Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Злачынства і пакаранне
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
24.01.2012 16:33

Пытанне аб тым, ці караць дзяцей, і калі так, то як гэта рабіць, выклікае бурныя дыскусіі як сярод бацькоў, так і сярод спецыялістаў па выхаванні — псіхолагаў, педагогаў, сацыёлагаў… Асобныя аспекты гэтага пытання цікавяць таксама юрыстаў, абаронцаў правоў дзіцяці і прадстаўнікоў улады, якія распрацоўваюць і прымаюць адпаведныя законы і г.д.

Як гэта часта здараецца, удзельнікі дыскусіі аб ролі і формах пакарання размяжоўваюцца на два супрацьлеглыя лагеры. У адным збіраюцца тыя, хто лічыць пакаранне неабходным метадам выхавання. Часам яны выступаюць за жорсткія формы пакарання, што, на жаль, раз-пораз заканчваецца «гучнымі» справамі аб жорсткім абыходжанні з дзецьмі і судовымі працэсамі.

Такія працэсы дадаюць вагі прыхільнікам супрацьлеглай тэорыі «выхавання без пакарання», на падставе якой працуе сучасная ювенальная юстыцыя, а таксама сацыяльныя практыкі некаторых краін. Аднак і тут не абышлося без «перагібаў». Дзеці, надзеленыя «правамі», цалкам забываюцца пра абавязкі і становяцца «навальніцаю» для бацькоў, шантажыруючы іх, у выпадку невыканання якіхсьці жаданняў, званком у адпаведныя установы — змагарам супраць жорсткага абыходжання з дзецьмі. У выніку ўзнікае парадаксальная сітуацыя, калі бацькі аказваюцца паралізаванымі ўласнымі дзецьмі і занадта пільнай заканадаўчай сістэмай і не ў стане спаўняць свае абавязкі.  

Падаецца, што праўда, як заўсёды, пасярэдзіне. Напэўна, зусім без пакаранняў абысціся вельмі складана. Але пытанне заключана ў тым, якое месца павінна займаць пакаранне ў выхаванні дзіцяці, якія формы яно можа прымаць, і, нарэшце, што мы хочам атрымаць як вынік пакарання.

Паспрабуем разгледзець гэтыя базавыя пытанні больш падрабязна.

Прыклад першага ў гісторыі пакарання мы знаходзім у Кнізе Быцця: пасля першароднага граху Бог сказаў: «вось, Адам, зрабіўся як адзін з нас, ведаючы дабро і зло; і цяпер як бы не працягнуў руку сваю, і не ўзяў таксама ад дрэва жыцця, і не пакаштаваў, і не пачаў жыць вечна. І выслаў яго Пан Бог з саду Эдэмскага, каб апрацоўваў зямлю, з якой ён узяты. І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцця» (Быц 3, 22–24).

Бог карае чалавека за нявернасць і непаслухмянасць Яму. Такім чынам, сам Бог, Дасканалы Айцец, не пазбягае пакаранняў — і карае Ён не кагосьці, хто далёка ад Яго, а чалавека, лепшае сваё стварэнне. Менавіта гэтая блізкасць да Бога з’яўляецца асновай, якая робіць пакаранне магчымым: чалавек ні ў чым не меў патрэбу ў раі, ён мог бачыць Бога і жыць у дасканалай еднасці з Ім — і, аднак, не захаваў вернасць свайму Стварыцелю. Пасля першароднага граху, калі чалавек пазнаў не толькі дабро, але і зло, і пакуты, Бог карае яго: адсылае з раю і прызначае іншыя пакаранні, перш за ўсё — смерць. Некаторыя, асабліва няверуючыя людзі, наракаюць за гэта на Бога: маўляў, ну, прабачыў бы Ён першым людзям, пакінуў іх у Эдэме; падумаеш, вялікая справа — яблык з’елі! Аднак справа ў тым, што ў гэтым пакаранні — пазбаўленні жыцця вечнага ў целе — была заключана таксама адзіная магчымасць новага паяднання людзей з Богам праз Хрыста. Вечнае жыццё ў раі пасля граху азначала б вечнае жыццё ў пакутах раз’яднанасці з Богам, і быў патрэбен Збаўца, які знішчыў смерць як апошняга ворага і ўзнёс чалавека нават яшчэ вышэй, чым той быў у раі: Бог не толькі стварыў чалавека — Ён сам стаў Чалавекам!

Гэтая сітуацыя ілюструе важную рысу пакарання, аб якой неабходна ведаць, выхоўваючы дзяцей: пакаранне павінна не раз’ядноўваць бацькоў і дзяцей, а быць праявай бацькоўскай любові. Менавіта любоў павінна з’яўляцца асновай для адносінаў бацькоў і дзяцей. Толькі на гэтым падмурку будуць гарманічна выглядаць і дысцыпліна, і строгасць, і межы, і бацькоўскі аўтарытэт, і пакаранні. Толькі яна «ажыўляе» сістэму выхавання, дае ёй гнуткасць, варыятыўнасць, дазваляе спалучаць пяшчоту і строгасць не «механічна», як у кулінарным рэцэпце, а творча, ствараць свае асабістыя «рэцэпты» выхавання.

