Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Секцыя па перакладзе



Пасвячэнне біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў, дастасаванае для дыяцэзій на Беларусі
 
Пасвячэнне біскупа


УВОДЗІНЫ

І. Значэнне пасвячэння

12. Моцаю біскупскага пасвячэння і праз іерархічную еднасць з Галавой і членамі Калегіі, выбраны становіцца членам біскупскай супольнасці.
Стан біскупаў мае пераемнасць ад апостальскай калегіі ў настаўніцтве і пастырскім кіраванні, і ў ім працягвае існаваць супольнасць Апосталаў11. Біскупы «як наступнікі Апосталаў атрымліваюць ад Пана, якому дадзена ўся ўлада на небе і на зямлі, місію навучання ўсіх народаў і абвяшчэння Евангелля кожнаму стварэнню, каб усе людзі праз веру, хрост і спаўненне запаведзяў дасягнулі збаўлення (пар. Мц 28, 18)»12. Калегія біскупаў, сабраная пад кіраўніцтвам адзінага галавы – Рымскага Пантыфіка, наступніка Пятра, выяўляе адзінства, разнастайнасць і ўсеагульнасць Хрыстовага статку13.

13. Асобныя біскупы, якія стаяць на чале мясцовых Касцёлаў, здзяйсняюць сваё пастырскае кіраванне над даручанаю ім часткаю народу Божага14; яны з’яўляюцца бачным пачаткам і падмуркам адзінства ў гэтых мясцовых Касцёлах, сфармаваных на падабенства ўсеагульнага Касцёла, у якіх існуе і з якіх складаецца каталіцкі Касцёл15.

14. Сярод галоўных абавязкаў біскупаў асабліва вылучаецца абвяшчэнне Евангелля, бо біскупы з’яўляюцца веснікамі веры, якія прыводзяць да Хрыста новых вучняў, і сапраўднымі настаўнікамі, якія абвяшчаюць даручанаму ім народу праўду, у якую належыць верыць і згодна з якой трэба жыць16. Праз служэнне слова яны перадаюць вернікам моц Бога дзеля іхняга збаўлення (пар. Рым 1, 16), а праз сакрамэнты асвячаюць верных: кіруюць удзяленнем хросту, з’яўляюцца першаснымі служыцелямі канфірмацыі, распарадчыкамі пасвячэнняў, кіраўнікамі пакаяльнай дысцыпліны. Надзеленыя паўнатою сакрамэнту пасвячэння, яны з’яўляюцца «эканомамі ласкі найвышэйшага святарства», асабліва ў Эўхарыстыі, якую самі ахвяруюць альбо дбаюць, каб яна ахвяроўвалася. Яны кіруюць кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі, бо ў кожнай супольнасці алтара, дзякуючы святому служэнню біскупа, выяўляецца сімвал любові і адзінства Містычнага цела17.

ІІ. Абавязкі і паслугі


15. Абавязак усіх верных – маліцца за абранне для іх біскупа і за абранага біскупа. Гэта павінна адбывацца асабліва ў агульнай малітве падчас Імшы і ў малітвах Нешпараў.
Паколькі біскуп устанаўліваецца для ўсяго мясцовага Касцёла, на яго пасвячэнне неабходна запрашаць духавенства ды іншых вернікаў, каб як мага больш іх ўдзельнічала ў цэлебрацыі.

16. Згодна са старажытнай традыцыяй разам з галоўным пасвячаючым біскупам у цэлебрацыі пасвячэння павінны ўдзельнічаць яшчэ прынамсі два біскупы. Таму вельмі пажадана, каб усе прысутныя біскупы бралі ўдзел ва ўзвядзенні новаабранага ў найвышэйшае святарскае служэнне18, ускладаючы на яго рукі, прамаўляючы вызначаную частку малітвы пасвячэння і вітаючы яго пацалункам.
Такім чынам у пасвячэнні кожнага біскупа выяўляецца калегіяльны характар біскупскага стану.
Згодна са звычаем мітрапаліт пасвячае біскупа суфрагана, а мясцовы біскуп – дапаможнага біскупа.
Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння, у якой благаслаўляе Бога і заклікае Духа Святога.

17. На цэлебрацыі пасвячэння выбранаму асістуюць два прэзбітэры дыяцэзіі, для якой ён пасвячаецца: адзін з іх ад імя мясцовага Касцёла просіць галоўнага пасвячаючага біскупа ўдзяліць выбранаму пасвячэнне. Разам з біскупам, пасвячаным на гэтай цэлебрацыі, і з іншымі біскупамі гэтыя два прэзбітэры, і, наколькі магчыма, таксама іншыя прэзбітэры, асабліва з гэтай жа дыяцэзіі, канцэлебруюць эўхарыстычную літургію.

18.  Два дыяканы трымаюць над галавой выбранага кнігу Евангелля ў той час, калі прамаўляецца малітва пасвячэння.

ІІІ. Цэлебрацыя пасвячэння

19. Выбраны перад пасвячэннем павінен у адпаведны час удзельнічаць у рэкалекцыях.

20. Належыць, каб усе супольнасці дыяцэзіі, для якой пасвячаецца біскуп, былі адпаведным чынам падрыхтаваныя да цэлебрацыі пасвячэння.

21. Біскуп, які ставіцца на чале пэўнай дыяцэзіі, павінен прымаць пасвячэнне ў катэдральным касцёле. Дапаможныя біскупы, якія пасвячаюцца для служэння ў пэўнай дыяцэзіі, таксама павінны пасвячацца ў катэдральным касцёле альбо ў іншым больш значным касцёле дыяцэзіі.

22. Пасвячэнне біскупа павінна адбывацца з удзелам як мага большай колькасці верных у нядзелю ці ў свята, асабліва ў святы Апосталаў, калі толькі пастырскія меркаванні не схіляюць да выбару іншага дня. Але выключаюцца Пасхальны Трыдуум, Папяльцовая серада, увесь Вялікі тыдзень, а таксама Успамін усіх памерлых вернікаў.

23. Пасвячэнне адбываецца падчас урачыстай цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, пасля заканчэння літургіі слова перад эўхарыстычнай літургіяй.
Можа цэлебравацца абрадавая Імша Пры пасвячэнні духоўных асобаў, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, дзён актавы Пасхі і святаў Апосталаў. Калі прыпадаюць гэтыя дні, цэлебруецца Імша з дня з уласнымі чытаннямі. Аднак у іншыя дні, калі не цэлебруецца абрадавая Імша, адно з чытанняў можна ўзяць з тых, якія прапануюцца ў Лекцыянарыі для абрадавай Імшы.
Агульная малітва прапускаецца, бо замест яе прамаўляецца літанія.

24. Пасля Евангелля мясцовы Касцёл вуснамі аднаго са сваіх прэзбітэраў просіць галоўнага пасвячаючага біскупа пасвяціць выбранага. Выбраны перад біскупамі і ўсімі вернікамі выказвае жаданне выконваць свой абавязак згодна з воляю Хрыста і Касцёла ў еднасці з біскупскім станам пад уладаю наступніка святога апостала Пятра. У літаніі ўсе просяць Божай ласкі для выбранага.

25. Праз ускладанне рук біскупаў і малітву пасвячэння выбранаму ўдзяляецца дар Духа Святога для выканання  біскупскага абавязку. Наступныя словы з’яўляюцца істотнымі і неабходнымі для сапраўднасці чыну: «А цяпер спашлі на гэтага выбранага тую моц, якая паходзіць ад Цябе, – Духа Найвышэйшага, якога Ты даў Твайму ўмілаванаму Сыну Езусу Хрысту і якога Ён даў святым Апосталам, каб яны ў розных месцах устанавілі Касцёл як Тваю святыню на хвалу і няспыннае праслаўленне імя Твайго».
Галоўны пасвячаючы біскуп прамаўляе малітву пасвячэння ад імя ўсіх прысутных біскупаў; словы, якія адносяцца да сутнасці пасвячэння, прамаўляюць усе біскупы, якія разам з галоўным пасвячаючым біскупам ускладаюць рукі на выбранага. Гэтыя словы належыць прамаўляць так, каб выразна быў чутны голас галоўнага пасвячаючага біскупа, а іншыя біскупы гавораць іх сцішаным голасам.

26. Ускладанне кнігі Евангелля на галаву прымаючага пасвячэнне падчас малітвы пасвячэння, а таксама ўручэнне кнігі пасвячанаму азначае вернае абвяшчэнне слова Божага як галоўнага абавязку біскупа. Намашчэнне галавы азначае асаблівы ўдзел біскупа ў святарстве Хрыста. Уручэнне персценя сімвалізуе вернасць біскупа Касцёлу – абранніцы Бога; ускладанне мітры – імкненне да святасці; уручэнне пастарала – абавязак кіравання даручаным яму Касцёлам.
Пацалунак, які прымае пасвячаны ад галоўнага пасвячаючага біскупа і ад усіх біскупаў, з’яўляецца нібы пячаццю, што зацвярджае яго прыняцце ў Калегію біскупаў.

27. Вельмі пажадана, каб біскуп, калі ён прымае пасвячэнне на тэрыторыі сваёй дыяцэзіі, кіраваў канцэлебрацыяй эўхарыстычнай літургіі. Калі ж пасвячэнне адбываецца ў іншай дыяцэзіі, кіруе канцэлебрацыяй галоўны пасвячаючы біскуп. У гэтым выпадку першае месца сярод канцэлебрантаў займае новапасвячаны біскуп.

IV. Што неабходна падрыхтаваць


28. Акрамя таго, што неабходна для цэлебрацыі Імшы, якую ўзначальвае біскуп, належыць падрыхтаваць:
а) кнігу з абрадамі пасвячэння;
б) тэксты малітвы пасвячэння для пасвячаючых біскупаў;
в) палатняны грэміял;
г) святое хрызма;
д) усё, што патрэбна для абмывання рук;
е) персцень, пастарал, мітру для выбранага і, калі неабходна, палій. Гэтыя адзнакі, за выключэннем палія, не трэба папярэдне асвячаць, паколькі яны ўручаюцца ў самім абрадзе пасвячэння.

29. Апрача катэдры галоўнага пасвячаючага біскупа належыць падрыхтаваць месцы для пасвячаючых біскупаў, для выбранага і для прэзбітэраў наступным чынам:
а) падчас літургіі слова галоўны пасвячаючы біскуп сядзіць на катэдры, іншыя пасвячаючыя біскупы – каля катэдры, з двух бакоў; выбраны – у адпаведным месцы ў прэзбітэрыі сярод прэзбітэраў, якія яму асістуюць;
б) пасвячэнне звычайна адбываецца перад катэдрай; аднак, калі для ўдзелу верных узнікае такая неабходнасць, месцы для галоўнага пасвячаючага біскупа ды іншых пасвячаючых біскупаў рыхтуюцца перад алтаром альбо ў іншым, больш зручным месцы; для выбранага і асістуючых яму прэзбітэраў месцы размяшчаюцца так, каб верныя добра бачылі літургічнае дзеянне.

30. Галоўны пасвячаючы біскуп, а таксама біскупы і канцэлебруючыя прэзбітэры апранаюць літургічнае адзенне, патрэбнае для цэлебрацыі Імшы.
Галоўны пасвячаючы біскуп можа пад арнат апрануць далматыку.
Выбраны апранае ўсе святарскія шаты, а таксама нагрудны крыж і далматыку.
Пасвячаючыя біскупы, якія не канцэлебруюць, апранаюць альбу, нагрудны крыж, стулу і, у залежнасці ад абставінаў, капу і мітру. Прэзбітэры, якія асістуюць выбранаму, калі не канцэлебруюць, апранаюць альбу і капу.
Колер літургічнага адзення павінен адпавядаць Імшы, якая цэлебруецца, альбо быць белым. Можна ўжываць таксама святочнае альбо больш урачыстае адзенне.

й

  1. Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, № 22.
  2. Тамсама, № 24.
  3. Пар. тамсама, № 22.
  4. Пар. тамсама, № 23.
  5. Пар. тамсама.
  6. Пар. тамсама, № 25.
  7. Пар. тамсама, № 26.
  8. Пар. тамсама, № 22.
 
Парадак хросту дзяцей
УВОДЗІНЫ.

І. ЗНАЧЭННЕ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ

1.     Пад словам «дзеці» ці «немаўляты» разумеюцца тыя, хто не можа вызнаць сваю веру, бо яшчэ не дасягнуў свядомага ўзросту.

2.     Касцёл, які атрымаў місію евангелізацыі і хрышчэння, ужо з першых стагоддзяў хрысціў не толькі дарослых, але таксама і немаўлятаў. Бо словы Пана: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства»1, ён заўсёды разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую абвяшчаюць бацькі, хросныя ды іншыя прысутныя. Менавіта яны прадстаўляюць як мясцовы Касцёл, так і ўсю супольнасць святых і вернікаў — Касцёл, нашую Маці, якая ўся нараджае ўсіх і кожнага паасобку2.

3.     Для дзейснасці сакрамэнту належыць, каб пасля гэтага дзеці выхоўваліся ў той веры, у якой яны ахрышчаныя. Падставай для гэтага будзе сам прыняты раней сакрамэнт. Бо хрысціянскае выхаванне, на якое маюць права дзеці, скіраванае менавіта на тое, каб паступова падвесці іх да спазнання Божага плана ў Хрысце такім чынам, каб урэшце яны самі маглі пацвердзіць веру, у якой былі ахрышчаныя.


ІІ. ПАСЛУГІ І АБАВЯЗКІ ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ

4.     Народ Божы, гэта значыць Касцёл, прадстаўлены мясцовай супольнасцю, мае вялікі ўдзел у хросце як дарослых, так і дзяцей.
Бо немаўля і да хросту, і пасля яго мае права на любоў і дапамогу супольнасці. А ў самім абрадзе апрача таго, што пералічана ў № 7 Агульных Уводзінаў і што павінна быць выканана сабранымі вернікамі, супольнасць выконвае свой абавязак, выказваючы разам з цэлебрантам сваю згоду пасля вызнання веры бацькоў і хросных. Такім чынам яна паказвае, што вера, у якой прымаюць хрост дзеці, — гэта скарб не толькі адной сям’і, але ўсяго Хрыстовага Касцёла.

5.     З парадку самога стварэння вынікае, што паслуга і абавязак бацькоў пры хросце важнейшыя за абавязак хросных.
1) Вельмі важна, каб перад хростам бацькі падрыхтаваліся да свядомага ўдзелу ў ім альбо кіруючыся ўласнай вераю, альбо з дапамогаю сяброў ці іншых членаў супольнасці, карыстаючыся адпаведнымі сродкамі, такімі, як кнігі, лісты і катэхізісы, прызначаныя для сем’яў. Пробашч павінен імкнуцца наведаць іх сам ці прасіць пра гэта іншых, а нават сабраць разам некалькі сем’яў ды падрыхтаваць іх пастырскімі навучаннямі і супольнай малітваю да абраду, які мае адбыцца.
2) Вельмі важна, каб бацькі прымаючага хрост дзіцяці бралі ўдзел
у абрадзе, у якім іхняе дзіця адродзіцца з вады і Духа Святога.
3) Бацькі дзіцяці сапраўды маюць ва ўдзяленні хросту сваю асаблівую ролю. Бо яны не толькі слухаюць настаўленні цэлебранта і прамаўляюць малітву разам з усёй супольнасцю вернікаў, але выконваюць таксама літургічную паслугу, калі: а) публічна просяць ахрысціць дзіця; б) пасля цэлебранта робяць знак крыжа на чале дзіцяці; в) прамаўляюць адрачэнне ад сатаны і вызнанне веры; г) нясуць дзіця да хрысцільні (перадусім гэта належыць рабіць маці); д) трымаюць запаленую свечку; е) атрымліваюць спецыяльнае благаслаўленне, прызначанае для маці і бацькі.

4) У тым выпадку, калі хтосьці з іх не можа скласці вызнання веры, напр., таму, што не католік, ён можа маўчаць; патрабуецца толькі, каб, просячы хросту дзіцяці, ён меў намер ці, прынамсі, дазваляў выхоўваць дзіця
ў веры, у якой быў удзелены хрост.

5) Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя прынятаму абавязку, павінны прывесці дзіця да спазнання Бога, усыноўленым дзіцём якога яно стала, а таксама падрыхтаваць яго да прыняцця канфірмацыі і да ўдзелу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Пробашч адпаведнымі сродкамі павінен дапамагаць ім у выкананні гэтага абавязку.

6.     Для кожнага дзіцяці можна абраць хроснага і хросную, і яны абодва ўказваюцца ў парадку самога абраду словам «хросныя».

7.    Апрача таго, што сказана пра звычайнага цэлебранта ў Агульных Уводзінах, неабходна адзначыць наступнае:
1) Пастыры абавязаныя рыхтаваць сем’і да хросту дзяцей і дапамагаць ім у выкананні абавязку выхавання, які вынікае з гэтага сакрамэнту. Біскупам належыць каардынаваць гэтыя пастырскія захады ў сваёй дыяцэзіі з дапамогаю дыяканаў і свецкіх асобаў.
2) Апрача таго, пастыры павінны клапаціцца, каб кожнае ўдзяленне хросту адбывалася з належнай годнасцю і, наколькі гэта магчыма, было дастасаванае да абставінаў і жаданняў сем’яў. Той, хто хрысціць, абавязаны выконваць абрад дакладна і пабожна, а таксама старацца быць ветлівым
і зычлівым да ўсіх.


ІІІ. ЧАС І МЕСЦА ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ

8.     У тым, што датычыць часу ўдзялення хросту, перш за ўсё належыць дбаць пра збаўленне дзіцяці, каб яно не было пазбаўлена ласкі гэтага сакрамэнту; затым належыць браць пад увагу здароўе маці, каб яна сама, наколькі гэта магчыма, магла пры гэтым прысутнічаць. Нарэшце, калі толькі гэта не будзе перашкаджаць большаму дабру для дзіцяці, трэба браць пад увагу пастырскія патрэбы, г. зн. каб было дастаткова часу на падрыхтоўку бацькоў і на належную арганізацыю самога хросту дзеля лепшага выяўлення значэння самога абраду.
Такім чынам:
1) Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго неадкладна трэба хрысціць, і гэта дазваляецца рабіць нават без згоды бацькоў і ў тым выпадку, калі бацькі немаўляці не католікі. Тады хрост удзяляецца такім чынам, як пададзена ніжэй (№ 21).
2) У іншых выпадках бацькі, ці, прынамсі адзін з іх, альбо той, хто правамоцна іх замяшчае, павінны даць згоду на хрост. Як мага раней і, калі ёсць магчымасць, яшчэ да нараджэння дзіцяці, яны паведамляюць пробашчу пра будучы хрост, каб можна было належным чынам падрыхтавацца да ўдзялення сакрамэнту.
3) Удзяленне хросту павінна адбывацца ў першыя тыдні пасля нараджэння дзіцяці. Калі ўвогуле няма надзеі на тое, што яно будзе выхаванае ў каталіцкай веры, хрост належыць адкласці згодна з наказамі партыкулярнага права (пар. № 25), паведаміўшы бацькам пра прычыну.
4) Пробашч, беручы пад увагу распараджэнні Канферэнцыі Біскупаў, прызначае час хросту дзяцей, калі толькі няма вышэйузгаданых абставінаў.

9.     Каб паказаць пасхальную сутнасць хросту, рэкамендуецца ўдзяляць сакрамэнт у Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, калі Касцёл успамінае ўваскрасенне Пана. У нядзелю хрост можна ўдзяляць таксама падчас Імшы, каб уся супольнасць магла браць удзел у абрадзе і каб выразней выяўлялася сувязь хросту і Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Аднак гэта не павінна адбывацца занадта часта. Нормы ўдзялення хросту ў Пасхальную вігілію альбо на нядзельнай Імшы падаюцца ніжэй.

10.     Каб лепш выяўляць тое, што хрост — гэта сакрамэнт веры Касцёла, а таксама далучэння да народа Божага, звычайна яго належыць удзяляць у парафіяльным касцёле, у якім павінна быць хрысцільня.

11.     Прыняўшы да ведама меркаванне мясцовага пробашча, мясцовы ардынарый можа дазволіць ці распарадзіцца, каб хрысцільня была таксама і ў іншым касцёле ці капліцы ў межах той жа парафіі. Звычайна пробашч мае права ўдзяляць хрост і ў гэтых месцах.
Калі той, хто прымае хрост, з-за адлегласці ды іншых абставінаў не можа прыбыць ці быць прынесены без сур’ёзных перашкодаў, хрост можа і павінен быць удзелены ў бліжэйшым касцёле ці капліцы, альбо нават у іншым адпаведным месцы, з захаваннем таго, што вызначана адносна часу і структуры абраду (пар. №№ 8-9; 15-22).

12.     Апрача выпадку неабходнасці хрост не трэба ўдзяляць у прыватных дамах, калі толькі гэтага не дазволіць мясцовы ардынарый з важнай прычыны.

13.     Калі толькі інакш не пастановіць біскуп (пар. № 11), нельга ўдзяляць хрост у шпіталях, хіба толькі ў выпадку неабходнасці ці калі да гэтага схіляе іншая пастырская патрэба. Але пра гэта заўсёды належыць паведаміць пробашчу і адпаведна падрыхтаваць бацькоў.

14.     Калі адбываецца літургія слова, пажадана адносіць дзяцей у асобнае памяшканне. Аднак неабходна клапаціцца, каб маці ці хросныя маці ўдзельнічалі ў літургіі слова; для гэтага належыць даручыць дзяцей іншым жанчынам.


ІV. СТРУКТУРА АБРАДУ ХРОСТУ ДЗЯЦЕЙ

А. Парадак хросту, які ўдзяляецца звычайным цэлебрантам

15.    Незалежна ад таго, ці трэба хрысціць адно, некалькі альбо нават шмат дзяцей і калі не пагражае небяспека смерці, цэлебранту належыць выканаць поўны абрад, так, як падаецца тут.

16.     Абрад пачынаецца з прыняцця дзяцей, у чым выяўляецца жаданне бацькоў і хросных, якія хочуць, каб дзіця было ахрышчана, і намер Касцёла, які жадае ўдзяліць сакрамэнт хросту. Выяўляецца гэта праз знак крыжа, які цэлебрант і бацькі робяць на чале дзіцяці.

17.     Літургія Божага слова скіраваная на тое, каб перад удзяленнем сакрамэнту абудзіць веру бацькоў, хросных і ўсіх прысутных, а супольнаю малітваю выпрасіць плён сакрамэнту. Літургія слова складаецца з чытання аднаго ці некалькіх урыўкаў са Святога Пісання; гаміліі, пасля якой можа пэўны час захоўвацца маўчанне; малітвы вернікаў, якая павінна заканчвацца малітваю ў форме экзарцызму. Яна рыхтуе да намашчэння алеем катэхуменаў ці да ўскладання рук.

18.     Само ўдзяленне сакрамэнту
1) непасрэдна падрыхтоўваецца:
а) урачыстаю малітваю цэлебранта, які, заклікаючы Бога і ўспамінаючы Яго план збаўлення, альбо асвячае хрысцільную ваду, альбо ўспамінае ўжо здзейсненае асвячэнне;
б) адрачэннем бацькоў і хросных ад сатаны і вызнаннем веры, якое пацвярджаюць цэлебрант і супольнасць, а таксама апошнім пытаннем, скіраваным да бацькоў і хросных;
2) здзяйсняецца праз абмыванне вадою, якое можа адбывацца праз акунанне ці праз паліванне, згодна з мясцовымі звычаямі, а таксама закліканнем Найсвяцейшай Тройцы;
3) дапаўняецца яно намашчэннем хрызмам, што азначае прыняцце ахрышчаным каралеўскага святарства і далучэнне яго да супольнасці Божага народа; а заканчваецца абрадамі ўскладання белага адзення, уручэння запаленай свечкі і абрадам «Эффата» (апошні можа быць прапушчаны).

19.     Пасля закліку святара, як прадвесце далейшага ўдзелу ў Эўхарыстыі, перад алтаром прамаўляецца малітва Панская. У ёй Божыя дзеці моляцца
да Айца, які ёсць ў небе. Затым, каб усе напоўніліся Божаю ласкаю, бацькі
і ўсе прысутныя атрымліваюць благаслаўленне.


Б. Скарочаны парадак хросту

20.     У скарочаны парадак хросту, прызначаны для катэхетаў3, уваходзяць абрад прыняцця дзяцей, літургія Божага слова альбо настаўленне цэлебранта і малітва вернікаў. Перад хрысцільняю цэлебрант прамаўляе малітву, каб заклікаць Бога і нагадаць гісторыю збаўлення ў яе сувязі з хростам. Пасля хросту прапускаецца намашчэнне хрызмам, а прамаўляецца адпаведная формула і ўвесь абрад завяршаецца як звычайна. Такім чынам, прапускаюцца экзарцызм і намашчэнне алеем катэхуменаў, намашчэнне хрызмам і абрад «Эффата».

21.    Скарочаны парадак хросту дзіцяці, якому пагражае небяспека смерці, пры адсутнасці звычайнага цэлебранта падаецца ў двух варыянтах:
1) Пры кананні ці пагрозе смерці, калі вымушае час, цэлебрант4, прапускаючы іншае, палівае вадой, якая можа быць не асвячанай, але натуральнай, на галаву дзіцяці, прамаўляючы звычайную формулу5.
2) Аднак, калі паводле пераканаўчага меркавання, часу яшчэ дастаткова, а сярод сабраных вернікаў ёсць хтосьці, хто здольны правесці кароткую малітву, належыць здзейсніць наступны абрад: цэлебрант прамаўляе настаўленне, а таксама адбываецца кароткая агульная малітва, вызнанне веры бацькоў ці аднаго хроснага і паліванне вадой са звычайнымі словамі. Калі ж прысутныя недастаткова дасведчаныя, цэлебрант, прамовіўшы гучным голасам вызнанне веры, хрысціць паводле абраду, які ўжываецца пры пагрозе смерці.

22.    Пры пагрозе смерці таксама святар і дыякан могуць пры неабходнасці ўжыць скарочаны парадак. Пробашч альбо іншы святар, які валодае такім правам, калі мае пры сабе святое хрызма і яшчэ застаецца час, павінен не прамінуць удзяліць пасля хросту сакрамэнт канфірмацыі, прапускаючы
ў гэтым выпадку намашчэнне хрызмам пасля хросту.


V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ
КАНФЕРЭНЦЫІ БІСКУПАЎ І БІСКУПЫ

23.     Апрача дастасаванняў, прадугледжаных у Агульных уводзінах (№№ 30-33), у абрадзе хросту дзяцей дапускаюцца іншыя ўзгадненні, якія вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў.

24.     Як падаецца ў самім Рымскім Рытуале, па рашэнні гэтых канферэнцый можа быць устаноўлена наступнае:
1) Згодна з мясцовымі звычаямі, запытанне пра імя дзіцяці, якое прымае хрост, можна задаваць у розных формах, у залежнасці ад таго, ці імя ўжо дадзенае, ці будзе давацца падчас хросту.
2) Намашчэнне алеем катэхуменаў можна прапусціць.
3) Формула адрачэння ад зла можа быць скарочанаю ці пашыранаю (№№ 57, 94, 121).
4) Калі тых, хто прымае хрост, вельмі шмат, намашчэнне хрызмам можна прапусціць (№ 125).
5) Можна захаваць абрад «Эффата».

25.     Паколькі ў многіх краінах бацькі часам бываюць не падрыхтаваныя да абраду хросту альбо просяць ахрысціць сваіх дзяцей, але пасля не выхоўваюць іх па-хрысціянску, так што тыя нават губляюць веру, то не дастаткова павучаць бацькоў і запытваць іх пра веру толькі падчас самога абраду. Таму Канферэнцыі Біскупаў у дапамогу пробашчам могуць выдаваць пастырскія інструкцыі, у якіх вызначаўся б даўжэйшы тэрмін падрыхтоўкі перад удзяленнем сакрамэнту.

26.     Апрача таго, біскупам для сваіх дыяцэзій належыць прыняць рашэнне, ці могуць катэхеты адвольна звяртацца з прамоваю пасля біблійных чытанняў, ці павінны чытаць падрыхтаваны тэкст.


VІ. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЬ
ЦЭЛЕБРАНТЫ ХРОСТУ

27.     Важна, каб на сходах бацькоў, якія рыхтуюцца да хросту дзяцей, навучанне абапіралася на малітвы і абрады. Можна выкарыстоўваць для гэтага розныя элементы, якія прадугледжаныя ў парадку хросту для літургіі Божага слова.

28.     Калі хрост удзяляецца дзецям у Пасхальную вігілію, абрад павінен адбывацца наступным чынам:
1) Перад цэлебрацыяй Пасхальнай вігіліі ў адпаведным месцы і ў вызначаны час адбываецца абрад прыняцця дзяцей, які заканчваецца малітвай-экзарцызмам і намашчэннем алеем катэхуменаў. Літургію слова можна прапусціць.
2) Сам сакрамэнт адбываецца (№№ 56-58, 60-63) пасля асвячэння вады, як падаецца ў літургічных прадпісаннях для Пасхальнай вігіліі.
3) Прапускаецца пацвярджэнне вызнання веры бацькоў цэлебрантам
і супольнасцю (№ 59), уручэнне запаленай свечкі (№ 65) і абрад «Эффата».
4) Прапускаецца заканчэнне абраду (№№ 67-71).

29.     Калі хрост удзяляецца падчас нядзельнай Імшы, цэлебруецца Імша гэтага дня. У нядзелі перыяду Нараджэння Пана і Звычайнага перыяду можна выкарыстаць фармуляр Імшы пры ўдзяленні хросту дзецям. Абрады адбываюцца наступным чынам:
1) Абрад прыняцця дзяцей (№№ 33-43) адбываецца на пачатку Імшы, у якой з гэтай прычыны прапускаюцца вітанне сабранага народа і чын пакаяння.
2) У літургіі слова:
а) Чытанні бяруцца з нядзельнай Імшы. У перыяд Нараджэння Пана і ў звычайны перыяд яны могуць быць узятыя таксама з Лекцыянарыя для абрадавых Імшаў альбо з тэкстаў, якія падаюцца ў гэтай кнізе (№ 44; Дадатак, №№ 1-30).
Калі забаронены абрадавыя Імшы, адно чытанне можна ўзяць з тэкстаў, прадугледжаных для хросту дзяцей, але беручы пад увагу іх пастырскае значэнне і характар літургічнага дня.
б) У гаміліі неабходна абапірацца на святыя тэксты і пры гэтым браць пад увагу ўдзяленне хросту.
в) Сімвал веры не прамаўляецца, паколькі яго замяняе вызнанне веры, якое чыніць уся супольнасць перад хростам.
г) Агульная малітва бярэцца з тых, якія змешчаныя ў Парадку хросту (№№ 47-48), на заканчэнне якой, перад просьбай заступніцтва святых, дадаецца просьба за паўсюдны Касцёл і за патрэбы ўсяго свету.
3) Затым ідзе малітва-экзарцызм і намашчэнне, а таксама іншыя абрады, апісаныя ў Парадку хросту (№№ 49-66).
4) Пасля ўдзялення хросту Імша працягваецца, як звычайна, г. зн. пачынаючы з ахвяравання.
5) Для благаслаўлення на заканчэнне Імшы святар можа ўжыць адну
з формулаў, якія прапануюцца для абраду хросту (№ 70).

30.     Калі хрост удзяляецца падчас Імшы ў будні, парадак яго ўвогуле такі ж, як і ў нядзелю, а для літургіі слова можна ўзяць чытанні з тых, якія прапануюцца для абраду хросту (№№ 44, 186-215).

31.     Згодна з нормаю, пададзенай у № 34 Агульных Уводзінаў, цэлебрант мае права ўводзіць у абрад некаторыя дастасаванні, якіх вымагаюць самі абставіны, напрыклад:
1) калі маці дзіцяці памерла пры родах, гэта неабходна ўзяць пад увагу ва ўступным слове (№№ 36, 75), у агульнай малітве (№№ 47, 84) і ў заключным благаслаўленні (№№ 70, 105);
2) у дыялогу з бацькамі (№№ 37-38, 76-77) неабходна зважаць на іх адказ. Калі яны не сказалі: Хросту, а: Веры, ці: Ласкі Хрыста, ці: Уваходу
ў Касцёл, альбо: Вечнага жыцця, то цэлебрант не павінен пачынаць наступнага выказвання са словаў: Просячы хросту для дзяцей, але адпаведна: Просячы веры ці: Просячы ласкі Хрыста, ды інш;
3) Парадак прынясення ў касцёл ужо ахрышчанага дзіцяці (№№ 205-225), быў укладзены толькі на выпадак, калі дзіця было ахрышчанае пры небяспецы смерці. Але яго можна таксама дастасаваць і да іншых выпадкаў, напр., калі дзеці былі ахрышчаныя ў час рэлігійнага пераследу альбо часовай нязгоды паміж бацькамі.
q
  1.  Ян 3, 5.
  2.  S. Augustinus, Epist. 98, 5: PL 33, 362.
  3.  Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 68.
  4.  Пар. Агульныя ўводзіны, n. 16.
  5.  Пар. там жа, n. 23.
 
Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі

й

Хрысціянскае ўтаямнічанне. Агульныя ўводзіны.
Парадак хросту дзяцей

Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій Беларусі 

 
Хрысціянскае ўтаямнічанне. Агульныя ўводзіны.

1.    Людзі, вызваленыя ад улады цемры праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання, разам з Хрыстом памерлыя, разам з Ім пахаваныя і ўваскрэшаныя, прымаюць Духа ўсынаўлення і разам з усім народам Божым здзяйсняюць успамін смерці і змёртвыхпаўстання Пана1.

2.    Праз хрост ужыўленыя ў Хрыста, яны становяцца народам Божым і, атрымаўшы адпушчэнне ўсіх грахоў, вырваныя з улады цемры, пераходзяць у стан усыноўленых дзяцей2. Стаўшы новым стварэннем праз адраджэнне з вады і Духа Святога, яны называюцца і з’яўляюцца сынамі Божымі3. Пазначаныя дарам таго ж Духа ў канфірмацыі, яны яшчэ больш дасканала становяцца падобнымі да Пана і напаўняюцца Духам Святым, каб, несучы сведчанне пра Яго свету, як найхутчэй давесці да паўнаты Цела Хрыста4. Затым, беручы ўдзел у эўхарыстычным сходзе, яны спажываюць Цела Сына Чалавечага і п’юць Яго Кроў, каб атрымаць жыццё вечнае5  і выявіць адзінства народа Божага; а ахвяруючы сябе разам з Хрыстом, бяруць удзел ва ўсеагульнай ахвяры, якою з’яўляецца сама супольнасць адкупленых6, складзеная ў ахвяру Богу Найвышэйшым Святаром. Яны просяць таксама, каб праз больш поўнае дзеянне Духа Святога ўвесь чалавечы род прыйшоў да адзінства сям’і Божай7. Такім чынам тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання спалучаюцца паміж сабою так, каб давесці да поўнай сталасці Хрыстовых вернікаў, якія спаўняюць у свеце і ў Касцёле пасланніцтва, даручанае ўсяму хрысціянскаму народу8.


І. ГОДНАСЦЬ ХРОСТУ

3.    Хрост, дзверы да жыцця і Валадарства Божага, з’яўляецца першым сакрамэнтам новага права, які Хрыстус даў усім, каб мелі жыццё вечнае9,
а затым разам з Евангеллем даверыў свайму Касцёлу, калі наказаў апосталам: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога»10. Таму хрост перш за ўсё з’яўляецца сакрамэнтам той веры, у якой людзі, асветленыя ласкаю Духа Святога, даюць адказ на Евангелле Хрыста. Таму Касцёл лічыць сваім даўнім і асноўным абавязкам заахвочваць усіх:
і катэхуменаў, і бацькоў тых дзяцей, якія атрымліваюць хрост, і хросных да той сапраўднай і дзейснай веры, у якой, трымаючыся Хрыста, яны заключаюць альбо пацвярджаюць дамову Новага Запавету. Менавіта на гэта скіраванае як пастырскае навучанне катэхуменаў і падрыхтоўка бацькоў, так і літургія слова Божага, а таксама вызнанне веры падчас хросту.

4.    Апрача таго хрост — гэта сакрамэнт, праз які людзі далучаюцца да супольнасці Касцёла і разам будуюцца на жыллё Божае ў Духу Святым11, становяцца каралеўскім святарствам і людам святым12. Хрост — гэта таксама сакрамэнтальная повязь адзінства, якая яднае ўсіх, хто ім пазначаны13. Дзеля таго нязменнага ўздзеяння, якое выяўляе сам абрад сакрамэнту ў лацінскай літургіі, калі ў прысутнасці народа Божага ахрышчаных намашчаюць хрызмам, хрост павінен быць у найвышэйшай пашане ва ўсіх хрысціянаў,
і яго нікому нельга паўтараць, калі ён як сапраўдны быў удзелены нават адлучанымі братамі.

5.     Водная купель у слове жыцця14 — бо менавіта гэта і ёсць хрост — абмывае людзей ад усялякай заганы граху як першароднага, так і асабістага
і чыніць іх удзельнікамі Божай натуры15  і ўсыноўленымі дзецьмі16, бо хрост, як абвяшчаецца ў малітвах благаслаўлення вады, з’яўляецца купеллю адраджэння17 сыноў Божых, даючы ім нараджэнне звыш. Закліканне Найсвяцейшай Тройцы над тымі, хто прымае хрост, чыніць тое, што пазначаныя Яе імем прысвячаюцца Ёй і ўваходзяць у лучнасць з Айцом і Сынам, і Духам Святым. Да гэтага галоўнага абраду падрыхтоўваюць і вядуць біблійныя чытанні, малітва супольнасці і патройнае вызнанне веры.

6.     Хрост у значнай ступені пераўзыходзіць ачышчэнні, прадпісаныя Старым Запаветам, бо дае гэтыя вынікі моцаю таямніцы мукі і змёртвыхпаўстання Пана. А тыя, хто прымае хрост, з’яднаныя з Хрыстом падабенствам Яго смерці і пахаваныя разам з Ім у смерць18, таксама ў Ім вяртаюцца да жыцця і разам з Ім уваскрасаюць19. Бо ў хросце ўшаноўваецца і здзяйсняецца нішто іншае, як пасхальная таямніца, паколькі ў ім людзі пераходзяць ад смерці граху да жыцця. Таму ў абрадзе хросту, асабліва калі ён адбываецца ў Пасхальную вігілію ці ў нядзелю, павінна ззяць радасць змёртвыхпаўстання.


ІІ. АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ
ПРЫ ЎДЗЯЛЕННІ ХРОСТУ

7.    Падрыхтоўка да хросту і хрысціянскае навучанне найбольш датычыць народа Божага, г. зн. Касцёла, які перадае і ўмацоўвае веру, прынятую ад апосталаў. Праз служэнне Касцёла Святы Дух кліча дарослых да Евангелля, а дзеці прымаюць хрост і выхоўваюцца ў веры таго ж Касцёла. Таму вельмі важна, каб ужо ў падрыхтоўцы да хросту са святарамі і дыяканамі супрацоўнічалі катэхеты ды іншыя свецкія людзі. Апрача таго, вельмі пажадана, каб пры ўдзяленні хросту народ Божы быў прадстаўлены не толькі хроснымі, бацькамі і блізкімі, але таксама, наколькі гэта магчыма, сябрамі
і членамі сям’і, суседзямі ды іншымі прадстаўнікамі мясцовага Касцёла. Усім належыць браць чынны ўдзел, каб выявіць супольную веру і супольную радасць, з якою новаахрышчаныя прымаюцца ў Касцёл.

8.     Згодна з найстаражытнейшым звычаем Касцёла, дарослы не можа быць дапушчаны да хросту без хроснага, абранага з хрысціянскай супольнасці, які павінен дапамагаць яму прынамсі ў апошняй падрыхтоўцы да прыняцця сакрамэнту, а пасля хросту клапаціцца, каб ён трываў у веры і ў хрысціянскім жыцці.
На хросце дзіцяці таксама павінен прысутнічаць хросны, які тады прадстаўляе і сям’ю прымаючага хрост, пашыраную духоўна, і Касцёл, нашую Маці, а пры неабходнасці павінен дапамагаць бацькам у тым, каб дзіця прыйшло да вызнавання веры і выяўляла яе сваім жыццём.

9.     Хросны бярэ ўдзел прынамсі ў апошніх абрадах катэхуменату і ў самім удзяленні хросту, каб пацвердзіць веру прымаючага хрост дарослага альбо каб разам з бацькамі вызнаць веру Касцёла, у якой прымае хрост дзіця.

10.     Апрача таго, з душпастырскіх меркаванняў хросны, выбраны катэхуменам ці сям’ёю, павінен мець такія якасці, якія дазволілі б яму выконваць узгаданыя ў № 9 літургічныя чыннасці. Ім можа быць той, хто:
1) быў вызначаны самім прымаючым хрост ці яго бацькамі, альбо тым, хто іх замяняе, альбо, калі іх няма, пробашчам ці іншым служыцелем, а таксама мае адпаведныя якасці і жаданне выконваць гэты абавязак;
2) дастаткова сталы для спаўнення гэтага абавязку; гэта значыць, што ён мае поўных шаснаццаць гадоў, калі толькі дыяцэзіяльным біскупам не будзе ўстаноўлены іншы ўзрост, альбо пробашчам ці іншым служыцелем з важнай прычыны не будзе зроблена выключэнне;
3) прыняў тры сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання: хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю і вядзе жыццё, згоднае з вераю і абавязкам, які ён прымае на сябе;
4) не з’яўляецца бацькам ці маці прымаючага хрост;
5) з’яўляецца адным хросным ці адною хроснаю, хоць таксама можа быць і хросная маці, і хросны бацька;
6) належыць да каталіцкага Касцёла і права не забараняе яму спаўняць гэты абавязак. Той, хто ахрышчаны і прыналежыць да эклезіяльнай, але не каталіцкай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі ў якасці сведкі хросту19' і толькі, калі хросным (хроснаю) будзе каталік (каталічка). Што датычыць адлучаных братоў з усходніх Цэркваў, належыць браць пад увагу асаблівыя прадпісанні для ўсходніх Цэркваў.

11.    Звычайна хрост удзяляюць біскупы, святары і дыяканы.
1) Удзяляючы гэты сакрамэнт, яны павінны памятаць, што чыняць гэта
ў Касцёле ў імя Хрыста і моцаю Духа Святога. Таму яны павінны быць руплівымі ў абвяшчэнні слова Божага і ў здзяйсненні сакрамэнту.
2) Яны павінны пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія слушна могуць быць успрынятыя вернікамі як праяўленне асаблівых адносінаў да пэўных асобаў20.
3) За выключэннем выпадкаў неабходнасці, яны не могуць без належнага дазволу ўдзяляць хрост на чужой тэрыторыі нават тым, на каго распаўсюджваецца іх пастырская ўлада.

12.    Біскупы, галоўныя эканомы (dispensatores) Божых сакрамэнтаў
і кіраўнікі ўсяго літургічнага жыцця ў давераным ім Касцёле21, кіруюць удзяленнем хросту, у якім адкрываецца доступ да ўдзелу ў каралеўскім святарстве Хрыста22. Таму пажадана, каб яны не прапускалі нагоды, асабліва
ў Пасхальную вігілію, удзяляць хрост асабіста. Менавіта да іх абавязкаў належыць хрост дарослых і клопат пра іхнюю падрыхтоўку.

13.    Абавязак пастыраў — дапамагаць біскупу ў навучанні дарослых, якія былі ім даручаныя, і ва ўдзяленні ім хросту, калі толькі біскуп не вырашыць інакш. Апрача таго, да іх абавязкаў належыць падрыхтоўка і належная пастырская дапамога бацькам і хросным перад хростам дзяцей пры дапамозе катэхетаў ды іншых адпаведных свецкіх асобаў, а таксама ўдзяленне хросту дзецям.

14.     Іншыя прэзбітэры, а таксама дыяканы, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі біскупа і пробашчаў у іх паслузе, падрыхтоўваюць да хросту і ўдзяляюць яго па распараджэнні альбо са згоды біскупа ці пробашча.

15.     Цэлебранту, асабліва калі прымаючых хрост вельмі шмат, могуць дапамагаць іншыя святары ці дыяканы, альбо таксама свецкія асобы, як гэта прадугледжана ў адпаведных частках абраду.

16.     У выпадку небяспекі для жыцця, а асабліва пры кананні, калі няма святара ці дыякана, можа, а часам і павінен удзяляць хрост кожны вернік,
і нават любы чалавек, кіруючыся належным намерам. Калі ж небяспека смерці не з’яўляецца непасрэднай, то сакрамэнт удзяляецца, наколькі гэта магчыма, вернікам і паводле карацейшага парадку, пададзенага ніжэй (№ 157-164). Пажадана, каб нават у гэтым выпадку сабралася невялікая супольнасць; альбо, наколькі гэта магчыма, хрост удзяляецца прынамсі ў прысутнасці аднаго ці двух сведкаў.

17.    Усе свецкія католікі, паколькі яны — члены святарскага народа, а асабліва бацькі і, з увагі на свае абавязкі, катэхеты, акушэркі і жанчыны, якія займаюцца дапамогаю сем’ям, сацыяльнымі праблемамі ці даглядам хворых, а таксама медыкі і хірургі павінны старацца ў меру сваіх здольнасцяў добра засвоіць правільны спосаб хросту ў надзвычайных выпадках. Іх павінны навучаць гэтаму пробашчы, дыяканы і катэхеты, а ў межах дыяцэзіі адпаведныя захады для іхняга навучання павінны прадугледзець біскупы.


ІІІ. Што неабходна для ўдзялення Хросту

18.     Вада для хросту павінна быць натуральнаю і чыстаю як для таго, каб паказаць сапраўднасць знаку, так і дзеля патрабаванняў гігіены.

19.     Хрысцільня ці чаша, у якой, паводле патрэбы, рыхтуецца вада для здзяйснення абраду ў прэзбітэрыі, павінна ззяць чысцінёю і прыгажосцю.

20.     Прадугледжваецца таксама, што, з увагі на мясцовыя ўмовы, вада, пры неабходнасці, можа падагравацца.

21.     За выключэннем выпадкаў неабходнасці, ні святар, ні дыякан не павінны хрысціць іншаю вадою, а толькі асвячанаю для гэтага. Калі асвячэнне адбылося ў Пасхальную вігілію, то асвячаная вада, наколькі гэта магчыма, захоўваецца і ўжываецца на працягу ўсяго Велікоднага перыяду для больш выразнага сцвярджэння сціслай еднасці гэтага сакрамэнту
з пасхальнай таямніцай. Пажадана, каб па-за Велікодным перыядам вада асвячалася пры кожным удзяленні хросту, каб у саміх словах асвячэння ясна выяўлялася таямніца збаўлення, якую ўшаноўвае і абвяшчае Касцёл. Калі хрысцільня зробленая так, што вада струменіць з яе, належыць асвяціць саму гэтую крыніцу.

22.    Нароўні можна ўжываць як абрад акунання, які больш дакладна азначае смерць і  змёртвыхпаўстанне Хрыста, так і абрад палівання вадою.

23.     Словы, якімі ў лацінскім Касцёле ўдзяляецца хрост, наступныя:
Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА.

24.    Для літургіі Божага слова рыхтуецца адпаведнае месца ў баптыстэрыі ці ў касцёле.

25.    Баптыстэрый, альбо месца, у якім струменіць крыніца з вадою для хросту, ці дзе гэтая вада захоўваецца, павінна быць прызначанае для хросту і ў поўнай меры годнае таго, каб хрысціяне адраджаліся там з вады і Духа Святога. Нягледзячы на тое, ці будзе яно ў пэўнай капліцы ўнутры касцёла альбо па-за ім, ці ў якойсьці частцы касцёла ў полі зроку вернікаў, яго належыць уладкаваць такім чынам, каб яно давала магчымасць для ўдзелу многіх вернікаў. Пасля заканчэння Велікоднага перыяду ў баптыстэрыі належыць
з пашанаю захоўваць пасхал і запальваць яго пры ўдзяленні хросту, каб ад яго можна было лёгка запальваць свечкі ахрышчаных.

26.     Пажадана, каб абрады пры ўдзяленні хросту, якія павінны адбывацца па-за баптыстэрыем, адбываліся ў розных месцах касцёла, якія лепей адпавядаюць колькасці прысутных і розным часткам літургіі хросту. Калі ж хрысцільная капліца не можа змясціць усіх катэхуменаў альбо ўсіх прысутных, то для тых частак хросту, якія звычайна адбываюцца ў баптыстэрыі, можна выбраць іншыя, больш адпаведныя, месцы ў касцёле.

27.     Наколькі гэта магчыма, хрост павінен удзяляцца ўсім нованароджаным разам, у адзін дзень. Але нельга без сур’ёзнай прычыны ў адзін дзень у тым самым касцёле ўдзяляць хрост больш за адзін раз.

28.    Пра час хросту як дарослых, так і дзяцей больш дакладна гаворыцца ў адпаведным месцы. Аднак удзяленне гэтага сакрамэнту павінна заўсёды выяўляць яго пасхальны характар.

29.     Пробашчы павінны дакладна і своечасова ўносіць у кнігу хросту імёны цэлебранта хросту, ахрышчаных, бацькоў і хросных, падаючы пры гэтым таксама месца і дзень удзялення хросту.


ІV. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА
КАНФЕРЭНЦЫЯМІ БІСКУПАЎ

30.     На падставе Канстытуцыі пра святую Літургію (арт. 63b), Канферэнцыі Біскупаў маюць права падрыхтаваць у мясцовых Рытуалах раздзел, які адпавядаў бы цяперашняму раздзелу Рымскага Рытуала, з дастасаваннем да патрэбаў асобных рэгіёнаў. Пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцаю, яго можна будзе ўжываць у тых рэгіёнах, для якіх ён прызначаны.
У гэтай справе Канферэнцыі Біскупаў павінны:
1) Вызначыць дастасаванні, пра якія гаворыцца ў арт. 39 Канстытуцыі пра святую Літургію.
2) Старанна і разважліва разгледзець, што з традыцый і характару кожнага асобнага народа было б карысна захаваць; а таксама прапанаваць Апостальскай Сталіцы іншыя дастасаванні, якія яны лічаць карыснымі ці неабходнымі, і якія з яе згоды могуць быць уведзеныя.
3) Калі ва ўжо існуючых мясцовых Рытуалах ёсць нейкія ўласныя элементы, яны могуць захаваць ці дастасаваць іх з той умовай, каб яны адпавядалі Канстытуцыі пра святую Літургію і надзённым патрэбам.
4) Рыхтаваць пераклады тэкстаў такім чынам, каб яны сапраўды адпавядалі характару розных моваў і культураў, і дадаваць, наколькі гэта будзе мэтазгодным, адпаведныя мелодыі для спеву.
5) Дастасоўваць і дапаўняць Уводзіны да Рымскага Рытуала такім чынам, каб цэлебранты цалкам разумелі значэнне абрадаў і належна іх здзяйснялі.
6) У выданнях літургічных кніг, якія рыхтуюцца намаганнямі Канферэнцый Біскупаў, укладаць матэрыял такім чынам, каб гэта найбольш адпавядала пастырскім патрэбам.

31.    Перадусім беручы пад увагу нормы, пададзеныя ў №№ 37-40 і 65 Канстытуцыі пра святую Літургію, на тэрыторыях місій Канферэнцыі Біскупаў маюць права вырашаць, ці могуць элементы ўтаямнічання, якія існуюць у некаторых народаў, быць дастасаванымі да абраду хрысціянскага хросту і ці могуць яны быць у яго ўключанымі.

32.     Там, дзе Рымскі Рытуал хросту падае некалькі формулаў на выбар, мясцовыя Рытуалы могуць дадаваць іншыя падобныя формулы.

33.    Ва ўдзяленні хросту вялікую дапаможную ролю адыгрывае спеў: і таму, што абуджае духоўную еднасць прысутных, і таму, што спрыяе супольнай малітве, і, нарэшце, таму, што выяўляе пасхальную радасць, якая павінна напаўняць абрад. Таму Канферэнцыі Біскупаў павінны заахвочваць вопытных музыкаў і дапамагаць ім у тым, каб яны аздаблялі літургічныя тэксты адпаведнымі мелодыямі.


V. ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ МОГУЦЬ УВОДЗІЦЦА
ЦЭЛЕБРАНТАМІ ХРОСТУ

34.     Пажадана, каб цэлебрант, беручы пад увагу абставіны, а таксама патрэбы і жаданні вернікаў, ахвотна выкарыстоўваў розныя магчымасці, якія даюцца яму ў абрадзе.
35.     Апрача тых дастасаванняў, якія прадугледжваюцца самім Рымскім Рытуалам у дыялогу і благаслаўленнях, цэлебрант можа, беручы пад увагу розныя абставіны, уводзіць іншыя, пра якія больш дакладна гаворыцца ва Уводзінах да хросту дарослых і да хросту дзяцей.

й 1   Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 14.
 2   Клс 1, 13; Рым 8, 15; Гал 4, 5; пар. Conc. Trid., Sess. VI, Decr. de iustificatione, cap. 4: Denz. 796 (1524).
 3   Пар. 1 Ян 3, 1.
 4   Пар. Conc. Vat. II, Decr. de activitate missionali Ecclesiae, Ad gentes, n. 36.
 5   Пар. Ян 6, 55.
 6   S. Augustinus, De Civitate Dei, X, 6: PL 41, 284; Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de         presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.
 7   Пар. Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28.
 8   Пар. там жа, n. 31.
 9   Пар. Ян 3, 5.
 10 Мц 28, 19.
 11 Пар. Эф 2, 22.
 12 Пар. 1 П 2, 9.
 13 Пар. Conc. Vat. II, Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 22.
 14 Пар. Эф 5, 26.
 15 Пар. 2 П 1, 4.
 16 Пар. Рым 8, 15; Гал 4, 5.
 17 Пар. Ціт 3, 5.
 18 Пар. Рым 6, 5.4.
 19 Пар. Эф 2, 5.6.
 19' Пар. C.I.C., cann. 873 et 874 § 1 et § 2.
 20 Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 32; Const. past. de Ecclesia in mundo huius                  temporis, Gaudium et spes, n. 29.
 21 Conc. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15.
 22 Conc. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 26.

 
Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі
Змест
я Уступ

Раздзел І. Значэнне і годнасць цэлебрацыі Эўхарыстыі

Раздзел II. Структура Імшы, яе элементы і часткі

Раздзел ІІI. Абавязкі і паслугі на Імшы

Раздзел IV. Розныя формы цэлебрацыі Імшы

Раздзел V. Уладкаванне і аздабленне касцёла для цэлебрацыі Эўхарыстыі

Раздзел VI. Рэчы, неабходныя для цэлебрацыі Імшы

Раздзел VII. Выбар Імшы і яе частак

Раздзел VIII. Розныя Імшы і малітвы (ad diversa), а таксама Імшы за памерлых

Раздзел IX. Дастасаванні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі біскупаў і канферэнцый біскупаў
 
Раздзел IX. Дастасаванні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі біскупаў і канферэнцый біскупаў
386.    Аднаўленне Рымскага Імшала, здзейсненае ў наш час на падставе дэкрэтаў Другога Сусветнага Ватыканскага Сабору, заўсёды было накіраванае на тое, каб усе вернікі маглі браць поўны, свядомы і чынны ўдзел у эўхарыстычнай цэлебрацыі, якога патрабуе сутнасць самой Літургіі і які з’яўляецца іх правам і абавязкам, што вынікае з самога іх паклікання147.
Але дзеля таго, каб цэлебрацыя паўней адпавядала нормам і духу святой Літургіі, у гэтых Уводзінах і ў Парадку Імшы прапануюцца некаторыя дадатковыя дастасаванні, якія могуць быць дазволеныя згодна з рашэннем альбо дыяцэзіяльнага біскупа, альбо Канферэнцый Біскупаў.

387.    Дыяцэзіяльны біскуп, які з’яўляецца галоўным святаром сваёй паствы, ад якога пэўным чынам паходзіць і залежыць жыццё ягоных вернікаў у Хрысце148, павінен падтрымліваць літургічнае жыццё, кіраваць ім і дбаць пра яго ў сваёй дыяцэзіі. У гэтых Уводзінах яму даручаецца кіраваць дысцыплінаю канцэлебрацыі (пар. №№ 202, 374), устанаўліваць нормы, якія датычаць абавязку прыслугоўвання святару пры алтары (пар. № 107), а таксама ўдзялення святой Камуніі ў дзвюх постацях (пар. № 283) і пабудовы і ўладкавання касцёльных будынкаў (пар. № 291). Але перш за ўсё яму належыць падтрымліваць дух святой Літургіі ў святарах, дыяканах і верніках.

388.    Дастасаванні, пра якія гаворыцца ніжэй і якія вымагаюць шырэйшай каардынацыі, павінны вызначацца, згодна з нормаю права, на Канферэнцыі Біскупаў.

389.    Перш за ўсё ў кампетэнцыю Канферэнцый Біскупаў уваходзіць падрыхтоўка і ўхваленне выдання на прынятых нацыянальных мовах гэтага Рымскага Імшала, каб пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай ён мог ужывацца ў тых краінах, для якіх ён падрыхтаваны149.
Рымскі Імшал на лацінскай мове ці ў адпаведным чынам зацверджаных нацыянальных перакладах павінен быць выдадзены без зменаў.

390.    Канферэнцыі Біскупаў павінны вызначыць дастасаванні і пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай уводзіць у сам Імшал тое, што ўказана ў гэтых Агульных уводзінах і ў Парадку Імшы, а менавіта:
— жэсты і паставы цела вернікаў (пар. вышэй № 43);
— жэсты ўшанавання алтара і Евангеліярыя (пар. вышэй № 273);
— тэксты спеваў на ўваход, на прыгатаванне дароў і на Камунію (пар. вышэй №№ 48, 74, 87);
— чытанні са Святога Пісання, якія бяруца ў асаблівых абставінах (пар. вышэй № 362);
— форму перадавання супакою (пар. вышэй № 82);
— спосаб прымання святой Камуніі (пар вышэй №№  160, 283);
— матэрыял алтара і літургічных прыналежнасцяў, асабліва літургічнага начыння, а таксама матэрыял, форму і колер літургічных шатаў (пар. вышэй №№ 301, 326, 329, 339, 342-346).
Дырэктывы ці пастырскія інструкцыі, якія Канферэнцыі Біскупаў палічаць карыснымі, пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай могуць быць уключаныя ў Рымскі Імшал у адпаведным месцы.

391.    Гэтыя ж Канферэнцыі павінны асабліва клапаціцца пра пераклады біблійных тэкстаў, якія ўжываюцца на цэлебрацыі Імшы. Бо са Святога Пісання чытаюцца чытанні, якія тлумачацца ў гаміліі, спяваюцца псальмы; яно натхняла і спрыяла з’яўленню малітваў (preces et orationes) і літургічных песняў, з яго ж выводзіцца значэнне дзеянняў і знакаў150.
Належыць карыстацца мовай, якая адпавядае разуменню вернікаў і прыдатная для публічнага абвяшчэння, але з захаваннем тых рысаў, якія ўласцівыя розным спосабам выказвання, ужытым у біблійных кнігах.

392.    Канферэнцыі Біскупаў таксама абавязаны настойліва дбаць пра падрыхтоўку перакладу іншых тэкстаў, каб, захоўваючы характэрныя адметнасці кожнай мовы, ён поўна і дакладна перадаваў сэнс першаснага лацінскага тэксту. Робячы гэтую справу, належыць зважаць на розныя віды тэкстаў, якія ўжываюцца на Імшы, такія, як малітвы кіраўніка, антыфоны, акламацыі, адказы, літанійныя просьбы і інш.
Трэба мець на ўвазе, што пераклад тэкстаў прызначаецца перш за ўсё не для разважання (медытацыі), а хутчэй для абвяшчэння ці спеву ў ходзе цэлебрацыі.
Павінна ўжывацца мова, адпаведная вернікам краіны, але ўзнёслая і літаратурная, пры гэтым заўсёды ёсць неабходнасць пэўнага катэхетычнага раскрыцця біблійнага і хрысціянскага сэнсу некаторых словаў і выразаў.
Лепей мець у краінах, якія карыстаюцца тою ж самаю моваю, наколькі гэта магчыма, адзін пераклад літургічных, а асабліва біблійных тэкстаў  і тэксту парадку Імшы151.

393.    З увагі на асаблівае месца, якое ў цэлебрацыі займае спеў, неабходная і інтэгральная частка літургіі152, Канферэнцыям Біскупаў належыць зацвердзіць адпаведныя мелодыі, асабліва для тэкстаў сталых частак Імшы, для адказаў і акламацый народа, а таксама для асобных абрадаў на працягу літургічнага года.
Яны таксама вырашаюць, якія музычныя формы, мелодыі і музычныя інструменты можна дазволіць у Божым кульце, а таксама наколькі яны прыдатныя і як могуць быць да яго дастасаваныя.

394.    Неабходна, каб кожная дыяцэзія мела свой каляндар і адпаведныя тэксты ўласных Імшаў. А Канферэнцыя Біскупаў, са свайго боку, складае ўласны каляндар краіны альбо, разам з іншымі Канферэнцыямі, каляндар для большай тэрыторыі, які зацвярджаецца Апостальскай Сталіцай153.
Пры выкананні гэтай справы перш за ўсё належыць захоўваць і клапаціцца пра нядзелю — дзень Панскі — як першапачатковы святочны дзень. Таму не пажадана аддаваць перавагу перад ёю іншым цэлебрацыям, калі толькі яны сапраўды не маюць найбольшай значнасці154. Трэба клапаціцца таксама, каб літургічны год, зацверджаны дэкрэтам Другога Ватыканскага Сабору, не зацяняўся другаснымі элементамі.
Пры складанні календара краіны неабходна вызначаць дні (пар. № 373) асаблівых малітваў  і квартальныя дні (dies Rogationum et Quattuor anni Temporum), а таксама фармуляры і тэксты для іх цэлебрацыі155; трэба мець на ўвазе і іншыя асаблівыя вызначэнні.
Належыць, каб пры выданні Імшала цэлебрацыі, якія з’яўляюцца ўласнымі для ўсёй краіны альбо шырэйшай тэрыторыі, былі змешчаныя разам з цэлебрацыямі агульнага календара, а ўласныя для вобласці ці дыяцэзіі павінны змяшчацца ў спецыяльным дадатку.

395.    Урэшце, калі для чыннага ўдзелу вернікаў і іхняй духоўнай  карысці патрэбныя змены і больш істотныя дастасаванні, каб святая цэлебрацыя адпавядала характару і традыцыям розных народаў, Канферэнцыі Біскупаў могуць на падставе арт. 40 Канстытуцыі пра святую Літургію прапанаваць іх Апостальскай Сталіцы для ўвядзення з яе згоды, асабліва для народаў, якім Евангелле было абвешчана не так даўно156. Неабходна старанна захоўваць асаблівыя нормы, якія падаюцца ў Інструкцыі «Пра рымскую Літургію і інкультурацыю»157.
У гэтай справе належыць захаваць наступны парадак:
Спачатку Апостальскай Сталіцы па частках выкладаецца папярэдняя прапанова, каб пасля атрымання неабходнага дазволу прыступіць да апрацавання паасобных дастасаванняў.
Пасля належнага зацвярджэння гэтых праектаў Апостальскай Сталіцай ва ўстаноўленыя тэрміны і ў вызначаных месцах праводзяцца апрабаванні. Калі ўсё адбываецца належным чынам, пасля заканчэння тэрміну апрабавання Канферэнцыя  Біскупаў дае дастасаванням далейшы ход і прапануе на разгляд Апостальскай Сталіцы канчатковае фармуляванне справы158.

396.    Але перш чым пераходзіць да новых, асабліва больш істотных, дастасаванняў, неабходна старанна клапаціцца пра тое, каб разважліва і адпаведным чынам спрыяць належнаму выхаванню духавенства і вернікаў, каб выкарыстоўваліся ўжо прадугледжаныя магчымасці і цалкам ужываліся пастырскія нормы, якія адпавядаюць духу цэлебрацыі.

397.    Неабходна таксама захоўваць прынцып, згодна з якім кожны партыкулярны Касцёл павінен быць у адпаведнасці з паўсюдным Касцёлам не толькі ў тым, што датычыць  веравучэння і сакрамэнтальных знакаў, але таксама і ў тым, што датычыць паўсюдна прынятых ад апостальскай і непарыўнай традыцыі звычаяў, якія неабходна захоўваць не толькі каб пазбегнуць памылак, але таксама дзеля таго, каб перадаць у непарушнасці веру, паколькі правіла малітвы (lex orandi) Касцёла адпавядае яго правілу веры (lex credendi)159.
Рымскі абрад уяўляе сабой значную  і адметную частку літургічнага скарбу і спадчыны каталіцкага Касцёла, багацці якой ідуць на карысць усяго Касцёла, а іх занядбанне прыносіць вялікую шкоду.
Гэты абрад на працягу стагоддзяў не толькі захаваў літургічныя звычаі, якія паходзяць з горада Рыма, але таксама істотным, арганічным і суладным чынам увабраў у сябе некаторыя іншыя, якія вынікалі са звычаяў і духу розных народаў і розных мясцовых Касцёлаў як Усходу, так і Захаду, набываючы такім чынам пэўны надрэгіянальны характар. У наш час ідэнтычнасць і унітарнае выражэнне гэтага абраду ўвасабляецца ва ўзорных выданнях (in editionibus typicis) літургічных кніг, апублікаваных з волі Найвышэйшага Пантыфіка, і ў адпаведных ім літургічных кнігах, прынятых для сваіх тэрыторый Канферэнцыямі Біскупаў і зацверджаных Апостальскай Сталіцай160.

