.01.2013 16:09

27 студзеня ў катэдральным касцёле ў Гродне адбылося экуменічнае набажэнства. У малітве, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч,  прынялі ўдзел прадстаўнікі Касцёла, Грэка-каталіцкай Царквы, а таксама праваслаўнай і лютэранскай Цэркваў.

Праваслаўную Царкву прэзентаваў а. Аляксандр Хомбак, протаіерэй і настаяцель храма пры Гродзенскім абласным шпіталі, Лютэранскую Царкву —пастыр Уладзімір Татарнікаў, настаяцель кірхі ў Гродне, Грэка-каталіцкую Царкву — настаяцель парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот.

Да малітвы за еднасць хрысціянаў далучыліся таксама і выпускнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

На пачатку літургіі біскуп Кашкевіч заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы, каб «панавала еднасць паміж усімі вучнямі Хрыста». Іерарх нагадаў, што ўсе хрысціяне належаць да адзінай сям’і Божых дзяцей:

«Усіх нас Хрыстус паклікаў да трывання ў адной духоўнай супольнасці — Яго Містычным Целе, таму сёння асаблівым чынам будзем маліцца аб узаемнай любові і добрай волі паміж намі, каб нашыя сем’і, грамадства і хрысціянскія супольнасці былі напоўненыя хрысціянскім духам дыялогу і адказнасці за будучыню хрысціянства».

Набажэнства складалася з дзвюх частак: літургіі слова і літургіі святла. Падчас літургіі слова да вернікаў з кароткай прамовай звярнуліся прадстаўнікі прысутных канфесій.

Сваю гамілію скіраваў і біскуп Аляксандр Кашкевіч, які нагадаў прысутным дэвіз сёлетняга тыдня малітваў за еднасць хрысціянаў: «Чаго патрабуеш ад нас, Пане? (Кніга прарока Міхея)».

Біскуп адзначыў, што словы з кнігі Старога Запавету выбраны невыпадкова. «Час сумеснай малітвы аб еднасці хрысціянаў — гэта час, калі мы можам задумацца над тым, што трэба зрабіць, каб хрысціянства было знакам духоўнага і маральнага адраджэння, сілай, якая б супрацьстаяла граху і духоўнай абыякавасці, якія нішчаць сучасны свет».

Біскуп звярнуў увагу, што праз святы хрост ўсе мы сталі Божымі дзецьмі: «Мы ўсе сталі галінкамі адной лазы, якой з’яўляецца Хрыстус і Яго Валадарства. У Ім — наша еднасць i духоўная моц. Праз сумесную малітву і разважанне Божага слова, як вучні па дарозе ў Эмаус, мы стараемся распазнаць Уваскрослага Хрыста, які аб’ядноўвае нас у сваім адзіным Касцёле».

Падчас літургіі святла прадстаўнікі хрысціянскіх супольнасцяў запалілі ад пасхалу сімвалічныя свечкі, святло ад якіх перадавалася ўсім удзельнікам набажэнства. Запаленыя свечкі, як святло Хрыста, сталіся сімвалам полымя, промні якога асвячаюць увесь свет.

На заканчэнне набажэнства біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за ўдзел у набажэнстве і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

 Кс. Юрый Марціновіч

(JLS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме