Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Асноўныя прынцыпы выхавання. Частка 1: агульныя пытанні
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
22.12.2011 11:07

Назва цыклу артыкулаў «Асцярожна — дзеці!» абрана мною невыпадкова. На жаль, у сучасных сем’ях дарослыя вельмі часта не праяўляюць той самай асцярожнасці, далікатнасці ў стаўленні да дзяцей у іх выхаванні, што вядзе да зламаных дзіцячых і дарослых лёсаў.

Недзе я пачула такую фразу: «Цяжкае дзяцінства не заканчваецца ніколі». Гэта сапраўды так: раны, атрыманыя ў дзіцячым узросце, могуць з цягам часу забыцца, аднак так і будуць патаемна атручваць жыццё ўжо дарослага чалавека, ставячы перад ім балючае пытанне: «Што ж са мною не так?..»

Кансультуючы на адным з псіхалагічных форумаў, я заўважыла, што там найбольш актыўным з’яўляецца якраз раздзел «Кансультацыі дзіцячых псіхолагаў», што пераканальна сведчыць аб актуальнасці тэмы выхавання. Спадзяюся, што шэраг нашых з вамі, дарагія чытачы, размоваў, які сёння распачынаецца, будзе для вас карысным, дасць адказы на некаторыя пытанні і дапаможа зрабіць атмасферу ў вашых сем’ях больш гарманічнай і радаснай. Хачу таксама нагадаць, што некаторыя базавыя прынцыпы адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі мы ўжо абмяркоўвалі ў цыкле артыкулаў «Айцец Нябесны і бацькі зямныя».

У гэтай размове я б хацела закрануць тры самыя агульныя пытанні выхавання: яго мэта, сродкі і калі яно распачынаецца. Іншымі словамі, калі мне пачынаць выхоўваць маё дзіцятка? Як гэта рабіць? І якім я хачу ўбачыць маё дзіця ў выніку выхавання?

Пачнём з апошняга пытання. Якую мэту я стаўлю для сябе, выхоўваючы сваё дзіця? Якім я хачу бачыць яго ў будучыні? Зразумела, што шмат бацькоў могуць адказаць павярхоўна, «так, як трэба»: напэўна, хачу, каб маё дзіця было шчаслівым, самастойным, паспяховым, шмат чаго ў жыцці дабілася… Веруючыя людзі, напэўна, дададуць: «Хачу, каб дзіця любіла Бога, вырасла веруючым чалавекам». Зразумела, што гэтыя мэты — вельмі добрыя, і калі бацькі сапраўды імкнуцца да іх, можна сцвярджаць, што дзіця мае ўсе шанцы вырасці і шчаслівым, і самастойным, і веруючым… Аднак у такіх адказаў ёсць і «двайное дно».

«Хочам, каб дзіця вырасла самастойным, разважлівым і адказным чалавекам», — кажуць бацькі і пры гэтым літаральна «душаць» дзіця апекай, не пакідаюць яго ні на хвіліну без увагі, не чуюць ягоных пратэстаў, ігнаруюць ягоныя жаданні, не могуць прымаць памылкі свайго дзіцяці: высмейваюць ці злуюцца, калі яно робіць нешта няправільна ці наогул не дазваляюць дзецям дзейнічаць, усё робячы за іх (а потым здзіўляюцца: чаму мой сын, 15 год, так і не прызвычаіўся ўбіраць за сабою ложак з раніцы?). Такія бацькі, падаецца, не ўсведамляюць, што самастойнасць і разважлівасць не з’яўляюцца ў імгненне вока ў дарослым узросце — яны растуць разам з дзіцяткам і пачынаюцца ад памылак, няўдалых крокаў, няўмелых дзеянняў, неабачлівых учынкаў…

