23 жніўня ў Браславе завяршыліся ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі азёраў. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, біскупы, святары і вернікі. Галоўную святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
22 жніўня 2014 г. у межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браслаўскім санктуарыі падчас Імшы быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
20 жніўня 2014 г. у санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе вырушыла пілігрымка з Глыбокага, якая аб’яднала вернікаў з Празарокаў, Полацка, Варапаева, Барысава, Паставаў, Канстанцінава. Гэтая першая пешая пілігрымка ў Браслаўскі санктуарый у гісторыі глыбоцкай парафіі.
Па запрашэнні дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” г. Свідніца дзеці і моладзь з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім з 2 па 15 жніўня 2014 г. знаходзяцца на адпачынку ў Польшчы.
З 7 па 9 жніўня 2014 г. у Браславе праходзіла сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. У сустрэчы пад назвай “Крылы душы”, якую праводзілі айцы марыяне Аляксандр Жарнасек і Міхал Цвячкоўскі, прымалі ўдзел маладыя вернікі Віцебскай дыяцэзіі, а таксама госці з іншых дыяцэзій Беларусі – у цэлым больш за 200 чалавек.
5 жніўня 2014 г., напярэдадні свята Перамянення Пана, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў у Чашніках урачыстую Імшу і асвяціў новы касцёл. Раней вернікі мясцовай парафіі Перамянення Пана збіраліся для малітвы ў доме, дзе быў устаноўлены алтар, потым была пабудавана капліца.
3 жніўня 2014 г. біскуп Віцебскі Алег Буткевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Празароках (Глыбоцкі дэканат). Падчас святой Імшы біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі некалькім дзясяткам чалавек.
3 жніўня 2014 г. у парафіі Святога Духа ў Віцебску адбылася прыміцыйная Імша кс. Аляксея Ляшко, першага за многія дзесяцігоддзі святара з Віцебска. Прэзбітэрскае пасвячэнне кс. Аляксею Ляшко ўдзяліў 31 мая гг. біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
1-2 жніўня 2014 г. Росіца — ціхая вёска на памежжы — зноў “ажыла”: у чарговы раз яна сабрала тых, хто прыехаў на ўрачыстасці, каб ушанаваць подзвіг благаслаўлёных пакутнікаў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, праз іх заступніцтва прасіць у Пана Бога шматлікіх ласкаў для сябе і бліжніх.
З 23 па 31 ліпеня 2014 г. у докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Віцебская дыяцэзія) прайшлі рэкалекцыі “Аазіс жыцця”. Рэкалекцыі, якія адбыліся ўжо не ўпершыню і карыстаюцца вядомасцю, правёў брат Віталь Юркевіч з дапамогай сясцёр адаратарак Крыві Хрыста з гэтай парафіі, у іх прынялі ўдзел 60 чалавек разам з аніматарамі з Наваполацка, Слоніма, Маладзечна, Гродна, Докшыц і Докшыцкага раёна.
Раніцай 30 ліпеня 2014 г. з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі вырушыла ў Росіцу XV пілігрымка. Шлях з Друі ў Росіцу заўсёды своеасаблівы для ўдзельнікаў, бо ў 1942 годзе ім прайшлі росіцкія благаслаўлёныя, каб праз год прыняць пакутніцкую смерць, да канца служачы як душпастыры парафіянам спаленай вёскі.
26 ліпеня 2014 г. у Лучаі адбыўся парафіяльны адпуст у гонар святой Ганны. Свята, прысвечанае ўспаміну маці Найсвяцейшай Панны Марыі, сабрала вернікаў на ўрачыстай Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас Імшы быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.
Напрыканцы ліпеня адбылася сустрэча міністрантаў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі. У праграме сустрэчы цэнтральнай стала Эўхарыстыя, у якой прынялі ўдзел міністранты, кантары і лектары з Друі, Друйска і пад'яздных капліц парафіі.
У Браславе з 17 па 20 ліпеня прайшлі рэкалекцыі цвярозасці, на якіх прысутнічала больш за 150 удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі, Расіі і Літвы. Сёлетнія рэкалекцыі былі юбілейнымі, бо праводзіліся ўжо ў дзясяты раз, паведамляецца на waladarka.by.
16 ліпеня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, парафія Маці Божай Шкаплернай у Ідолце адзначала парафіяльную ўрачыстасць. Яна праходзіла ў 75-ю гадавіну завяршэння будаўніцтва мясцовага касцёла. Ідолту наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.