Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Праваслаўны і каталіцкі іерархі наведалі дзіцячую вёску ў Гомелі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
28.12.2012 11:16

З мая 2011 года ў Гомелі існуе дзіцячая вёска для сірот-інвалідаў, пабудаваная на сродкі каталіцкага дабрачыннага фонду «Карытас». Сёлета на свята Божага Нараджэння дзяцей наведаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец і епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан. Сумеснае сацыяльнае і духоўнае служэнне дзецям католікаў і праваслаўных распачалося ў лістападзе гг.

У вёсцы пражываюць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для іх і гасцей хоспіса валанцёры Гомельскага машынабудаўнічага каледжа арганізавалі праграму з конкурсамі, песнямі і жартамі. З віншаваннямі да дзяцей і супрацоўнікаў звярнуліся іерархі. Як паведамляе сайт Гомельскай парафіі, абодва іерархі нагадалі пра галоўную падзею, што адзначаецца ў гэтыя дні, — Божае Нараджэнне. Уладыка Стэфан заклікаў вучыцца любові, якую прынесла Дзіцятка Езус, а біскуп Казімір разам з усімі памаліўся.

Парадавалі дзяцей і падарункі ад спонсараў.

Унікальная для Беларусі дзіцячая вёска — Гомельскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — была пабудавана Дабрачыннай каталіцкай місіяй «Карытас». Вёска разлічана на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы пастаянным дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сем’і ўключаюць па 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца сястра з Ордэна бэнэдыктынак самаранак Крыжа Хрыстовага, якая разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання. Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

(SZh)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.