Але што найбольш не падабаецца бацькам — гэта жаданне і магчымасць дзяцей казаць «не». Напрыклад, мама хоча, каб дачушка выканала яе нерэалізаваную мару — стала піяністкай. А дачушка: «Не, я буду настаўніцай!» Яшчэ больш складаныя сітуацыі ўзнікаюць у выпадку, калі дзіця не толькі не спраўджвае мары бацькоў, але ідзе нейкім нязвыклым, незразумелым для іх шляхам. Напрыклад, тая ж мама бачыла сваю дачку менавіта настаўніцай. Больш за тое: уявім, што гэта сям’я спадчынных настаўнікаў, дзе два-тры пакаленні былі цесна звязаныя са школай ці ўніверсітэтам. А ў дзяўчынкі — выдатны музычны слых, яна не адыходзіць ад фартэпіяна, а настаўніцкая кар’ера яе не цікавіць. І бацькі (а часам і дзядулі-бабулі) упадаюць у роспач і паніку: што гэта наогул за прафесія — музыкант? Як дзяўчына будзе жыць з ёю? Ці зможа зарабляць сабе на хлеб? Як паступіць у кансерваторыю? А што, калі, барані Божа, яна захоча вучыцца недзе за мяжой? Яна ж застанецца без нагляду ў гэтым вялізным свеце, парве сувязі з сям’ёй!..

У выніку гэтых панічных думак атрымліваецца так, што дзяўчынцы яшчэ толькі 3–4 гадкі, яна толькі спрабуе іграць першыя ноты, атрымліваючы ад гэтага асалоду, — а бацькі ўжо напалохаліся за ўсё яе будучае жыццё. І пад уплывам свайго страху і трывогі ўсімі сіламі імкнуцца адарваць дзіця ад піяніна і навязаць яму «неабходнасць» быць настаўніцай. І тады той шлях, які дзіцяці быў прадвызначаны Богам, скрыўляецца, ламаецца бацькоўскімі страхамі і кантролем.

Мэту выхавання такімі бацькамі можна акрэсліць так: «хачу, каб дзіця было самастойным, разважлівым і адказным у тым сэнсе, як я гэта разумею, і да тае пары, пакуль мне гэта зручна».

Хацела б таксама закрануць і жаданне бацькоў выхаваць дзяцей у пабожнасці. Як думаеце, паважаныя чытачы, — добрае гэта жаданне ці дрэннае?.. Напэўна, добрае. Але толькі тады, калі яно не дэкларатыўнае, а сапраўднае. Як жаданне выхаваць дзіця пабожным можа быць дэкларатыўным? Распавяду вам у якасці прыкладу аб дзвюх жыццёвых сітуацыях, якія адбыліся ў мяне на вачах.

У гэтым годзе на фэсце ў Будславе я выпадкова стала сведкай такой размовы паміж мамай і сынам гадоў васьмі (мяркую, што абодва былі пілігрымамі, бо выйшлі са святыні).

— Мама, я буду ксяндзом!
— Не, не будзеш, я табе не дазваляю.
— Ну чаму?! Я вельмі хачу быць ксяндзом!
— Сынок, ты не ўсё ведаеш пра жыццё ксяндзоў. Ты яшчэ нічога не разумееш. Але я разумею, і таму кажу табе: ксяндзом я табе быць не дазволю!

Падобная гісторыя здарылася і ў адной з мінскіх парафій: дзве бабулі, якія амаль кожны дзень бываюць на Імшы, выходзячы ў нядзелю з касцёла, ідуць каля канфесіянала. Маленькі ўнук адной з іх спрытна забіраецца ўнутр, сядае на месца ксяндза. Адна з бабуль смяецца: «Ой, глядзі —  будучы ксёндз!» А другая ў адказ, ціхенька так: «Ой, што ты! Не дай Бог!» «Сапраўды, не дай Бог!» — пасур’ёзнеўшы, падхоплівае першая…

Варта, мабыць, задаць сабе пытанне: ці, выхоўваючы свайго сына ці дачку ў пабожнасці, я сам маю такі давер да Пана Бога, што магу прысвяціць Яму сваё дзіця? Ці ўнутрана кажу Яму: «Божанька, Ты, калі ласка, будзь у жыцці майго дзіцятка, але толькі вось да гэтай мяжы і ні кроку больш! Я Цябе, канешне, вельмі люблю, але што тычыцца майго сына (дачкі) — хай будзе не Твая, але мая воля!»