398.    Пасля таго, як Другім Ватыканскім Саборам была ўстаноўлена норма, згодна з якой не дазваляюцца новаўвядзенні пры літургічным аднаўленні, калі толькі таго не вымагае сапраўдная і пэўная карысць Касцёла, і пасля таго, як  была прынятая засцярога, каб новыя формы арганічна паўставалі з ужо існуючых161, неабходна прымяркоўвацца да інкультурацыі самога Рымскага абраду, якая здзяйсняецца162. Апрача таго, інкультурацыі павінна адводзіцца дастатковая колькасць часу, каб у спешцы неабачліва не скажалася аўтэнтычная літургічная традыцыя.
Урэшце, правядзенне інкультурацыі зусім не накіравана на стварэнне новых абрадавых супольнасцяў, але на тое, каб улічыць патрэбы дадзенай культуры і толькі такім чынам, каб дастасаванні, уведзеныя ў Імшал ці змешчаныя ў іншых літургічных кнігах, не шкодзілі сапраўднаму духу рымскага абраду163.

399.    Такім чынам, Рымскі Імшал, хоць і на розных мовах і пры пэўнай рознасці звычаяў164, неабходна захоўваць і надалей як прыладу і выдатны знак цэласнасці і еднасці рымскага абраду165.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 14.
  2. Пар. там жа, n. 41.
  3. Пар. Codex Іuris Canonici, can. 838 § 3.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 24.
  5. Пар. там жа, n. 36 § 3.
  6. Пар. там жа, n. 112.
  7. Пар. Агульныя нормы літургічнага года і календара, nn. 48-51, ніжэй, с. ...; S. Congr. pro Cultu Divino, Instr. Calendaria particularia, diei 24 iunii 1970, nn. 4, 8: A.A.S. 62 (1970), pp. 652-653.
  8. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 106.
  9. Пар. Агульныя нормы літургічнага года і календара, n. 46, ніжэй, с. ...; S. Congr. pro Cultu Divino, Instr. Calendaria particularia, diei 24 iunii 1970, n. 38: A.A.S. 62 (1970), p. 660.
  10. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 37-40.
  11. Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 54, 62-69: A.A.S. 87 (1995) pp. 308-309, 311-313.
  12. Пар. там жа, nn. 66-68: A.A.S. 87 (1995) p. 313.
  13. Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 26-27: A.A.S. 87 (1995) pp. 298-299.
  14. Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Vicesimus quintus annus, diei 4 decembris 1988, n. 16: A.A.S. 81 (1989) p. 912; пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, nn. 2, 36: A.A.S. 87 (1990) pp. 288, 302.
  15. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 23.
  16. Пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, n. 46: A.A.S. 87 (1995) p. 306.
  17. Пар. там жа, n. 36: A.A.S. 87 (1995) p. 302.
  18. Пар. там жа, n. 54: A.A.S. 87 (1995) pp. 308-309.
  19. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38; Paulus VI, Const. Ap. Missale Romanum: вышэй.
 
Раздзел VIII. Розныя імшы і малітвы (ad diversa), а таксама імшы за памерлых
І. РОЗНЫЯ ІМШЫ І МАЛІТВЫ (AD DIVERSA)

368.    Паколькі літургія сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў чыніць, што Божая ласка, якая зыходзіць з пасхальнай таямніцы, асвячае амаль усе падзеі ў жыцці адпаведна настроеных вернікаў144, і паколькі Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт сакрамэнтаў, то Імшал падае ўзоры такіх Імшаў і малітваў, якія могуць ужывацца ў розных абставінах хрысціянскага жыцця, у патрэбах усяго свету, а таксама паўсюднага альбо мясцовага Касцёлаў.

369.    Беручы пад увагу больш шырокія магчымасці выбару чытанняў і малітваў, варта цэлебраваць розныя Імшы памяркоўна, гэта значыць тады, калі гэтага вымагаюць абставіны.

370.    Ва ўсіх розных Імшах, калі толькі выразна не прадугледжана іншага, можна ўжываць чытанні з будняў, а таксама пададзеныя для іх спевы, калі гэтыя спевы адпавядаюць цэлебрацыі.

371.    У гэтую катэгорыю Імшаў уваходзяць абрадавыя Імшы, Імшы ў розных патрэбах, альбо розныя, і ватыўныя Імшы.

372.    Абрадавыя Імшы спалучаюцца з цэлебрацыяй сакрамэнтаў альбо сакрамэнталіяў. Абрадавыя Імшы забароненыя ў нядзелі Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, ва ўрачыстасці, у дні актавы Пасхі, у дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, у Папяльцовую сераду і ў будні Вялікага тыдня. Апрача таго, павінны захоўвацца нормы, пададзеныя ў абрадавых кнігах альбо ў фармулярах саміх Імшаў.

373.    Імшы ў розных патрэбах альбо розныя ўжываюцца ў некаторых выпадках, што здараюцца час ад часу альбо паўтараюцца ў адпаведныя тэрміны. Кампетэнтныя ўлады могуць выбраць з гэтай катэгорыі Імшы, якія цэлебруюцца з нагоды спецыяльных просьбаў, прызначаных на працягу года Канферэнцыяй Біскупаў.

374.    Калі выявіцца нейкая важная патрэба ці таго будуць вымагаць пастырскія меркаванні, Імша, адпаведная гэтай патрэбе, можа цэлебравацца па даручэнні ці з дазволу дыяцэзіяльнага біскупа ва ўсе дні, за выключэннем урачыстасцяў, нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, дзён у актаве Пасхі, дня ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, Папяльцовай серады і будняў Вялікага тыдня.

375.    Ватыўныя Імшы пра таямніцы Пана, на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, Анёлаў альбо аднаго са святых ці ўсіх Святых могуць цэлебравацца дзеля пабожнасці вернікаў у будні звычайнага перыяду, нават калі прыпадае неабавязковы ўспамін. Аднак не могуць цэлебравацца як ватыўныя тыя Імшы, якія адносяцца да таямніцаў жыцця Пана ці Найсвяцейшай Панны Марыі, за выключэннем Імшы Яе Беззаганнага Зачацця, бо іх цэлебрацыя звязана з цыклам літургічнага года.

376.    У дні, на якія прыпадае абавязковы ўспамін альбо будзень Адвэнту да 16 снежня, перыяду Нараджэння Пана ад 2 студзеня і Велікоднага перыяду пасля актавы Пасхі, Імшы ў розных патрэбах і ватыўныя забараняюцца. Калі ж таго вымагае сапраўдная патрэба ці пастырская карысць, пры цэлебрацыі Імшы з народам можа ўжывацца фармуляр Імшы, які адпавядае гэтай патрэбе ці неабходнасці. Вырашае гэта рэктар Касцёла ці сам цэлебруючы святар.

377.    У будні звычайнага перыяду, на якія прыпадаюць неабавязковыя ўспаміны альбо афіцый з будня, можна цэлебраваць любую Імшу альбо ўжываць любую малітву з катэгорыі розных, але за выключэннем абрадавых Імшаў.

378.    У суботу асабліва рэкамендуецца ўспамін святой Марыі, бо ў Літургіі Касцёла перш за ўсё і пераважна перад усімі святымі аддаецца ўшанаванне Маці Адкупіцеля145.

ІІ. ІМШЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ

379.    Эўхарыстычную ахвяру Пасхі Хрыста Касцёл складае за памерлых дзеля таго, каб яна дапамагла ўсім членам Хрыста, якія яднаюцца між сабою; адным — прыносячы духоўную дапамогу, а іншым — даючы суцяшэнне надзеі.

380.    Сярод Імшаў за памерлых на першым месцы знаходзіцца пахавальная Імша, якая можа цэлебравацца ва ўсе дні, за выключэннем абавязковых урачыстасцяў, чацвярга Вялікага тыдня, Пасхальнага Трыдуума і нядзеляў Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, з захаваннем усяго, што неабходна захаваць згодна з нормамі права146.

381.    Імшу за памерлых пасля атрымання весткі пра смерць, пры канчатковым пахаванні памерлага альбо ў дзень першай гадавіны смерці можна цэлебраваць таксама ў дні актавы Нараджэння Пана, у дні, на якія прыпадае абавязковы ўспамін альбо ў будні, на якія не прыпадае Папяльцовая серада альбо будзень Вялікага тыдня.
Іншыя Імшы за памерлых, альбо «штодзённыя» Імшы можна цэлебраваць у будні звычайнага перыяду, на якія прыпадаюць неабавязковыя ўспаміны альбо афіцый з будня, галоўнае толькі, каб яны сапраўды ахвяраваліся за памерлых.

382.    На пахавальных Імшах звычайна прамаўляецца кароткая гамілія, якая ні ў якім разе не павінна мець характару пахвальнай жалобнай прамовы.

383.    Вернікаў, асабліва з сям’і памерлага, трэба заахвочваць, каб яны прынялі ўдзел у эўхарыстычнай ахвяры, якая складаецца за памерлага, таксама прымаючы святую Камунію.

384.    Калі пахавальная Імша непасрэдна спалучаецца з абрадам пахавання, пасля малітвы пасля Камуніі прапускаецца абрад заканчэння і адбываецца абрад апошняга даручэння альбо развітання; абрад гэты адбываецца толькі пры нябожчыку.

385.    Пры ўкладанні і выбары зменных частак Імшы за памерлых і асабліва пахавальнай Імшы (напр., малітваў, чытанняў, агульнай малітвы) трэба з пастырскіх меркаванняў браць пад увагу асобу памерлага, ягоную сям’ю і прысутных.
Пастыры павінны звяртаць асаблівую ўвагу на тых, хто ў сувязі з пахаваннем прысутнічае на цэлебрацыі літургіі альбо слухае Евангелле, — ці гэта будуць некатолікі ці такія католікі, якія ніколі альбо амаль ніколі не ўдзельнічаюць у Эўхарыстыі, альбо тыя, хто, як здаецца, страціў веру; бо святары — гэта слугі Евангелля Хрыста для ўсіх.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 61.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 54; Paulus VI, Adhort. Ap., Marialis cultus, diei 2 februarii 1974, n. 9: A.A.S. 66 (1974) pp. 122-123.
  3. Пар. асабліва Codex Iuris Canonici, can. 1176-1185; Rituale Romanum, Ordo Exsequiarum, editio typica 1969.
 
Раздзел VII. Выбар імшы і яе частак
352.    Пастырская дзейснасць літургіі безумоўна ўзрастае, калі тэксты чытанняў, малітваў і спеваў, наколькі гэта магчыма, адпавядаюць патрэбам, духоўнай падрыхтаванасці і здольнасцям удзельнікаў. Гэтага можна дасягнуць, належна выкарыстоўваючы шырокія магчымасці выбару, пададзеныя ніжэй.
Таму пры выбары тэкстаў Імшы святар павінен мець на ўвазе хутчэй духоўную карысць народа Божага, чым свае асабістыя схільнасці. Апрача таго, трэба памятаць, што выбар частак павінен рабіцца ў паразуменні з тымі, хто так ці інакш бярэ ўдзел у цэлебрацыі літургіі, ні ў якім выпадку не выключаючы вернікаў у тых пытаннях, якія датычаць непасрэдна іх.
Паколькі даецца шырокая магчымасць выбару розных частак Імшы, неабходна, каб дыякан, лектары, псальміст, кантар, каментатар і хор, кожны ў сваёй паслузе, яшчэ да пачатку цэлебрацыі дакладна ведалі, якія з прызначаных для іх тэкстаў будуць ужывацца. Непрадбачаных сітуацый не павінна быць. Гарманічнае ўпарадкаванне і выкананне абрадаў дапамагаюць скіраваць душы вернікаў да ўдзелу ў Эўхарыстыі.

І. ВЫБАР ІМШЫ

353.    Ва ўрачыстасці святар павінен прытрымлівацца календара касцёла, у якім ён цэлебруе.

354.    У нядзелі, у будні Адвэнту, перыяду Нараджэння Пана, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, у святы і абавязковыя ўспаміны:
а) калі Імша цэлебруецца з народам, святар прытрымліваецца календара касцёла, у якім цэлебруе;
б) калі Імша цэлебруецца з удзелам толькі аднаго прыслугоўваючага, святар можа выбраць альбо каляндар касцёла, альбо ўласны каляндар.

355.    У дні неабавязковых успамінаў:
а) У будні Адвэнту з 17 па 24  снежня, у дні актавы Нараджэння Пана і ў будні Вялікага посту, за выключэннем Папяльцовай серады і будняў Вялікага тыдня, святар цэлебруе  Імшу з бягучага літургічнага дня; калі ж у агульным календары на гэты дзень упісаны ўспамін, можна ўзяць з яго калекту, калі толькі на гэты дзень не прыпадаюць Папяльцовая серада ці будзень Вялікага тыдня. У будні Велікоднага перыяду згодна з нормамі ўспаміны святых можна цэлебраваць цалкам.
б) У будні Адвэнту да 17 снежня, у будні перыяду Нараджэння Пана ад 2 студзеня і ў будні Велікоднага перыяду можна выбраць альбо Імшу з будня, альбо Імшу пра святога ці пра аднаго са святых, успамін якога адзначаецца, альбо Імшу пра пэўнага святога, упісанага на гэты дзень у Мартыралог.
в) У будні звычайнага перыяду можна выбраць альбо Імшу з будня, альбо Імшу з неабавязковага ўспаміну, які прыпадае на гэты дзень, альбо Імшу пра пэўнага святога, упісанага на гэты дзень у Мартыралог, альбо Імшу ў розных патрэбах ці ватыўную.
Калі святар цэлебруе Імшу з народам, ён павінен дбаць пра тое, каб занадта часта і без паважнай прычыны не прапускаць чытанняў, якія прызначаныя ў лекцыянарыі для будняў, бо Касцёл жадае, каб стол Божага слова быў падрыхтаваны для вернікаў больш  багата141.
З гэтай жа прычыны ён павінен з памяркоўнасцю падыходзіць да цэлебрацыі Імшаў за памерлых, бо кожная Імша ахвяруецца як за жывых, так і за памерлых, і ў кожнай эўхарыстычнай малітве ўспамінаюцца памерлыя.
Там жа, дзе вернікам блізкія неабавязковыя ўспаміны Найсвяцейшай Панны Марыі альбо святых, належыць пайсці насустрач слушным патрэбам пабожнасці вернікаў.
Калі даецца магчымасць выбару паміж успамінам з агульнага календара і ўспамінам з дыяцэзіяльнага альбо законнага календара, згодна з традыцыяй пры іншых аднолькавых умовах аддаецца перавага партыкулярнаму ўспаміну.

ІІ. ВЫБАР ЧАСТАК ІМШЫ

356.    Пры выбары тэкстаў розных частак Імшы як з перыядаў літургічнага года, так і пра святых, належыць захоўваць наступныя нормы.

Чытанні

357.    На нядзелі і ўрачыстасці вызначаюцца тры чытанні, а менавіта: Прарока, Апостала і Евангелля, якія вядуць хрысціянскі народ да спасціжэння бесперапыннасці справы збаўлення згодна з дзівосным Божым планам. Прадпісаных чытанняў належыць дакладна прытрымлівацца. У Велікодны перыяд згодна з традыцыяй Касцёла замест чытання са Старога Запавету бярэцца чытанне з Дзеяў Апосталаў.
На святы прызначаюцца два чытанні. Але калі свята ў адпаведнасці з нормамі ўздымаецца да ўзроўню ўрачыстасці, дадаецца трэцяе чытанне, якое бярэцца з раздзелу чытанняў для агульных Імшаў.
Ва ўспаміны святых, калі няма ўласных, звычайна чытаюцца чытанні, прызначаныя для будняў. У некаторых выпадках прапануюцца прымеркаваныя чытанні, а менавіта тыя, якія асвятляюць асаблівы аспект духоўнага жыцця ці дзейнасці святога. Ужыванне гэтых чытанняў неабавязковае, калі толькі да гэтага не схіляюць пастырскія меркаванні.

358.    У лекцыянарыі для будняў падаюцца чытанні для асобных дзён кожнага тыдня на працягу ўсяго года; таму гэтыя чытанні бяруцца пераважна ў тыя дні, для якіх яны прызначаныя, калі толькі не прыпадае ўрачыстасць, свята альбо успамін, якія маюць уласныя чытанні з Новага Запавету, гэта значыць такія, дзе ўзгадваецца святы, які ўшаноўваецца ў цэлебрацыі.
Аднак калі часам паслядоўнае чытанне Святога Пісання перапыняецца на працягу тыдня якойсьці ўрачыстасцю, святам альбо асаблівай цэлебрацыяй літургіі, святар можа, маючы на ўвазе парадак чытанняў усяго тыдня, альбо далучыць прапушчаныя часткі да іншых, альбо вырашыць, якім тэкстам трэба аддаць перавагу.
На Імшах для асаблівых супольнасцяў святар можа выбраць з зацверджанага лекцыянарыя больш прыдатныя для такіх цэлебрацый тэксты.

359.    Апрача таго, спецыяльны выбар тэкстаў Святога Пісання даецца ў лекцыянарыі для абрадавых Імшаў, падчас якіх удзяляюцца сакрамэнты альбо сакрамэнталіі, а таксама для Імшаў, якія цэлебруюцца ў розных патрэбах.
Такія лекцыянарыі служаць для таго, каб праз адпаведна падабранае Божае слова, якое слухаюць вернікі, весці іх да больш поўнага спасціжэння таямніцы, у якой яны ўдзельнічаюць, і выхоўваць у іх больш  палымяную любоў да слова Божага.
Таму тэксты, якія чытаюцца на цэлебрацыі, трэба падбіраць, маючы на ўвазе як адпаведныя пастырскія меркаванні, так і магчымасць выбару, якая даецца ў гэтай справе.

360.    Часам даецца даўжэйшы і карацейшы варыянт таго ж самага тэксту. Пры выбары паміж гэтымі двума варыянтамі неабходна браць пад увагу пастырскі крытэрый. Трэба таксама мець на ўвазе здольнасць вернікаў з карысцю слухаць даўжэйшае альбо карацейшае чытанне; здольнасць успрымаць больш поўны тэкст, які будзе растлумачаны ў гаміліі142.

361.    Калі даецца магчымасць выбраць той ці іншы тэкст з ужо вызначаных альбо прапанаваных на выбар, неабходна браць пад увагу карысць удзельнікаў, а менавіта, у залежнасці ад таго, ці мова ідзе пра ўжыванне тэксту, які з’яўляецца лягчэйшым альбо больш падыходзіць для сабранай супольнасці, ці пра паўтарэнне альбо пропуск тэксту, які прызначаецца для якойсьці цэлебрацыі як уласны, а для іншай як той, што будзе ўжывацца на выбар, калі да таго схіляюць пастырскія меркаванні143.
Гэта можа адбывацца тады, калі той жа самы тэкст ізноў павінен чытацца ў найбліжэйшыя дні, напр., у нядзелю і ў наступны будні дзень, альбо калі ёсць небяспека, што дадзены тэкст выкліча тыя ці іншыя складанасці ў пэўнай супольнасці Хрыстовых вернікаў. Неабходна, аднак, асцерагацца, каб пры выбары тэкстаў Святога Пісання не выключаліся пастаянна некаторыя яго часткі.

362.    Апрача магчымасцяў выбару некаторых больш адпаведных тэкстаў, пра што была гаворка вышэй, Канферэнцыі Біскупаў маюць магчымасць у асаблівых абставінах вызначаць пэўныя дастасаванні, якія датычаць чытанняў, але з тою ўмоваю, што тэксты будуць брацца з лекцыянарыя, зацверджанага адпаведным чынам.

Малітвы (de orationibus)

363.    На кожнай Імшы, калі толькі няма іншых указанняў, прамаўляюцца малітвы, пададзеныя ў яе фармуляры.
На Імшах ва ўспаміны святых прамаўляецца ўласная калекта альбо, калі яе няма, калекта з адпаведнай агульнай Імшы, а малітвы над дарамі і пасля Камуніі, калі няма ўласных, можна ўзяць альбо з агульнай Імшы, альбо з будняў бягучага літургічнага перыяду.
У будні звычайнага перыяду апрача малітваў папярэдняй нядзелі можна браць альбо малітвы іншай нядзелі звычайнага перыяду, альбо адну з малітваў у розных патрэбах, пададзеную ў Імшале. Але заўсёды можна ўзяць з гэтых Імшаў толькі калекту.
Такім чынам, прапануецца большая колькасць тэкстаў, якія паўней задавальняюць малітоўныя патрэбы вернікаў.
У важнейшыя літургічныя перыяды такое дастасаванне ўжо прысутнічае ў малітвах, прызначаных у Імшале для паасобных будняў гэтых перыядаў.

Эўхарыстычная малітва

364.    Шматлікія прэфацыі, якімі ўзбагачаны Рымскі Імшал, маюць на мэце яскравей выяўляць падставы аддавання падзякі ў эўхарыстычнай малітве і паўней асвятляць розныя аспекты таямніцы збаўлення.

365.    Пры выбары эўхарыстычнай малітвы з тых, якія змешчаныя ў Парадку Імшы, кіруюцца наступнымі нормамі:
а) Першую эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон, якую можна ўжываць заўсёды, больш пажадана прамаўляць у дні, для якіх прадпісаныя ўласныя малітвы У еднасці і Пане, ласкава прымі, а таксама на цэлебрацыях апосталаў і святых, якія ўзгадваюцца ў самой малітве; прамаўляецца гэтая малітва і ў нядзелі, калі толькі з пастырскіх меркаванняў не аддаецца перавага Трэцяй эўхарыстычнай малітве.
б) Другую эўхарыстычную малітву, з-за яе асаблівых рысаў, лепш браць у будні тыдня альбо ў асаблівых абставінах. Хоць яна і мае ўласную прэфацыю, але можна ўжываць яе і з іншымі прэфацыямі, асабліва з тымі, якія сцісла прадстаўляюць таямніцу збаўлення, напр., з агульнымі прэфацыямі. Калі Імша цэлебруецца за памерлага, можа ўжывацца спецыяльная формула, змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта перад Памятай таксама.
в) Трэцюю эўхарыстычную малітву можна прамаўляць з любой прэфацыяй. Ёй варта аддаваць перавагу ў нядзелі і ў святы. Калі ж гэтая малітва выкарыстоўваецца ў Імшах за памерлых, можна ўжываць спецыяльную формулу за памерлага, якая змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта пасля словаў: О добры Ойча, ласкава з’яднай з сабою ўсіх рассеяных па свеце дзяцей Тваіх.
г) Чацвёртая эўхарыстычная малітва мае нязменную прэфацыю і больш поўна апісвае гісторыю збаўлення. Можна ўжыць яе, калі Імша не мае ўласнай прэфацыі, і ў нядзелі звычайнага перыяду. З-за будовы гэтай малітвы ў яе нельга ўводзіць спецыяльную формулу за памерлага.

Спевы

366.    Спевы, змешчаныя ў Парадку Імшы, напр., Баранку Божы, нельга замяняць іншымі спевамі.

367.    Пры выбары спеваў паміж чытаннямі і спеваў на ўваход, на прыгатаванне дароў і на Камунію неабходна захоўваць нормы, якія падаюцца ў адпаведных месцах (пар. №№ 40-41, 47-48, 61-64, 74, 86-88).
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 51.
  2. Missale Romanum, Ordo lectionum Missae, editio typica altera 1981, Praenotanda, n. 80.
  3. Там жа, n. 81.
 
Раздзел VI. Рэчы, неабходныя для цэлебрацыі імшы
І. ХЛЕБ І ВІНО ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ
ІІ. ПРА ЛІТУРГІЧНЫЯ  ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ НАОГУЛ
ІІІ. ЛІТУРГІЧНАЕ НАЧЫННЕ
ІV. ЛІТУРГІЧНЫЯ ШАТЫ
V. ІНШЫЯ РЭЧЫ, ПРЫЗНАЧАНЫЯ ДЛЯ ЎЖЫТКУ Ў КАСЦЁЛЕ

І. ХЛЕБ І ВІНО ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ

319.    Ідучы за прыкладам Хрыста, Касцёл заўсёды ўжываў для цэлебрацыі гасціны Пана хлеб і віно з вадою.

320.    Хлеб для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінен быць чыста пшанічным, свежаспечаным і, паводле старажытнай традыцыі лацінскага Касцёла, без закваскі.

321.    Значэнне знаку вымагае, каб рэчыва, якое ўжываецца для цэлебрацыі Эўхарыстыі, мела выгляд ежы. Таму эўхарыстычны хлеб, прыгатаваны без закваскі і ў традыцыйнай форме, павінен вырабляцца такім чынам, каб святар на Імшы, якая цэлебруецца з народам, мог сапраўды ламаць Гостыю на некалькі частак і ўдзяляць іх прынамсі некалькім вернікам. Не выключаюцца, аднак, і малыя гостыі, калі гэтага патрабуе колькасць прымаючых святую Камунію і іншыя пастырскія меркаванні. Жэст ламання хлеба, якім  азначалася Эўхарыстыя ў апостальскі час, больш яўна паказвае моц і важнасць знаку еднасці ўсіх у адным хлебе і знаку любові, бо адзін хлеб дзеліцца між братамі.

322.    Віно для цэлебрацыі Эўхарыстыі павінна быць з пладоў вінаграднай лазы (пар. Лк 22, 18), натуральнае і чыстае, г.зн., без дамешак іншых рэчываў.

323.    Неабходна старанна клапаціцца, каб хлеб і віно, прызначаныя для Эўхарыстыі, захоўваліся ў дасканалым стане, г.зн., належыць дбаць, каб віно не скісала, а хлеб не псаваўся і не чарсцвеў так, што яго цяжка будзе разламаць.

324.    Калі пасля кансэкрацыі альбо падчас прымання Камуніі святар заўважыць, што было ўлітае не віно, а вада, то, пераліўшы ваду ў іншае начынне, ён улівае ў келіх віно з вадою і кансэкруе яго, прамаўляючы словы, якія датычаць кансэкрацыі келіха, але ён не павінен зноў кансэкраваць хлеб.

ІІ. ПРА ЛІТУРГІЧНЫЯ  ПРЫНАЛЕЖНАСЦІ НАОГУЛ

325.    Як у будаванні касцёлаў, так і ў вырабе ўсіх літургічных прыналежнасцяў, Касцёл дапускае самабытнасць мастацтва кожнай краіны і прымае тое, што суладна духу і традыцыям асобных народаў, каб толькі ўсё гэта добра адпавядала прызначэнню літургічных прыналежнасцяў135.
І ў гэтай галіне трэба таксама прытрымлівацца той высакароднай прастаты, якая найлепш спалучаецца з сапраўдным мастацтвам.

326.    Для вырабу літургічных прыналежнасцяў апрача традыцыйна ўжываных могуць выкарыстоўвацца і тыя матэрыялы, якія згодна з сучаснымі поглядамі лічацца высакароднымі, а таксама з’яўляюцца трывалымі і добра стасуюцца да сакральнага ўжытку. Рашэнні ў гэтай справе для асобных краінаў прымае Канферэнцыя Біскупаў (пар. № 390).

ІІІ. ЛІТУРГІЧНАЕ НАЧЫННЕ

327.    Сярод рэчаў, якія патрэбныя для цэлебрацыі Імшы, у асаблівай пашане павінна быць літургічнае начынне, перадусім — келіх і патэна, у якіх ахвяруюцца, асвячаюцца і прымаюцца віно і хлеб.

328.    Літургічнае начынне належыць вырабляць з высакароднага металу. Калі ж яно зроблена з металу, які іржавее, альбо які з’яўляецца менш высакародным за золата, то яго трэба ўнутры пазалаціць.

329.    Па рашэнні Канферэнцыі Біскупаў, пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай літургічнае начынне можа вырабляцца таксама і з іншых трывалых і, паводле агульнага пераканання дадзенай краіны, высакародных матэрыялаў, напр., з чорнага дрэва альбо некаторых іншых больш цвёрдых пародаў дрэва, прыдатных для літургічнага ўжытку. У гэтым выпадку перавага заўсёды аддаецца матэрыялам, якія з цяжкасцю ламаюцца і не псуюцца. Гэта датычыць усяго начыння, якое прызначанае для ўтрымання гостый, як патэна, пушка (цыборыюм), тэка, манстранцыя і іншае, падобнае да гэтага.

330.    Што датычыць келіхаў і іншага начыння, прызначанага для ўтрымання Крыві Пана, то яны павінны мець чашу з такога матэрыялу, які не ўпітвае вадкасці. Ножка можа вырабляцца з іншых трывалых і годных матэрыялаў.

331.    Для асвячэння гостый можна ўжываць большую патэну, на якой кладзецца хлеб як для святара і дыякана, так і для іншых прыслугоўваючых і вернікаў.

332.    Што датычыць формы літургічнага начыння, то мастак можа вырабіць яго такім спосабам, які адпавядае звычаям дадзенага рэгіёну. Важна толькі, каб кожны прадмет з гэтага начыння быў прыдатным да літургічнага ўжытку, для якога ён прызначаны, і выразна адрозніваўся ад тых, якія прызначаюцца для штодзённага ўжытку.

333.    Што датычыць асвячэння літургічнага начыння, належыць захоўваць абрады, прадпісаныя ў літургічных кнігах136.

334.    Належыць захаваць звычай рабіць у сакрыстыі сакрарый, куды можна выліваць ваду ад абмывання літургічнага начыння і палатняных літургічных прыналежнасцяў (пар. № 280).

ІV. ЛІТУРГІЧНЫЯ ШАТЫ

335.    У Касцёле, які ёсць Целам Хрыста, не ўсе члены выконваюць аднолькавы абавязак. Гэтая рознасць абавязкаў у цэлебрацыі Эўхарыстыі выяўляецца знешне ў разнастайнасці літургічнага адзення. Таму адзенне павінна быць знакам уласнага абавязку кожнага прыслугоўваючага. Апрача таго, літургічнае адзенне павінна падкрэсліваць прыгажосць самога літургічнага дзеяння. Шаты, якія апранаюць святары і дыяканы, а таксама свецкія прыслугоўваючыя, перш чым прызначыць іх для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале137.

336.    Агульнай шатай для ўсіх пасвячаных і прызначаных служыцеляў розных ступеняў з’яўляецца альба, якая падпярэзваецца на бёдрах пасам, калі толькі яна не зробленая так, што прылягае да цела нават без паса. Калі ж альба добра не пакрывае звычайнае адзенне каля шыі, то перш, чым апрануць альбу, ускладаецца гумерал. Нельга замяняць альбу комжаю, нават паверх сутаны ці габіта, калі апранаецца арнат ці далматыка, альбо, згодна з нормамі, толькі стула без арнату ці далматыкі.

337.    Адзенне, уласцівае для святара, які цэлебруе Імшу альбо іншыя сакральныя дзеянні непасрэдна звязаныя з Імшою, — гэта арнат (casula seu planeta), які апранаецца на альбу і стулу, калі толькі не прадугледжана іншага.

338.    Адзенне, уласцівае для дыякана, — гэта далматыка, якая апранаецца на альбу і стулу; але далматыку можна не апранаць, калі яе няма, альбо калі цэлебрацыя мае менш урачысты характар.

339.    Акаліты, лектары і іншыя свецкія прыслугоўваючыя могуць апранаць альбу ці іншае адзенне, правамоцна зацверджанае Канферэнцыямі Біскупаў у асобных краінах (пар. № 390).

340.    Святар носіць стулу на шыі такім чынам, каб яна звісала на грудзі, а дыякан ускладае яе на левае плячо, працягвае наўскос праз грудзі да правага боку і там сашчэплівае.

341.    Плювіял, альбо капу, святар апранае, калі ідзе ў працэсіі ці калі ўдзельнічае ў іншых сакральных дзеяннях, згодна з прадпісаннямі для асобных абрадаў.

342.    Што датычыць формы сакральнага адзення, Канфэрэнцыі Біскупаў могуць акрэсліць і прадставіць Апостальскай Сталіцы тыя дапасаванні, якія адпавядаюць патрэбам і звычаям асобных краінаў138.

343.    Для вырабу літургічнага адзення, апрача традыцыйных матэрыялаў, могуць ужывацца натуральныя тканіны, уласцівыя для дадзенай краіны, а таксама некаторыя штучныя тканіны, якія адпавядаюць годнасці літургіі і асобы. Гэта павінна вырашаць Канферэнцыя Біскупаў139.

344.    Прыгажосць і годнасць любога адзення залежыць не ад  шматлікасці дадатковых аздобаў, а ад матэрыялу і формы гэтага адзення. Аздабленні павінны ўяўляць сабою выявы ці сімвалы, якія ўказваюць на яго сакральны ўжытак. Ад аздобаў, якія не адпавядаюць такому ўжытку, неабходна адмовіцца.

345.    Разнастайнасць колераў літургічнага адзення мае на мэце знешне выявіць значэнне цэлебраваных таямніцаў веры і сэнс развіцця хрысціянскага жыцця на працягу літургічнага года.

