У новы навучальны год — з малітвай і натхненнем. У Лучаі прайшоў святочны канцэрт |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
04.09.2012 23:53 |
Супольная малітва і адпачынак у лучайскай парафіі даўно сталі традыцыйнымі. Святочныя мерапрыемствы тут ладзяцца штомесяц, кожны раз напаўняючы сэрцы вернікаў самымі светлымі пачуццямі. 2 верасня касцёл св. Юды Тадэвуша у першую чаргу вітаў школьнікаў і студэнтаў, настаўнікаў і выхавацеляў. Напачатку новага навучальнага і катэхетычнага года яны атрымалі Божае благаслаўленне. Разам маліліся мясцовы пробашч ксёндз Мікалай Ліпскі, а таксама госці — ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава (Докшыцкі дэканат) і вікарый парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску, ураджэнец Пастаўскай зямлі ксёндз Антон Лагунёнак. Урачыстую прыміцыйную святую Імшу ўзначаліў кс. Антон Лагунёнак, які два тыдні таму атрымаў святарскае пасвячэнне з рук Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, і па спецыяльнаму дазволу Бэнэдыкта XVI удзяліў прыміцыйнае папскае благаслаўленне ўсім прысутным. «Сёння ў Глыбокім урачыста адзначаюць Дзень пісьменства, — нагадаў ксёндз Мікалай Ліпскі. — Свята, калі ўшаноўваецца сапраўдны скарб чалавецтва — кніга. Усім нам трэба памятаць, што самае важнае ў жыцці кожнага хрысціяніна — Божае слова. Мы павінны не толькі слухаць яго падчас супольнай малітвы, але і штодня прымаць у свае сэрцы. Біблія — галоўная кніга нашага жыцця». Акрамя Божага благаслаўлення школьнікі і студэнты атрымалі падарункі — канцтавары, купленыя па ініцыятыве парафіі. Пасля святочнай Імшы парафіянаў чакаў канцэрт вядомага мінскага гурта «Босае сонца» і слыннага беларускага кампазітара і выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча. Лідар «Босага сонца» Алесь Кот-Зайцаў (гітара, вакал) у суправаджэнні Рамана Лугавога (акардыён) праспяваў некалькі ўласных твораў, стыль якіх можна было б умоўна назваць музычным імпрэсіянізмам. Сярод іншых прагучала лірычная песня на верш польскага паэта Р. Ваячка ў арыгінале. У другім аддзяленні Зміцер Вайцюшкевіч падарыў слухачам некалькі песняў на вершы мэтраў беларускай паэзіі — У. Караткевіча, Р. Барадуліна, У. Някляева, Л. Дранько-Майсюка. З асаблівай цеплынёй была ўспрынята шчымлівая песня пра маму з новага супольнага праекта Вайцюшкевіча і Бураўкіна. Імправізаваны хор прысутных дружна падхапіў «Калыханку» Раінчыка і Бураўкіна, а на развітанне прагучала традыцыйнае «Бывайце здаровы, жывіце багата». Не абышлося і без песні «на біс» — ёю стала «Я нарадзіўся тут» з аднайменнага альбома. Зміцер Вайцюшкевіч нязмушана вёў размову з публікай, жартаваў, прыгадваў цікавыя гісторыі і напрыканцы пакінуў у падарунак лучайскай парафіі некалькі аўдыёдыскаў. Гэты дзень запомніўся католікам і яшчэ адной вельмі прыемнай падзеяй: у касцёле адкрылася вялікая фотавыстава. Яе галоўны герой — Лучай ва ўсёй сваёй духоўнай прыгажосці. Пастаўчанін Андрэй Мацур і мінчанін Альфрэд Мікус зафіксавалі на здымках найлепшыя моманты нядаўніх мерапрыемстваў парафіі: фэстаў у гонар св. Андрэя Баболі, св. Ганны, урачыстасці Першай святой Камуніі, Крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу і іншае. Пра высокі ўзровень выставы сведчыць той факт, што яе «бацькі» – прафесіяналы сваёй справы. Андрэй Мацур — старшыня пастаўскага фотаклуба «Светосила», аўтар шматлікіх персанальных і сааўтар калектыўных фотавыстаў. Альфрэд Мікус — удзельнік фотавыставаў у Беларусі, Расіі, Украіне, Латвіі, Германіі і іншых краінах, прызёр Тыдня славянскага мастацтва ў Берліне (2011), фіналіст конкурса «Еўропа вачыма беларусаў» і многіх іншых. Людзі, касцёл, настрой, эмоцыі, перажыванні — усё гэта цесна пераплецена ў фотаздымках, якіх у касцёле размешчана 70. Выстава будзе знаходзіцца ў каталіцкай святыні да канца года. Магчымасцей папоўніць яе ўдалымі кадрамі будзе яшчэ шмат. Ужо 30 верасня ў Лучаі адбудзецца новае мерапрыемства — свята Лучая. Галоўная мэта арганізатара — ксяндза Мікалая Ліпскага — падкрэсліць дату 470-гадовага дня нараджэння мясцовасці. Станоўчыя эмоцыі, выдатны настрой і якасны канцэрт забяспечаны. Запрашаем! Іна Сняжкова |
Фотарэпартаж |