Бяда не толькі ў тым, што, не ўсведамляючы мэты выхавання, бацькі робяцца нібы карабель, які падчас шторму згубіў напрамак руху і цяпер хаатычна рухаецца ўсляпую, не ведаючы, што рабіць. Значна больш сур’ёзным наступствам такога «палавіннага» выхавання з’яўляецца тое, што дзеці вельмі добра адчуваюць яго няшчырасць, вялікую розніцу паміж тым, што прамаўляецца, і тым, што робіцца, і тады такое «выхаванне» не толькі не мае сэнсу, але прыносіць вялікую шкоду: дзеці становяцца супрацьлеглымі тым, якімі іх хацелі бачыць бацькі — несамастойнымі, нешчаслівымі, не пабожнымі і г. д. І з кожным годам жыцця паправіць гэтыя наступствы будзе ўсё больш цяжка.

Якую ж мэту можа паставіць перад сабой пабожны хрысціянін, выхоўваючы сваё дзіця? Мабыць, толькі адну: імкнуцца распазнаць волю Божую ў адносінах да дзіцятка — і дапамагаць яму ісці Божым шляхам, давяраючы свайму Створцу. Напэўна, найцудоўнейшым прыкладам такога пакорнага выхавання з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Зачацце без удзелу мужчыны? Роды ў стаенцы сярод жывёл? Уцёкі ад жаўнераў Ірада? Крыжовы шлях і Кроў Сына, якая сцякае з крыжа? — Fiat, няхай мне станецца паводле Твайго слова...

Усё, аб чым гаварылася вышэй, дае нам адказ на яшчэ адно фундаментальнае пытанне: як выхоўваць дзяцей?

Адказ, насамрэч, вельмі просты: уласным прыкладам. Нічога (ці амаль нічога) больш не патрэбна. Дзіця выхоўваецца, назіраючы, як бацькі ставяцца адно да аднаго, да яго самога, да сямейнага акружэння (дзядулі-бабулі, родныя, сваякі, сябры), наогул да людзей і да навакольнага асяроддзя. Гэтыя назіранні складаюць 99% таго, што засвоіць дзіця. Яшчэ адзін працэнт — гэта словы, якія будуць скіраваны да яго. Але калі яны будуць разыходзіцца з тым, што яно бачыць, — відавочна, што 1% «надвор’я не зробіць».

Калі пачынаць выхоўваць дзіцятка?

Кажуць так: «лепей за ўсё — за 9 месяцаў да нараджэння». Але найлепшы, на мой погляд, рэальны варыянт — ад нараджэння. Некаторыя чытачы, мабыць, здзівяцца: няўжо ад самага пачатку жыцця трэба чагосьці патрабаваць ад немаўляці, штосьці яму забараняць, ставіць яго ў нейкія рамкі?! Гэта падаецца немагчымым!

Насамрэч, гэта не падаецца немагчымым — гэта сапраўды немагчыма. Але першы, можа, найважнейшы крок у выхаванні дзіцятка — гэта не рамкі і не забароны. Гэта досвед любові. Гэта адчуванне таго, што мяне любяць, мяне прынялі ў гэты свет з радасцю. Я важны. Мяне заўважаюць, прыслухоўваюцца да маіх патрэбаў. Мяне абараняюць і падтрымліваюць. Я — каштоўнасць. І менавіта гэты досвед дзіця павінна атрымаць ад першых хвілін жыцця на зямлі, а яшчэ лепей — калі яно ўжо атрымлівае яго ва ўлонні маці. Гэта найважнейшы фактар выхавання, яго аснова, без якой яно не мае сэнсу.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.