346.    Што датычыць колеру літургічнага адзення, тут належыць захоўваць традыцыйны падыход, а менавіта:
а) Белы колер выкарыстоўваецца ў афіцыі і ў Імшах Велікоднага перыяду і перыяду Нараджэння Пана; апрача таго, на цэлебрацыях Пана, якія не датычаць Ягонай Мукі; на цэлебрацыях Найсвяцейшай Панны Марыі; святых Анёлаў; святых, якія не былі мучанікамі; на ўрачыстасцях Усіх Святых (1 лістапада) і святога Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня); на святы Яна евангеліста (27 снежня); катэдры святога Пятра (22 лютага) і Навяртання святога Паўла (25 студзеня).
б) Чырвоны колер ужываецца ў нядзелю Мукі Пана, у пятніцу Вялікага тыдня, у нядзелю Спаслання Духа Святога, на цэлебрацыях Мукі Пана, у святы пераможнай смерці апосталаў і евангелістаў, на цэлебрацыях святых мучанікаў.
в) Зялёны колер ужываецца ў афіцыі і ў Імшах звычайнага перыяду.
г) Фіялетавы колер ужываецца ў перыяд Адвэнту і Вялікага посту. Яго выкарыстоўваюць таксама ў афіцыі і ў Імшах за памерлых.
д) Чорны колер можна выкарыстоўваць у Імшах за памерлых там, дзе існуе такі звычай.
е) Ружовы колер можа выкарыстоўвацца ў трэцюю нядзелю Адвэнту (dominica Gaudete)  і чацвёртую нядзелю Вялікага посту (dominica Laetare)  там, дзе існуе такі звычай.
ж) У больш урачыстыя дні можна ўжываць святочнае альбо больш годнае літургічнае адзенне, нават калі яно не адпавядае колеру дня.
Канферэнцыі Біскупаў могуць вызначаць і прадстаўляць Апостальскай Сталіцы дапасаванні адносна літургічных колераў, якія адпавядаюць патрэбам і характару народаў.

347.    Абрадавыя Імшы цэлебруюцца ў літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо белага ці ў святочных шатах; Імшы ў розных патрэбах — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для дня ці перыяду, альбо ў фіялетавым, калі яны маюць характар пакаяння, напр. №№ 31, 33, 38; ватыўныя Імшы — у літургічным адзенні таго колеру, які вызначаны для гэтай Імшы, альбо для дня ці літургічнага перыяду.

V. ІНШЫЯ РЭЧЫ,
ПРЫЗНАЧАНЫЯ ДЛЯ ЎЖЫТКУ Ў КАСЦЁЛЕ

348.    Апрача літургічнага начыння і шатаў, якія павінны вырабляцца з адмысловага матэрыялу, іншыя прыналежнасці, прызначаныя для літургічнага ўжытку140 альбо для іншых патрэбаў у касцёле, павінны быць годныя і адпавядаць мэце, для якой яны прызначаныя.

349.    Асаблівым чынам трэба клапаціцца пра тое, каб літургічныя кнігі, перадусім Евангеліярый і Лекцыянарый, якія прызначаныя для абвяшчэння Божага слова і таму асаблівым чынам шануюцца, сапраўды былі ў літургічным дзеянні знакамі і сімваламі вышэйшых рэчаў і таму сапраўды годнымі, аздобленымі і прыгожымі.

350.    Апрача таго з усёй пільнасцю трэба клапаціцца пра тыя рэчы,  якія непасрэдна звязаныя з алтаром і эўхарыстычнай цэлебрацыяй, як напр., алтарны крыж і працэсійны крыж.

351.    Неабходна заўсёды імкнуцца да таго, каб і менш важныя рэчы адпавядалі патрабаванням мастацтва, а высакародная прастата заўсёды спалучалася з чысцінёю.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 128.
  2. Пар. Pontificale Romanum, Ordo Dedicationis ecclesiae et altaris, editio typica 1977, Ordo benedictionis calicis et patenae; Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis rerum quae in liturgicis celebrationibus usurpantur, nn. 1068-1084.
  3. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis rerum quae in liturgicis celebrationibus usurpantur, n. 1070.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 128.
  5. Пар. там жа.
  6. Што датычыць асвячэння рэчаў, прызначаных для літургічнага ўжытку ў касцёлах, пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, pars III.
 
Раздзел V. Уладкаванне і аздабленне касцёла для цэлебрацыі Эўхарыстыі
І. АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ
ІІ. УЛАДКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРЫЯ ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ
III. УЛАДКАВАННЕ КАСЦЁЛА

І. АГУЛЬНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ

288.    Для цэлебрацыі Эўхарыстыі народ Божы збіраецца, як правіла, у касцёле альбо, калі яго няма ці ён недастаткова вялікі, у іншым адпаведным месцы, якое аднак вартае такой вялікай таямніцы. Касцёлы альбо іншыя месцы павінны быць прыдатнымі для цэлебрацыі літургічных дзеянняў, а таксама забяспечваць чынны ўдзел у іх вернікаў. Святыні і рэчы, якія прызначаны для Божага культу, павінны быць сапраўды годнымі і гожымі і з’яўляцца знакамі і сімваламі вышэйшай сутнасці108.

289.    Таму Касцёл заўсёды мае патрэбу ў высакароднай дапамозе мастацтва, дапускаючы мастацкія формы ўсіх народаў і краінаў109. Больш таго, ён не толькі імкнецца захаваць творы і скарбы мастацтва мінулых стагоддзяў110 і дастасаваць іх, наколькі гэта неабходна, да новых абставінаў, але таксама стараецца паспрыяць з’яўленню новых твораў, сугучных духу кожнага часу111.
Таму ў заахвочванні мастакоў і ў адборы твораў, дапушчальных у касцёле, патрэбна шукаць сапраўдныя мастацкія каштоўнасці, якія жывяць веру і пабожнасць, а таксама адпавядаюць праўдзе, якую яны выражаюць, і мэце, для якой яны прызначаны112.

290.    Усе касцёлы павінны пасвячацца альбо прынамсі благаслаўляцца. Катэдральныя і парафіяльныя касцёлы павінны пасвячацца ўрачыста.

291.    Па пытаннях належнага ўзвядзення сакральных будынкаў, іх аднаўлення і ўладкавання ўсе, хто мае да гэтага дачыненне, павінны кансультавацца з дыяцэзіяльнай Камісіяй па святой Літургіі і справах сакральнага мастацтва. Дыяцэзіяльны біскуп павінен карыстацца парадамі і дапамогаю гэтай жа камісіі, калі гаворка ідзе пра ўсталяванне нормаў у гэтай галіне альбо пры зацвярджэнні праектаў новых пабудоваў, а таксама пры вырашэнні некаторых іншых важных пытанняў113.

292.    У аздабленні касцёла трэба імкнуцца да высакароднай прастаты, пазбягаючы раскошы. У адборы элементаў аздаблення трэба дбаць пра праўдзівасць рэчаў, а таксама імкнуцца да таго, каб гэтае аздабленне спрыяла выхаванню вернікаў і адпавядала годнасці ўсяго сакральнага месца.

293.    Адпаведнае ўладкаванне касцёла і прылеглых да яго памяшканняў павінна адпавядаць патрэбам сучаснасці. Таму трэба клапаціцца не толькі пра тое, што непасрэдна датычыць цэлебрацыі святых дзеянняў, але таксама забяспечыць выгоды для вернікаў, якія звычайна прадугледжваюцца ў месцах, дзе пастаянна збіраюцца людзі.

294.    Народ Божы, які збіраецца на Імшу, мае арганічную і іерархічную структуру, якая выяўляецца праз розныя абавязкі і дзеянні ў асобных частках цэлебрацыі. Таму агульнае ўладкаванне сакральнай пабудовы павінна быць такім, каб паказваць як бы вобраз сабранай супольнасці, а таксама забяспечваць захаванне належнага парадку і спрыяць адпаведнаму выкананню абавязкаў кожнага.
Вернікі і гурт спевакоў (schola cantorum) займаюць месца, якое робіць больш зручным іх чынны ўдзел у літургіі114.
Цэлебруючы святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя займаюць месца ў прэзбітэрыі. Там жа падрыхтоўваюцца месцы для канцэлебрантаў, а калі іх шмат, месцы для іх адводзяцца ў іншай частцы касцёла, але паблізу ад алтара.
Усё гэта хоць і павінна выражаць іерархічнае ўпарадкаванне і разнастайнасць абавязкаў, мусіць таксама ўтвараць глыбокую і арганічную еднасць, у якой яскрава выяўляецца адзінства ўсяго святога люду. Характар і прыгажосць месца і ўсё аздабленне павінны спрыяць пабожнасці і выяўляць святасць таямніцаў, якія цэлебруюцца.

ІІ. УЛАДКАВАННЕ ПРЭЗБІТЭРЫЯ ДЛЯ ЦЭЛЕБРАЦЫІ ЭЎХАРЫСТЫІ

295.    Прэзбітэрый — гэта месца, дзе знаходзіцца алтар, дзе абвяшчаецца слова Божае, а святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя выконваюць свой абавязак. Прэзбітэрый павінен быць аддзелены ад асноўнай часткі касцёла пэўным узвышэннем альбо асаблівай формай і аздабленнем. Ён павінен быць такой велічыні, каб нішто не перашкаджала праводзіць і бачыць цэлебрацыю Эўхарыстыі115.

Алтар і яго аздабленне

296.    Алтар, на якім у сакрамэнтальных знаках здзяйсняецца ахвяра крыжа, — гэта таксама стол Панскі, да якога запрашаецца на Імшы народ Божы. Алтар — гэта таксама асяродак складання падзякі, якое здзяйсняецца праз Эўхарыстыю.

297.    Цэлебрацыя Эўхарыстыі ў сакральным месцы павінна праводзіцца на алтары, а па-за сакральным месцам яна можа праводзіцца таксама на адпаведным стале, але заўсёды засланым абрусам і карпаралам, з крыжом і свечкамі.

298.    Пажадана, каб у кожным касцёле быў умацаваны алтар, які больш яскрава і трывала азначае Езуса Хрыста, жывы Камень (1 П 2, 4; пар. Эф 2, 20). У іншых месцах, прызначаных для літургічных цэлебрацый, алтар можа быць рухомы.
Умацаваным алтаром называецца алтар, які збудаваны так, што ён злучаецца з падлогаю і таму не можа быць перасунуты, а рухомы можна пераносіць.

299.    Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма. Алтар павінен займаць такое месца, каб ён сапраўды з’яўляўся цэнтрам, да якога сама сабою скіроўваецца ўвага ўсёй супольнасці вернікаў116. Звычайна ён павінен быць умацаваным і пасвячаным.

300.    Як умацаваны, так і рухомы алтар пасвячаецца паводле абраду, апісанага ў Рымскім Пантыфікале, пры гэтым рухомы алтар можа толькі благаслаўляцца.

301.    Згодна з традыцыйным звычаем Касцёла і ў адпаведнасці са сваім значэннем менса (стальніца) ўмацаванага алтара павінна быць каменнай і да таго ж зробленай з натуральнага каменя. Але са згоды Канферэнцыі Біскупаў можна ўжыць і іншыя годныя, трывалыя і па-мастацку апрацаваныя матэрыялы. Слупы альбо аснова, якія падтрымліваюць менсу, могуць вырабляцца з любога годнага і трывалага матэрыялу.
Рухомы алтар можа быць зроблены з любых высакародных і трывалых матэрыялаў, якія згодна з традыцыямі і звычаямі розных народаў з’яўляюцца прыдатнымі для літургічнага ўжытку.

302.    Пажадана захоўваць звычай змяшчэння пад пасвячаным алтаром рэліквій святых, нават калі яны не былі мучанікамі. Неабходна толькі паклапаціцца пра дакладнае ўстанаўленне сапраўднасці гэтых рэліквій.

303.    Будуючы новыя касцёлы, лепей усталёўваць у іх адзін алтар, які ў супольнасці вернікаў павінен азначаць аднаго Хрыста і адну Эўхарыстыю Касцёла.
Ва ўжо збудаваных касцёлах, калі стары алтар размешчаны так, што стварае цяжкасці для ўдзелу народа і не можа быць перанесены без шкоды для яго мастацкай каштоўнасці, неабходна паставіць другі ўмацаваны алтар, зроблены па-мастацку і належным чынам пасвячаны, і ўсе літургічныя цэлебрацыі здзяйсняць толькі на ім. Дзеля таго, каб увага вернікаў не адцягвалася ад новага алтара, стары алтар не трэба асаблівым чынам упрыгожваць.

304.    Дзеля пашаны да цэлебрацыі ўспаміну Пана і да гасціны, на якой удзяляецца Цела і Кроў Хрыста, на алтары, дзе адбываецца цэлебрацыя, засцілаецца прынамсі адзін абрус белага колеру, які формаю, памерамі і аздабленнем павінен адпавядаць выгляду самога алтара.

305.    У аздабленні алтара належыць захоўваць памяркоўнасць.
У перыяд Адвэнту алтар можна ўпрыгожыць кветкамі з той умеркаванасцю, якая адпавядае характару гэтага часу, што прадвяшчае поўную радасць Нараджэння Пана. У перыяд Вялікага посту забараняецца ўпрыгожваць алтар кветкамі. Выключэнне робіцца для чацвёртай нядзелі Вялікага посту (dominica Laetare), урачыстасцяў і святаў.
Аздабленне кветкамі заўсёды павінна быць стрыманым, і лепш размяшчаць іх не на алтары, а вакол яго.

306     На менсе алтара можа знаходзіцца толькі тое, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы, а менавіта: Евангеліярый ад пачатку цэлебрацыі да абвяшчэння Евангелля; а ад прыгатавання дароў і да ачышчэння начыння — келіх з патэнаю, пушка, калі яна патрэбная, і, нарэшце, карпарал, пурыфікатар, палла і імшал.
Апрача таго, асобна ставяцца прыстасаванні, якія могуць быць неабходнымі для ўзмацнення голасу святара.

307.    Падсвечнікі, якія патрабуюцца для некаторых літургічных дзеянняў дзеля іх ушанавання і ўрачыстага характару (пар. № 117), ставяцца альбо на алтар, альбо каля яго, беручы пад увагу структуру алтара і прэзбітэрыя, так, каб усё было суладна і зручна размешчана і не перашкаджала вернікам добра бачыць тое, што адбываецца на алтары альбо складаецца на ім.

308.    Таксама на алтары альбо побач з ім павінен быць крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста, добра бачны для сабранага народа. Пажадана, каб такі крыж заставаўся побач з алтаром таксама і па-за літургічнымі цэлебрацыямі, каб нагадваць вернікам пра збаўчую муку Пана.

Амбона

309.    Годнасць слова Божага патрабуе, каб у касцёле было адпаведнае месца, з якога б яно абвяшчалася і да якога падчас літургіі слова сама сабою скіроўвалася ўвага вернікаў117.
Пажадана, каб гэта, як правіла, была сталая амбона, а не проста пераносны пульт. Якой бы ні была будова касцёла, амбона павінна быць размешчаная такім чынам, каб вернікі маглі добра бачыць і чуць духоўных служыцеляў і лектараў.
З амбоны выключна чытаюцца чытанні, прамаўляюцца рэспансарыйны псальм і велікоднае пасланне, а таксама могуць прамаўляцца гамілія і інтэнцыі агульнай малітвы. Годнасць амбоны вымагае, каб на яе ўзыходзіў толькі служыцель слова.
Новую амбону, перш чым прызначыць яе для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале118.

Месца для цэлебруючага святара і іншыя месцы

310.    Месца святара, які цэлебруе Імшу, павінна выяўляць ягоны абавязак кіравання супольнасцю і малітваю. Таму найбольш адпаведным для яго будзе месца, скіраванае да народа на ўзвышэнні прэзбітэрыя, калі толькі гэтаму не перашкаджаюць будова святыні альбо іншыя абставіны, напрыклад, калі з-за вялікай адлегласці ўскладняецца паразуменне паміж святаром і сабранай супольнасцю, альбо калі табэрнакулюм змяшчаецца па цэнтры за алтаром. Але належыць пазбягаць усялякага падабенства святарскага месца да трону119. Месца святара, перш чым прызначыць яго для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале120.
У прэзбітэрыі таксама размяшчаюцца месцы для канцэлебруючых святароў і для святароў, апранутых у харальныя шаты, якія прысутнічаюць на цэлебрацыі, нават калі яны не канцэлебруюць.
Месца дыякана размяшчаецца побач з месцам святара. Месцы для іншых прыслугоўваючых размяшчаюцца такім чынам, каб яны былі выразна адасобленыя ад месцаў для духавенства, і каб самі прыслугоўваючыя маглі без перашкодаў выконваць давераны ім абавязак121.

III. УЛАДКАВАННЕ КАСЦЁЛА
Месцы для вернікаў

311.    Вызначаючы месцы для вернікаў, неабходна паклапаціцца, каб вернікі добра маглі бачыць святыя абрады і духоўна ў іх удзельнічаць. Мэтазгодна, каб для іх ставіліся лаўкі ці сядзенні. Звычай рэзервавання месцаў для некаторых прыватных асобаў павінен быць скасаваны122. Лаўкі ці сядзенні, асабліва ў новазбудаваных касцёлах, трэба размяшчаць такім чынам, каб вернікі маглі лёгка прымаць паставы цела, адпаведныя розным часткам Літургіі і свабодна падыходзіць, каб прыняць святую Камунію.
Неабходна дбаць пра тое, каб вернікі маглі не толькі бачыць святара альбо дыякана і лектараў, але таксама добра іх чуць, для чаго ўжываюцца сучасныя тэхнічныя сродкі.

Месца для гурту спевакоў (schola cantorum) і музычных інструментаў

312.    Беручы пад увагу ўнутраную будову касцёла, гурт спевакоў трэба размясціць так, каб падкрэсліць яго значэнне, а менавіта тое, што ён з’яўляецца часткаю сабранай супольнасці і выконвае адмысловы абавязак. Дзякуючы правільнаму размяшчэнню, гурту спевакоў лягчэй выконваць гэты абавязак, а кожнаму спеваку будзе прадстаўлена магчымасць поўнага, г.зн., сакрамэнтальнага  ўдзелу ў Імшы123.

313.    Арганы і іншыя музычныя інструменты, зацверджаныя для выкарыстання ў касцёле, патрэбна змясціць у адпаведным месцы, каб яны маглі дапамагаць хору і народу ў спеве, а таксама, каб іх добра чулі, калі яны гучаць без спеву. Арганы, перш чым прызначыць іх для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале124.
У перыяд Адвэнту арганы і іншыя музычныя інструменты трэба ўжываць з той умеркаванасцю, якая адпавядае характару гэтага часу, што прадвяшчае поўную радасць Нараджэння Пана.
У перыяд Вялікага посту гучанне арганаў і іншых музычных інструментаў дапушчальнае толькі для падтрымання спеву. Але выключэнне робіцца для чацвёртай нядзелі Вялікага посту (dominica Laetare), урачыстасцяў і святаў.

Месца захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі

314.    У залежнасці ад будовы кожнага касцёла і згодна з прынятымі мясцовымі звычаямі, Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы125.
Звычайна табэрнакулюм павінен быць адзін і нерухомы, зроблены з моцнага, трывалага і непразрыстага матэрыялу, і зачыняцца так, каб у максімальнай меры пазбегнуць небяспекі прафанацыі126. Яго, перш чым прызначыць для літургічнага ўжытку, належыць асвяціць паводле абраду, апісанага ў Рымскім Рытуале127.

315.    З увагі на важнасць знаку не варта, каб на алтары, на якім цэлебруецца Імша, быў табэрнакулюм, дзе захоўваецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя128.
Таму лепей змяшчаць табэрнакулюм, па рашэнні дыяцэзіяльнага біскупа:
а) альбо ў прэзбітэрыі, па-за алтаром для цэлебрацыі, выбіраючы для яго больш прыдатную форму і месца; не выключаны стары алтар, які больш не ўжываецца для цэлебрацыі (пар. № 303);
б) альбо ў прыдатнай для асабістай адарацыі і малітвы верных капліцы129, якая арганічна злучаецца  з касцёлам і добра бачная вернікам.

316.    Згодна з традыцыйным звычаем, каля табэрнакулюма павінна заўсёды гарэць адмысловая лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста130.

317.    Нельга забывацца таксама і пра ўсе іншыя прадпісанні нормаў права адносна захоўвання Найсвяцейшай Эўхарыстыі131.

Святыя выявы

318.    Касцёл удзельнічае ў зямной Літургіі, прадчуваючы Літургію нябесную, якая адбываецца ў святым горадзе Ерузалеме, куды ён, пілігрымуючы, кіруецца і дзе Хрыстус сядзіць праваруч Айца. Ушаноўваючы памяць святых, Касцёл спадзяецца, што і сам будзе мець удзел у іх супольнасці132.
Таму, згодна з найстаражытнейшай традыцыяй Касцёла, у сакральных будынках выстаўляюцца для ўшанавання вернікамі выявы Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі і святых133, якія размяшчаюцца ў сакральным будынку такім чынам, каб весці вернікаў да таямніцаў веры, якія там здзяйсняюцца. Аднак трэба пазбягаць неапраўданага павелічэння колькасці выяваў, а размяшчаць іх трэба ў належным парадку такім чынам, каб яны не адцягвалі ўвагу вернікаў ад самога літургічнага дзеяння134. Як правіла, не павінна быць больш за адну выяву аднаго і таго ж святога. Увогуле, у тым, што датычыць выкарыстання выяваў у аздабленні і ўладкаванні касцёла, трэба клапаціцца, каб яны былі гожымі і годнымі, а таксама каб адпавядалі пабожнасці ўсёй супольнасці вернікаў.
q
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 122-124; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 90: A.A.S. 56 (1964) p. 897; Instr. Encharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554; Codex Iuris Canonici, can. 932 § 1.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 123.
  3. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 123, 129; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 13c: A.A.S. 56 (1964) p. 880.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 123.
  6. Пар. там жа, n. 126; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  7. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, nn. 97-98: A.A.S. 56 (1964) p. 899.
  8. Пар. там жа, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  9. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  10. Пар. там жа, n. 96: A.A.S. 56 (1964) p. 899.
  11. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novum ambonem, nn. 900-918.
  12. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 92: A.A.S. 56 (1964J) p. 898.
  13. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novam cathedram seu sedem praesidentiae, nn. 880-899.
  14. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 92: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  15. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 32.
  16. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 23: A.A.S. 59 (1967) p. 307.
  17. Пар. Rituale Romanum, De benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis organi, nn. 1052-1067.
  18. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 54: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 95: A.A.S. 56 (1964) p. 898.
  19. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 52: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 95: A.A.S. 56 (1964) p. 898; S. Congr. de Sacramentis, Instr. Nullo umquam tempore, diei 28 maii 1938, n. 4: A.A.S. 30 (1938) pp. 199-200; Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, nn. 10-11, Codex Iuris Canonici, can. 938 § 3.
  20. Пар. Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo benedictionis occasione data auspicandi novum tabernaculum eucharisticum, nn. 919-929.
  21. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 55: A.A.S. 59 (1967) p. 569.
  22. Там жа, n. 53: A.A.S. 59 (1967) p. 568; Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, n. 9; Codex Iuris Canonici, can. 938 § 2; Ioannes Paulus II, Epist. Dominicae Cenae, diei 24 februarii 1980, n. 3: A.A.S. 72 (1980) pp. 117-119.
  23. Пар. Codex Iuris Canonici, can. 940; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 57: A.A.S. 59 (1967) p. 569; пар. Rituale Romanum, De sacra Communione et de cultu mysterii eucharistici extra Missam, editio typica 1973, n. 11.
  24. Пар. асабліва S. Congr. de Sacramentis, Instr. Nullo umquam tempore, diei 28 maii 1938: A.A.S. 30 (1938) pp. 198-207; Codex Iuris Canonici, can. 934-944.
  25. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 8.
  26. Пар. Pontificale Romanum, Ordo Dedicationis ecclesiae et altaris, editio typica 1977, cap. IV, n. 10; Rituale Romanum, De Benedictionibus, editio typica 1984, Ordo ad benedicendas imagines quae fidelium venerationi publicae exhibentur, nn. 984-1031.
  27. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Lturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 125.
 
Раздзел IV. Розныя формы цэлебрацыі імшы
І. ІМША З НАРОДАМ
ІІ. КАНЦЭЛЕБРАВАНАЯ ІМША
ІІІ. ІМША, У ЯКОЙ УДЗЕЛЬНІЧАЕ ТОЛЬКІ АДЗІН ПРЫСЛУГОЎВАЮЧЫ
ІV. НЕКАТОРЫЯ АГУЛЬНЫЯ НОРМЫ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЬ УСІХ ФОРМАЎ ІМШЫ

112.    У мясцовым Касцёле першае месца з увагі на яе значэнне трэба адвесці Імшы, якую ўзначальвае біскуп у атачэнні сваіх прэзбітэраў, дыяканаў і свецкіх прыслугоўваючых91 і ў якой святы народ Божы бярэ поўны і чынны ўдзел, бо ў гэтым бачна асаблівае праяўленне Касцёла.
На Імшы, якую цэлебруе біскуп, альбо якую ён узначальвае, але не цэлебруе, неабходна захоўваць нормы, пададзеныя ў Біскупскім Цырыманіяле92.

113.    Таксама вялікае значэнне мае Імша, якая цэлебруецца з удзелам пэўнай супольнасці, асабліва парафіяльнай, бо яна прадстаўляе паўсюдны Касцёл у акрэсленым часе і месцы, і асабліва на супольнай цэлебрацыі ў нядзелю93.

114.    Сярод Імшаў, якія цэлебруюцца пэўнымі супольнасцямі, асобнае месца займае канвентуальная Імша, якая з’яўляецца часткаю штодзённага афіцыя, альбо Імша пад назваю «Імша супольнасці». І хаця для гэтых Імшаў не прадугледжана спецыяльнай формы цэлебрацыі, але вельмі пажадана, каб яны былі спяванымі, і асабліва важна, каб у іх бралі поўны ўдзел усе члены супольнасці, ці то законнікі, ці то канонікі. На гэтых Імшах асобныя члены супольнасці выконваюць свае функцыі ў адпаведнасці з прынятым пасвячэннем альбо паслугаю. Таму пажадана, каб гэтую Імшу, наколькі гэта магчыма, канцэлебравалі ўсе святары, якія з душпастырскіх меркаванняў не абавязаны цэлебраваць індывідуальна. Больш таго, усе святары, якія належаць да гэтай супольнасці і абавязаныя з душпастырскіх меркаванняў дзеля дабра верных цэлебраваць індывідуальна, могуць у той жа самы дзень таксама канцэлебраваць канвентуальную Імшу альбо «Імшу супольнасці»94. Пажадана, каб святары, якія прысутнічаюць на эўхарыстычнай цэлебрацыі, згодна са звычаем, выконвалі абавязак, уласцівы для іхняга стану, а гэта значыць, у літургічных шатах бралі ўдзел у Імшы як канцэлебранты, калі толькі гэтаму не перашкаджае слушная прычына. Пры гэтым яны могуць быць таксама апранутыя ў адпаведныя харальныя шаты альбо ў комжу паверх сутаны ці габіта.

І. ІМША З НАРОДАМ

115.     Паняцце «Імша з народам» азначае Імшу, якая цэлебруецца з удзелам верных. Асабліва ў нядзелі і прадпісаныя святы належыць, наколькі гэта магчыма, цэлебраваць яе са спевам і з адпаведнай колькасцю прыслугоўваючых95, хоць можна цэлебраваць яе таксама без спеву і з адным прыслугоўваючым.

116.    На кожнай цэлебрацыі Імшы, на якой прысутнічае дыякан, ён павінен выконваць свае абавязкі.
Пажадана, каб цэлебруючаму святару згодна са звычаем дапамагалі: акаліт, лектар і кантар; але абрад, які апісваецца ніжэй, прадугледжвае магчымасць і большай колькасці прыслугоўваючых.

Падрыхтоўка

117.    Алтар павінен засцілацца прынамсі адным абрусам белага колеру. На кожнай цэлебрацыі на алтары альбо каля яго ставяцца прынамсі два ці нават чатыры, шэсць, асабліва калі мова ідзе пра Імшу ў нядзелю ці ў прадпісаныя святы, альбо, калі цэлебруе дыяцэзіяльны біскуп, — сем падсвечнікаў з запаленымі свечкамі. На алтары альбо каля яго павінен таксама быць крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста. Падсвечнікі і крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста могуць быць прынесеныя ў працэсіі на ўваход. На самім алтары можна пакласці асобны ад кнігі іншых чытанняў Евангеліярый, калі яго не прыносяць у працэсіі на ўваход.

118.    Таксама трэба падрыхтаваць:
а) побач з месцам святара: імшал і пры неабходнасці кнігу са спевамі;
б) на амбоне: лекцыянарый;
в) на століку: келіх, карпарал, пурыфікатар і пры неабходнасці — паллу; а таксама патэну і пушкі (цыборыюмы), калі яны патрэбныя; хлеб для Камуніі святара, які ўзначальвае цэлебрацыю, дыякана,  прыслугоўваючых і народа; ампулкі з віном і вадою, калі толькі ўсяго гэтага не прыносяць у працэсіі на ахвяраванне вернікі; начынне з асвячанаю вадою, калі адбываецца акрапленне; патэну для Камуніі вернікаў і ўсё неабходнае для абмывання рук.
Келіх рэкамендуецца пакрываць вэлюмам, які можа быць колеру дня альбо белым.

119.    У сакрыстыі трэба падрыхтаваць літургічныя шаты (пар. №№ 337-341) для святара, дыякана ды іншых прыслугоўваючых у адпаведнасці з рознымі формамі цэлебрацыі:
а) для святара: альбу, стулу і арнат (casula seu planeta);
б) для дыякана: альбу, стулу і далматыку, якую, аднак, можна не ўжываць, калі яе няма, альбо калі цэлебрацыя мае менш урачысты характар;
в) для іншых прыслугоўваючых: альбы альбо іншыя правамоцна зацверджаныя шаты96.
Кожны, хто апранае альбу, выкарыстоўвае таксама пас і гумерал, якімі, аднак, можна і не карыстацца, калі дазваляе пакрой альбы.
Калі ўваход адбываецца ў форме працэсіі, падрыхтоўваецца таксама Евангеліярый; у нядзелі і святочныя дні, калі ўжываецца кадзіла, — кадзільніца і начынне з кадзілам (лодка); крыж для нясення ў працэсіі і падсвечнікі з запаленымі свечкамі.

А) Імша без удзелу дыякана
Уступныя абрады

120.    Калі збярэцца народ, святар і прыслугоўваючыя, апранутыя ў літургічныя шаты, ідуць да алтара ў наступным парадку:
а) турыферарый з дымячай кадзільніцай, калі ўжываецца кадзіла;
б) міністранты, якія нясуць запаленыя свечкі, а паміж імі — акаліт ці іншы міністрант з крыжам;
в) акаліты і іншыя прыслугоўваючыя;
г) лектар, які можа несці, крыху ўзняўшы яго, Евангеліярый, але не лекцыянарый;
д) святар, які будзе цэлебраваць Імшу.
Калі ўжываецца кадзіла, святар перад выхадам насыпае яго ў кадзільніцу і благаслаўляе знакам крыжа, нічога пры гэтым не гаворачы.

121.    Падчас працэсіі да алтара гучыць спеў на ўваход (пар. №№ 47-48).

122.    Падышоўшы да алтара, святар і прыслугоўваючыя робяць нізкі паклон.
Крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста, прынесены ў працэсіі, можна паставіць каля алтара, каб ён стаў алтарным крыжам, які павінен быць толькі адзін; у іншым выпадку яго трэба змясціць асобна ў адпаведным месцы. Падсвечнікі змяшчаюцца на алтары альбо побач з ім; Евангеліярый з пашанай кладзецца на алтары.

123.    Святар падыходзіць да алтара і, ушаноўваючы, цалуе яго, затым, калі ўжываецца кадзіла, акаджвае крыж і алтар, абыходзячы вакол яго.

124.    Пасля гэтага святар накіроўваецца да свайго месца. Калі скончыцца спеў на ўваход, святар і вернікі стоячы робяць знак крыжа. Святар кажа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Народ адказвае: Амэн.
Затым святар, павярнуўшыся да народа, з разведзенымі рукамі вітае яго, выкарыстоўваючы адну з пададзеных формулаў. Сам святар альбо хтосьці з прыслугоўваючых некалькімі словамі можа ўвесці вернікаў у Імшу гэтага дня.

125.    Потым адбываецца чын пакаяння. Пасля яго спяваецца ці прамаўляецца Пане, змілуйся над намі (Kyrie, eleison) у адпаведнасці з рубрыкамі (пар. № 52).

126.    У вызначаных цэлебрацыях гаворыцца ці спяваецца гімн Хвала на вышынях (пар. № 53).

127.    Потым святар запрашае народ да малітвы, са зведзенымі рукамі гаворачы: Молімся. І ўсе разам са святаром пэўны час моляцца ў маўчанні. Затым святар, развёўшы рукі, прамаўляе калекту, на заканчэнне якой народ адказвае: Амэн.

Літургія слова

128.    Пасля заканчэння калекты ўсе сядаюць. Святар можа некалькімі словамі ўвесці верных у літургію слова. Лектар ідзе да амбоны і з лекцыянарыя, пакладзенага там яшчэ да Імшы, чытае першае чытанне, якое слухаюць усе. У канцы лектар прамаўляе акламацыю Гэта Слова Божае, а ўсе адказваюць: Дзякуем Пану Богу.
Потым, паводле абставінаў, можна кароткі час захоўваць маўчанне, каб усе маглі разважаць над тым, што пачулі.

129.    Затым псальміст альбо сам лектар прамаўляе вершы псальму, а народ, як звычайна, паўтарае рэфрэн.

130.    Калі павінна быць другое чытанне перад Евангеллем, лектар чытае яго з амбоны, а ўсе слухаюць і ў канцы адказваюць на акламацыю, як сказана вышэй (№ 128). Потым, паводле абставінаў, можна кароткі час захоўваць маўчанне.

131.    Затым усе ўстаюць і спяваецца Аллелюя альбо іншы спеў, у залежнасці ад літургічнага перыяду (пар. № 62-64).

132.    Падчас  Аллелюя  альбо іншага спеву святар насыпае ў кадзільніцу і благаслаўляе кадзіла, калі яно ўжываецца. Затым, звёўшы рукі і нізка схіліўшыся перад алтаром, ціха гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае.

133.    Затым бярэ Евангеліярый, калі ён знаходзіцца на алтары, і следам за прыслугоўваючымі, якія ідуць перад ім і могуць несці кадзільніцу і свечкі, падыходзіць да амбоны, несучы Евангеліярый крыху ўзнятым. Тыя, хто стаіць каля амбоны, паварочваюцца да святара, каб выявіць асаблівую пашану да Евангелля Хрыста.

134.    На амбоне святар адкрывае кнігу і, звёўшы рукі, гаворыць: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Затым святар гаворыць: Чытанне святога Евангелля, робячы вялікім пальцам знак крыжа на кнізе, а таксама на сваім чале, вуснах і грудзях. Гэта ж робяць і ўсе іншыя. Народ адказвае: Хвала Табе, Пане. Калі ўжываецца кадзіла, святар акаджвае кнігу (пар. №№ 276-277). Затым ён абвяшчае Евангелле і ў канцы гаворыць акламацыю: Гэта слова Пана, а ўсе адказваюць: Хвала табе, Хрыстэ. Святар цалуе кнігу, ціха гаворачы: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя.

135.    Калі няма лектара, святар сам, стоячы на амбоне, чытае ўсе чытанні і выконвае псальм. Там жа насыпае ў кадзільніцу кадзіла, калі яно ўжываецца,  благаслаўляе яго і, нізка схіліўшыся, гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца і вусны мае.

136.    Стоячы каля свайго месца альбо на самой амбоне ці, калі трэба, на іншым адпаведным месцы, святар прамаўляе гамілію. Пасля яе заканчэння можа пэўны час захоўвацца маўчанне.

137.    Сімвал веры святар спявае ці прамаўляе разам з народам (пар. № 68). Пры гэтым усе стаяць. На словы:  І ўцелавіўся ўсе нізка схіляюцца, а ва ўрачыстасці Звеставання і Нараджэння Пана — кленчаць.

138.    Пасля прамаўлення сімвала веры святар, стоячы каля свайго месца, звёўшы рукі, у кароткім закліку запрашае вернікаў да агульнай малітвы. Затым кантар ці лектар альбо хтосьці іншы з амбоны ці з іншага адпаведнага месца прапануе народу інтэнцыі, а народ малітоўна на іх адказвае. Урэшце святар, развёўшы рукі, завяршае просьбы малітваю.

Эўхарыстычная літургія

139.    Пасля заканчэння агульнай малітвы ўсе сядаюць і пачынаецца спеў на ахвяраванне (пар. № 74).
Акаліт ці іншы свецкі прыслугоўваючы змяшчае на алтары карпарал, пурыфікатар, келіх, паллу і імшал.

140.    Пажадана, каб удзел вернікаў выяўляўся ў ахвяраванні хлеба і віна для цэлебрацыі Эўхарыстыі альбо іншых дароў, якія яны могуць ахвяраваць на патрэбы Касцёла і бедных.
Ахвяраванні вернікаў з дапамогай акаліта ці іншага прыслугоўваючага прымае святар. Хлеб і віно для Эўхарыстыі прыносяцца да цэлебранта, які складае іх на алтар, а іншыя дары змяшчаюцца ў іншым прыдатным месцы (пар. № 73).

141.    Святар, стоячы пры алтары, бярэ патэну з хлебам і, трымаючы яе абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы: Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету. Потым ставіць патэну з хлебам на карпарал.

142.    Пасля гэтага, стоячы збоку алтара, святар налівае віно і крыху вады ў келіх, ціха гаворачы: Праз таямніцу гэтай вады, а міністрант падае яму ампулкі. Вярнуўшыся да сярэдзіны алтара, ён бярэ келіх і, трымаючы яго абедзвюма рукамі, крыху ўздымае над алтаром, ціха гаворачы: Благаслаўлёны Ты, Пане Божа сусвету. Затым ставіць келіх на карпарал і накрывае пры неабходнасці паллаю.
Калі няма спеву на ахвяраванне і не гучаць арганы, святар можа падчас ахвяравання хлеба і віна гучным голасам прамовіць формулы благаслаўлення, на якія народ адказвае акламацыяй: Благаслаўлёны Ты, Божа, навекі.

143.    Паставіўшы келіх на алтары, святар нізка схіляецца і ціха гаворыць: Прымі, Пане Божа, нас.

144.    Затым, калі ўжываецца кадзіла, святар насыпае яго ў кадзільніцу, благаслаўляе, нічога пры гэтым не гаворачы, і акаджвае ахвярныя дары, крыж і алтар. Міністрант, стоячы збоку алтара, акаджвае святара, а затым народ.

145.    Пасля малітвы Прымі, Пане Божа, нас альбо пасля акаджвання святар, стоячы збоку алтара, абмывае рукі, ціха гаворачы: Змый з мяне, Пане. Міністрант палівае яму на рукі вадою.

146.    Вярнуўшыся затым да сярэдзіны алтара і павярнуўшыся да народа, разводзячы і зводзячы рукі, святар запрашае народ да малітвы, гаворачы: Маліцеся, браты і сёстры. Народ устае і адказвае: Няхай Пан Бог прыме. Затым святар, развёўшы рукі, прамаўляе малітву над дарамі. На заканчэнне народ адказвае: Амэн.

147.    Тады святар распачынае эўхарыстычную малітву. У адпаведнасці з рубрыкамі (пар. № 365) ён выбірае адну з тых, якія змешчаныя ў Рымскім Імшале альбо зацверджаныя Апостальскай Сталіцай. Сутнасць эўхарыстычнай малітвы патрабуе, каб яе прамаўляў толькі сам святар, які мае гэтае паўнамоцтва праз пасвячэнне. Народ жа з вераю і ў маўчанні далучаецца да святара, беручы ўдзел у прадугледжаных для народа частках эўхарыстычнай малітвы, а менавіта: у адказах у дыялогу прэфацыі, у Святы, у акламацыі пасля кансэкрацыі і ў акламацыі Амэн пасля заключнай даксалогіі, а таксама ў іншых акламацыях, прынятых Канферэнцыяй Біскупаў і зацверджаных Святым Пасадам.
Вельмі пажадана, каб святар спяваў тыя часткі эўхарыстычнай малітвы, якія прадугледжаныя для спеву.

148.    На пачатку эўхарыстычнай малітвы святар, разводзячы рукі, спявае ці гаворыць: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Святар працягвае: Угору сэрцы, уздымаючы рукі. Народ адказвае: Узносім іх да Пана. Потым святар, развёўшы рукі, дадае: Падзякуем Пану Богу нашаму. Народ адказвае: Годна гэта і справядліва. Затым святар з разведзенымі рукамі працягвае прэфацыю, а пасля яе заканчэння, звёўшы рукі, разам з усімі прысутнымі спявае альбо гучным голасам гаворыць: Святы (пар. № 79 б).

149.    Святар працягвае эўхарыстычную малітву згодна з рубрыкамі, якія падаюцца для асобных малітваў.
Калі Імшу цэлебруе біскуп, то ў эўхарыстычных малітвах пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго. Калі ж біскуп цэлебруе па-за сваёй дыяцэзіяй, то пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім, і братам маім N., біскупам гэтага касцёла N.; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго, і брата майго N., біскупа гэтага касцёла N.
Дыяцэзіяльнага біскупа альбо таго, хто прыроўнены да яго ў правах, належыць узгадваць такімі словамі: разам са слугою Тваім, Папам нашым N., біскупам (альбо: вікарыем, прэлатам, прэфектам, абатам) нашым N.
Можна назваць у эўхарыстычнай малітве дапаможных біскупаў (сoadiutor et аuxiliares), але не іншых біскупаў, прысутных выпадкова. Калі неабходна ўзгадаць некалькіх, то ўжываецца агульная формула: біскупам нашым N. і яго дапаможнымі біскупамі.
У кожнай эўхарыстычнай малітве ўзгаданыя формулы неабходна дапасаваць з улікам граматычных  нормаў.

150.    Непасрэдна перад кансэкрацыяй прыслугоўваючы пры неабходнасці дае вернікам знак званком, а затым звоніць у званок пры кожным паднясенні Святых Дароў паводле мясцовых звычаяў.
Калі ўжываецца кадзіла, пасля кансэкрацыі прыслугоўваючы акаджвае Гостыю і келіх падчас іх паказу народу.

151.    Пасля кансэкрацыі, калі святар скажа: Гэта вялікая таямніца веры, народ прамаўляе акламацыю, ужываючы адну з пададзеных формулаў.
На заканчэнне эўхарыстычнай малітвы святар, узяўшы патэну з Гостыяй і келіх, крыху ўздымае іх і адзін гаворыць даксалогію Праз Хрыста. Народ у канцы адказвае: Амэн. Пасля гэтага святар ставіць патэну і келіх на карпарал.

152.    Пасля эўхарыстычнай малітвы, святар, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай. Гэтую малітву, развёўшы рукі, ён прамаўляе разам з народам.

153.    Закончыўшы малітву Панскую, святар зводзіць рукі і адзін прамаўляе эмбалізм Просім Цябе, Пане, збаў нас, пасля заканчэння якога народ адказвае: Бо Тваё валадарства.

154.    Затым святар, развёўшы рукі, гучным голасам гаворыць малітву Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў; пасля яе заканчэння, разводзячы і зводзячы рукі, абвяшчае супакой, павярнуўшыся да народа і гаворачы: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі. Народ адказвае: І з духам тваім. Пасля гэтага паводле абставінаў святар дадае: Перадайце бліжняму знак супакою.
Святар можа перадаць знак супакою прыслугоўваючым, але заўсёды застаючыся ў прэзбітэрыі, каб не парушаць ход цэлебрацыі. Гэтак жа чыніць ён, калі з абгрунтаванай прычыны хоча перадаць знак супакою некалькім вернікам. Усе, згодна з нормамі, устаноўленымі Канферэнцыяй Біскупаў, перадаюць адзін аднаму знак супакою, еднасці і любові. Перадаючы знак супакою, можна казаць: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з табою, а адказваюць на гэтыя словы: Амэн.

155.    Пасля гэтага святар бярэ Гостыю, ламае яе над патэнаю і часцінку апускае ў келіх, ціха гаворачы: Гэтае паяднанне Цела і Крыві Пана нашага. У гэты час хор і народ спяваюць альбо гавораць Баранку Божы (пар. № 83).

156.    Затым святар, звёўшы рукі, ціха гаворыць малітву на Камунію Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога, альбо Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце.

157.    Закончыўшы малітву, святар кленчыць, бярэ Гостыю, кансэкраваную на гэтай Імшы, і, трымаючы яе крыху ўзнятай над патэнаю альбо над келіхам, павярнуўшыся да народа, гаворыць: Вось Баранак Божы і разам з народам дадае: Пане, я не варты.

158.    Пасля гэтага, павярнуўшыся да алтара, святар ціха гаворыць: Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Цела Хрыста. Затым бярэ келіх, ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Кроў Хрыста.

159.    Калі святар прымае Сакрамэнт, пачынаецца спеў на Камунію (пар. № 86).

160.    Затым святар бярэ патэну альбо пушку (цыборыюм) і падыходзіць да тых, хто будзе прымаць Камунію. Яны звычайна прыступаюць да яе, падыходзячы, як у працэсіі.
Вернікам нельга самім браць кансэкраваны хлеб ці келіх, а тым больш перадаваць іх адзін аднаму з рук у рукі. Вернікі прымаюць Камунію ўкленчыўшы ці стоячы, як гэта пастановіць Канферэнцыя Біскупаў. Калі Камунію прымаюць стоячы, належыць, каб перад прыняццем Сакрамэнту вернікі выяўлялі да яго належную пашану, як гэта ўстанаўліваецца тымі ж нормамі.

161.    Калі Камунія ўдзяляецца толькі ў постаці хлеба, святар, крыху ўздымаючы Гостыю і паказваючы яе кожнаму, кажа: Цела Хрыста. Той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн і, прымае Сакрамэнт вуснамі, альбо, па жаданні, у рукі там, дзе гэта дазволена. Той, хто прыняў святую Гостыю, адразу ж цалкам яе спажывае.
Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, захоўваецца абрад, апісаны ў адпаведным месцы (пар. №№ 284-287).

162.    Ва ўдзяленні Камуніі святару могуць дапамагаць іншыя прысутныя прэзбітэры. Калі ж іх няма, а колькасць прымаючых Камунію вельмі вялікая, святар можа ўзяць сабе на дапамогу надзвычайных асістэнтаў для ўдзялення Камуніі, гэта значыць належным чынам прызначанага акаліта альбо іншых вернікаў, якія прызначаныя для гэтага згодна з прынятым парадкам97. У выпадку неабходнасці святар на адзін раз можа прызначыць для гэтага адпаведных вернікаў98.
Гэтыя прыслугоўваючыя не павінны падыходзіць да алтара перш, чым прыме Камунію святар, а начынне, дзе змяшчаецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя для ўдзялення вернікам, яны павінны прымаць з рук цэлебруючага святара.

163.    Пасля ўдзялення Камуніі сам святар каля алтара адразу ж і цалкам спажывае кансэкраванае віно, якое, магчыма, застаецца, а кансэкраваныя гостыі, якія засталіся, альбо спажывае каля алтара, альбо пераносіць да месца, прызначанага для захавання Эўхарыстыі.
Святар, павярнуўшыся да алтара, збірае крошкі, калі яны засталіся, затым, стоячы каля алтара альбо каля століка, ачышчае патэну ці пушку над келіхам, а потым ачышчае сам келіх, ціха гаворачы: Пане, тое, што мы вуснамі прынялі, і выцірае келіх пурыфікатарам. Калі начынне было ачышчана на алтары, то міністрант нясе яго да століка. Начынне, якое трэба ачысціць, асабліва калі яго шмат, можна пакінуць на алтары альбо на століку на карпарале, адпаведным чынам накрыўшы, каб ачысціць яго адразу ж пасля Імшы, разаслаўшы народ.

164.    Пасля гэтага святар можа вярнуцца да свайго месца. Можна таксама пэўны час захоўваць сакральнае маўчанне альбо выконваць псальм, іншы спеў хвалы ці гімн (пар. № 88).

165.    Затым, стоячы каля свайго месца альбо каля алтара, святар, павярнуўшыся да народа і звёўшы рукі, гаворыць: Молімся і, развёўшы рукі, прамаўляе малітву пасля Камуніі. Перад малітваю можа захоўвацца кароткае маўчанне, калі толькі яго ўжо не было непасрэдна пасля Камуніі. На заканчэнне малітвы народ адказвае: Амэн.
 
Абрад заканчэння

166.    Пасля заканчэння малітвы пасля Камуніі пры неабходнасці можна зрабіць кароткія паведамленні для народа.

167.    Затым святар, разводзячы рукі, вітае народ, кажучы: Пан з вамі, а народ адказвае: І з духам тваім. Святар ізноў зводзіць рукі і адразу ж, прыкладаючы левую руку да грудзей і падымаючы правую, дадае: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны і, робячы знак крыжа над народам, працягвае: Айцец і Сын, і Дух Святы. Усе адказваюць: Амэн.
У некаторыя дні і пры пэўных абставінах благаслаўленне згодна з рубрыкамі можна ўзбагаціць і выказаць малітвай над народам альбо больш урачыстай формулай.
Біскуп благаслаўляе народ адпаведнымі словамі, тройчы робячы знак крыжа над народам99.

168.    Адразу пасля благаслаўлення святар, звёўшы рукі, гаворыць: Ідзіце ў супакоі Хрыста, і ўсе адказваюць: Дзякуем Пану Богу.

169.    Тады святар ушаноўвае алтар, згодна са звычаем цалуючы яго, і, разам са свецкімі прыслугоўваючымі зрабіўшы перад ім нізкі паклон, разам з імі адыходзіць.

170.    Калі непасрэдна пасля Імшы пачынаецца іншае літургічнае дзеянне, то абрад заканчэння — гэта значыць развітанне, благаслаўленне і рассыланне — прапускаюцца.

Б) Імша з дыяканам

171.    Калі на цэлебрацыі ёсць дыякан, ён, у літургічных шатах, павінен выконваць сваю паслугу. Наогул дыякан:
а) дапамагае святару і ідзе збоку ад яго;
б) каля алтара прыслугоўвае пры келіху альбо пры імшале;
в) абвяшчае Евангелле і можа па даручэнні цэлебруючага святара прамаўляць гамілію (пар. № 66);
г) адпаведнымі заклікамі кіруе верным народам і прамаўляе інтэнцыі агульнай малітвы;
д) дапамагае цэлебруючаму святару ўдзяляць Камунію, ачышчае і складае літургічнае начынне;
е) сам, пры неабходнасці, выконвае абавязкі іншых прыслугоўваючых, калі апошнія адсутнічаюць.

Уступныя абрады

172.    Дыякан, які нясе Евангеліярый, крыху ўзняўшы яго, ідзе да алтара перад святаром, у іншым выпадку — збоку ад яго.

173.    Калі ён нясе Евангеліярый, то, прыйшоўшы да алтара, не робіць паклона перад алтаром і падыходзіць да яго. Затым, з пашанаю паклаўшы Евангеліярый на алтар, адначасова са святаром ушаноўвае алтар, цалуючы яго.
Калі ж ён не нясе Евангеліярый, то, як звычайна, разам са святаром робіць перад алтаром нізкі паклон і разам са святаром ушаноўвае алтар, цалуючы яго.

Урэшце, калі выкарыстоўваецца кадзіла, ён дапамагае святару насыпаць яго ў кадзільніцу і акаджваць крыж і алтар.
174.    Пасля акаджвання ён разам са святаром ідзе да святарскага месца, застаецца там побач са святаром і па меры неабходнасці яму прыслугоўвае.

Літургія слова

175.    Падчас Аллелюя альбо іншага спеву дыякан прыслугоўвае святару пры насыпанні ў кадзільніцу кадзіла, калі яно ўжываецца, а затым, схіліўшыся перад святаром у нізкім паклоне, просіць благаслаўлення, кажучы сцішаным голасам: Благаславі мяне, ойча. Святар благаслаўляе яго, кажучы: Няхай Пан будзе ў сэрцы Тваім. Дыякан робіць на сабе знак крыжа і адказвае: Амэн. Затым бярэ Евангеліярый, пакладзены на алтары, і, зрабіўшы перад алтаром паклон, накіроўваецца да амбоны, несучы кнігу крыху ўзнятаю. Перад ім ідуць турыферарый з дымячай кадзільніцай і міністранты з запаленымі свечкамі. На амбоне дыякан, звёўшы рукі, вітае народ, кажучы: Пан з вамі, затым падчас словаў: Чытанне святога Евангелля вялікім пальцам правай рукі робіць знак крыжа на кнізе, а таксама на чале, на вуснах і на грудзях, акаджвае кнігу і абвяшчае Евангелле. Закончыўшы, гаворыць: Гэта слова Пана, а ўсе адказваюць: Хвала Табе, Хрыстэ. Затым, ушаноўваючы кнігу, цалуе яе і ціха кажа: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя і вяртаецца да святара.
Калі дыякан прыслугоўвае біскупу, то падае яму кнігу для цалавання альбо цалуе яе сам, ціха гаворачы: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя. На больш урачыстых цэлебрацыях біскуп, калі гэта мэтазгодна, благаслаўляе народ Евангеліярыем.
Евангеліярый потым можна занесці на столік ці ў іншае прыдатнае і годнае месца.

176.    Калі няма іншага адпаведнага лектара, дыякану належыць чытаць таксама і іншыя чытанні.

177.    Пасля ўступу святара дыякан, звычайна з амбоны, прамаўляе інтэнцыі малітвы вернікаў.

Эўхарыстычная літургія

178.    Пасля заканчэння агульнай малітвы святар застаецца на месцы, а дыякан з дапамогаю акаліта падрыхтоўвае алтар. Да яго абавязкаў належыць таксама клопат пра літургічнае начынне. Ён дапамагае святару прымаць дары ад народа. Затым ён падае святару патэну з хлебам для кансэкрацыі, налівае віно і крыху вады ў келіх, ціха гаворачы: Праз таямніцу гэтай вады і віна. Пасля гэтага падае келіх святару. Гэтая падрыхтоўка келіха можа рабіцца каля століка. Калі ўжываецца кадзіла, дыякан прыслугоўвае святару пры акаджванні ахвярных дароў, крыжа і алтара, а пасля гэтага ён сам альбо акаліт акаджвае святара і народ.

179.    Падчас эўхарыстычнай малітвы дыякан стаіць недалёка ад святара, крыху ззаду ад яго, і, калі трэба, прыслугоўвае яму пры келіху і імшале.
Затым ад эпіклезы і да паднясення келіха дыякан звычайна кленчыць. Калі ёсць некалькі дыяканаў, адзін з іх пры кансэкрацыі можа насыпаць кадзіла ў кадзільніцу і акаджваць пры паднясенні Гостыю і келіх.

180.    У час даксалогіі, якою заканчваецца эўхарыстычная малітва, ён стаіць побач са святаром, які ўздымае патэну з Гостыяй, і трымае ўзняты келіх да таго моманту, калі народ адкажа: Амэн.

181.    Пасля таго, як святар прамовіць малітву аб супакоі і скажа: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі, а народ адкажа: І з духам тваім, дыякан, у залежнасці ад абставінаў, заклікае вернікаў перадаць адзін аднаму знак супакою, для чаго, звёўшы рукі і павярнуўшыся да народа, гаворыць: Перадайце бліжняму знак супакою, а сам прымае знак супакою ад святара і можа перадаць яго іншым  прыслугоўваючым, якія знаходзяцца бліжэй да яго.

182.    Пасля Камуніі святара дыякан прымае Камунію ў дзвюх постацях ад самога святара, а затым дапамагае святару ўдзяляць Камунію народу. Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, ён сам падносіць келіх прымаючым, а скончыўшы ўдзяленне, адразу ж з пашанаю спажывае каля алтара ўсю Кроў Хрыста, якая засталася, у чым, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць іншыя дыяканы і прэзбітэры.

183.    Пасля ўдзялення Камуніі дыякан разам са святаром вяртаецца да алтара, збірае крошкі, калі яны засталіся, а затым нясе келіх і іншае літургічнае начынне да століка. Там ачышчае і як звычайна складае яго, пакуль святар вяртаецца да свайго месца. Аднак начынне, якое трэба ачысціць, можна пакінуць на століку на карпарале, адпаведным чынам накрыўшы, і ачысціць яго адразу пасля Імшы, разаслаўшы народ.

Абрад заканчэння

184.    Пасля заканчэння малітвы пасля Камуніі, дыякан, пры неабходнасці, робіць кароткія паведамленні для народа, калі толькі святар не пажадае зрабіць іх сам.

185.    Калі ўжываецца малітва над народам альбо ўрачыстая формула благаслаўлення, дыякан гаворыць: Схіліце галовы на благаслаўленне. Калі святар благаславіць народ, дыякан, звёўшы рукі і павярнуўшыся  да народа, рассылае яго, кажучы: Ідзіце ў супакоі Хрыста.

 186.    Затым разам са святаром ён ушаноўвае алтар, цалуючы яго і, зрабіўшы нізкі паклон, адыходзіць такім жа чынам, як падыходзіў.

В) Абавязкі акаліта

187.    Абавязкі, якія можа выконваць акаліт, розныя. Многія з іх могуць прыпадаць на адзін і той жа час, а таму належыць падзяліць іх паміж некалькімі акалітамі. Калі ж прысутнічае толькі адзін акаліт, то ён выконвае больш важныя абавязкі, а іншыя размяркоўваюцца паміж некалькімі  прыслугоўваючымі.

Уступныя абрады

188.    У час працэсіі да алтара акаліт можа несці крыж, ідучы паміж двума міністрантамі, якія нясуць запаленыя свечкі. Прыйшоўшы да алтара, акаліт ставіць крыж каля алтара, каб ён стаў алтарным крыжам, у іншым выпадку змяшчае яго ў годным месцы, а затым займае сваё месца ў прэзбітэрыі.

189.    На працягу ўсёй Імшы  акаліт падыходзіць да святара ці дыякана столькі разоў, колькі гэта патрэбна, каб падаваць кнігу і дапамагаць у іншых неабходных выпадках. Ён павінен займаць такое месца, з якога мог бы лепш выконваць свае абавязкі, падыходзячы да святарскага месца альбо да алтара.

Эўхарыстычная літургія

190.    Калі няма дыякана, пасля заканчэння агульнай малітвы святар застаецца на сваім месцы, а акаліт размяшчае на алтары карпарал, пурыфікатар, келіх, паллу і імшал. Затым, калі трэба, ён дапамагае святару прымаць дары ад народа і пры неабходнасці падносіць хлеб і віно да алтара і падае святару. Калі ўжываецца кадзіла, ён падае кадзільніцу святару і дапамагае яму акаджваць дары, крыж і алтар, а затым акаджвае святара і народ.

191.    Акаліт, прызначаны адпаведным чынам, пры неабходнасці як надзвычайны асістэнт можа дапамагаць святару ўдзяляць Камунію народу100. Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, пры адсутнасці дыякана акаліт сам падае келіх прымаючым альбо трымае яго, калі Камунія ўдзяляецца праз абмакванне.

192.    Акаліт, прызначаны адпаведным чынам, пасля ўдзялення Камуніі дапамагае святару альбо дыякану ачышчаць і складаць літургічнае начынне. Калі няма дыякана, акаліт нясе літургічнае начынне да століка і там, як звычайна, яго ачышчае, выцірае і складае.

193.    Пасля заканчэння Імшы акаліт і іншыя прыслугоўваючыя разам з дыяканам і святаром працэсійным парадкам вяртаюцца ў сакрыстыю такім жа чынам, як і прыйшлі.

Г) Абавязкі лектара

Уступныя абрады

194.    У час працэсіі да алтара, калі адсутнічае дыякан, лектар, апрануты ў зацверджаныя літургічныя шаты, можа несці Евангеліярый, крыху ўзняўшы яго: тады ён ідзе перад святаром, у адваротным выпадку — з іншымі прыслугоўваючымі.

195.    Прыйшоўшы да алтара, ён разам з іншымі робіць нізкі паклон. Калі ён нясе Евангеліярый, то, падышоўшы да алтара, кладзе Евангеліярый на яго. Затым займае разам з іншымі прыслугоўваючымі адпаведнае месца ў прэзбітэрыі.

Літургія слова

196.    Чытанні, якія ідуць перад Евангеллем, лектар чытае з амбоны. Калі няма псальміста, ён можа прамаўляць і рэспрансарыйны псальм пасля першага чытання.

197.    Калі няма дыякана, лектар можа пасля ўступу, зробленага святаром, прамаўляць з амбоны інтэнцыі агульнай малітвы.

198.    Калі няма спеву на ўваход альбо на Камунію, а вернікі не прамаўляюць антыфонаў, пададзеных у Імшале, лектар  у належны час можа прамовіць іх сам (пар. №№ 48, 87).

ІІ. КАНЦЭЛЕБРАВАНАЯ ІМША

199.    Канцэлебрацыя, у якой яскрава выяўляецца еднасць святарства, ахвяры і ўсяго народа Божага, прадпісваецца самім абрадам: на пасвячэнне біскупа і святароў, на благаслаўленне абата і на Імшы Хрызма.
Яна рэкамендуецца таксама ў наступных выпадках, калі толькі меркаванні духоўнай карысці вернікаў не вымагаюць альбо не схіляюць да іншага:
а) для вечаровай Імшы Вячэры Пана;
б) для Імшы на саборах, з’ездах біскупаў і сінодах;
в) для канвентуальнай Імшы і для галоўнай Імшы ў касцёлах і капліцах;
г) для Імшаў падчас любых з’ездаў святароў, як дыяцэзіяльных, так і законных101.
Адзін святар можа цэлебраваць Імшу індывідуальна, але не ў той час, калі ў гэтым жа самым касцёле ці капліцы адбываецца канцэлебрацыя. Не дазваляецца цэлебраваць святую ахвяру індывідуальна ў чацвер Вячэры Пана і на Імшы Пасхальнай вігіліі.

200.    Ахвотна трэба запрашаць да эўхарыстычнай канцэлебрацыі падарожных прэзбітэраў, як толькі стане вядомым іхні святарскі стан.

201.    Там, дзе ёсць вялікая колькасць святароў, канцэлебрацыя можа адбывацца некалькі разоў нават у той самы дзень, калі да гэтага схіляе неабходнасць ці пастырская карысць; але яна павінна адбывацца ў іншы час альбо ў розных святых месцах102.

202.    Абавязак біскупа заключаецца ў тым, каб паводле нормаў права кіраваць дысцыплінай канцэлебрацыі ва ўсіх касцёлах і капліцах сваёй дыяцэзіі.

203.    У асаблівай пашане павінна быць такая канцэлебрацыя, у якой канцэлебруюць прэзбітэры пэўнай дыяцэзіі разам са сваім біскупам; на стацыйнай Імшы, асабліва ў вялікія ўрачыстасці літургічнага года; на Імшы пасвячэння новага біскупа дыяцэзіі альбо яго дапаможнага біскупа (сoadiutor vel аuxiliarеs); на Імшы Хрызма; на вечаровай Імшы Вячэры Пана; на цэлебрацыях святога заснавальніка мясцовага касцёла альбо апекуна дыяцэзіі; на гадавіну пасвячэння біскупа і, нарэшце, з нагоды сіноду ці пастырскай візітацыі.
З таго ж меркавання рэкамендуецца канцэлебрацыя тады, калі прэзбітэры сустракаюцца са сваім біскупам альбо з нагоды духоўных практыкаванняў, альбо на якімсьці з’ездзе. У гэтых выпадках больш яскрава выяўляецца знак еднасці святароў і Касцёла, уласцівы для кожнай канцэлебрацыі103.

204.    З асаблівай прычыны альбо каб выявіць значэнне абраду ці ўрачыстасці, можна цэлебраваць альбо канцэлебраваць некалькі разоў у той самы дзень у наступных выпадках:
а) той, хто цэлебруе альбо канцэлебруе ў Вялікі чацвер Імшу Хрызма, можа таксама цэлебраваць альбо канцэлебраваць вечаровую Імшу Вячэры Пана;
б) той, хто цэлебруе альбо канцэлебруе Імшу Пасхальнай вігіліі, можа таксама цэлебраваць альбо канцэлебраваць Імшу ў дзень Пасхі;
в) на Нараджэнне Пана ўсе святары могуць цэлебраваць альбо канцэлебраваць тры Імшы, калі толькі яны цэлебруюцца ў адпаведны час;
г) у дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў усе святары могуць цэлебраваць альбо канцэлебраваць тры Імшы, калі толькі цэлебрацыі адбываюцца ў розны час і захоўваюцца нормы, устаноўленыя для дадавання (applicatio) другой і трэцяй Імшы104;
д) той, хто на сінодзе, падчас пастырскай візітацыі ці на з’ездзе святароў канцэлебруе з біскупам альбо ягоным дэлегатам, можа другі раз цэлебраваць Імшу для духоўнай карысці вернікаў. Пры захаванні абавязковых прадпісанняў гэта датычыць таксама сходаў законнікаў.

205.    Канцэлебраваная Імша арганізуецца ў залежнасці ад формы цэлебрацыі паводле нормаў, якія павінны захоўвацца наогул (пар. №№ 112-198), але з захаваннем альбо зменаю пададзеных ніжэй прадпісанняў.

206.    Ніхто і ніколі не можа прыступіць ці быць дапушчаны да канцэлебравання Імшы пасля таго, як яна пачалася.

207.    У прэзбітэрыі падрыхтоўваюцца:
а) сядзенні і тэксты для канцэлебруючых святароў;
б) на століку: келіх дастатковага памеру альбо некалькі келіхаў.

208.    Калі на канцэлебраванай Імшы няма дыякана, ягоныя абавязкі выконваюць некаторыя канцэлебранты.
Калі няма і іншых прыслугоўваючых, іхнія функцыі могуць быць даручаныя іншым адпаведным вернікам; у адваротным выпадку іх выконваюць некаторыя з канцэлебрантаў.

209.    Канцэлебранты апранаюць у сакрыстыі ці ў іншым адпаведным месцы літургічныя шаты, у якіх яны звычайна цэлебруюць Імшу асобна. Калі ёсць пэўная слушная прычына, напр., вялікая колькасць канцэлебрантаў і недахоп парамэнтаў, канцэлебранты, за выключэннем галоўнага цэлебранта, могуць не апранаць арнат (casulam seu planetam), але ўскласці стулу паверх альбы.

Уступныя абрады

210.    Калі ўсё належным чынам падрыхтавана, звычайна адбываецца працэсія праз касцёл да алтара. Канцэлебруючыя святары ідуць перад галоўным цэлебрантам.

211.    Падышоўшы да алтара, канцэлебранты і галоўны цэлебрант, зрабіўшы нізкі паклон, ушаноўваюць алтар, цалуючы яго, і затым накіроўваюцца да вызначаных для іх месцаў. Галоўны цэлебрант, калі ўжываецца кадзіла, акаджвае крыж і алтар, а затым ідзе да свайго месца.

Літургія слова

212.    Падчас літургіі слова канцэлебранты застаюцца на сваіх месцах; сядаюць і ўстаюць яны паводле тых жа правілаў, што і галоўны цэлебрант.
Калі пачынаецца Аллелюя, усе ўстаюць, за выключэннем біскупа, які насыпае кадзіла ў кадзільніцу, нічога пры гэтым не гаворачы, і благаслаўляе дыякана альбо, калі яго няма, канцэлебранта, які будзе абвяшчаць Евангелле. Але на канцэлебрацыі, якую ўзначальвае прэзбітэр, канцэлебрант, які, пры адсутнасці дыякана, абвяшчае Евангелле, не просіць і не атрымлівае благаслаўлення галоўнага цэлебранта.

213.    Гамілію звычайна прамаўляе галоўны цэлебрант альбо адзін з канцэлебрантаў.

Эўхарыстычная літургія

214.    Прыгатаванне дароў (пар. №№ 139-146) здзяйсняе галоўны цэлебрант, а іншыя канцэлебранты застаюцца на сваіх месцах.

215.    Пасля таго, як галоўны цэлебрант прамовіць малітву над дарамі, канцэлебранты падыходзяць да алтара і становяцца вакол яго, але так, каб не перашкаджаць здзяйсненню абрадаў і каб вернікі маглі добра бачыць літургічнае дзеянне, а дыякан не меў перашкодаў, падыходзячы да алтара для выканання сваіх абавязкаў.
Дыякан выконвае каля алтара сваю паслугу, прыслугоўваючы, калі ёсць патрэба, пры келіху і імшале. Але, наколькі гэта магчыма, стаіць крыху ззаду за канцэлебруючымі святарамі, якія атачаюць галоўнага цэлебранта.

Спосаб прамаўлення эўхарыстычнай малітвы

216.    Прэфацыю спявае ці прамаўляе адзін галоўны цэлебрант, а Святы спяваюць альбо прамаўляюць усе канцэлебранты разам з народам і хорам.

217.    Пасля заканчэння  Святы канцэлебруючыя святары прамаўляюць эўхарыстычную малітву ніжэй апісаным спосабам. Прадпісаныя жэсты робіць адзін галоўны цэлебрант, калі няма іншых указанняў.

218.    Часткі, якія прамаўляюцца ўсімі канцэлебрантамі разам, і асабліва словы кансэкрацыі, якія абавязаны гаварыць усе, канцэлебранты прамаўляюць сцішаным голасам, такім чынам, каб можна было выразна чуць голас галоўнага цэлебранта. Так словы лепш успрымаюцца народам.
Пажадана, каб спяваліся часткі, якія павінны прамаўляць усе канцэлебранты разам і якія ў Імшале прадугледжаны для спеву.

І эўхарыстычная малітва альбо Рымскі канон

219.    У І эўхарыстычнай малітве альбо Рымскім каноне Міласцівы Ойча прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

220.    Успамін жывых Памятай, Пане і У еднасці  належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебруючых святароў. Прызначаны канцэлебрант прамаўляе гэтыя малітвы адзін, развёўшы рукі і гучным голасам.

221.    Пане, ласкава прымі таксама прамаўляе, развёўшы рукі, адзін галоўны цэлебрант.

222.    Ад Просім Цябе, Божа да Пакорна просім Цябе галоўны цэлебрант робіць прадпісаныя жэсты, а ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Просім Цябе, Божа — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Напярэдадні Мукі Ён і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, мы і Узглянь на яе міласціва — з разведзенымі рукамі;
д) Пакорна просім Цябе — схіліўшыся і са зведзенымі рукамі аж да словаў: якія ўдзельнічаем у гэтай ахвяры алтара, а затым, выпрастаўшыся і робячы знак крыжа на словы: атрымалі шчодрае нябеснае благаслаўленне і ласку;

223.    Успамін памерлых Памятай, Пане і Таксама і нам, грэшным належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў;  прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

224.    На словы: Таксама і нам, грэшным усе канцэлебранты ўдараюць сябе ў грудзі.

225.    Праз якога Ты, Божа — прамаўляе адзін галоўны цэлебрант.

ІІ эўхарыстычная малітва

226.    У ІІ эўхарыстычнай малітве Сапраўды, Божа з разведзенымі рукамі прамаўляе адзін галоўны цэлебрант.

227.    Ад Таму просім Цябе да Пакорна молім Цябе ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму просім Цябе — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Ён, калі дабравольна і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Успамінаючы смерць і змёртвыхпаўстанне і Пакорна молім Цябе — з разведзенымі рукамі.

228.    Малітвы заступніцтва за жывых Памятай, Пане і за памерлых Памятай таксама пра братоў і сясцёр нашых належыць  даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

ІІІ эўхарыстычная малітва

229.    У ІІІ эўхарыстычнай малітве Сапраўды, Божа прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

230.    Ад Таму пакорна молім да Узглянь, просім усе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму пакорна молім — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Бо Ён у тую ноч і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, успамінаючы і  Узглянь, просім — з разведзенымі рукамі.

231.    Малітвы заступніцтва Няхай Ён сам, Просім Цябе, Пане і Нашых памерлых братоў і сясцёр належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

ІV эўхарыстычная малітва

232.    У ІV эўхарыстычнай малітве словы: Славім Цябе, святы Ойча аж да спаўняе ўсялякае асвячэнне прамаўляе з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант.

233.    Ад Таму просім Цябе, Пане да Узглянь, Пане ўсе канцэлебранты разам прамаўляюць усе тэксты наступным чынам:
а) Таму просім Цябе, Пане — з працягнутымі да ахвярных дароў рукамі;
б) Калі настаў час  і Падобным чынам — са зведзенымі рукамі;
в) словы Пана — з працягнутаю да хлеба і келіха праваю рукою, калі гэта будзе адпавядаць абставінам; а ў  час паднясення яны глядзяць на Гостыю і келіх, пасля чаго нізка схіляюцца;
г) Пане, здзяйсняючы і Узглянь, Пане — з разведзенымі рукамі.

234.    Малітвы заступніцтва Памятай, Пане, пра ўсіх і Ласкавы Ойча належыць даручыць аднаму альбо двум з канцэлебрантаў; прызначаны канцэлебрант адзін з разведзенымі рукамі гучным голасам прамаўляе гэтыя малітвы.

235.    Што датычыць іншых эўхарыстычных малітваў, зацверджаных Апостальскай Сталіцай, то неабходна захоўваць нормы, устаноўленыя для кожнай з іх.

236.    Даксалогію на заканчэнне эўхарыстычнай малітвы прамаўляе толькі галоўны цэлебрант, пры жаданні разам з іншымі канцэлебрантамі, але не вернікі.

Абрад Камуніі

237.    Затым галоўны цэлебрант, звёўшы рукі, гаворыць заклік да малітвы Панскай, а потым, развёўшы рукі, разам з іншымі канцэлебрантамі, якія таксама разводзяць рукі, і з народам  прамаўляе саму малітву Панскую.

238.    Просім Цябе, Пане, збаў нас гаворыць з разведзенымі рукамі адзін галоўны цэлебрант. Усе канцэлебранты разам з народам прамаўляюць акламацыю на заканчэнне: Бо Тваё валадарства.

239.    Пасля закліку дыякана альбо, калі яго няма, пасля закліку аднаго з канцэлебрантаў: Перадайце бліжняму знак супакою ўсе перадаюць адзін аднаму знак супакою. Бліжэйшыя да галоўнага цэлебранта прымаюць ад яго знак супакою раней за дыякана.

240.    Падчас прамаўлення Баранку Божы дыяканы альбо некаторыя з канцэлебрантаў могуць дапамагаць галоўнаму цэлебранту ў ламанні Гостый для Камуніі канцэлебрантаў і народа.

241.    Пасля змешвання постацяў адзін галоўны цэлебрант ціха прамаўляе малітву Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога альбо Пане Езу Хрыстэ, няхай прыняцце.

242.    Пасля малітвы перад Камуніяй галоўны цэлебрант кленчыць і крыху адыходзіць назад. Канцэлебранты адзін за другім падыходзяць да сярэдзіны алтара, кленчаць, з пашанаю бяруць Цела Хрыста з алтара, трымаючы Яго ў правай руцэ над леваю далонню, і адыходзяць да сваіх месцаў. Канцэлебранты могуць таксама заставацца на сваіх месцах і браць Цела Хрыстова з патэны, якую трымае галоўны цэлебрант альбо адзін ці некалькі канцэлебрантаў, праходзячы перад імі, альбо таксама па чарзе перадаючы патэну адно аднаму аж да апошняга.

243.    Затым галоўны цэлебрант бярэ Гостыю, кансэкраваную на гэтай Імшы, трымае яе крыху ўзнятай над патэнаю ці над келіхам і, павярнуўшыся да народа, гаворыць: Вось Баранак Божы і  разам з канцэлебрантамі і народам працягвае: Пане, я не варты.

244.    Затым галоўны цэлебрант, павярнуўшыся да алтара, ціха кажа: Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і з пашанаю прымае Цела Хрыста. Падобнае робяць і канцэлебранты, прымаючы Камунію самі. Пасля іх Цела і Кроў Пана прымае ад галоўнага  цэлебранта дыякан.

245.    Кроў Хрыстову можна прымаць альбо п’ючы непасрэдна з самога келіха, альбо абмакваючы Гостыю, альбо з дапамогаю трубачкі ці лыжачкі.

246.    Калі Камунія прымаецца непасрэдна з келіха, можа ўжывацца адзін з наступных спосабаў:
а) Галоўны цэлебрант, стоячы па цэнтры алтара, бярэ келіх і ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае, прымае крыху Крыві і перадае келіх дыякану альбо канцэлебранту, а затым удзяляе Камунію вернікам (пар. №№ 160-162).
Канцэлебранты падыходзяць да алтара адзін за адным альбо па двое, калі ўжываюцца два келіхі, кленчаць, прымаюць Кроў Хрыста, выціраюць край келіха і вяртаюцца на сваё месца.
б) Галоўны цэлебрант звычайна прымае Кроў Пана, стоячы па цэнтры алтара.
Канцэлебранты могуць прымаць Кроў Пана, застаючыся на сваіх месцах і адпіваючы з келіха, які падае ім дыякан альбо адзін з канцэлебрантаў, ці таксама перадаючы келіх адзін аднаму. Келіх заўсёды выціраецца альбо тым, хто п’е, альбо тым, хто падае келіх. Канцэлебранты, прыняўшы Камунію, паасобку вяртаюцца на свае месцы.

247.    Дыякан з пашанаю спажывае каля алтара ўсю Кроў Хрыста, якая засталася, і, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць некалькі канцэлебрантаў. Затым дыякан пераносіць келіх да століка і там ён сам альбо акаліт, прызначаны належным чынам, ачышчае яго як звычайна, выцірае і складае (пар. № 183).

248.    Камунію канцэлебрантаў можна таксама арганізаваць такім чынам, каб кожны з іх прымаў пры алтары Цела і адразу пасля гэтага Кроў Пана.
У гэтым выпадку галоўны цэлебрант прымае Камунію як звычайна ў дзвюх постацях (пар. № 158), захоўваючы выбраны для гэтага выпадку абрад Камуніі з келіха, якога прытрымліваюцца і іншыя канцэлебранты.
Пасля Камуніі галоўнага цэлебранта келіх ставіцца збоку алтара на іншым карпарале. Канцэлебранты адзін за другім падыходзяць да сярэдзіны алтара, кленчаць і прымаюць Цела Пана; затым яны пераходзяць на бок алтара і прымаюць Кроў Пана, паводле абраду, выбранага для Камуніі з келіха, як сказана вышэй.
Камунія дыякана і ачышчэнне келіха адбываюцца такім жа чынам, як пададзена вышэй.

249.    Калі Камунія канцэлебрантаў адбываецца праз абмакванне Гостыі, галоўны цэлебрант прымае Цела і Кроў Пана звычайным чынам, зважаючы на тое, каб у келіху заставалася дастаткова Крыві для Камуніі канцэлебрантаў. Затым дыякан альбо адзін з канцэлебрантаў ставіць келіх на сярэдзіне альбо збоку алтара на іншы карпарал разам з патэнаю, на якой знаходзяцца часткі Гостыі.
Канцэлебранты адзін за адным падыходзяць да алтара, кленчаць, бяруць частку Гостыі, крыху абмакваюць яе ў келіху і, падносячы да вуснаў пурыфікатар, спажываюць, а затым вяртаюцца на свае месцы, як на пачатку Імшы.
Камунію праз абмакванне прымае таксама дыякан, які адказвае: Амэн канцэлебранту, калі той кажа: Цела і Кроў Хрыста. Дыякан спажывае каля алтара ўсю Кроў, якая засталася, і, калі патрабуюць абставіны, яму дапамагаюць некалькі канцэлебрантаў. Затым дыякан пераносіць келіх да століка і там ён сам альбо акаліт, прызначаны належным чынам, ачышчае яго як звычайна, выцірае і складае.

Абрад заканчэння

250.    Усё астатняе аж да канца Імшы (пар. №№ 166-168) спаўняе як звычайна галоўны цэлебрант. Канцэлебранты пры гэтым застаюцца на сваіх месцах.

251.    Перш чым адысці ад алтара, усе канцэлебранты робяць перад ім нізкі паклон, а галоўны цэлебрант і дыякан ушаноўваюць алтар, згодна са звычаем цалуючы яго.

ІІІ. ІМША, У ЯКОЙ УДЗЕЛЬНІЧАЕ ТОЛЬКІ АДЗІН ПРЫСЛУГОЎВАЮЧЫ

252.    У Імшы, падчас цэлебрацыі якой святару дапамагае і адказвае толькі адзін прыслугоўваючы, захоўваецца абрад Імшы з народам (пар. №№ 120-169). Прыслугоўваючы, паводле патрэбы, выконвае часткі Імшы, прызначаныя для народа.

253.    Калі прыслугоўваючы — дыякан, то ён і спаўняе свае абавязкі (пар. №№ 171-186), і выконвае часткі, прызначаныя для народа.

254.    Цэлебрацыя без прыслугоўваючага альбо прынамсі якогасьці верніка адбываецца толькі з абгрунтаванай і паважнай прычыны. У гэтым выпадку вітанні, заклікі і благаслаўленне на заканчэнне Імшы прапускаюцца.

255.    Неабходнае літургічнае начынне рыхтуецца перад Імшою альбо на століку, альбо на алтары з правага боку.

Уступныя абрады

256.    Святар разам з прыслугоўваючым падыходзяць да алтара і робяць перад ім нізкі паклон. Потым святар ушаноўвае алтар, цалуючы яго, і ідзе да свайго месца. Пры жаданні ён можа застацца пры алтары. У гэтым выпадку там жа належыць падрыхтаваць імшал. Пасля гэтага прыслугоўваючы альбо святар чытае антыфону на ўваход.

257.    Затым святар разам з прыслугоўваючым робяць знак крыжа і святар гаворыць: У імя Айца. Павярнуўшыся да прыслугоўваючага, ён вітае яго, выбраўшы для гэтага адну з пададзеных формулаў.

258.    Потым адбываецца чын пакаяння і, згодна з прадпісаннямі, гаворыцца Пане, змілуйся і Хвала.

259.    Пасля са зведзенымі рукамі святар гаворыць: Молімся і, вытрымаўшы належную паўзу, з разведзенымі рукамі прамаўляе калекту. На заканчэнне прыслугоўваючы адказвае: Амэн.

Літургія слова

260.    Чытанні, наколькі гэта магчыма, чытаюцца з амбоны альбо з пульта.

261.    Пасля калекты прыслугоўваючы чытае першае чытанне і псальм, і, калі прадпісана, другое чытанне і верш да Аллелюя альбо тэкст іншага спеву.

262.    Затым святар, нізка схіліўшыся, гаворыць: Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае і пасля гэтага чытае Евангелле. У канцы ён гаворыць: Гэта слова Пана, на што прыслугоўваючы адказвае: Хвала табе, Хрыстэ. Затым святар ушаноўвае кнігу, цалуючы яе і ціха кажа: Словы святога Евангелля няхай змыюць правіны нашыя.

263.    Пасля гэтага святар разам з прыслугоўваючым згодна з прадпісаннямі прамаўляе сімвал веры.

264.    Затым ідзе агульная малітва, якую таксама можна ўжываць і на гэтай Імшы. Святар пачынае і завяршае малітву, а прыслугоўваючы прамаўляе інтэнцыі.

Эўхарыстычная літургія

265.    На эўхарыстычнай літургіі ўсё адбываецца такім жа чынам, як і ў Імшы з народам, апрача пералічанага ніжэй.

266.    Пасля акламацыі ў канцы эмбалізму, які ідзе за малітвай Панскай, святар прамаўляе малітву Пане Езу Хрыстэ, Ты сказаў і затым дадае: Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі, а прыслугоўваючы адказвае яму: І з духам тваім. Калі гэта мэтазгодна, святар перадае знак супакою прыслугоўваючаму.

267.    Затым, прамаўляючы Баранку Божы разам з прыслугоўваючым, святар ламае Гостыю над патэнаю. Пасля Баранку Божы ён змешвае постаці, ціха кажучы: Гэтае паяднанне Цела і Крыві.

268.    Пасля змешвання постацяў святар ціха прамаўляе малітву Пане, Езу Хрыстэ, Сыне Бога жывога альбо Пане, Езу Хрыстэ, няхай прыняцце. Затым кленчыць, бярэ Гостыю і ў тым выпадку, калі прыслугоўваючы прымае Камунію, паварочваецца да яго і, трымаючы Гостыю крыху ўзнятаю над патэнаю альбо над келіхам, гаворыць: Вось Баранак Божы і разам з прыслугоўваючым дадае: Пане, я не варты. Затым, павярнуўшыся да алтара, ён прымае Цела Хрыста. Калі ж прыслугоўваючы не прымае Камуніі, святар пасля таго, як укленчыць, бярэ Гостыю і, павярнуўшыся да алтара, ціха гаворыць: Пане, я не варты і Цела Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае, а затым спажывае Цела Хрыста. Потым бярэ келіх, ціха гаворыць: Кроў Хрыста няхай захавае мяне на жыццё вечнае і прымае Кроў Хрыста.

269.    Перад тым, як прыслугоўваючы прыме Камунію, ён альбо святар прамаўляе антыфону на Камунію.

270.    Святар ачышчае келіх каля століка альбо пры алтары. Калі келіх ачышчаецца пры алтары, прыслугоўваючы можа затым занесці яго на столік альбо паставіць збоку на алтары.

271.    Пасля ачышчэння келіха святар павінен пэўны час захоўваць маўчанне, а затым прамаўляе малітву пасля Камуніі.

Абрад заканчэння

272.    Абрад заканчэння адбываецца такім жа чынам, як і ў Імшы з народам, але не гаворыцца Ідзіце ў супакоі. Святар як звычайна ўшаноўвае алтар, цалуючы яго, і, зрабіўшы разам з прыслугоўваючым нізкі паклон, адыходзіць.

ІV. НЕКАТОРЫЯ АГУЛЬНЫЯ НОРМЫ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЬ УСІХ ФОРМАЎ ІМШЫ
Ушанаванне алтара і Евангеліярыя

273.    Згодна з традыцыйным звычаем, алтар і Евангеліярый ушаноўваюцца цалаваннем, аднак там, дзе гэты знак не адпавядае звычаям і духу краіны, Канферэнцыя Біскупаў са згоды Апостальскай Сталіцы замест гэтага знаку можа ўстанавіць іншы.

Укленчванне і паклоны

274.    Укленчванне, якое адбываецца праз згінанне правага калена да зямлі, азначае пакланенне; таму яно прызначаецца Найсвяцейшаму Сакрамэнту і святому крыжу ў перыяд ад урачыстай адарацыі падчас літургіі на ўшанаванне Мукі Пана ў Вялікую пятніцу аж да пачатку Пасхальнай вігіліі.
На Імшы цэлебруючы святар кленчыць тры разы, а менавіта: пасля паднясення Гостыі, пасля паднясення келіха і перад Камуніяй. Асаблівасці, якія належыць захоўваць на канцэлебраванай Імшы, адзначаюцца ў адпаведных месцах (пар. №№ 210-251).
Калі ў прэзбітэрыі ёсць табэрнакулюм з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя кленчаць, калі падыходзяць да алтара альбо адыходзяць ад яго, але не падчас самой цэлебрацыі Імшы.
У іншых выпадках усе кленчаць, калі праходзяць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі толькі яны не ідуць у працэсіі.
Прыслугоўваючыя, якія нясуць працэсійны крыж альбо свечкі, не кленчаць, а толькі схіляюць галаву.

275.    Паклон азначае ўшанаванне і павагу, якую аддаюць самім асобам альбо таму, што іх азначае ці выяўляе. Ёсць два віды паклонаў, а менавіта: схіленне галавы і схіленне ўсяго цела.
а) Галаву схіляюць тады, калі разам называюцца тры Боскія Асобы, а таксама імя Езуса, Найсвяцейшай Панны Марыі і святога, у гонар якога цэлебруецца Імша.
б) Схіленне ўсяго цела, альбо нізкі паклон робіцца: перад алтаром; падчас малітваў Усемагутны Божа, ачысці сэрца маё і вусны мае і Прымі, Пане Божа, нас; пры вызнанні веры на словы: І ўцелавіўся; у Рымскім каноне на словы: Пакорна просім Цябе. Такі ж паклон робіць дыякан, калі просіць благаслаўлення перад абвяшчэннем Евангелля. Апрача таго, святар крыху схіляецца пры кансэкрацыі, калі прамаўляе словы Пана.

Акаджванне

276.    Акаджванне выяўляе ўшанаванне і малітву, як гэта адзначаецца ў Святым Пісанні (пар. Пс 141 (140), 2; Ап 8, 3).
Кадзіла можна ўжываць па жаданні ў любой форме Імшы:
а)  падчас працэсіі на ўваход;
б) на пачатку Імшы для акаджвання крыжа і алтара;
в) падчас працэсіі перад Евангеллем і падчас абвяшчэння Евангелля;
г) калі на алтары змешчаныя хлеб і келіх для акаджвання дароў, крыжа і алтара, а таксама святара і народа;
д) падчас паднясення Гостыі і келіха пасля кансэкрацыі.

277.    Святар, калі насыпае кадзіла ў кадзільніцу, благаслаўляе яго знакам крыжа, нічога пры гэтым не гаворачы.
Перад акаджваннем і пасля яго робіцца нізкі паклон асобе ці рэчы, якую акаджваюць, за выключэннем алтара і дароў для ахвяравання на Імшы.
Трыма ўзмахамі кадзільніцы акаджваюцца: Найсвяцейшы Сакрамэнт, рэліквіі святога Крыжа і выявы Пана, выстаўленыя для публічнага ўшанавання; дары для ахвяравання на Імшы, алтарны крыж, Евангеліярый, пасхал, святар і народ.
Двума ўзмахамі акаджваюцца рэліквіі і выявы святых, выстаўленыя для публічнага ўшанавання, прычым толькі на пачатку цэлебрацыі, калі акаджваецца алтар.
Алтар акаджваецца адзіночнымі ўзмахамі наступным чынам:
а) алтар, які не прылягае да сцяны, святар акаджвае, абыходзячы вакол яго;
б) алтар, які прылягае да сцяны, святар акаджвае, праходзячы ўздоўж яго: спачатку правую, а затым левую частку алтара.
Крыж, які знаходзіцца на алтары альбо побач з ім, акаджваецца перад акаджваннем алтара, у іншым выпадку святар акаджвае яго, праходзячы перад ім.
Дары святар акаджвае трыма ўзмахамі кадзільніцы перад акаджваннем крыжа і алтара альбо робіць кадзільніцай знак крыжа над дарамі.

Пурыфікацыя

278.    Кожны раз, калі нейкая крошка Гостыі застаецца на пальцах, асабліва пасля ламання хлеба альбо пасля Камуніі вернікаў, святар павінен абцерці пальцы над патэнаю ці, пры неабходнасці, абмыць. Ён павінен таксама сабраць крошкі, якія знаходзяцца па-за патэнаю.

279.    Літургічнае начынне ачышчае святар, дыякан альбо прызначаны акаліт пасля Камуніі ці пасля Імшы, па меры магчымасці, каля століка. Ачышчэнне келіха робіцца вадою ці віном і вадою, якія спажывае той, хто робіць пурыфікацыю. Патэна звычайна выціраецца пурыфікатарам.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што калі пасля ўдзялення Камуніі застаецца яшчэ нейкая колькасць Крыві Хрыста, яна адразу ж павінна быць цалкам спажытая каля алтара.

280.    Калі Гостыя альбо якаясьці яе частка падае, яе неабходна з пашанаю падняць; калі ж праліваецца Кроў, месца, куды яна трапіла, неабходна замыць вадою, а гэтую ваду трэба выліць у сакрарый, размешчаны ў сакрыстыі.

Камунія ў дзвюх постацях

281.    Значэнне святой Камуніі больш поўна раскрываецца тады, калі яна ўдзяляецца ў дзвюх постацях. У гэтай форме больш дасканала выяўляецца знак эўхарыстычнай вячэры і больш ясна выказваецца Божая воля спаўнення новага і вечнага Запавету ў Крыві Пана, а таксама сувязь паміж эўхарыстычнаю вячэраю і вячэраю эсхаталагічнаю ў Валадарстве Айца105.

282.    Духоўным пастырам належыць паклапаціцца аб тым, каб вернікам, якія ўдзельнічаюць у абрадзе альбо прысутнічаюць на ім, найбольш даступна нагадаць каталіцкае вучэнне на падставе ўхвалаў Сусветнага Трыдэнцкага Сабору пра форму святой Камуніі. Перш за ўсё, трэба звярнуць увагу вернікаў на тое, што паводле каталіцкага веравучэння цэлы і непадзельны Хрыстус і сапраўдны Сакрамэнт прымаецца таксама і ў адной постаці. Таму тыя, хто прымае Камунію толькі ў адной постаці, не пазбаўлены ласкі, неабходнай для збаўлення, калі  маюцца на ўвазе плады Камуніі106.
Ім трэба навучаць, што Касцёл мае ўладу ўстанаўліваць ці змяняць ва ўдзяленні сакрамэнтаў тое, што, захоўваючы іхнюю сутнасць, прызнае больш слушным для ўшанавання сакрамэнтаў альбо для карысці прымаючых адпаведна да зменных абставінаў, часу і месца107. Адначасова трэба заахвочваць вернікаў, каб яны з большай руплівасцю ўдзельнічалі ў абрадзе, у якім паўней выяўляецца знак эўхарыстычнай вячэры.

283.    Камунія ў дзвюх постацях, апрача выпадкаў, апісаных у абрадавых кнігах, дазваляецца:
а) святарам, якія не могуць цэлебраваць ці канцэлебраваць святых абрадаў;
б) дыякану і іншым асобам, якія спаўняюць пэўны абавязак на Імшы;
в) членам супольнасцяў на канвентуальнай Імшы альбо на так званай «Імшы супольнасці», выхаванцам семінарый, усім, хто ўдзельнічае ў духоўных практыкаваннях альбо ў духоўным ці пастырскім сходзе.
Дыяцэзіяльны біскуп можа вызначыць для сваёй дыяцэзіі нормы адносна Камуніі ў дзвюх постацях, якія павінны захоўвацца таксама ў супольнасцях законнікаў і ў малых літургічных супольнасцях. Гэтаму ж біскупу даецца права дазваляць Камунію ў дзвюх постацях кожны раз, калі святару, які з’яўляецца духоўным пастырам супольнасці,  гэта будзе здавацца мэтазгодным, пры ўмове, што вернікі добра падрыхтаваныя і няма ніякай небяспекі прафанацыі Сакрамэнту, а абрад не ўскладняецца з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў альбо з іншай прычыны.
Канферэнцыі Біскупаў могуць выдаваць пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай нормы, якія датычаць спосабу ўдзялення вернікам святой Камуніі ў дзвюх постацях і пашырэння права дазволу на яе.

284.    Калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях:
а) пры келіху звычайна прыслугоўвае дыякан ці, калі яго няма, прэзбітэр; альбо таксама акаліт, прызначаны належным чынам, ці іншы надзвычайны асістэнт для ўдзялення святой Камуніі; альбо вернік, якому ў выпадку неабходнасці на адзін раз даручаецца гэты абавязак;
б) у выпадку, калі застаецца нейкая колькасць святой Крыві, яе спажывае каля алтара святар, дыякан ці прызначаны належным чынам акаліт, які прыслугоўваў пры келіху, і як звычайна ачышчае літургічнае начынне, выцірае і складае яго.
Вернікам, якія хацелі б прымаць Камунію толькі ў постаці хлеба, святая Камунія ўдзяляецца ў гэтай форме.

285.    Для ўдзялення Камуніі ў дзвюх постацях належыць падрыхтаваць:
а) калі Камунію прымаюць непасрэдна з келіха — келіх дастатковай велічыні альбо некалькі келіхаў. Але неабходна разлічваць так, каб у канцы не заставалася празмерная колькасць Крыві Хрыста для спажывання;
б) калі Камунія адбываецца праз абмакванне — гостыі, якія не занадта тонкія і не занадта малыя, але крыху таўсцейшыя за звычайныя, каб, абмакнуўшы ў святую Кроў, іх можна было б зручна раздаваць.

286.    Калі Камунію святой Крыві прымаюць, адпіваючы непасрэдна з келіха, той, хто прымае Камунію, пасля таго, як прыме Цела Хрыста, пераходзіць да прыслугоўваючага пры келіху і становіцца перад ім. Прыслугоўваючы кажа: Кроў Хрыста, а прымаючы Камунію адказвае: Амэн. Прыслугоўваючы падае яму келіх, які той, хто прымае Камунію сваімі рукамі падносіць да вуснаў, крыху адпівае з келіха, вяртае яго прыслугоўваючаму і адыходзіць, а прыслугоўваючы выцірае край келіха пурыфікатарам.

287.    Калі Камунія з келіха адбываецца праз абмакванне, той, хто прымае Камунію, трымаючы патэну пад вуснамі, падыходзіць да святара, які трымае начынне з часткамі кансэкраванага хлеба. Побач са святаром стаіць прыслугоўваючы з келіхам. Святар бярэ Гостыю, часткова абмаквае яе ў келіху і, паказваючы яе, гаворыць: Цела і Кроў Хрыста, а той, хто прымае Камунію, адказвае: Амэн, вуснамі прымае ад святара Сакрамэнт і пасля гэтага адыходзіць.
y
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
  2. Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 119-186.
  3. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 42; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 26: A.A.S. 59 (1967) p. 555.
  4. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 565.
  5. Пар. там жа, n. 26: A.A.S. 59 (1967) p. 555; Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, nn. 16, 27: A.A.S. 59 (1967) pp. 305, 308.
  6. Пар. Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 6: A.A.S. 89 (1997) p. 869.
  7. Пар. S. Congr. pro Sacramentis et Cultu Divino, Instr. Inaestimabile donum, diei 3 aprilis 1980, n. 10: A.A.S. 72 (1980) p. 336; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 8: A.A.S. 89 (1997) p. 871.
  8. Пар. ніжэй, Дадатак, Абрад прызначэння асістэнта для аднаразовага ўдзялення святой Камуніі.
  9. Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 1118-1121.
  10. Пар. Paulus VI, Litt. Apost. Ministeria quaedam, diei 15 augusti 1972: A.A.S. 64 (1972) p. 532.
  11. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 57; Codex Iuris Canonici, can. 902.
  12. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 566.
  13. Пар. там жа, p. 565.
  14. Пар. Benedictus XV, Const. Ap. Incruentum altaris sacrificium, diei 10 augusti 1915: A.A.S. 7 (1915) pp. 401-404.
  15. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 32: A.A.S. 59 (1967) p. 558.
  16. Пар. Conc. Oecum. Trid., Sessio XXI, 16 iulii 1562, Decr. de communione eucharistica, capp. 1-3: Denz.-Schцnm. 1725-1729.
  17. Пар. там жа, cap. 2: Denz.-Schönm. 1728.
 
Раздзел ІІI. Абавязкі і паслугі на імшы

І. АБАВЯЗКІ ДУХОЎНАГА СТАНУ
ІІ. АБАВЯЗКІ НАРОДА БОЖАГА
ІІІ. АСАБЛІВЫЯ ПАСЛУГІ
ІV. РАЗМЕРКАВАННЕ АБАВЯЗКАЎ

91.    Эўхарыстычная цэлебрацыя — гэта дзеянне Хрыста і Касцёла, які з’яўляецца святым людам, з’яднаным пад кіраўніцтвам біскупа. Таму яна адносіцца да ўсяго Цела Касцёла, выяўляе яго і ўздзейнічае на яго; яна па-рознаму датычыць кожнага з яго асобных членаў, у залежнасці ад рознасці станаў, абавязкаў і чыннага ўдзелу75. Такім чынам хрысціянскі народ, «абранае племя, каралеўскае святарства, святы люд, набыты народ», выяўляе сваю ўзаемазвязаную і іерархічную ўпарадкаванасць76. Таму ўсе — і духавенства, і свецкія вернікі Хрыстовы, спаўняючы свой абавязак, павінны выконваць усё тое і толькі тое, што ім належыць77.

І. АБАВЯЗКІ ДУХОЎНАГА СТАНУ

92.    Кожнай правамоцнай цэлебрацыяй Эўхарыстыі кіруе біскуп: альбо  асабіста, альбо праз сваіх памочнікаў — прэзбітэраў78.
Калі біскуп удзельнічае ў Імшы з сабраным народам, найбольш пажадана, каб ён сам цэлебраваў Эўхарыстыю, яднаючы з сабою ў святым дзеянні святароў у якасці канцэлебрантаў. Гэта робіцца не дзеля павелічэння знешняй урачыстасці абраду, а дзеля таго, каб у больш яскравым святле паказаць таямніцу Касцёла — «сакрамэнту еднасці»79.
Калі біскуп не цэлебруе Эўхарыстыі, а прызначае для гэтага кагосьці іншага, тады пажадана, каб ён сам, з нагрудным крыжам, апрануты ў стулу і капу паверх альбы, узначальваў літургію слова і ў канцы Імшы ўдзяліў благаслаўленне80.

93.    Таксама прэзбітэр, які праз пасвячэнне мае ў Касцёле ўладу складаць ахвяру ў асобе Хрыста81, і таму ўзначальвае сабраную тут і цяпер супольнасць вернікаў, кіруе яе малітвай, абвяшчае ёй навіну аб збаўленні, яднае з сабою народ у складанні ахвяры Богу Айцу праз Хрыста ў Духу Святым, дае сваім братам хлеб жыцця вечнага і спажывае яго разам з імі. Цэлебруючы Эўхарыстыю, ён павінен служыць Богу з годнасцю і з пакорай і сваёй паставай, а таксама прамаўленнем словаў Божых паказваць вернікам жывую прысутнасць Хрыста.

94.    Пасля прэзбітэра першае месца сярод тых, хто прыслугоўвае на эўхарыстычнай цэлебрацыі, праз прынятае пасвячэнне займае дыякан, паколькі святы стан дыяканату ўжо ад першых апостальскіх часоў быў у вялікай пашане ў Касцёле82. На Імшы дыякан мае ўласныя абавязкі: абвяшчаць Евангелле, часам прапаведаваць слова Божае, прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы, прыслугоўваць святару, падрыхтоўваць алтар і выконваць сваё служэнне пры цэлебрацыі ахвяры, раздаваць вернікам Эўхарыстыю, асабліва ў постаці віна, а ў адпаведныя моманты падаваць знакі народу наконт жэстаў і паставаў цела.

ІІ. АБАВЯЗКІ НАРОДА БОЖАГА

95.    Падчас цэлебрацыі Імшы вернікі ўтвараюць святы люд, набыты народ, каралеўскае святарства, каб дзякаваць Богу і складаць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але таксама разам з ім і вучыцца ахвяраваць саміх сябе83. Трэба, каб яны імкнуліся выявіць гэта праз глыбокую пабожнасць і любоў да братоў, якія ўдзельнічаюць у тым жа самым літургічным дзеянні.
Вернікі павінны пазбягаць адасобленага жыцця альбо падзелу, усведамляючы, што маюць аднаго Айца ў нябёсах, і таму ўсе яны — браты між сабою.

96.    Яны павінны такім чынам утвараць адно цела, слухаючы слова Божае альбо прымаючы ўдзел у малітвах ці спевах, а асабліва ў супольным складанні ахвяры і ў супольным прыманні Камуніі са стала Пана. Гэтая еднасць добра выяўляецца ў агульных для ўсіх вернікаў жэстах і паставах цела.

97.    Вернікі не павінны адмаўляцца з радасцю служыць народу Божаму, калі іх просяць выконваць якую-небудзь асаблівую паслугу ці абавязак падчас літургічнага дзеяння.

ІІІ. АСАБЛІВЫЯ ПАСЛУГІ
Паслуга акаліта і абавязкі лектара

98.    Акаліт устаноўлены, каб прыслугоўваць пры алтары і дапамагаць святару і дыякану. Перш за ўсё, ён павінен падрыхтоўваць алтар і літургічнае начынне і, калі неабходна, ўдзяляць вернікам Эўхарыстыю, надзвычайным асістэнтам для ўдзялення якой ён з’яўляецца84.
У паслузе пры алтары акаліт мае свае абавязкі (пар. № 187-193), якія павінен выконваць сам.

99.    Лектар устаноўлены для чытання тэкстаў са Святога Пісання, за выключэннем Евангелля. Ён можа таксама прамаўляць інтэнцыі агульнай малітвы, а калі адсутнічае псальміст, прамаўляць паміж чытаннямі псальм.
Падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі лектар мае ўласны абавязак (пар. № 194-198), які павінен выконваць сам.

Іншыя абавязкі

100.    Калі няма ўстаноўленага акаліта, для паслугі пры алтары і для дапамогі святару і дыякану могуць прызначацца свецкія прыслугоўваючыя, якія носяць крыж, свечкі, кадзіла, хлеб, віно, ваду альбо таксама прызначаюцца надзвычайнымі асістэнтамі для ўдзялення святой Камуніі85.
101.    Калі няма ўстаноўленага лектара, для чытання тэкстаў са Святога Пісання прызначаюцца іншыя свецкія асобы, якія сапраўды здольныя выконваць гэты абавязак і старанна падрыхтаваныя, каб вернікі, слухаючы боганатхнёныя чытанні, успрымалі сэрцам жывую і гарачую любоў да Святога Пісання86.

102.    Абавязак псальміста — выконваць псальм альбо іншую біблійную песню, якая гучыць паміж чытаннямі. Каб псальміст мог належна выконваць свой абавязак, ён павінен мець здольнасць добра спяваць, а таксама правільна вымаўляць і гаварыць.

103.    Сярод вернікаў свой літургічны абавязак спаўняе гурт спевакоў (schola cantorum) альбо хор, які павінен клапаціцца пра належнае выкананне вызначаных яму частак у залежнасці ад роду спеваў і спрыяць чыннаму ўдзелу вернікаў у спеве87. Сказанае пра гурт спевакоў падобным чынам датычыць і іншых выканаўцаў музыкі, асабліва арганіста.

104.    Пажаданая наяўнасць кантара альбо кіраўніка хору, які кіраваў бы спевам народа і падтрымліваў яго. Больш таго, калі няма хору, кантару належыць кіраваць рознымі спевамі з удзелам народа ў выкананні вызначаных яму частак88.

105.    Літургічны абавязак выконваюць таксама:
а) Сакрыстыян, які старанна рыхтуе літургічныя кнігі, парамэнты (неабходныя літургічныя прыналежнасці) ды іншае, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы.
б) Каментатар, які пры неабходнасці дае вернікам кароткія тлумачэнні і настаўленні, каб увесці іх у літургію і падрыхтаваць да лепшага яе разумення. Неабходна, каб словы каментатара былі старанна падрыхтаванымі, зразумелымі і выразнымі. Пры выкананні свайго абавязку каментатар стаіць у адпаведным месцы перад вернікамі, але не на амбоне.
в) Тыя, хто збірае ў касцёле ахвяраванні.
г) Тыя, хто ў некаторых краінах сустракае вернікаў каля дзвярэй касцёла, размяшчае іх на адпаведных месцах і падтрымлівае парадак падчас працэсій.

106.    Пажадана, каб, асабліва ў катэдральных і большых касцёлах, быў вызначаны пэўны адпаведны прыслугоўваючы ці кіраўнік цырымоній (caeremoniarum magister), які клапаціўся б пра належную арганізацыю святых дзеянняў і выкананне іх духоўнымі служыцелямі і свецкімі вернікамі годна, у адпаведным парадку і з пабожнасцю.

107.    Літургічныя абавязкі, якія не належаць святару ці дыякану і пра якія гаворыцца вышэй (№№ 100-106), могуць даручацца праз літургічнае благаслаўленне ці часовае прызначэнне таксама адпаведным свецкім асобам, выбраным пробашчам ці рэктарам касцёла89. Што датычыць абавязку прыслугоўвання святару пры алтары, то ў гэтым неабходна захоўваць распараджэнні біскупа для ягонай дыяцэзіі.

ІV. РАЗМЕРКАВАННЕ АБАВЯЗКАЎ
І Падрыхтоўка цэлебрацыі

108.    Абавязак кіравання ва ўсіх яго частках, за выключэннем тых, якія ўласцівыя для Імшы з прысутнасцю біскупа (пар. вышэй, № 92), заўсёды павінен выконваць адзін і той жа святар.

109.    Калі ёсць некалькі асобаў, якія могуць выконваць тую ж самую паслугу, нічога не перашкаджае, каб яны размеркавалі паміж сабою розныя часткі гэтай паслугі ці абавязку і выконвалі іх. Напр., адзін дыякан можа выконваць часткі, прызначаныя для спеву, а іншы — прыслугоўваць пры алтары; калі ёсць некалькі чытанняў, іх можна падзяліць паміж некалькімі лектарамі і г.д. Але ніяк нельга, каб некалькі асобаў дзялілі між сабою адзін элемент цэлебрацыі, напр., каб тое ж самае чытанне чыталі дзве асобы, адна за адной, калі толькі мова не ідзе пра апісанне Мукі Пана.

110.    Калі на Імшы з народам ёсць толькі адзін прыслугоўваючы, то ён можа выконваць розныя абавязкі.

111.    Належная падрыхтоўка кожнай літургічнай цэлебрацыі павінна адбывацца паводле Імшала і іншых літургічных кнігаў старанна і ў згодзе ўсіх удзельнікаў: як у тым, што датычыць абрадаў, так і ў тым, што датычыць пастырскіх справаў і музыкі. Усё гэта робіцца пад кіраўніцтвам рэктара касцёла і з улікам меркавання вернікаў у тым, што датычыць непасрэдна іх. Святар, які кіруе цэлебрацыяй, заўсёды захоўвае права распараджацца тым, што знаходзіцца ў яго кампетэнцыі90.

ф

  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 26.
  2. Пар. там жа, n. 14.
  3. Пар. там жа, n. 28.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, nn. 26, 28; Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 42.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 26.
  6. Пар. Caeremoniale Episcoporum, nn. 175-186.
  7. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 28; Decretum de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 2.
  8. Пар. Paulus VI, Litt. Ap. Sacrum diaconatus Ordinem, diei 18 iunii 1967: A.A.S. 59 (1967) pp. 697-704; Pontificale Romanum, De Ordinatione Episcopi, presbyterorum et diaconorum, editio typica altera, 1989, n. 173.
  9. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
  10. Пар. Codex Iuris Canonici, can. 910 § 2; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 8: A.A.S. 89 (1997) p. 871.
  11. Пар. S. Congr. de Disciplina Sacramentorum, Instr. Immensae caritatis, diei 29 ianuarii 1973, n. 1: A.A.S. 65 (1973) pp. 265-266; Codex Iuris Canonici, can. 230 § 3.
  12. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 24.
  13. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 19: A.A.S. 59 (1967) p. 306.
  14. Пар. там жа, n. 21: A.A.S. 59 (1967) pp. 306-307.
  15. Пар. Pont. Cons. de Legum textibus interpretandis, responsio ad propositum dubium circa can. 230 § 2: A.A.S. 86 (1994) p. 541.
  16. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 22.
 
Раздзел II. Структура імшы, яе элементы і часткі

І. АГУЛЬНАЯ СТРУКТУРА ІМШЫ
ІІ. РОЗНЫЯ  ЭЛЕМЕНТЫ  ІМШЫ
ІІІ. АСОБНЫЯ  ЧАСТКІ  ІМШЫ

AІ. АГУЛЬНАЯ СТРУКТУРА ІМШЫ

27.    На Імшы ці Вячэры Пана народ Божы збіраецца разам пад кіраўніцтвам святара, які ўвасабляе Хрыста, для цэлебрацыі ўспаміну пра Пана альбо эўхарыстычнай ахвяры37. Таму перш за ўсё да мясцовай супольнасці святога Касцёла адносіцца абяцанне Хрыста: «Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18, 20). Бо пры цэлебрацыі Імшы, у якой вечна здзяйсняецца ахвяра крыжа38, Хрыстус рэальна прысутнічае ў самім сходзе людзей, сабраных у Яго імя, у асобе святара, у сваім слове, а таксама сутнасна і бесперапынна ў эўхарыстычных постацях39.

28.    У пэўным сэнсе Імша складаецца з дзвюх частак, а менавіта з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаны між сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне40. На Імшы падрыхтоўваецца стол слова Божага і Цела Хрыстовага, з якога верныя атрымліваюць навуку і падмацаванне41. Іншыя абрады адкрываюць альбо завяршаюць літургічнае дзеянне.

ІІ. РОЗНЫЯ  ЭЛЕМЕНТЫ  ІМШЫ

Чытанне і тлумачэнне слова Божага

29.    Калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, тады сам Бог прамаўляе да свайго народа і Хрыстус, прысутны ў сваім слове, абвяшчае Евангелле.
Таму ўсе павінны з павагаю слухаць чытанні слова Божага, якія з’яўляюцца вельмі важным элементам Літургіі. Аднак, хоць слова Божае ў чытаннях Святога Пісання скіравана да ўсіх людзей усіх часоў і можа быць зразумета імі, але яго больш поўнаму разуменню і дзейснасці спрыяе жывы выклад, гэта значыць гамілія, як частка літургічнага дзеяння42.

Малітвы і іншыя часткі Літургіі, прызначаныя для святара

30.    Сярод таго, што прызначаецца для святара, першае месца займае эўхарыстычная малітва, якая з’яўляецца вяршыняю ўсяго літургічнага дзеяння. Для святара прызначаныя таксама наступныя малітвы (orationes): калекта, малітва над дарамі і малітва пасля Камуніі. Гэтыя малітвы святар, які, увасабляючы Хрыста, узначальвае супольнасць, скіроўвае да Бога ад імя ўсяго святога люду і ўсіх прысутных43. Таму яны слушна называюцца «малітвамі кіраўніка» (orationes praesidentiales).

31.    Святар, які выконвае абавязак кіраўніка сабранай супольнасці, таксама прамаўляе некаторыя настаўленні, прадугледжаныя ў самім абрадзе. Там, дзе гэта вызначаецца рубрыкамі, цэлебрант можа да пэўнай меры дастасоўваць гэтыя настаўленні для таго, каб яны адпавядалі разуменню ўдзельнікаў; але святару належыць дбаць пра тое, каб заўсёды захоўваць сэнс настаўлення, прапанаванага ў Імшале і выкладаць яго вельмі коратка. Святар, які ўзначальвае супольнасць, павінен таксама клапаціцца пра слова Божае і ўдзяляць благаслаўленне на заканчэнне. Апрача таго, ён можа некалькімі словамі ўводзіць верных у Імшу дня пасля ўступнага вітання і перад чынам пакаяння; у літургію слова — перад чытаннямі; у эўхарыстычную малітву — перад прэфацыяй, але ніколі падчас самой малітвы, а завяршыць усё святое дзеянне сваімі словамі перад рассыланнем вернікаў.

32.    Сама сутнасць «малітваў кіраўніка» патрабуе, каб яны вымаўляліся гучным і выразным голасам, а ўсе ўважліва іх слухалі44. Таму, калі святар іх прамаўляе, не можа быць іншых малітваў альбо спеваў, не могуць гучаць арганы ці іншыя музычныя інструменты.

33.    Святар прамаўляе малітвы не толькі як кіраўнік ад імя Касцёла і сабранай супольнасці. Часам ён моліцца выключна ад свайго імя, каб спаўняць сваё служэнне з большай засяроджанасцю і пабожнасцю. Такія малітвы, якія падаюцца перад чытаннем Евангелля, падчас прыгатавання дароў, а таксама перад і пасля Камуніі святара, прамаўляюцца ціха.

Іншыя формулы, якія ўжываюцца падчас цэлебрацыі

34.    Паколькі цэлебрацыя Імшы па сваёй сутнасці носіць «супольнасны» («камунітарны»)характар45, то вялікае значэнне маюць дыялогі паміж цэлебрантам і сабранымі вернікамі, а таксама акламацыі46, бо яны з’яўляюцца не толькі знешнімі знакамі супольнай цэлебрацыі, але таксама ствараюць і падтрымліваюць еднасць паміж святаром і народам.

35.    Акламацыі і адказы вернікаў на прывітанні і малітвы святара ствараюць тую ступень чыннага ўдзелу, якая павінна захоўвацца сабранымі вернікамі ва ўсіх формах Імшы, каб ясна выяўлялася і падтрымлівалася дзеянне ўсёй супольнасці47.

36.    Іншыя часткі Імшы,  якія прызначаныя для ўсёй сабранай супольнасці — гэта перш за ўсё чын пакаяння, вызнанне веры, агульная малітва і малітва Панская, — вельмі карысныя для выяўлення і падтрымкі чыннага ўдзелу вернікаў.

37.    З іншых формулаў:
а) некаторыя ўяўляюць сабою абрад альбо самастойны літургічны чын: такія, як гімн Хвала на вышынях, рэспансарыйны псальм, Аллелюя і спеў перад Евангеллем, Святы, акламацыя пасля кансэкрацыі, спеў пасля Камуніі;
б) а іншыя суправаджаюць якісьці абрад: такія, як спеў на ўваход, на ахвяраванне, на ламанне хлеба (Баранку Божы) і на Камунію.

Спосабы прамаўлення розных тэкстаў

38.    Чытаючы тэксты, прызначаныя для выразнага прамаўлення ўголас, святар, дыякан, лектар альбо ўсе вернікі павінны прыстасоўваць голас да віду самога тэксту (чытанне, малітва, настаўленне, акламацыя, спеў), а таксама да формы цэлебрацыі літургіі і да ступені ўрачыстасці. Неабходна таксама мець на ўвазе асаблівасці розных моваў і характэрныя рысы асобных народаў.
У рубрыках і ў нормах, якія падаюцца ніжэй, словы: казаць, гаварыць (dicere), вымаўляць, прамаўляць (proferre) адносяцца і да спеву, і да рэцытацыі з захаваннем вышэйпададзеных прынцыпаў.

Значэнне спеву

39.    Апостал заклікае Хрыстовых вернікаў, якія збіраюцца разам, чакаючы прыйсця свайго Пана, спяваць разам псальмы, гімны і духоўныя песні (пар. Клс 3, 16). Спеў — гэта выраз радасці сэрца (пар. Дз 2, 46). Таму слушна кажа св. Аўгустын: «Хто любіць, той спявае»48, а ўжо ў старажытнасці стала прыказкай выслоўе: «Двойчы моліцца той, хто добра спявае».

40.    Неабходна надаваць спеву вялікую ўвагу ў цэлебрацыі Імшы, улічваючы пры гэтым характар народаў і здольнасці кожнай літургічнай супольнасці. Хоць не заўсёды неабходна, напр., у будзённых Імшах, спяваць усе тэксты, прызначаныя для спеву, але ўвогуле трэба клапаціцца пра тое, каб служыцелі і народ спявалі на цэлебрацыях, якія адбываюцца ў нядзелі і ў прадпісаныя святы.
Пры адборы частак, якія сапраўды павінны спявацца, аддаецца перавага тым, якія маюць большае значэнне, і перш за ўсё тым, якія спяваюцца святаром альбо дыяканам ці лектарам, а народ адказвае, ці тым, якія выконваюцца святаром разам з народам49.

41.    Першае месца між іншымі роўнымі належыць грыгарыянскаму спеву, як уласціваму для рымскай Літургіі. Ні ў якім разе не выключаюцца іншыя віды сакральнай музыкі, асабліва поліфанія, калі толькі яны адпавядаюць духу літургічнага дзеяння і спрыяюць удзелу ўсіх вернікаў50.
Паколькі ўсё часцей сустракаюцца разам вернікі розных нацыянальнасцяў, было б добра, каб яны ўмелі разам спяваць прынамсі некаторыя часткі парадку Імшы, асабліва сімвал веры і малітву Панскую на лацінскай мове, карыстаючыся больш простымі мелодыямі51.

Жэсты і паставы цела

42.    Жэсты і паставы цела як святара, дыякана і прыслугоўваючых, так і народа павінны быць скіраваныя на тое, каб уся цэлебрацыя вызначалася гожасцю і высакароднай прастатою, каб добра ўспрымалася сапраўднае і поўнае значэнне розных яе частак і забяспечваўся ўдзел у ёй усіх прысутных52.  Такім чынам, неабходна браць пад увагу тое, што вызначаецца гэтымі Агульнымі ўводзінамі і традыцыйнай практыкай рымскага абраду і што спрыяе агульнай духоўнай карысці Божага народа больш, чым задавальненню прыватных схільнасцяў ці жаданняў.
Аднолькавая пастава цела, якая павінна захоўвацца ўсімі ўдзельнікамі, — гэта знак еднасці членаў хрысціянскай супольнасці, сабраных на святую Літургію, бо яна выяўляе і падтрымлівае думкі і пачуцці ўдзельнікаў.

43.    Вернікі павінны стаяць ад пачатку спеву на ўваход, альбо калі святар падыходзіць да алтара, да калекты ўключна; падчас спеву Аллелюя перад Евангеллем; калі абвяшчаецца само Евангелле; калі адбываецца вызнанне веры і агульная малітва; а таксама ад закліку Маліцеся, браты і сёстры перад малітваю над дарамі і да канца Імшы, за выключэннем выпадкаў, пра якія гаворыцца ніжэй.
Вернікі сядзяць, калі гучаць чытанні перад Евангеллем і рэспансарыйны псальм, падчас гаміліі і калі адбываецца прыгатаванне дароў на ахвяраванне, а таксама, калі гэта дарэчы, падчас захавання маўчання пасля Камуніі.
Кленчаць яны падчас кансэкрацыі, калі толькі гэтаму не перашкаджаюць стан здароўя, недахоп месца, вялікая колькасць прысутных альбо іншыя слушныя прычыны. Тыя ж, хто не кленчыць падчас кансэкрацыі, робяць нізкі паклон у той час, калі святар кленчыць пасля кансэкрацыі.
Канферэнцыі Біскупаў, аднак, маюць права дастасоўваць жэсты і паставы цела, апісаныя ў Парадку Імшы, да характэрных рысаў і здаровых традыцый асобных народаў згодна з нормамі права53. Неабходна толькі ўлічваць значэнне і характар адпаведнай часткі Імшы. Там, дзе ёсць звычай, каб народ кленчыў ад заканчэння акламацыі Святы аж да канца эўхарыстычнай малітвы, а таксама перад Камуніяй, калі святар гаворыць Вось Баранак Божы, яго рэкамендуецца захаваць.
Для дасягнення аднастайнасці ў жэстах і паставах цела падчас адной і той жа цэлебрацыі, вернікі павінны слухацца настаўленняў, якія даюць дыякан, свецкі прыслугоўваючы ці святар згодна з нормамі, устаноўленымі ў Імшале.

44.    Да жэстаў залічваюцца таксама такія дзеянні і перамяшчэнні, калі святар з дыяканам і прыслугоўваючымі падыходзіць да алтара; калі дыякан перад абвяшчэннем Евангелля прыносіць Евангеліярый ці кнігу Евангелля на амбону; калі вернікі прыносяць дары і прыступаюць да Камуніі. Гэтыя дзеянні і перамяшчэнні павінны здзяйсняцца годна і могуць суправаджацца адпаведным спевам паводле ўстаноўленых для кожнага з іх нормаў.

Маўчанне

45.    У належны час неабходна захоўваць сакральнае маўчанне, як частку літургічнага дзеяння54. Характар гэтага маўчання залежыць ад часу, у які яно наступае ў асобных цэлебрацыях. Падчас чыну пакаяння і пасля закліку да малітвы кожны засяроджваецца ў сабе; пасля чытання альбо гаміліі ўсе коратка разважаюць над тым, што пачулі, а пасля Камуніі вернікі ў сваім сэрцы праслаўляюць Бога і моляцца.
Ужо перад самой цэлебрацыяй пажадана захоўваць маўчанне ў касцёле, у сакрыстыі і ў бліжэйшых да іх месцах, каб усе пабожна і належным чынам рыхтаваліся да святых абрадаў.

ІІІ. АСОБНЫЯ  ЧАСТКІ  ІМШЫ
А) Уступныя абрады

46.    Абрады, якія папярэднічаюць літургіі слова, а менавіта: уваход, вітанне, чын пакаяння, Пане, змілуйся (Kyrie, eleison), Хвала на вышынях і калекта маюць характар уступу, увядзення і падрыхтоўкі.
Мэта гэтых абрадаў у тым, каб вернікі, збіраючыся разам, утварылі еднасць і падрыхтаваліся да належнага слухання слова Божага і да годнай цэлебрацыі Эўхарыстыі.
У некаторых цэлебрацыях, якія спалучаюцца з Імшою паводле нормаў, пададзеных у літургічных кнігах, пачатковыя абрады прапускаюцца ці здзяйсняюцца асаблівым чынам.

Уваход

47.    Пасля таго, як збярэцца народ, калі ўваходзіць святар з дыяканам і прыслугоўваючымі, пачынаецца спеў на ўваход. Мэта гэтага спеву — распачаць цэлебрацыю Імшы, паспрыяць яднанню сабраных, унутрана падрыхтаваць іх да таямніцы літургічнага перыяду ці свята і суправаджаць працэсію святара з прыслугоўваючымі.

48.    Спеў на ўваход выконваецца хорам папераменна з народам альбо такім жа чынам кантарам і народам, альбо яго цалкам можа выконваць толькі народ ці толькі хор. Можа выкарыстоўвацца антыфона з адпаведным псальмам, узятыя з Рымскага градуала (Graduale romanum) ці са Звычайнага градуала (Graduale simplex), альбо іншая песня, якая адпавядае святому дзеянню, характару дня ці перыяду55, тэкст якой ухвалены Канферэнцыяй Біскупаў.
Калі не выконваецца спеў на ўваход, то прамаўляецца антыфона, змешчаная ў Імшале. Яе могуць прамаўляць вернікі ці некаторыя з іх альбо лектар ці нават сам святар, які можа ўжыць яе ў якасці ўступнага настаўлення (пар. № 31).

Вітанне алтара і сабранага народа

49.    Прыйшоўшы да прэзбітэрыя, святар, дыяканы і прыслугоўваючыя вітаюць алтар нізкім паклонам.
Затым як выраз пашаны святар і дыякан цалуюць сам алтар, а святар можа акадзіць крыж і алтар.

50.    Пасля заканчэння спеву на ўваход святар, стоячы каля свайго месца, а разам з ім уся супольнасць робяць знак крыжа. Затым святар праз вітанне аб’яўляе сабранай супольнасці прысутнасць Пана. У гэтым вітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла.
Пасля вітання святар альбо дыякан ці свецкі прыслугоўваючы можа некалькімі словамі ўвесці вернікаў у Імшу дня.

Чын пакаяння

51.    Затым святар заклікае да чыну пакаяння, які пасля кароткага часу маўчання здзяйсняе ўся супольнасць у форме агульнай споведзі, а святар завяршае яе адпушчэннем грахоў. Але гэтае адпушчэнне не мае дзейснасці сакрамэнту пакаяння.
У нядзелі, асабліва ў велікодны перыяд, замест звычайнага чыну пакаяння часам можа адбывацца асвячэнне вады і акрапленне ёю на ўспамін хросту56.

Пане, змілуйся над намі (Kyrie, eleison)

52.    Пасля чыну пакаяння заўсёды пачынаецца Пане, змілуйся над намі, калі толькі гэтых словаў не было ўжо ў самім чыне пакаяння. Паколькі гэта спеў, у якім верныя заклікаюць Пана і просяць Ягонай міласэрнасці, выконваюць яго звычайна ўсе — гэта значыць у ім бярэ ўдзел народ, а таксама хор ці кантар.
Кожная акламацыя звычайна паўтараецца двойчы, аднак не выключаецца і большая колькасць паўтораў з увагі на характар розных моваў а таксама музыку ці іншыя абставіны. Калі Пане, змілуйся над намі спяваецца як частка чыну пакаяння, перад асобнымі акламацыямі ўстаўляецца «троп».

Хвала на вышынях

53.    Хвала на вышынях — гэта найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё. Тэкст гэтага гімну нельга замяняць іншым. Пачынае яго святар, альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор, а спяваюць яго ці ўсе разам, ці народ папераменна з хорам альбо толькі сам хор. Калі гімн не спяваецца, яго прамаўляюць усе разам альбо два хоры, якія адказваюць папераменна адзін аднаму.
Спяваецца альбо прамаўляецца ён у нядзелі, за выключэннем перыяду Адвэнту і Вялікага посту, ва ўрачыстасці і святы, а таксама на асаблівых, больш урачыстых, цэлебрацыях.

Калекта

54.    Затым святар запрашае народ да малітвы; усе разам са святаром нейкі момант захоўваюць маўчанне, каб усвядоміць, што стаяць перад Богам, і ў душы выказаць свае просьбы. Пасля гэтага святар прамаўляе малітву, якую прынята называць «калектай» і ў якой выяўляецца характар цэлебрацыі. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым57 і завяршаецца трынітарнай, г.зн. даўжэйшай, канцоўкаю, такім чынам:
— калі яна скіраваная да Айца: Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Айца, але ў канцы яе ўспамінаецца Сын: Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.
На Імшы заўсёды прамаўляецца толькі адна калекта.

Б) Літургія слова

55.    Галоўную частку літургіі слова складаюць чытанні, узятыя са Святога Пісання, з суправаджальнымі спевамі. Гамілія, вызнанне веры і агульная малітва, альбо малітва вернікаў, развіваюць і завяршаюць літургію слова. У чытаннях, якія тлумачацца ў гаміліі, Бог прамаўляе да свайго народа58, адкрывае таямніцу адкуплення і збаўлення, а таксама дае духоўны пасілак; а Хрыстус сам прысутнічае праз сваё слова сярод вернікаў59. Гэтае Божае слова народ засвойвае ў маўчанні і ў песнях, далучаецца да яго ў вызнанні веры, а, пажыўлены ім, у агульнай малітве ўзносіць свае просьбы аб патрэбах усяго Касцёла і за збаўленне ўсяго свету.

Маўчанне

56.    Літургія слова павінна цэлебравацца такім чынам, каб спрыяць разважанню (медытацыі), а таму, безумоўна, трэба пазбягаць усялякай паспешнасці, якая перашкаджае засяродзіцца. Для гэтага служаць таксама кароткія хвіліны маўчання, дастасаваныя да сабранай супольнасці, падчас якіх з дапамогаю Духа Святога сэрцам успрымаецца Божае слова і праз малітву рыхтуецца адказ на яго. Такія хвіліны маўчання можна захоўваць пасля першага і другога чытання, а таксама пасля заканчэння гаміліі60.

Біблійныя чытанні

57.    У чытаннях для вернікаў рыхтуецца стол слова Божага і адкрываюцца біблійныя скарбы61. Таму пажадана захоўваць паслядоўнасць біблійных чытанняў, у якой выяўляецца адзінства абодвух Запаветаў і гісторыі збаўлення; нельга таксама замяняць чытанні і рэспансарыйны псальм, якія змяшчаюць слова Божае, іншымі, не біблійнымі тэкстамі62.

58.    У цэлебрацыі Імшы з народам чытанні заўсёды чытаюцца з амбоны.

59.    Згодна з традыцыяй, абавязак чытання з’яўляецца абавязкам не кіраўніка, а прыслугоўваючых. Таму чытанні належыць чытаць лектару, а Евангелле абвяшчае дыякан альбо, калі яго няма, іншы святар. Калі ж няма ні дыякана, ні іншага святара, то Евангелле чытае сам цэлебруючы святар; а калі таксама няма адпаведнага лектара, то цэлебруючы святар павінен чытаць і іншыя чытанні.
Пасля кожнага чытання той, хто чытае, прамаўляе акламацыю, а сабраны народ, адказваючы на яе, аддае пашану Божаму слову, успрынятаму з вераю і ўдзячнаю душою.

60.    Чытанне Евангелля з’яўляецца вяршыняй літургіі слова. Сама Літургія вучыць, што чытанню Евангелля павінна аддавацца найвышэйшая пашана, паколькі вылучае і адзначае яго сярод іншых чытанняў спецыяльным гонарам: служыцелі, вызначаныя для яго абвяшчэння, благаслаўляюцца святаром альбо рыхтуюцца праз малітву, верныя ж сваімі акламацыямі прымаюць і вызнаюць, што Хрыстус — прысутны і прамаўляе да іх, а само чытанне яны слухаюць стоячы; Евангеліярыю аддаюцца знакі пашаны.

Рэспансарыйны псальм

61.    Пасля першага чытання ідзе рэспансарыйны псальм, які з’яўляецца інтэгральнай часткаю літургіі слова і мае вялікае літургічнае і пастырскае значэнне, паколькі спрыяе разважанню (медытацыі) над Божым словам.
Рэспансарыйны псальм адпавядае асобным чытанням і звычайна бярэцца з лекцыянарыя.
Пажадана, каб рэспансарыйны псальм спяваўся, ці каб спявалася прынамсі тое, што адносіцца да адказу народа. Таму псальміст альбо кантар, які выконвае псальм, выконвае верш псальма на амбоне альбо ў іншым адпаведным месцы. Уся супольнасць, седзячы, слухае псальм і звычайна прымае ўдзел, паўтараючы рэфрэн, калі толькі псальм не выконваецца спрошчаным спосабам, г.зн. без рэфрэна. Але для таго, каб народ мог лягчэй выконваць рэфрэн псальму,  для розных літургічных перыядаў альбо для розных станаў святых выбраныя пэўныя тэксты рэфрэнаў і псальмаў, якія, калі псальм спяваецца, можна выкарыстоўваць замест тэкстаў, адпаведных чытанню. Калі псальм не можа спявацца, ён прамаўляецца такім  чынам, каб як найбольш спрыяць разважанню (медытацыі) над словам Божым.
Замест псальма, вызначанага ў лекцыянарыі, можа спявацца таксама рэспансарыйны градуал з Рымскага градуала альбо рэспансарыйны ці аллелюйны псальм са Звычайнага градуала, як апісана ў гэтых кнігах.

Акламацыя перад чытаннем Евангелля

62.    Пасля чытання, якое ідзе непасрэдна перад Евангеллем, спяваецца Аллелюя альбо іншы вызначаны ў рубрыках спеў, у адпаведнасці з літургічным перыядам. Такая акламацыя ўтварае абрад ці асобнае дзеянне. У ёй супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у Евангеллі, і ў спеве вызнае сваю веру. Вядзе спеў акламацыі хор ці кантар і ўсе спяваюць яе стоячы, а калі дазваляюць абставіны, яна паўтараецца. Верш спявае хор ці кантар.
а) Аллелюя спяваецца ва ўсе перыяды, апрача Вялікага посту. Вершы бяруцца альбо з лекцыянарыя, альбо з градуала.
б) У час Вялікага посту замест Аллелюя спяваецца верш перад Евангеллем, пададзены ў лекцыянарыі. Можа спявацца таксама іншы псальм ці трактус так, як падаецца ў градуале.

63.    Калі перад Евангеллем толькі адно чытанне:
а) у перыяд, калі ўжываецца Аллелюя, можна браць альбо аллелюйны псальм, альбо псальм і Аллелюя з ягоным вершам;
б) у перыяд, калі не ўжываецца Аллелюя, можна браць альбо псальм і верш перад Евангеллем, альбо толькі псальм;
в) Аллелюя альбо верш перад Евангеллем, калі яны не спяваюцца, можна прапускаць.

64.    Секвенцыя, якая, за выключэннем дзён Пасхі і Спаслання Духа Святога, з’яўляецца неабавязковай, спяваецца пасля Аллелюя.

Гамілія

65.    Гамілія — гэта частка Літургіі. Яна вельмі пажаданая63, паколькі гэта — неабходны элемент, які ўмацоўвае хрысціянскае жыццё. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытання Святога Пісання альбо іншага тэксту, узятага з Парадку Імшы ці з уласных Імшаў дня, у залежнасці ад цэлебраванай таямніцы альбо асаблівых патрэбаў слухачоў64.

66.    Гамілію звычайна прамаўляе сам цэлебруючы святар; ён можа даручыць гэта канцэлебруючаму святару альбо, калі гэта мэтазгодна, таксама дыякану, але ніколі — свецкай асобе65. У асаблівых выпадках і з паважнай прычыны гамілію можа прамовіць таксама біскуп альбо святар, які ўдзельнічае ў цэлебрацыі і можа канцэлебраваць.
У нядзелі і прадпісаныя святы гамілію неабходна прамаўляць на ўсіх Імшах, якія цэлебруюцца з удзелам народа, і нельга прапускаць гаміліі без сур’ёзнай прычыны. У іншыя дні яна таксама пажаданая, асабліва ў будні Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду, а таксама ў іншыя святы і пры іншых выпадках, калі ў Касцёле збіраецца вялікая колькасць людзей66.
Пасля гаміліі пажадана кароткі час захоўваць маўчанне.

Вызнанне веры

67.    Сімвал, альбо вызнанне веры, накіраваны на тое, каб увесь сабраны народ адказаў на Божае слова, абвешчанае ў чытаннях са Святога Пісання і выкладзенае ў гаміліі, а таксама, прамаўляючы праўды веры ў форме, зацверджанай для літургічнага ўжытку, ушанаваў і вызнаў вялікія таямніцы веры перш, чым распачнецца іх цэлебрацыя ў Эўхарыстыі.

68.    Сімвал веры спяваецца ці прамаўляецца святаром разам з народам у нядзелі і ва ўрачыстасці. Ён можа прамаўляцца таксама на асаблівых, больш урачыстых цэлебрацыях.
Калі вызнанне веры спяваецца, то яго пачынае святар альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор; а спяваюць яго альбо ўсе разам, альбо народ папераменна з хорам.
Калі вызнанне веры не спяваецца, то яго прамаўляюць усе разам, альбо два хоры, якія адказваюць папераменна адзін аднаму.

Агульная малітва

69.    У агульнай малітве, альбо малітве вернікаў, народ пэўным чынам дае адказ на прынятае з верай Божае слова і, выконваючы абавязак свайго атрыманага праз хрост святарства, ахвяруе Богу малітвы за збаўленне ўсіх людзей. Важна прамаўляць гэтую малітву на Імшах з народам такім чынам, каб узносіліся просьбы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі абставінамі, за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету67.

70.    Звычайна захоўваецца такая чарговасць інтэнцый:
а) аб патрэбах Касцёла;
б) за кіруючых дзяржавамі і за збаўленне ўсяго свету;
в) за прыгнечаных жыццёвымі цяжкасцямі;
г) за мясцовую супольнасць.
Але на некаторых асаблівых цэлебрацыях, як, напрыклад, пры канфірмацыі, сужэнстве, пахаванні парадак інтэнцый можа дастасоўвацца да гэтых падзей.

71.    Абавязак цэлебруючага святара ў тым, каб са свайго месца кіраваць малітваю. Ён уводзіць у малітву кароткім уступам, у якім запрашае вернікаў маліцца, і завяршае яе заключнаю малітваю. Інтэнцыі, якія прапануюцца, павінны быць прадуманымі, укладзенымі з мудрай шчырасцю ў некалькіх словах і прадстаўляць маленне ўсёй супольнасці.
Звычайна яны прамаўляюцца з амбоны ці з іншага прыдатнага месца дыяканам, кантарам ці лектарам, альбо свецкім вернікам68.
Народ стоячы выяўляе сваю малітву альбо ў агульнай інвакацыі пасля асобных інтэнцый, альбо молячыся ў маўчанні.

В) Эўхарыстычная літургія

72.    На Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў ахвяру і пасхальную гасціну, праз якую ў Касцёле становіцца заўсёды прысутнай ахвяра крыжа, калі святар, увасабляючы Хрыста Пана, спаўняе тое, што ўчыніў сам Пан і што Ён даручыў спаўняць вучням на ўспамін пра сябе69.
Хрыстус узяў хлеб і келіх, падзякаваў, паламаў і даў сваім вучням, кажучы: «Бярыце, ешце, піце; гэта — Цела Маё; гэта — келіх Крыві Маёй. Гэта чыніце на Маю памяць». Таму Касцёл такім чынам упарадкаваў усю цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі, што яе часткі адпавядаюць гэтым словам і дзеянням Хрыста, а менавіта:
1) Падчас прыгатавання дароў на алтар прыносяцца хлеб і віно з вадою, г.зн. тыя элементы, якія ўзяў у свае рукі Хрыстус.
2) Падчас эўхарыстычнай малітвы аддаецца падзяка Богу за ўсю справу збаўлення, а прынесеныя дары становяцца Целам і Крывёю Хрыста.
3) Праз ламанне хлеба і праз Камунію верныя, колькі б шмат іх не было, з аднаго хлеба прымаюць Цела і з аднаго келіха — Кроў Пана такім жа чынам, як апосталы — з рук самога Хрыста.

Прыгатаванне дароў

73.    На пачатку эўхарыстычнай літургіі да алтара прыносяцца дары, якія стануць Целам і Крывёю Хрыста.
Спачатку рыхтуецца алтар альбо стол Пана як цэнтр усёй эўхарыстычнай літургіі70. На ім змяшчаецца карпарал, пурыфікатар, імшал і келіх, калі толькі келіх не рыхтуецца на століку.
Затым прыносяцца ахвярныя дары; вельмі добра, калі хлеб і віно даюць вернікі, а святар альбо дыякан прымаюць іх у адпаведным месцы, каб затым прынесці на алтар. Хоць верныя ўжо не прыносяць для Літургіі свайго хлеба і віна, як гэта было раней, аднак абрад іх прынясення захоўвае сваю моц і духоўнае значэнне.
Прымаюцца таксама грошы альбо іншыя дары для бедных ці для касцёла, прынесеныя вернікамі альбо сабраныя ў касцёле. Таму гэтыя дары змяшчаюцца ў адпаведным месцы па-за эўхарыстычным сталом.

74.    Працэсію, у якой прыносяцца дары, суправаджае спеў на ахвяраванне (пар. № 37, б), які працягваецца прынамсі да складання дароў на алтары. Нормы спеву тут такія ж, як і для спеву на ўваход (пар. № 48). Спеў заўсёды можа гучаць падчас абрадаў на ахвяраванне, нават калі не адбываецца працэсія з дарамі.

75.    Святар складае хлеб і віно на алтары, прамаўляючы пры гэтым устаноўленыя малітвы. Ён можа таксама акадзіць дары, змешчаныя на алтары, а затым крыж і сам алтар. Гэта павінна азначаць, што ахвяраванне Касцёла і яго малітва ўзыходзяць як дым кадзіла перад аблічча Бога. Потым дыякан альбо іншы прыслугоўваючы можа акадзіць святара — дзеля ягонага святога служэння — і народ — з увагі на яго хросную годнасць.

76.    Затым святар абмывае рукі збоку алтара. Гэты абрад выражае жаданне ўнутранага ачышчэння.

Малітва над дарамі

77.    Пасля складання ахвярных дароў і заканчэння абрадаў, якія яго суправаджаюць, святар запрашае вернікаў, каб яны маліліся разам з ім. Гэтае запрашэнне і малітва над дарамі завяршаюць прыгатаванне дароў і падрыхтоўваюць да эўхарыстычнай малітвы.
На Імшы прамаўляецца толькі адна малітва над дарамі, якая завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта: Праз Хрыста, Пана нашага; калі ж у канцы яе успамінаецца Сын, то: Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.

Эўхарыстычная малітва

78.    Цяпер пачынаецца цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння: сама эўхарыстычная малітва, г.зн. малітва падзякі і асвячэння. Святар запрашае народ узнесці сэрцы да Пана ў малітве і складанні падзякі і яднае народ з сабою ў малітве, якую ён ад імя ўсёй супольнасці праз Езуса Хрыста ў Духу Святым скіроўвае да Бога Айца. Сэнс гэтай малітвы ў тым, каб уся супольнасць верных паядналася з Хрыстом у вызнаванні велічных справаў Божых і ў складанні ахвяры. Ад усіх патрабуецца слухаць эўхарыстычную малітву з пашанаю і ў маўчанні.

79.    Галоўныя элементы, з якіх складаецца эўхарыстычная малітва, можна падзяліць наступным чынам:
а) Падзяка (якая асабліва выказваецца ў прэфацыі), у якой святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо  за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.
б) Акламацыя, у якой уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае Святы. Гэтая акламацыя, якая з’яўляецца часткай самой эўхарыстычнай малітвы, прамаўляецца ўсім народам разам са святаром.
в) Эпіклеза, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць моц Святога Духа асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.
г) Апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыя: праз словы і дзеянні Хрыста здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры, калі склаў у ахвяру сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў іх есці і піць апосталам, наказаўшы ім заўсёды здзяйсняць гэтую таямніцу.
д) Анамнэза, у якой Касцёл, спаўняючы наказ, які атрымаў ад Хрыста Пана праз апосталаў, успамінае самога Хрыста, асабліва ўшаноўваючы Яго благаслаўлёную муку, хвалебнае змёртвыхпаўстанне і ўнебаўшэсце.
е) Ахвяраванне: Касцёл, спраўляючы гэты ўспамін, сабраўшыся тут і цяпер, складае Богу Айцу ў Духу Святым беззаганную ахвяру. Касцёл імкнецца да таго, каб вернікі не толькі складалі беззаганную ахвяру, але таксама вучыліся ахвяраваць сябе саміх71 і з кожным днём праз Хрыста ўсё шчыльней ядналіся з Богам і між сабою так, каб нарэшце Бог быў усім ва ўсіх72.
ж) Малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.
з) Заключная даксалогія, у якой здзяйсняецца ўслаўленне Бога, і якую народ пацвярджае і заканчвае акламацыяй Амэн.

Абрад Камуніі

80.    Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі — гэта пасхальная гасціна, належыць, каб, згодна з наказам Пана, верныя, адпаведным чынам падрыхтаваныя, прымалі Яго Цела і Кроў як духоўны пасілак. На гэта накіравана ламанне хлеба, а таксама іншыя падрыхтоўчыя абрады, якія непасрэдна падводзяць вернікаў да Камуніі:

Малітва Панская

81.    У малітве Панскай змяшчаецца просьба аб штодзённым хлебе, які асаблівым чынам нагадвае хрысціянам хлеб эўхарыстычны, а таксама просьба аб ачышчэнні ад грахоў, каб святое было дадзена сапраўды святым. Святар заклікае да малітвы, а ўсе вернікі разам са святаром прамаўляюць малітву, і святар адзін дадае эмбалізм, які народ заканчвае даксалогіяй. Эмбалізм, развіваючы апошнюю просьбу самой малітвы Панскай, змяшчае ў сабе просьбу аб вызваленні ўсёй супольнасці верных ад улады зла.
Заклік да малітвы, сама малітва, эмбалізм і даксалогія, якою народ іх завяршае, спяваюцца альбо прамаўляюцца гучным голасам.

Абрад супакою

82.    Затым адбываецца абрад супакою, у якім Касцёл просіць супакою і еднасці для сябе і ўсёй чалавечай сям’і, а вернікі выяўляюць эклезіяльную еднасць і ўзаемную любоў перш, чым будуць прымаць Сакрамэнт.
Што датычыць перадачы самога знаку супакою, то яго спосаб вызначаюць Канферэнцыі Біскупаў згодна з характэрнымі рысамі і звычаямі народаў. Але належыць, каб кожны памяркоўна выказваў супакой толькі бліжэйшым да сябе.

Ламанне хлеба

83.    Святар ламае эўхарыстычны хлеб, у чым, пры неабходнасці, яму можа дапамагчы дыякан альбо канцэлебруючы святар. Жэст ламання, учынены Хрыстом на Апошняй Вячэры, у апостальскія часы даў назву ўсяму эўхарыстычнаму дзеянню. Азначае ён, што многія вернікі ў Камуніі ад аднаго хлеба жыцця, якім з’яўляецца Хрыстус, той, хто дзеля збаўлення свету памёр і ўваскрос, становяцца адным целам (1 Кар 10, 17). Ламанне хлеба пачынаецца пасля абраду супакою і здзяйсняецца з належнаю пашанаю, але так, каб занадта яго не зацягваць і каб яно не набывала празмернага значэння. Гэты абрад можа здзяйсняцца толькі святаром і дыяканам.
Святар ламае хлеб і апускае часцінку гостыі ў келіх, што азначае еднасць Цела і Крыві Хрыста ў справе збаўлення, а менавіта Цела Хрыста жывога ўслаўленага. У гэты час хор ці кантар звычайна спяваюць альбо гучным голасам прамаўляюць малітву Баранку Божы, а народ адказвае. Гэтая малітва суправаджае ламанне хлеба і таму яе можна паўтарыць столькі разоў, колькі неабходна, пакуль скончыцца абрад. Апошні паўтор заканчваецца словамі: адары нас супакоем.

Камунія

84.    Святар у ціхай малітве рыхтуецца да плённага прыняцця Цела і Крыві Хрыста. Вернікі робяць тое ж, молячыся ў маўчанні.
Пасля гэтага святар над патэнаю ці над келіхам паказвае вернікам эўхарыстычны хлеб і запрашае іх да гасціны Хрыстовай. Затым разам з вернікамі святар здзяйсняе чын пакоры, вымаўляючы пры гэтым прадпісаныя словы з Евангелля.

85.    Вельмі пажадана, каб вернікі прымалі Цела Пана ў гостыях, якія асвячаюцца на гэтай жа Імшы, так, як гэта абавязаны рабіць святар, а ў прадугледжаных выпадках, каб таксама мелі ўдзел у Камуніі з келіха (пар. № 283). Праз гэтыя знакі лепш выявіцца Камунія як удзел у ахвяраванні, якое здзяйсняецца ў гэтай Літургіі73.

86.    Калі святар прымае Сакрамэнт, пачынаецца спеў на Камунію, які праз яднанне галасоў азначае духоўную еднасць тых, хто прымае Камунію, паказвае сардэчную радасць і больш яскрава выяўляе «супольнасны» («камунітарны») характар прыступання да Эўхарыстыі. Спеў гучыць на працягу ўсяго часу, калі вернікам удзяляецца Сакрамэнт74. Аднак калі пасля Камуніі выконваецца гімн, то спеў на Камунію заканчваецца раней.
Трэба паклапаціцца пра тое, каб і кантары маглі належным чынам і ў адпаведны час атрымаць Камунію.

87.    Для спеву на Камунію можа ўжывацца альбо антыфона з Рымскага градуала з псальмам ці без яго, альбо антыфона з псальмам са Звычайнага градуала, альбо іншы адпаведны спеў, зацверджаны Канферэнцыяй Біскупаў. Ён спяваецца альбо толькі хорам, альбо хорам ці кантарам з народам.
Калі спеву падчас Камуніі няма, то антыфону, змешчаную ў Імшале, могуць прамаўляць усе вернікі ці толькі некаторыя з іх альбо лектар, калі толькі яе не прамаўляе сам святар пасля таго, як прыме Камунію сам, і перад тым, як пачне ўдзяляць яе вернікам.

88.    Пасля заканчэння ўдзялення Камуніі, калі дазваляюць абставіны, святар і вернікі пэўны час моўчкі моляцца. Паводле жадання ўсе сабраныя могуць выканаць таксама псальм, іншую песню хвалы альбо гімн.

89.    На завяршэнне малітвы народа Божага, а таксама на заканчэнне ўсяго абраду Камуніі, святар прамаўляе малітву пасля Камуніі, у якой моліцца аб плёне цэлебраванай таямніцы.
На Імшы прамаўляецца толькі адна малітва пасля Камуніі, якая  завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта:
— калі скіраваная да Айца: Праз Хрыста, Пана нашага;
— калі скіраваная да Айца, але ў канцы ўспамінаецца Сын: Які жыве і валадарыць на векі вечныя;
— калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Народ акламацыяй Амэн робіць малітву сваёй.

Г) Абрад заканчэння

90.    Да абраду заканчэння належаць:
а) кароткія аб’явы, калі яны неабходныя;
б) прывітанне і благаслаўленне святара, якія могуць быць узбагачаныя і выказаныя ў пэўныя дні і пры пэўных абставінах малітвай над народам альбо іншай урачыстай формулай;
в) рассыланне народа дыяканам ці святаром, каб кожны вярнуўся да сваіх добрых справаў, праслаўляючы і благаслаўляючы Бога;
г) ушанаванне алтара праз цалаванне святаром і дыяканам, а затым нізкі паклон, які робяць перад алтаром святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя.
q

  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
  2. Пар. Conc. Oecum. Trid., Sessio XXII, Doctr. de ss. Missae sacrificio, cap. 1: Denz.-Schцnm. 1740; пар. Paulus VI, Sollemnis professio fidei, diei 30 iunii 1968, n. 24: A.A.S. 60 (1968) p. 442.
  3. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 7; Paulus VI, Litt. Enc. Mysterium Fidei, diei 3 septembris 1965: A.A.S. 57 (1965) p. 764; S. Congr. Rituum, Inst. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 9: A.A.S. 59 (1967) p. 547.
  4. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 56; S. Congr. Rituum, Inst. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 3: A.A.S. 59 (1967) p. 542.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 48, 51; Const. dogm. de divina Revelatione, Dei Verbum, n. 21; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 4.
  6. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 7, 33, 52.
  7. Пар. там жа, n. 33.
  8. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 14: A.A.S. 59 (1967) p. 304.
  9. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 26-27; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 3d: A.A.S. 59 (1967) p. 542.
  10. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 30.
  11. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 16a: A.A.S. 59 (1967) p. 305.
  12. S. Augustinus Hipponensis, Sermo 336, 1: PL 38, 1472.
  13. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, nn. 7, 16: A.A.S. 59 (1967) pp. 302, 305.
  14. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 116; пар. таксама там жа, n. 30.
  15. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 54; S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 59: A.A.S. 56 (1964) p. 891; Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 47: A.A.S. 59 (1967) p. 314.
  16. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 30, 34; пар. таксама там жа, n. 21.
  17. Пар. там жа, n. 40; пар. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994, n. 41: A.A.S. 87 (1995) p. 304.
  18. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sarosanctum Concilium, n. 30; S. Congr. Rituum, Instr. Musicam sacram, diei 5 martii 1967, n. 17: A.A.S. 59 (1967) p. 305.
  19. Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Dies Domini, diei 31 maii 1998, n. 50: A.A.S. 90 (1998) p. 745.
  20. Пар. ніжэй, сс. ....
  21. Пар. Tertullianus, Adversus Marcionem, IV, 9: ССSL 1, p. 560; Origenes, Disputatio cum Heracleida, n. 4, 24: SCh 67, p. 62; Statuta Concilii Hipponensis Breviata, 21: CCSL 149, p. 39.
  22. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 33.
  23. Пар. там жа, n. 7.
  24. Пар. Missale Romanum, Ordo lectionum Missae, editio typica altera, n. 28.
  25. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 51.
  26. Пар. Ioannes Paulus II, Litt. Ap. Vicesimus quintus annus, diei 4 decembris 1988, n. 13: A.A.S. 81 (1989) p. 910.
  27. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 52; пар. Codex Iuris Canonici, can. 767 § 1.
  28. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 54: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  29. Пар. Codex Iuris Canonici, can. 767 § 1; Pont. Comm. Codicis Iuris Canonici authentice interpretando, respons. ad dubium circa can. 767 § 1: A.A.S. 79 (1987), p. 1249; Instructio interdicasterialis de quibusdam quaestionibus circa fidelium laicorum cooperationem sacerdotum ministerium spectantem, Ecclesiae de mysterio, diei 15 augusti 1997, art. 3: A.A.S. 89 (1997) p. 864.
  30. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 53: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  31. Пар. Conc. Oecum. Vat II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 53.
  32. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 56: A.A.S. 56 (1964) p. 890.
  33. Пар. Conc. Oecum. Vat II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 47; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3 a, b: A.A.S. 59 (1967) pp. 540-541.
  34. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Inter Oecumenici, diei 26 septembris 1964, n. 91: A.A.S. 56 (1964) p. 898; Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 24: A.A.S. 59 (1967) p. 554.
  35. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
  36. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 48; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, n. 12: A.A.S. 59 (1967) pp. 548-549.
  37. Пар. S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 31, 32: A.A.S. 59 (1967) pp. 558-559; S. Congr. de Disciplina Sacramentorum, Instr. Immensae caritatis, diei 29 ianuarii 1973, n. 2: A.A.S. 65 (1973) pp. 267-268.
  38. Пар. S. Congr. pro Sacramentis et Cultu Divino, Instr. Inaestimabile donum, diei 3 aprilis 1980, n. 17: A.A.S. 72 (1980) p. 338.
 
Раздзел І. Значэнне і годнасць цэлебрацыі Эўхарыстыі

16.    Цэлебрацыя Імшы, як дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага народа Божага, — гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама асобных вернікаў22. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым23. У ёй на працягу года так ушаноўваюцца таямніцы адкуплення, што яны пэўным чынам становяцца прысутнымі24. Іншыя сакральныя дзеянні і ўсе справы хрысціянскага жыцця звязаны з Імшою, з яе выплываюць і да яе кіруюцца25.

17.     Таму вельмі важна так наладзіць цэлебрацыю Імшы альбо Вячэры Пана, каб духоўныя служыцелі і верныя, беручы ў ёй удзел адпаведна свайму становішчу, здабылі больш тых пладоў26, дзеля атрымання якіх Хрыстус Пан устанавіў эўхарыстычную ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві і даверыў яе Касцёлу, умілаванай абранніцы сваёй, як успамін пра сваю муку і змёртвыхпаўстанне27.

18.    Гэтага можна дасягнуць, калі, беручы пад увагу сутнасць і іншыя ўласцівасці кожнага літургічнага сходу, уся Імша будзе цэлебравацца такім чынам, каб прывесці верных да свядомага, чыннага і поўнага ўдзелу ў ёй душою і целам, з палымянаю верай, надзеяй і любоўю; да ўдзелу, якога прагне Касцёл, патрабуе сама сутнасць літургічнага дзеяння, і на які моцаю хросту мае права і абавязак хрысціянскі народ28.

19.    Хоць прысутнасць верных і іх чынны ўдзел, што больш яскрава выяўляюць супольную (эклезіяльную) сутнасць літургічнага дзеяння29, не заўсёды могуць быць у наяўнасці, цэлебрацыя Эўхарыстыі заўсёды захоўвае сваю дзейснасць і годнасць, бо гэта — дзеянне Хрыста і Касцёла, у якім святар спаўняе свой галоўны абавязак і заўсёды дзейнічае дзеля збаўлення душаў.
Яму належыць штодзённа, наколькі гэта магчыма, складаць эўхарыстычную ахвяру30.

20.    Паколькі цэлебрацыя Эўхарыстыі, як і ўся літургія, здзяйсняецца праз пачуццёва ўспрымальныя знакі, якімі жывіцца, мацуецца і выяўляецца вера31, неабходна найбольш клапаціцца пра адбор і ўпарадкаванне тых формаў і элементаў, прапанаваных Касцёлам, якія, беручы пад увагу асаблівасці асобаў і месцаў, мацней спрыялі б чыннаму і поўнаму ўдзелу і лепш адпавядалі духоўнай карысці верных.

21.    Гэтыя Уводзіны маюць на мэце падаць агульныя прынцыпы належнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і даць выклад правілаў, паводле якіх укладаюцца асобныя формы цэлебрацыі32.

22.    Вельмі вялікае значэнне мае цэлебрацыя Імшы ў партыкулярным Касцёле.
Дыяцэзіяльны біскуп, першы служыцель Божых таямніцаў у даручаным яму партыкулярным Касцёле накіроўвае, развівае і ахоўвае ўсё літургічнае жыццё33. У цэлебрацыях, якія адбываюцца пад яго кіраўніцтвам і асабліва ў цэлебрацыі Эўхарыстыі, якую здзяйсняе ён сам пры ўдзеле прэзбітэраў, дыяканаў і народа, выяўляецца таямніца Касцёла. Таму такія ўрачыстыя Імшы павінны быць узорам для ўсёй дыяцэзіі.
Яго абавязак — клапаціцца пра тое, каб прэзбітэры, дыяканы і свецкія вернікі Хрыстовыя глыбей спасцігалі сапраўдны сэнс абрадаў і літургічных тэкстаў і праз гэта заахвочваліся да чыннай і плённай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Дзеля гэтага яму належыць дбаць пра тое, каб узрастала годнасць саміх цэлебрацый. Яе ўзняццю ў значнай ступені спрыяе хараство сакральнага месца, музыкі і мастацкага аздаблення.

23.    Дзеля таго, каб цэлебрацыя паўней адпавядала прадпісанням і духу святой Літургіі і каб павялічвалася яе пастырская дзейснасць, у гэтых Агульных уводзінах і ў Парадку Імшы падаюцца некаторыя ўдасканаленні і дастасаванні.

24.    Гэтыя дастасаванні пераважна датычаць выбару некаторых абрадаў ці тэкстаў, гэта значыць спеваў, чытанняў, малітваў, заклікаў і жэстаў, якія больш адпавядаюць патрэбам, падрыхтаванасці і характару ўдзельнікаў і права выбару якіх даецца цэлебруючаму святару. Але святар павінен памятаць, што ён — служыцель святой Літургіі і яму нельга адвольна нешта дадаваць, выключаць ці змяняць у цэлебрацыі Імшы34.

25.    Акрамя гэтага, у Імшале ў адпаведным месцы падаюцца некаторыя дастасаванні, якія згодна з Канстытуцыяй пра святую Літургію адносяцца да кампетэнцыі дыяцэзіяльнага біскупа ці Канферэнцыі Біскупаў35 (пар. ніжэй №№ 387, 388-393).

26.    Што датычыць больш грунтоўных зменаў і адаптацый, якія стасуюцца да традыцый і характару народаў і краінаў і якія паводле карысці альбо патрэбы неабходна ўводзіць згодна са зместам 40-га арт. Канстытуцыі пра святую Літургію, то належыць захоўваць тое, што падаецца ў Інструкцыі «Пра Рымскую Літургію і інкультурацыю»36 і ніжэй (№№ 395-399).

ф
  1. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41; Const. dogm. de Ecclesia, Lumen gentium, n. 11; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, nn. 2, 5, 6; Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 30; Decr. de Oecumenismo, Unitatis redintegratio, n. 15; S. Congr. Rituum, Instr. Eucharisticum mysterium, diei 25 maii 1967, nn. 3e, 6: A.A.S. 59 (1967) pp. 542, 544-545.
  2. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 10.
  3. Пар. там жа, n. 102.
  4. Пар. там жа, n. 10; Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 5.
  5. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 14, 19, 26, 28, 30.
  6. Пар. там жа, n. 47.
  7. Пар. там жа, n. 14.
  8. Пар. там жа, n. 41.
  9. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de Presbyterorum ministerio et vita, Presbyterorum ordinis, n. 13; Codex Iuris Canonici, can. 904.
  10. Пар. Conc. Oecum. Vat. Ii, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 59.
  11. Што датычыць асаблівых формул цэлебрацыі Імшы, належыць захоўваць прадпісанні: пар. для Імшаў у асаблівых супольнасцях: S. Congr. Pro Cultu Divino, Instr. Actio pastoralis, diei 15 maii 1969: A.A.S. 61 (1969) pp. 806-811; для Імшаў з удзелам дзяцей: Directorium de Missis cum pueris, diei 1 novembris 1973: A.A.S. 66 (1974) pp. 30-46; пра спосаб аб’яднання з Імшой літургічнай гадзіны: Institutio generalis de Liturgia Horarum, nn. 93-98; пра спосаб аб’яднання з Імшой благаслаўлення і каранацыі выяваў Найсвяцейшай Панны Марыі: Rituale Romanum, De Benedictionibus, Praenotanda n. 28; Ordo coronandi imaginem beatae Mariae Virginis, nn. 10 et 14.
  12. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Decr. de pastorali Episcoporum munere, Christus Dominus, n. 15; пар. таксама Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 41.
  13. Пар. Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 22.
  14. Пар. таксама Conc. Oecum. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, nn. 38, 40; Paulus VI, Const. Ap. Missale Romanum, вышэй.
  15. Congr. de Cultu Divino et Disciplina Sacramentorum, Instr. Varietates legitimae, diei 25 ianuarii 1994: A.A.S. 87 (1995) pp. 288-314.
 
<< Першая < Папярэдняя 1 2 3 4 Наступная > Апошняя >>

Старонка 3 з 4
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.