Моладзь з Дунілавіч, Варапаева і Ляхаўшчыны ўдзельнічала ў сустрэчы «Моц веры» |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
21.10.2012 18:53 |
20 кастрычніка 2012 г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) адбылася сустрэча моладзі пад назвай «Моц веры». Удзельнічалі ў сустрэчы маладыя вернікі з Дунілавіч, Варапаева і Ляхаўшчыны. На самым пачатку пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Павел Самсонаў прывітаў хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі, каб супольна разважаць над верай, з’яднацца ў малітве і разам правесці хвіліны радасці ў забавах. Падчас канферэнцыі, якую прамовіў кс. Чэслаў Куцмеж, прагучаў заклік да моладзі задумацца над сваёй верай: ці яна сапраўды жывая, ці праяўляецца ў адносінах да іншых людзей, якія навокал нас, ці сведчаць нашы ўчынкі аб тым, што мы хрысціяне? Святар адзначыў, што мы не можам быць толькі веруючымі ў святыні, а павінны сведчыць аб сваёй веры паўсюль, дзе знаходзімся: у школе, у краме ці ў супольнасці з сябрамі. Ксёндз Куцмеж прыгадаў словы св. Якуба, што «вера без учынкаў мёртвая», таму, як дадаў, трэба старацца, каб наша адзінства з Езусам было заўсёды дзейснае і жывое. |
Фотарэпартаж |