Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пажадлівасць, закаханасць, каханне… Дзе праходзіць мяжа?
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
09.11.2011 12:16

Пытанне розніцы паміж вышэйназванымі пачуццямі заўсёды выклікае жывы інтарэс. Магчыма, менавіта таму можна знайсці вельмі шмат інфармацыі, якая ў тым ці іншым выглядзе тлумачыць гэтую розніцу — у форме кніг, артыкулаў псіхалагічнай і тэалагічнай тэматыкі, публіцыстычных прац і нават мастацкіх твораў — празаічных і вершаваных.

У сённяшняй размове я б хацела  разгледзець гэтае пытанне з пункту гледжання хрысціянскай веры, а таксама паказаць, якое месца ў яго абмеркаванні займае псіхалогія.

Хрысціянская антрапалогія кажа нам, што чалавек — гэта істота трохскладная, якая складаецца з трох узаемазвязаных кампанентаў: цела, душы і духа. Кожны з гэтых кампанентаў неабходны для існавання чалавека і кожны мае сваю асабістую каштоўнасць. Аднак кожны чалавек сам вырашае, які з гэтых трох элементаў ён паставіць на першае месца, паводле чаго будзе жыць.

Пра ролю цела мы размаўлялі ў папярэднім артыкуле. Застаецца дадаць, як выглядае жыццё чалавека, які жыве «паводле цела». Прапаную вам, дарагія чытачы, на хвілінку засяродзіцца на гэтым і ўявіць вобраз такога чалавека…

Згадзіцеся, адразу хочацца ўявіць некага, хто думае толькі аб уласнай карысці, не клапоціцца пра іншых, наогул не заўважае іншых людзей, чалавека распуснага, які ўсе сілы скіроўвае толькі на ўласнае задавальненне. Непрыемны партрэт атрымліваецца, што ні кажы. Аднак хочацца дадаць, што да той жа катэгорыі «людзей цела» адносіцца таксама, напрыклад, шырока прапагандаваны зараз вобраз «гламурнай дзяўчынкі» ці, яшчэ больш ненармальна, «гламурнага хлопчыка». «Гламур» — гэта і ёсць сістэма каштоўнасцяў, якая засяроджвае ўвагу на патрэбах цела — знешнім выглядзе, касметыцы, адзенні, выкарыстанні тых ці іншых аксесуараў, колераў, стылю паводзінаў і г. д.

«Эталонам» гэтага стылю становіцца анекдатычная фігура «бландзінкі», у якой максімум патрабаванняў да знешнасці дапасуецца да поўнай пустаты ў інтэлектуальнай і маральнай сферы. Гэты вобраз прапаноўваецца моладзі як пазітыўны, прыцягальны, і маладыя людзі з задавальненнем «трапляюць на кручок», бо, рэкламуючы знешнюю прыемнасць і прыгажосць, ён нічога не парабуе ўзамен: каб быць «бландзінкай», не трэба прыкладаць ніякіх высілкаў. У выніку такой «гламурнай атакі» галовы сучасных дзяўчынак 12–14 гадоў аказваюцца напоўненымі выключна навінамі аб новых «пісках» моды і падрабязнымі звесткамі пра «зорак» музыкі і кіно.

Другі ўзровень, на які можа ўзняцца чалавек, — душа. Па-грэчаску гэтае слова гучыць як «псіхэ», адсюль паходзяць словы «псіхіка» і «псіхалогія». Такім чынам, душа — гэта наш эмацыянальны складнік. На гэтым узроўні чалавек ужо задумваецца над тым, што вакол яго ёсць іншыя людзі, што трэба неяк дапасоўвацца да іх патрэбаў і чаканняў. З’яўляюцца паняцці дабра і зла, эгаізму і альтруізму, неабыякавасці да іншых. Застаючыся на гэтым узроўні, чалавек можа даволі высока падняцца ў маральным  плане. Прыкладам такіх людзей могуць служыць станоўчыя літаратурныя персанажы, якія выклікаюць захапленне чытачоў.

Не так даўно, напрыклад, я мела размову аб тым, чаму такой папулярнасцю карыстаецца кніга, а цяпер і серыял «Майстар і Маргарыта». Паразважаўшы, мы з маім суразмоўцам прыйшлі да высновы, што ўся справа ў тым, што чалавек, чытач, нават калі прабывае на «цялесным» узроўні, — шукае духоўнасці, хаця б і не звязанай з Богам, —  чагосьці, што магло б узняць яго над шэрай паўсядзённасцю. Вобразы Майстра і Маргарыты, якія супрацьпаставілі сябе ілжываму, жорсткаму грамадству, і прапануюць  варыянт гэтай «квазі-духоўнасці». А главы, прысвечаныя евангельскім падзеям, толькі дапаўняюць гэты эфект: «штосьці ў гэтым ёсць!..»

Высакароднасць, мужнасць, вернасць, павага да іншых, чалавечая годнасць — усе гэтыя высокія маральныя рысы змесцім на «душэўны» ўзровень.

Але ёсць і яшчэ вышэйшая планка — дух, якому сам Дух Святы сведчыць, што з’яўляемся дзецьмі Божымі. На гэтым узроўні маральны свет чалавека атрымлівае новае вымярэнне, становіцца не найвышэйшай кропкай у развіцці, а толькі этапам на шляху да дасканаласці Нябеснага Валадарства. На гэтым узроўні чалавек пазнае існаванне Бога, пачынае разумець, што тыя станоўчыя рысы і тое разуменне свету, якое ён мае, — гэта не ягоная заслуга, гэта было дадзена яму кімсьці, хто вышэй за яго. Разумеючы гэта, чалавек скіроўвае свае памкненні да Бога і пачынае рабіць дабро не толькі таму, што ад гэтага лепш людзям, якія яго акружаюць, але таму, што так сказаў Бог. На гэтым узроўні гаворка ўжо не ідзе аб эмоцыях, пачуццях — справа ў тым, каб выконваць Божыя запаведзі, захоўваць вернасць Богу незалежна ад эмацыянальнага стану. Такім чынам, калі на другім узроўні чалавек спасцігае запаведзь «любі бліжняга», то на трэцім — «любі Пана Бога свайго…».

Паспрабуем прыкласці ўсё сказанае да пажадлівасці, закаханасці і кахання. З пажадлівасцю ўсё даволі проста — гэта цялесны ўзровень, калі чалавек імкнецца задаволіць свае інстынкты. Часам гэта суправаджаецца таксама эмацыянальнай прывязанасцю, аднак у сучасным свеце ўсё часцей сексуальныя адносіны не звязаны з эмацыянальным станам чалавека.

Закаханасць — гэта душэўны ўзровень. Вельмі важную ролю тут адыгрываюць менавіта пачуцці — захаплення, закаханасці ў іншага чалавека. Цела таксама «грае сваю скрыпку»: на жаль, у сучасным свеце цнатлівасць не з’яўляецца цнотай і расцэньваецца як глупства. Аднак закаханасць — гэта быццам пакой з двума выхадамі: можна, калі скончацца пачуцці, вярнуцца на «цялесны ўзровень», а можна — выхаваць сябе і сваю закаханасць так, што яна перарасце ў Каханне.

Сапраўдная любоў — гэта тое, што яднае чалавека і Бога. Заўважце — на трэцім узроўні гаворка не ідзе аб эмоцыях і пачуццях, таму вельмі няслушна называць любоў пачуццём. Гэта хутчэй рашучае імкненне заставацца праз усё жыццё менавіта з гэтай асобай, з’яднаўшыся з ёю ў Богу. Любоў — гэта абяцанне вернасці да смерці, адмаўленне ад свайго права змяніць аднаго чалавека на іншага, гэта сапраўды той дом, які трэба будаваць на скале — камень за каменем. Гэта працэс, які не завершыцца праз усё жыццё, і толькі можна спадзявацца, што ў Божым Валадарстве ён дасягне сваёй паўнаты, з’яднаецца з дасканальным прыкладам Любові, які даў нам Пан Бог.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.