Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Не бойся, толькі вер
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
09.10.2012 09:54

«Такім чынам, у таго, хто жыве верай, душа поўная новых думак, новых схільнасцяў, новых меркаванняў; перад ім адкрываюцца новыя перспектывы, асветленыя нябесным святлом (…). Патрэбай для яго становіцца пачатак новага жыцця, супрацьлеглы свету, які яго ўчынкі лічыць вар’яцкімі» (бл. Шарль дэ Фуко).

Калі мне споўнілася дваццаць гадоў, Пан паклікаў мяне на шлях веры, і я пайшла за Ім. Да гэтай пары я не магу да канца ўсвядоміць кардынальныя, якасныя змены, якія адбыліся ў маім жыцці. Мой унутраны свет, разуменне сябе і свету змяніліся. Я не кажу вам, што гэта лёгкі працэс. Так, гэта не проста. Але шлях веры настолькі вялікі і ўнікальны, што варта рызыкнуць. Варта ісці па бушуючых хвалях гэтага свету насустрач Збаўцу. Пан Бог годны нашага бязмежнага даверу. Калі я пішу гэтыя радкі, мой эгаізм намагаецца паставіць межы майму даверу. Услед за благаслаўлёным Шарлем дэ Фуко я паўтараю: «Пане, у Цябе ўкладаю ўвесь мой эгаізм».

Я не люблю хадзіць да стаматолага. Калі ўпершыню трапіла да яго, папрасіла дазволу трымаць яго за руку, калі ён будзе свідраваць і калупацца ў маім хворым зубе. Урач здзівіўся, больш за тое, сказаў, што гэта будзе перашкаджаць яму падчас працы. Я настаяла на сваёй просьбе, і ён згадзіўся. Падчас лячэння зуба я цвёрда трымала яго за руку. На самой справе я не бачыла і не разумела, што ён робіць, наколькі прафесійна ён працуе, але ў мяне было адчуванне таго, што я кантралюю працэс і магу перарваць яго ў любы момант. Як гэта наіўна і смешна… Некалькі гадоў таму я ўсвядоміла, што ў мяне ідэнтычныя адносіны з Панам Богам. Так, я ў Яго веру, я Яму давяраю. Я шчыра веру ў Яго прафесіяналізм, я не сумняюся ў тым, што Ён — лепшы з добрых урачоў, і Ён ведае, што робіць. Але мой эгаізм, празмерны клопат пра сябе і сумненні падштурхоўваюць да таго, каб кантраляваць працэс майго збаўлення: а раптам мне будзе невыносна балюча або я проста не вытрымаю, і што тады? Мне здавалася, што я магу спыніць, перарваць непрыемны працэс; на самой справе гэта — чарговая ілюзія. Нявер’е закралася ў нашы сэрцы і намагаецца кінуць цень на Бога. Калі паспрабаваць уявіць вобразна наша нявер’е, яно падобна да таго, як калі б чалавек, якога ратуюць ад пажару або іншага бедства, намагаўся дакладна каардынаваць дзеянні ратавальніка. Мы з вамі скажам, што ён несвядомы, ён — чалавек у бядзе і не здольны адэкватна думаць. І гэта фундаментальная праўда пра нас; мы хворыя на грэх і смяротна маем патрэбу ў Збаўцы. Праблема сучаснага веруючага заключаецца ў тым, што ён не ўсведамляе, не адчувае той смяротнай небяспекі, якую ўяўляе грэх. У нас прытуплена пачуццё святога, і як наступства — прытуплена пачуццё граху.

Святы апостал Якуб у пасланні піша, што злыя духі вераць у тое, што Бог адзіны, але ў адрозненне ад збаўчых пладоў, якія прыносіць вера, яны трапечуць. Удумайцеся: злыя духі баяцца, калоцяцца, трымцяць і палохаюцца Бога. Калі Езус у сінагозе выганяў д’ябла з апантанага, нячысты дух крыкнуў: «Пакінь! што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў знішчыць нас! Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы!» (Мк 1, 23–24). Што робіць з намі наша вера? Мы трапечам ад страху, думаючы, што Божы план не ў стане нас збавіць, або частуемся пладамі збаўлення? Хто для нас Езус Назаранін, Сын Марыі і цесляра Юзафа? Хто Ён для мяне? Гэтае пытанне актуальнае для кожнага чалавека незалежна ад эпохі і ступені асветы. Хто для мяне Езус? Шчыры адказ на гэтае пытанне можа прасвятліць многае ў нашым жыцці.

Калі я разважаю аб жыцці Езуса Хрыста, на першы погляд мне здаецца, што можна было б паступіць інакш, а калі глыбока ўваходжу ў сэнс словаў і дзеянняў, тады разумею, што гэта — адзіна правільнае рашэнне, якое дзейснае, даступнае і зразумелае для мяне і якое я здольна спасцігнуць як чалавек. Езус дапамагае мне стаць чалавекам, у поўным сэнсе гэтага слова — сапраўдным чалавекам, у Ім схавана мая чалавечнасць.

Касцёл у сучасным свеце нагадвае мне лодку (ладдзю) з апосталамі і спячым Езусам, якая намагаецца справіцца з бушуючай стыхіяй свету. Некаторым хрысціянам прасцей саскочыць з лодкі ў вір бушуючай стыхіі, чым моцай сваёй веры абудзіць Езуса і перамагчы свет.

Абрагам, айцец усіх веруючых, кінуў выклік свайму грамадству і накіраваўся за Богам у невядомае. Яго атачэнне напэўна не разумела яго, усе мы ў нейкай ступені носім у сабе цяжар неразумення, асабліва востра адчуваем, калі яно сыходзіць ад блізкіх і дарагіх нашаму сэрцу людзей. Езус гэта прадбачыў, Ён аб гэтым папярэджваў. Самая хвалюючая сцэна для мяне з жыцця Абрагама — гэта калі ён, паслухмяны Богу, адважваецца прынесці ў ахвяру свайго адзінага Сына. Пасля гэтай сцэны я разумею: вера — найвялікшая таямніца і сіла. Пан Бог абяцаў Абрагаму, што зробіць яго патомства ў Ісааку, як пясок зямны, і ў той жа час дае яму даручэнне прынесці ў ахвяру адзінага, любімага сына. Быццам бы неадпаведнасць, атрымліваецца, што Бог супярэчыць сам сабе. Абрагам згаджаецца аддаць Богу самае каштоўнае і запаветнае, ён на справе даручае Яму сваё сённяшняе і будучыню. У чым жа заключаецца сапраўдная веліч Абрагама? Чаму яго назвалі айцом усіх веруючых? Таму што Абрагам не ўсумніўся ў Божым абяцанні. Ён не пахіснуўся, цвёрда верыў, «што Бог моцны і з мёртвых уваскрасіць» (Гбр 11, 19). Абрагам не толькі верыў у існаванне Бога, а паверыў у Яго ўсемагутнасць, у тое, што Ён можа ўваскрасіць з мёртвых. Не ведаю, як бы я паступіла на месцы Абрагама. Але я дакладна і ясна разумею, іспыты паказваюць, наколькі я веру. Штодзённа я прашу ў Бога: «Веру, Пане! дапамажы майму нявер’ю» (Мк 9, 24). Вера для мяне — гэта плённы лек ад усіх маіх немачаў.

Дарагія чытачы, я малюся за вас і за сябе, каб мы ў гэты Год веры не баяліся, не спыняліся на парозе веры, каб мы ва ўсёй паўнаце змаглі пакаштаваць яе збаўчыя плады.

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.