«Жаданне аднавіць адзінства ажыццяўляецца праз навяртанне сэрца, малітву, узаемнае братэрскае пазнанне, тэалагічны дыялог». Тэалагiчны дыялог, якi вядзецца памiж канфесiямi на вышэйшым узроўнi, вельмi патрабуе адпаведнай пазiтыўнай атмасферы — атмасферы, нiбы сатканай з так званых «малых дыялогаў» у нашым штодзëнным жыццi.
У першай частцы артыкула былi пададзены некаторыя аргументы, чаму гэта так важна ў дыялогу з праваслаўнымi. Паспрабуем цяпер акрэслiць некаторыя рады, каб такiя размовы пра веру католiка з вызнаўцам iншай канфесii будавалi адзiнства, а не наадварот.
- Добра было б памятаць вядомую прымаўку «слово — не воробей, вылетит — не поймаешь» i з адказнасцю падыходзiць да сваiх выказванняў. На пачатку трэба прадумаць, а потым сказаць, нават калi гэта тармозiць тэмп размовы. У размовах пра веру асаблiва патрэбна такая дакладнасць.
- У сувязi з вышэйсказаным, трэба аб’ектыўна ацанiць узровень сваiх ведаў тэалагiчных:
цi маю я вышэйшую каталiцкую тэалагiчную адукацыю? цi можа прынамсi сярэднюю (напр., катэхетычны каледж)? калi не, то цi меў (гэта наступны ўзровень унiз) прынамсi сістэматычную катэхезу ў парафii? Найбольш небяспечная — гэта самаадукацыя выпадковымi кнiжкамi i артыкуламi, калi чалавеку можа здавацца, што ведае шмат, а на самой справе яго погляды не з’яўляюцца выражэннем веры Каталiцкага Касцëла. У сувязi з гэтым добра было б карыстацца пры размове такiмi фразамi, як «магу памыляцца», «не з’яўляюся добра адукаваным у тэалогii» i да т. п.
- Фундаментам для аргументацыi павiнна быць афiцыйнае навучанне: Катэхiзiс Каталiцкага Касцëла (рус. Катехизис Католической Церкви) i яго Кампендый, навучанне Святога Айца (энцыклiкi, апостальскiя пасланнi i iнш.), дакументы Другога Ватыканскага Сабору i да т. п. Пры гэтым варта прачытаць увесь дакумент, каб добра зразумець думку Касцëла на канкрэтную тэму. Здаецца рызыкоўным спасылацца толькi на тое, што, напр., «прачытаў у адной газеце», «чуў ад аднаго ксяндза» i да т. п.
- Вернiкаў, якiя сістэматычна фармiруюць, перадусiм, сваю каталiцкую веру на вышэй пададзеных крынiцах i ўсведамляюць сабе iерархiю праўдаў (што найважнейшае, а што — менш важнае)1, Касцëл заклiкае да пазнавання поглядаў адлучаных братоў2. Таму ў размове з вызнаўцам iншай канфесii важным з’яўляецца ўмець слухаць іншага, з павагай падыходзiць да ягонага духоўнага вопыту i спосабаў выражэння сваëй веры, памятаючы словы Яна Паўла II пра тое, што дыялог — гэта «абмен дарамi»3, а мэта дыялога — дасягненне адзiнства ў праўдзе4 на шляху глыбейшага яе пазнання. Гэта азначае, што вялiкай перашкодай ëсць дух супрацьстаяння5, якi часта можа з’явiцца ў падобных размовах.
- I, вядома, нельга забываць, што адзiнства памiж хрысцiянамi — гэта справа Духа Святога i перавышае магчымасці толькi чалавечых намаганняў, таму добра было б перад размовай (або падчас размовы) памалiцца пакорна Пану Богу. Можна гэта зрабiць нават у думках, нават вельмi хутка, але ўсведамляючы, што без Яго ласкi мы ў нашай дыскусii хутчэй за ўсë дойдзем толькi да таго, што не будзем бачыць толку ад такiх дыскусiй.
Вось так бы я назваў недасканалы эскiз парадаў, каб нашыя штодзëнныя размовы пра веру з некатолiкамi будавалi адзiнства.
Бр. Яраслаў Крыловіч
- Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Каб усе былі адно!» 37
- Пар. Дэкрэт пра экуменізм Другога Ватыканскага Сабору 9
- Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка «Каб усе былі адно!» 28
- Там жа 29
- Там жа.
|