Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велапілігрымка Мінск—Будслаў стартавала разам з Мітрапалітам Кандрусевічам
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.07.2012 12:23

4 чэрвеня 2012 г. ад касцёла свв. Сымона і Алены ў Мінску стартавала Велапілігрымка ў Будслаў. Гэтую ініцыятыву, якая толькі распачынаецца, моцна падтрымлівае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, заўзяты веласіпедыст, якога часта можна спаткаць на веладарожках Мінска.

Спорт таксама можа стаць шляхам да святасці — такую думку выказаў мітрапаліт падчас Імшы на распачацце пілігрымкі.

«Бог — гэта сама дабрыня, і Яму падабаюцца добрыя людзі. А каб быць добрымі, трэба быць беззаганнымі ў сваіх паводзінах. Беззаганнымі — азначае без граху. А без граху — азначае святымі. Святасць — гэта мэта, да якой вядзе нас Бог праз свой Касцёл. Ёсць многа шляхоў да святасці. Сярод якіх таксама і спорт. Менавіта ён дапамагае выхоўваць у чалавеку цноты ахвярнасці, узаемнай дапамогі, справядлівасць, практыкуе ўвагу, гартуе волю, вытрываласць, адвагу, дух адрачэння, салідарнасць, вернасць абавязкам. Дапамагае ў станаўленні характару, які не будзе баяцца цяжкасцяў і будзе супраціўляцца злу да канца. Спорт становіцца місіяй і сведчаннем, як кажа благаслаўлёны Ян Павел ІІ», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Велапілігрымка ў Будслаў, на думку арцыпастыра, з’яўляецца яшчэ адным знакам таго, што і праз спорт чалавек шукае Бога. Сёлета ў пілігрымку на веласіпедах вырушылі 17 чалавек з Мінска, Мінскага раёна і Салігорска.

Мітрапаліт выказаў надзею, што гэта пілігрымка будзе спрыяць развіццю здаровага спосабу жыцця і стане хвалой Марыі ў будслаўскім санктуарыі, каб праз Яе яшчэ мацней злучыцца з Богам і чыніць толькі добрыя справы.

Іерарх пажадаў удзельнікам велапілігрымкі адважна несці місію хрысціяніна і быць сведкамі Евангелля і Божага благаслаўлення.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме