Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Секс перад шлюбам — чаму не трэба?
Рубрыка Ватыканскага радыё
21.11.2012 14:32

Уявім сабе такую сітуацыю — хлопец і дзяўчына доўга сустракаюцца, кахаюць адно аднаго, мараць аб тым, каб стаць мужам і жонкай і быць разам усё жыццё. Як пражыць гэты час да шлюбу? Паводле пануючай сёння культуры — трэба жыць так, нібыта ты ўжо ў шлюбе.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Многія нібыта «вопытныя» эксперты радзяць «практыкавацца» ў сужэнскім жыцці, каб, калі раптам нешта пойдзе нядобра, было не так балюча разыходзіцца. Адсюль распаўюджаная тэндэнцыя перадшлюбнага сумеснага і, натуральна, сексуальнага жыцця.

Касцёл навучае, што сексуальныя адносіны трэба пачынаць пасля шлюбу. Многімі гэта ўспрымаецца як несучасная, фармалісцкая і нерацыянальная пазіцыя. Трэба прызнаць, што да яе сёння прыслухоўваецца ўсё менш і менш людзей.

Аднак навучанне Касцёла аб сексуальнасці мае вельмі глыбокія антрапалагічныя падставы. У гэтай сферы Касцёл не выступае неабгрунтавана, нібыта маралізатар, які сцвярджае: «Ты так павінен рабіць — таму што павінен і таму, што я табе так кажу!» Таксама Касцёл не накладае на будучых сужонкаў непасільнае ярмо, каб правесці іх праз выпрабаванні «ўмярцвення целаў».

Навучанне Касцёла аб сексуальнасці грунтуецца на глыбокіх ведах пра чалавека, пра яго ўнутраны свет і псіхалогію. Прапанова Касцёла, каб «пачакаць да шлюбу», мае на мэце дабро самаго чалавека, спрыяе павазе да яго прыроды, і дапамагае лепш зразумець глыбокае значэнне сужэнства. Паспрабуем паразважаць на гэтую тэму і прадставіць некалькі «жыццёвых» аргументаў на карысць перадшлюбнай сексуальнай чысціні.

Па-першае, перадшлюбны секс з’яўляецца «антысужэнскім». Амерыканскія навукоўцы з Універсітэта сям’і ў штаце Юта правялі даследаванне, вынікі якога паказалі, што пары, якія не займаліся сексам перад шлюбам, распадаліся на 22% радзей. Акрамя таго, яны былі на 20% больш задаволеныя сваімі адносінамі і на 15% больш сваім сексуальным жыццём, чым тыя, хто меў дашлюбныя сувязі.

Гэта тлумачыцца тым, што адносіны, у якіх ёсць месца для перадсужэнскага сексу, грунтуюцца хутчэй не на даверы і любові, а на фактары фізічнага задавальнення. Секс стварае моцную эмацыянальную, пачуццёвую і псіхалагічную сувязь. Але сужэнства грунтуецца далёка не толькі на пачуццях. Яны, як вядома, з цягам часу «астываюць». Такім чынам, перадшлюбныя адносіны павялічваюць рызыку разводу. Паводле амерыканскіх навукоўцаў, людзі, якія не займаюцца сексам перад шлюбам, больш засяроджваюцца на глыбокім знаёмстве адно з адным. Чакаючы, яны больш вучацца ўзаемнай павазе, любові, вучацца, нарэшце, размаўляць паміж сабой, і гэта дапамагае ў будучыні.

Таксама секс перад шлюбам можа быць маскіроўкай праблем, якія выбухнуць затым у сужэнскім жыцці. Здараецца, што цудоўныя эмоцыі і пачуцці, звязаныя з сексам, могуць «асляпіць»: можна проста не звярнуць увагу на тыя рысы чалавека, якія важныя пры выбары сужонка. Існуе і іншы бок: калі ў сексуальных адносінах паміж маладымі людзьмі не ўсё добра, то пра гэта часта кажуць: «не падышлі адно аднаму», але сужэнства можа паказаць зусім адваротнае.

Уявім яшчэ адну класічную сітуацыю: да вяселля застаецца зусім няшмат — трэба толькі вырашыць некаторыя пытанні: напрыклад, знайсці добрую працу, набыць кватэру ці закончыць вучобу. Чаму і ў такой сітуацыі трэба адмаўляцца ад таго, што, паводле навучання Касцёла, будзе дазваляцца праз некаторы час? Таму, што толькі шлюб з’яўляецца «неадваротным пунктам», які змяняе жыццё. Секс па-за шлюбам — гэта пэўны від крадзяжу. Заручаныя не маюць «права» авалодаць адно адным, пакуль не належаць адно аднаму. Сексуальныя адносіны прадугледжваюць дар самаго сябе. Дар, як вядома, даецца назаўсёды. Таму немагчыма падарыць самога сябе перад шлюбам: можа адбыцца так, што нарачоныя перадумаюць і ніколі не ажэняцца. Такім чынам, становіцца відавочнай сувязь, якая існуе паміж сексуальнымі адносінамі і сужэнскім жыццём, а менавіта непарыўным характарам сужэнства. Нельга зразумець непарыўнасць сужэнства, адмаўляючы перадшлюбную чысціню.

Акрамя таго, секс не можа быць «выпрабаваннем любові». З любоўю і каханнем не эксперыментуюць. У яе верыш і ёй адказна жывеш. Выпрабоўваць іншага чалавека азначае бачыць у ім аб’ект. Сёння вельмі распаўсюджана памылковае ўспрыняцце перадшлюбнага сексу. Многія маладыя пары бачаць у ім «спробу сужэнства», але ў той жа час гэта не мае нічога супольнага з сужэнствам, бо няма адказнасці адно за аднаго, характэрнай для сужэнскага саюзу. У сужэнстве людзі дзеляцца не толькі радасцямі і задавальненнямі, але таксама цяжкасцямі і цярпеннямі. Жыццё да сужэнства часцей за ўсё пазбаўлена гэтага.

На жаль, сёння вельмі складана пераканаць маладых людзей у тым, што лепш прыкласці намаганні і «пачакаць да шлюбу». Сучасны чалавек прызвычаіўся ўсё мець адразу і зараз, калі гэтага хочацца, і не думаць аб наступствах, асабліва калі яны доўгатэрміновыя. Гісторыя паказвае, што грамадствы, у якіх няма чысціні, становяцца багатымі на разводы і беднымі на дзяцей.

Што рабіць, калі маладыя людзі ўжо памыліліся на сваім шляху да сужэнства? У такім выпадку абавязкам кожнага католіка з’яўляецца данесці поўную праўду аб прыгажосці і рацыянальнасці перадшлюбнай чысціні да гэтых нашых братоў, перадаючы ім таксама ўпэўненасць у міласэрнасці і прабачэнні Бога, а таксама ў тым, што Касцёл мае дастаткова «інструментаў», каб дапамагчы пачаць новае жыццё кожнаму. Сам Езус адказаў на пытанне аб тым, «хто збавіцца»: «што немагчыма для людзей, магчыма для Бога».

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме