Як размаўляць з дзецьмі пра Бога? |
Лікбез ад Catholic.by |
02.09.2012 03:50 |
У мінулы раз у рубрыцы «Лікбез ад Catholic.by» мы закранулі тэму
паводзінаў дзяцей у касцёле, іх дзіцячай малітвы. Вялікая колькасць
водгукаў з боку чытачоў на гэты артыкул дала зразумець, што дадзеная
праблематыка вельмі блізкая многім вернікам і адкрывае іншыя пытанні ў
сферы духоўнага выхавання. Калі варта распачаць духоўнае выхаванне? Ёсць такі жарт, што пачынаць выхаванне дзіцяці трэба за 9 месяцаў да нараджэння яго маці: такім чынам спачатку выхаваецца мама, а потым яна выхавае дзіцятка. Можна сказаць, што гэта, канечне, нейкая ідэальная сітуацыя, але мне падаецца, што мы можам казаць аб духоўным выхаванні дзіцятка ўжо ад моманту, калі яно з’яўляецца пад сэрцам маці. Пытанне толькі ў форме гэтага выхавання: зразумела, што яно будзе ўскосным. Але калі мама ўдзельнічае ў святой Імшы, прымае Цела Хрыста, спавядаецца — праз гэта яна больш адкрываецца на Божую ласку ў выхаванні дзіцяці. Потым, з нараджэннем і ўзрастаннем дзіцятка, выхаванне прыме больш непасрэдныя формы. Некаторыя дарослыя лічаць, што духоўнае выхаванне лепш распачаць з жэстаў і рытуалаў. Ці правільна гэта? Часткова я з гэтым згодна. Маленькае дзіця не разумее, хто такі Бог, чаму трэба Яму пакланяцца і г.д. Таму можна навучыць дзіця, напрыклад, знаку крыжа, а пазней і простым малітвам. Зразумела, што спачатку малітва будзе для яго недзе ў адным шэрагу з іншымі вершыкамі, якія яно запамінае, але разуменне прыйдзе пазней. Справа навучання пойдзе значна прасцей, калі дзіця будзе часта чуць малітвы ці бачыць, як бацькі робяць знак крыжа дома. Тады гэта будзе проста справа падражання, капіравання дарослых, і стане ўспрымацца як нешта натуральнае. Іншая справа, калі навучанне дзіцяці жэстам і рытуалам становіцца самамэтай. Мне падаецца, што асабліва гэта характэрна для старэйшага пакалення. Нашыя дзядулі і бабулі, выхаваныя ў строгасці, часта злуюцца і нават караюць яшчэ зусім маленькіх дзяцей, калі тыя няспрытна робяць знак крыжа ці непрыгожа кленчаць пры ўваходзе ў святыню. Зразумела, што трэба ўлічваць магчымасці дзіцяці ў той ці іншы перыяд, і не забывацца, што гэта толькі дзіця. Як дзецям (ва ўзросце ад нарадджэння да сямі гадоў) казаць пра Бога? Якія псіхалагічныя асаблівасці развіцця дзіцяці ў пэўным узросце неабходна пры гэтым улічваць? Аб Богу можна казаць самымі рознымі спосабамі, і словы — гэта толькі адзін з іх. Трэба памятаць, што зусім маленькія дзеці не разумеюць словаў, а нават дашкольнікі не маюць яшчэ настолькі абстрактнага мыслення, каб са словаў успрыняць інфармацыю пра Бога. Таму варта памятаць аб іншых спосабах: напрыклад, можна спяваць з дзіцём (ці проста ў яго прысутнасці, калі яно яшчэ зусім маленькае) хрысціянскія спевы, ужываць размалёўкі з хрысціянскімі сюжэтамі. Зразумела, дома павінны быць крыж, іконы. Але галоўны спосаб бацькоў сказаць дзецям пра Бога — гэта іх уласныя паводзіны і захаванне. Псіхолагі мяркуюць, што нават у дарослых людзей вобраз Бога цесна звязаны з вобразам іх бацькі. Так, калі бацька гнеўны, жорсткі, хуткі на пакаранне, то менавіта такім дзіця будзе ўяўляць Бога (нават не ўсведамляючы, што падмяніў Пана чалавекам). З іншага боку, калі бацька моцны, надзейны, калі ён абараняе дзіця і ў той жа час дапамагае яму адкрыць цудоўны свет вакол яго гэтаксама дзіцё, а потым дарослы будзе ўспрымаць і Бога. Канечне, супадзенне тут не на 100 працэнтаў, але пэўную тэндэнцыю можна прасачыць. Выхаваць у дзіцяці захапленне і любоў да Божага стварэння можна, калі бываць з ім на прыродзе, паказваць прыгажосць навакольнага свету. Шчаслівыя моманты дзяцінства стануць з цягам часу самым моцным падмуркам для сталення чалавека ў веры. У чым заключаецца духоўнае выхаванне ў залежнасці ад узросту дзіцяці (нп. калі пачаць чытаць Біблію, а калі лепш расказаць пра сутнасць святой Імшы)? Простым малітвам («Ойча наш», «Вітай, Марыя», «Хвала Айцу») можна пачынаць вучыць тады ж, калі дзіця вучыць першыя вершыкі. Але, паўтаруся, калі маленькі пастаянна чуе малітвы ў сям’і, ён можа вывучыць іх вельмі рана, і спрабаваць адмаўляць разам з дарослымі, як толькі навучыцца гаварыць. Распавядаць пра Бога, чытаць дзіцячую Біблію і тлумачыць сэнс святой Імшы, мне падаецца, трэба пачынаць тады, калі ў дзіцяці пачнуць узнікаць пытанні на гэтую тэму. Хаця нават гадавалым малюткам мамы часам кажуць у касцёле «глядзі, там Божанька» ці нешта падобнае. Можна не сумнявацца, што калі малітвы, удзел у нядзельнай святой Імшы з’яўляецца неад'емнай часткай жыцця дзіцятка, то пытанні пачнуцца вельмі рана, толькі паспявай адказваць. Варта нагадаць вялікую вартасць катэхезы ў гэтым працэсе. У некаторых парафіях яна пачынаецца ўжо для дзетак ад 3 гадоў. Гэта цудоўная магчымасць дадаткова задаволіць цікаўнасць дзіцяці. Якім чынам даць зразумець дзіцяці, што касцёл — святое месца і там трэба весці сябе крыху па-іншаму, чым, напрыклад, дома? Першы крок тут — гэта паводзіны саміх бацькоў, іх стаўленне да святой Імшы. Зразумела, канечне, што бацькі не пачнуць бегаць па касцёле і крычаць, але дзіця выдатна адчувае іх настрой. Калі дарослыя відавочна нудзяцца, не слухаюць уважліва, не ўдзельнічаюць у спевах і супольных малітвах, малое ўспрыме невербальны сігнал «Імша — гэта такое нуднае мерапрыемства, якое трэба адбыць». А паколькі дзіця не можа кантраляваць сябе так, як дарослыя, то, калі яно нудзіцца, то пачынае забаўляцца як умее. У тым ліку бегаць, шумець і г.д. Другі крок — дзіцяці трэба проста патлумачыць, што касцёл — гэта месца, дзе мы праслаўляем Бога. Ён збірае нас там, таму што нас любіць, а мы любім Яго. Мы стараемся весці сябе як мага лепей, каб Пану Богу было прыемна, таму і дзеці таксама павінны паводзіць сябе добра. Ці варта дзіця нейкім чынам узнагароджваць за добрыя паводзіны ў касцёле? Думаю, што не, таму што вельмі часта гэта ператвараецца ў гандаль: калі я буду сядзець ціхенька, купіш цукерку? Калі не буду бегаць, пойдзем у заапарк? Але пахваліць дзіця, якое добра сябе паводзіла, ці прынамсі прыкладала намаганні для гэтага неабходна. Варта сказаць, што вы вельмі ўсцешаны яго паводзінамі, і, на вашую думку, Пану Богу таксама было прыемна ўбачыць такога выхаванага хлопчыка (дзяўчынку). Як пазбегнуць злоўжывання рэлігіі ў выхаванні дзіцяці? Я б адказала словамі са Святога Пісання «як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так абыходзьцеся і вы з імі». Паспрабуйце прыкласці спосабы духоўнага выхавання, якія вы ўжываеце ў дачыненні да дзіцяці, да якой-небудзь сферы вашага жыцця. Варта памятаць, што Бог не толькі справядлівы, але і міласэрны. Варта паказваць гэтую міласэрнасць і любоў дзецям. Што павінны зрабіць бацькі, калі іх дзіця-падлетак прыйдзе і скажа, што ўжо не верыць у Бога? Хачу, напэўна, пачаць адказ ад супраціўнага: чаго не трэба рабіць у такой сітуацыі. А не трэба панікаваць, упадаць у роспач, а таксама накідвацца на падлетка з крыкамі «як ты можаш??!!», «дзе цябе выхоўвалі??!!» і г.д. Трэба памятаць, што крызіс веры — гэта адзін з кампанентаў складанага падлеткавага перыяду. Дзіця мае пераасэнсаваць сябе, сваё жыццё і погляды, перайсці з дзяцінства да даросласці. Гэта складаны шлях, на якім шмат нечаканасцяў, у тым ліку непрыемных. Але калі ў веры дзіцяці да таго часу быў закладзены моцны падмурак — яно вернецца да Бога. А што трэба рабіць, дык гэта размаўляць (спакойна!) аб гэтай сітуацыі з дзіцём. Пацікавіцца, што здарылася. Можа, прычына для нявер’я — тое, што з яго кпяць у школе з-за таго, што ён ходзіць да касцёла. І тады справа не ў Богу, а ў адносінах з аднакласнікамі. Калі ж сітуацыя настолькі сур’ёзная, што дзіця не толькі адмаўляецца ад веры, але і ўступае, напрыклад, у антыхрысціянскія суполкі ці секты — гэта можа, на жаль, казаць аб тым, што, па-першае, у яго ранейшым выхаванні былі дапушчаныя значныя памылкі, а па-другое, што цяпер праблемы ў яго вельмі вялікія. У любым выпадку, гэта не віна, але бяда падлетка. Зразумела, што такія складаныя сітуацыі лепш разглядаць індывідуальна. У чым, на вашу думку, асноўны прынцып духоўнага выхавання? Любоў. Гэта, на маю думку, падмурак любога выхавання. А таксама шчырасць: бацькі павінны самі прытрымлівацца прынцыпаў, якім вучаць сваё дзіця. Святлана Жылевіч Нагадваем, што пытанні ў рубрыку і прапановы тэм можна дасылаць на нашу рэдакцыйную скрыню
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
. Заахвочваю таксама да дыскусій па тэме артыкулаў на нашай старонцы ў Facebook: нам важна ваша меркаванне. |