У Бога ўсе жывыя |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян |
16.09.2011 16:05 |
«Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8–9). «…І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім коннік, якому імя смерць; і пекла ішло за ім следам…» (Ап 6, 8). Смерць з’яўляецца магутным і самым злым ворагам чалавека. Смерці Пан Бог не стварыў — гэта фундаментальная праўда аб смерці. «Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць, і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел» (Мдр 2, 23–24). Як ні парадаксальна, але менавіта праз чалавека смерць увайшла ў свет. Яна — адплата за нашы беззаконні, плод нашага граху. «Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць. А потым пажадлівасць зачне і народзіць грэх, а калі грэх пасталее, ён прыносіць смерць» (Як 1, 13–15). З ласкі Божай Езус Хрыстус «памёр за ўсіх», каб «смерцю пазбавіць моцы таго, хто валодае смерцю, значыць д’ябла». «Будучы ворагамі, мы прымірыліся з Богам праз смерць Сына Ягонага». Дзе і ў Каго можна вучыцца мастацтву памірання? «Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае: смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 3–4, 8–9). Вяртаючыся ў думках у дзяцінства, узгадваю адну асаблівую, не да канца дзіцячую гульню, якую сёння я назвала б «Асвойванне смерці». У бабулі быў вялікі, прадаўгаваты металічны таз з ручкамі, у ім яна звычайна замочвала пасцельную бялізну. З равеснікамі, нам тады было па пяць гадоў, мы выкралі яго ў бабулі, таму што яна не дазваляла нам у ім гуляць. Таз быў настолькі вялікім, што можна было спакойна ў ім паляжаць пяцігадоваму дзіцяці. Са здабычай мы ўбягалі высока ў горы, падалей ад дарослых вачэй, і гулялі ў сваю таямнічую гульню. У гэтай гульні былі тры ролі. Галоўную ролю выконваў нябожчык: ён клаўся ў тазік, складваў пакорна рукі і стараўся паказаць адсутнасць жыцця. Другая роля была самая цяжкая, у літаральным сэнсе гэтага слова: двое хлопчыкаў або чатыры дзяўчынкі павінны былі насіць так званую труну з памерлым. Трэцяя роля — самая простая, трэба было зрываць горныя кветкі і кідаць іх на нябожчыка. Пры гэтым яны гучна галасілі, імітавалі плач і пералічвалі заслугі і вартасці памерлага. Я помню, як я выконвала ролю нябожчыка. Лежачы ў цёплым тазіку, які нагрэўся ад горнага палячага сонца, я глядзела на блакітнае неба і воблакі. Мяне неслі, як маглі, спатыкаліся, пыхцелі, саплі, але неслі. Невыказныя адчуванні, калі на тваё цела нечакана падаюць кветкі. З-за водару горных кветак ты забываў, што гэта сумнае жалобнае шэсце. Складвалася ўражанне, што цябе нясуць па сцяжынцы славы. Я ўслухоўвалася ў галашэнні сваіх сяброў і сябровак, і мяне перапаўняла пачуццё гонару, бо яны пералічвалі мае вартасці і казалі: «Што ж мы будзем рабіць без яе, як жа нам далей жыць без яе?» І ў такой атмасферы я знаходзілася да той пары, пакуль рэзка, амаль заўсёды нечакана для «памерлага», пахавальная працэсія спынялася, і мне казалі, што трэба саступіць месца іншаму. Як ні дзіўна, абсалютна ўсе дзеці хацелі быць нябожчыкамі; ніхто не хацеў насіць — пагаласіць згаджаўся кожны. У гэтай дзіцячай гульні мы рэпеціравалі, рыхтаваліся да сустрэчы, асвойвалі таямнічую і страшную смерць. У нашым зямным жыцці мы таксама выконваем гэтыя тры ролі, дакладней ужо не выконваем, а яны становяцца часткай нашага быцця. С. Нунэ Цітаян MSF
|