«Будучы хворай, прырода наша прасіла аздараўлення; упаўшы — прасіла падняць яе; будучы мёртвай — уваскрасіць. Мы страцілі валоданне дабром, нам трэба было вярнуць яго. Мы былі зняволены ў змроку, нам трэба было прынесці святло; палонныя — мы чакалі збавіцеля; вязні — дапамогі; рабы — вызваліцеля. Хіба прычыны гэтыя не важныя? Хіба яны не здольны былі ўсхваляваць Бога ажно да таго, каб Ён сышоў да нашай чалавечай прыроды і наведаў яе, бо чалавецтва знаходзілася ў такім жаласным і няшчасным стане?» Св. Георгій Ніскі
Чарговае Божае Нараджэнне, усё тое ж свята… Свет, у які прыходзіць Дзіця, такі ж, як і ў часы кіравання Цэзара Аўгуста. Голад і перанасычэнне, убоства і багацце, нявіннасць і распуста, вернасць і здрада, заганы і пабожнасць, прагнасць і ненасытнасць, наіўнасць і інтрыгі, святасць і грэх. Усё ў пары, як звычайна, каб не парушыць «раўнавагі» свету. Па сутнасці нічога не змянілася. Раны свету крывавяць і болем адгукаюцца ў нашых сэрцах Якое яно, дзве тысячы дванаццатае Божае Нараджэнне?
Усходні свет, ахоплены рэвалюцыяй, палымнее агнём; сотні, тысячы нявінных ахвяраў, прынесеных на алтар свабоды. Нехта, пад маркай абароны святога, забівае нявінных людзей. Смута, пагрозы, пераслед… А ці можна абараняць sacrum, ненавідзячы і знішчаючы ўсіх тых, хто высмейвае і адмаўляе святое? «Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі». Мне здаецца, тое, што сапраўды святое, не мае патрэбы ў абароне, яно здольнае само сябе абараніць — інакш у чым жа заключаецца яго боская магутнасць? Ці не гэтаму нас вучыць Дзіця? Цікавы ў нас Бог, Ён абраў вельмі выразныя сімвалы, каб раскрыць нам сваю боскую праўду. Дзіця, Хлеб Нябесны, Ягня, быццам ахвяраванае… Што хоча Бог гэтым сказаць?
Які Ён, Бог, што прыходзіць да нас? З чым Ён да нас прыходзіць? Чаму нас хоча навучыць Дзіця? Мяне яно вучыць даверу. Бязмежнаму, дзіцячаму, шчыраму даверу. «А як гэта даверыцца Богу?» — спытала мяне аднойчы жанчына. Я ёй адказала: «Спытай у Дзіцяці…» Шчыра спадзяюся на тое, што яна знайшла адказ. Дзіця вучыць мяне таму, што не трэба баяцца. Не трэба дранцвець ад страху і ў паніцы ісці на кампраміс са злом, таму што страшна або таму што проста не хочацца чагосьці губляць… Зразумець Дзіця — гэта прыняць Яго і прыпадобніцца да Яго. Можа быць, усё-такі для цябе настаў той самы час, калі ты саспеў і гатовы сам вызваліцца і ачысціць свае рукі ад усяго заганнага і нявартага, каб з радасцю Сімяона ўзяць Дзіця ў абдымкі і, прытуліўшы Яго да свайго сэрца, сказаць: «Езус — Ты маё збаўленне, у Табе мая надзея!» Ты гатовы прыняць Дзіця? Або перад табой усё яшчэ доўгі, цяжкі шлях пошукаў? Што яшчэ павінна адбыцца ў тваім жыцці, каб Любоў дастукалася да твайго сэрца? Праз якія пакуты, выпрабаванні, нягоды і страты ты павінен прайсці, каб, нарэшце, усвядоміць увесь трагізм жыцця па-за Богам? Што павінна адбыцца, каб ты, у рэшце рэшт, адмовіўся ад свайго духоўнага невуцтва і парадніўся з Богам?
Фон свету, на якім з’яўляецца Дзіця, нагадвае мне сэрца чалавека. З аднаго боку, гэта палац пыхі — Ірада, у якога непрапарцыянальная пагрозе трывога зацьміла розум. Дзіця для яго стала рэальнай пагрозай — небяспекай. Парадокс апантанага ўладай і эгаізмам чалавека, які бачыць толькі сябе і свае асабістыя інтарэсы. Усё новае чужое для яго, ён успрымае Яго як асабістую пагрозу. Непранікальны змрок невуцтва. У безразважнай лютасці сваёй ён намагаецца спыніць, задушыць новае і становіцца чалавекам без будучыні; ды і сапраўдным ён не жыве, у яго ўсё ў мінулым. У яго ўсё ўжо было…
З іншага боку, убогі хлеў, пячора нагадвае мне нашу чалавечую прыроду. Мы ўсяго толькі пыл; без Духа Святога мы — пазбаўленыя сэнсу істоты. Без боскага ў нас мы не людзі. Няма сэнсу па-за Богам. Мы шукаем Бога, таму што толькі Ён можа надзяліць нас сэнсам, толькі Ён можа надаць сэнс усяму, што адбываецца вакол нас. У гэтае Божае Нараджэнне я прыходжу да Дзіцяці за сэнсам. А ў чым жа сэнс? Для мяне — у збаўленні… Дзеля мяне і дзеля майго збаўлення Езус стаў чалавекам. Ён збаўляе ўва мне чалавека. На самой справе да таго, як Хрыстус знайшоў мяне, я добра і не ведала, што значыць быць па-сапраўднаму чалавекам. На сённяшні дзень у мяне ёсць надзейны арыенцір — Езус, Сын Марыі. Калі мы зачыняемся на Божую любоў, мы адчуваем сябе самотнымі, нікчэмнымі, нікому не патрэбнымі сіротамі, якія блукаюць па жыцці ў пошуках любові. Але вельмі хутка мы расчароўваемся ў сваіх пошуках, таму што тыя, якія кажуць нам пра любоў, часта выкарыстоўваюць нас. Пасля такога няўдалага вопыту любові мы чарсцвеем ад болю, замыкаемся ў сабе і думаем, што так жыць больш надзейна і бяспечна. Самота, голад любові не даюць нам спакою, і мы шукаем часовае суцяшэнне ў заганах. Але заганы — гэта не выйсце, гэта — бездань, у якую мы правальваемся. Раны крывавяць і перашкаджаюць нам паверыць у любоў. Нованароджанае Дзіця — гэта дар Неба, дар Божай любові. Дзіця — гэта не проста Бог, якога мы прымаем; гэта шлях, на якім мы знаходзім страчанае сыноўства. У Езусе ёсць адказы на ўсе пытанні, якія нараджаюцца ў глыбіні чалавечага сэрца. Не бойся! Бог ведае схаваныя жаданні твайго сэрца. Ён цябе не падвядзе, не расчаруе. Ідзі за Ім, глядзі, слухай Яго, вучыся ад Яго… Шукай, як мудрацы з Усходу, ідзі за ззяннем Праўды. Не бойся змроку, які ў табе, прымі Дзіця, і тады ззянне Праўды аздаровіць і насыціць тваё сэрца.
Якое яно для цябе — дзве тысячы дванаццатае Божае Нараджэнне? С. Нунэ Цітаян MSF
|