«Смерць ёсць канец зямнога жыцця. Наша жыццё вымяраецца часам, на працягу якога мы змяняемся, старэем, і, як у кожнай жывой істоты на зямлі, смерць уяўляецца нармальным канцом жыцця. Гэты аспект смерці надае нашаму жыццю неадкладнасць: памяць пра тое, што мы смяротныя, служыць таксама напамінам, што мы маем толькі абмежаваны час, каб поўнасцю рэалізаваць сваё жыццё» (ККК 1007).
Калі я працавала ў «Доме Міласэрнасці» ў Баранавічах, мы штодзённа развозілі гарачы суп самотным пажылым людзям. Многія з іх маліліся аб смерці. Я бачыла ў іх вачах сум па смерці. Не ведаю, як гэта назваць: насычанасць жыццём, стомленасць ад жыццёвых праблем, цень пакутаў і хваробы, адчай, які нараджаецца ад бяссілля, расчараванне рэальнасцю або снапы спелага жыта і пачуццё здзейсненасці і міру ў душы… У розных людзей па-рознаму… У зносінах з пажылымі ў мяне складваецца ўражанне, што, нягледзячы на фізічную блізкасць, яны недзе далёка. Яны паступова аддаляюцца. Святы Ігнацый з Антыёхіі называў гэта так: «…ёсць ува мне вада жывая, якая журчыць і кажа ўнутры мяне: „Ідзі да Айца“». Наша жыццё цячэ і імкнецца ўліцца ў акіян вечнасці. Благаслаўлёны чалавек, у якога вочы веры скіраваны да дому Айца Нябеснага. Няшчасны чалавек, які бачыць у смерці бяздонную прорву небыцця, у якую ён няўмольна правальваецца.
«Перад абліччам смерці загадка чалавечага існавання праяўляецца з найбольшай моцай» (ККК 1006).
У мяне нядаўна памерла любімая цёця, сястра маёй мамы. Пасля бабулі і а. Актавіа SJ — гэта самы любімы чалавек, якога мне не хапае. Пры апошняй сустрэчы яна падарыла мне шкарпэткі з авечай поўсці. Сама спрала і звязала іх для мяне. Я захоўваю іх як рэліквіі — яны захавалі ў сабе цеплыню яе рук, дабрыню і клопат яе чулага сэрца. Я сумую па ёй… Калі я прыязджала на канікулы, яна не проста ішла, а бегла насустрач мне, з боку гэта выглядала дзіўна, таму што жанчыны яе ўзросту звычайна так не спяшаюцца. Яна дзялілася са мной, як са сваёй старэйшай сястрой, сваімі духоўнымі перажываннямі. За год да смерці адышоў у вечнасць яе муж. Яна вельмі хацела, каб мы разам схадзілі на могілкі і памаліліся за яго. Там яна падышла да помніка мужа і пацалавала яго партрэт. Пра свайго мужа яна казала, як жонка, якая чакае вяртання каханага з фронту. Невыносны сум і боль у голасе… Я нават не магла меркаваць, што мая цёця так моцна кахае свайго мужа. Мяне ўражвала яе вернасць — да канца сваіх дзён яна не зняла чорнай вопраткі…
Сучасны чалавек не ўмее смуткаваць, не ўмее перажываць страту. Бо смерць — гэта страта. Неабходны час, каб гэтую страту ўсвядоміць, прыняць яе, бо змірыцца з ёю немагчыма. Навучыцца жыць на зямлі жывых без… Як можна змірыцца і перастаць смуткаваць, страціўшы блізкага, роднага і любімага чалавека? Да гэтага часу не магу змірыцца з думкай пра тое, што я на ўзроўні фізічным і цялесным не магу зносіцца са сваёй бабуляй, я сумую па яе мяккім, цёплым рукам, мне хочацца абняць яе. Я ні з кім не магу пабудаваць падобных адносінаў, ніхто не глядзіць на мяне такім позіркам, як яна… Мы — цялесныя істоты і павінны навучыцца страту перажываць на ўзроўні цялесным. А як мы перажываем боль страты? Нам здаецца, што яна адкрывае перад іншымі нашу слабасць і бяссілле. З аднаго боку гэта так, але з іншага боку страта дапамагае ацаніць месца і ролю, якую займаў чалавек у нашым жыцці. Дзякуючы гэтаму болю мы ўсведамляем, як мы любілі. Чым мацней любоў, тым больш пакутлівы боль. Што маем, не цэнім, а згубіўшы — плачам… Калісьці я бачыла плачучым майго бацьку, гэта было толькі адзін раз, на пахаванні майго дзеда, калі цела выносілі з дому, тата не плакаў — ён проста рыдаў… Толькі тады я зразумела, як моцна ён любіў свайго бацьку.
Спяшайцеся любіць людзей — яны хутка адыходзяць… Мы пакідаем на потым усмешку, словы любові і суцяшэння, шчырыя і добрыя словы, якімі можам абагрэць нашых блізкіх. А калі яны адыходзяць — дакараем сябе за стрыманасць, чэрствасць і скупасць. Пачуццё віны ахоплівае нас, мы адчуваем сябе няздзейсненымі. Які ж з мяне сын? Якая ж я дачка? Які ж я муж? Якая ж я жонка?.. Я сустракала многіх людзей, якія недаказалі, недалюбілі, не прабачылі бліжнім, і пачуццё прыгнёту да гэтага часу не пакідае іх. З кім мы перажываем горыч страты? Спакушальнік імкнецца скаваць нас адчаем, пазбавіць нас не толькі чалавечай вартасці і жыцця, але і надзеі. «Заліць» гора. Бегчы. Зняць напружанне. Схавацца. Забыцца. Вынесці сабе несправядлівы прысуд і прыводзіць яго ў выкананне ўсё жыццё. Чаму злы дух заўсёды імкнецца адключыць нашу свядомасць? Няўжо гэта праўда, што ў несвядомым стане лягчэй пераносіць боль страты? Чарговая ілюзія. Гарэлка дапамагае? Яна адключае, прытупляе боль і пагаршае наш і без таго прыгнечаны стан. А невыноснасць, безвыходнасць, боль страты павінны ж весці нас да Бога. Чаму да Яго? Таму, што Ён — наш Айцец і ў Ім нашы вытокі. Ён — жыццё… Смерць жа ўвайшла ў свет з-за граху чалавека. Смерць пераменена Хрыстом. Езус, Сын Божы, таксама зведаў смерць, уласцівую людзям. Нягледзячы на свой жах перад абліччам смерці, Ён прыняў яе ў поўнай і свабоднай паслухмянасці волі свайго Айца. Паслухмянасць Езуса перамяніла праклён смерці ў благаслаўленне. З кім мы перажываем горыч страты? Марта і Марыя, удава з Наіна, Яір перажылі боль страты з Езусам Хрыстом. У Ім яны знайшлі выйсце і суцяшэнне. У Хрысце — усе адказы на пытанні, якія нараджаюцца ў кожным чалавечым сэрцы. У Хрысце наш Нябесны Айцец паказаў нам выйсце з усіх тупіковых жыццёвых сітуацый. Хрыстус — наша Пасха, і ў Ім мы знаходзім страчанае, у Ім мы знаходзім паўнату жыцця. У Хрысце мы пераступаем парог смерці і ўступаем у вечнае жыццё.
Дарагія чытачы! Спяшайцеся любіць людзей, таму што яны хутка адыходзяць. Калі ж прыйдзе боль страты, будзем перажываць яго ў адзінстве з Езусам Хрыстом. Ён — наша Пасха, і ў Ім — наша суцяшэнне.
«Слаўся, мой Пане, за сястру нашу смерць цялесную, якой ні адзін жывы не можа пазбегнуць. Гора тым, што памруць у грахах смяротных; благаслаўлёныя тыя, каго яна знойдзе ў Тваёй найсвяцейшай волі, бо смерць другая не прычыніць ім зла» (Св. Францішак Асізскі).
С. Нунэ Цітаян MSF
|