Саламон у сваіх Прыпавесцях звяртае ўвагу на тое, што пакаранне — гэта знак таго, што дзіця неабыякавае для бацькоў, што яны клапоцяцца аб ім, нясуць за яго адказнасць: «Карай сына свайго, пакуль ёсць надзея, і не абурайся крыкам яго» (Прып 19, 18). Ёсць надзея… Надзея перш за ўсё на ўзрастанне дзіцяці. Надзея на тое, што адносіны не разбураны, яны існуюць і могуць стаць лепшымі. Гэта знаходзіць адлюстраванне і ў сучаснай псіхалогіі: як мы памятаем з папярэдніх размоваў, калі дзіцяці наогул не пастаўлены ніякія межы і ўсё дазволена — гэта нават больш траўматычная сітуацыя, чым строгае выхаванне. Дзіця быццам аказваецца ў беспаветранай прасторы без усялякіх жыццёва важных арыенціраў, якія кажуць яму, «что такое хорошо и что такое плохо».

Аўтар Паслання да Габрэяў паказвае нам таксама мэту пакарання: «Цяпер усялякае пакаранне здаецца не радасцю, а смуткам. Але пазней яно прынясе мірны плён справядлівасці тым, каго выхоўвала» (Гбр 12, 11).

Справядлівасць, большая душэўная і духоўная дасканаласць павінна быць вынікам пакарання. Заўважце: НЕ механічная паслухмянасць; НЕ страх; НЕ жорсткае дамінаванне бацькоў над дзіцяткам; НЕ навязванне бацькоўскай волі — а справядлівасць. А гэта значыць узрастанне ў любові як дзяцей, так і бацькоў. Гэта таксама значыць, што дзіця засвойвае нейкія нормы, якія служаць для таго, у першую чаргу, каб абараніць яго, дапамагчы лепей сябе адчуваць у акружэнні іншых людзей, будаваць з імі здаровыя адносіны. Псіхолагі Джош Макдаўэл і Дзік Дэй, кнігу якіх мы прыгадвалі ў папярэдніх размовах, кажуць, што не мае сэнсу пакаранне без узаемаадносінаў з дзіцяткам, без паразумення і глыбокай узаемнай павагі. Жорсткія рамкі і правілы, забароны, не ўмацаваныя на любові, абернуцца толькі бунтам, злосцю, непаразуменнем і разбурэннем адносінаў.

Зразумела, не варта спадзявацца, што калі вы за нейкі дрэнны ўчынак прызначыце пакаранне вашаму дзіцяці, то яно будзе вам удзячна і будзе лічыць ваша рашэнне праявай любові. Але самае галоўнае — каб яно НАСАМРЭЧ ёю з’яўлялася, і тады раней ці пазней усведамленне гэтага прыйдзе і да дзіцяці.

Якім жа павінна быць пакаранне? І як зрабіць так, каб пакаранне сапраўды вяло да ўзрастання любові?

Джош Макдаўэл і Дзік Дэй разглядаюць пакаранне як сукупнасць двух відаў наступстваў парушэння межаў: натуральных і лагічных.  

Натуральныя наступствы парушэння межаў вельмі простыя, але часта бацькі схільныя забывацца, што яны таксама з’яўляюцца часткай пакарання: гэта сітуацыя, калі дзіця «само сябе пакарала». Напрыклад, маленькая модніца (напрыклад, падлеткавага ўзросту), не паслухаўшы парадаў мамы, апранае ў халодны дзень не зімовыя боты, а восеньскія, бо яны «прыгажэйшыя». У выніку дзяўчынка падхоплівае прастуду і не можа пайсці на дзень нараджэння да сяброўкі, хоць і вельмі чакала гэтага свята. Сама сябе пакарала… Часта здараецца, што такога «самапакарання» ўжо дастаткова, каб сітуацыя не паўтаралася. Канешне, часам бацькоў вельмі «цягне» на тое, каб у падобных выпадках «прачытаць мараль», якая пачынаецца са знакамітай фразы «а я ж табе казаў (-ла)…». Але варта памятаць мэту пакарання. Яна ва ўдасканаленні, ва ўзрастанні дзіцяці, а не ў тым, каб вымесціць на ім сваё расчараванне, страх за яго, незадаволенасць і г.д. Каб выказаць гэтыя і іншыя пачуцці, павінны быць іншыя сітуацыі, а фраза «я ж табе казаў» — наогул вораг выхавання.

Вельмі важна падкрэсліць адзін нюанс: па меры таго, як дзіця вырастае, тым больш адказнасці яно прымае за сваё жыццё, і, адпаведна, тым менш намаганняў павінны прыкладаць бацькі, каб абараніць дзіця перад натуральнымі наступствамі ягоных учынкаў. Зразумела, што калі немаўля, якое толькі пачало поўзаць, цягнецца да электрычнага дроту — гэта адказнасць бацькоў, каб не даць яму да яго дакрануцца. Але дзіця падрастае — і сітуацыя змяняецца. На жаль, далёка не ўсе бацькі гэта разумеюць. Класічны прыклад — маці падлетка, якая ўстае з самага ранку і дакладна ў час пачынае будзіць сваё «дзіцятка», каб збірацца ў школу. Пры гэтым маці вылічвае, калькі часу зойме пад’ём, снеданне, потым дапамагае збіраць партфель…. А калі дзіця ўсё роўна спазняецца — часам яшчэ піша настаўніцы ліст: маўляў, сын ці дачка «былі ў доктара, таму спазніліся». Некаторыя бацькі могуць абурыцца: «Але калі я яго (яе) не падыму, ён (яна) ніколі не прыйдзе ў школу ў час!» Але справа ў тым, што дзіця ніколі не прыйдзе ў час менавіта тады, калі не будзе адчуваць на сябе наступстваў сваіх учынкаў.

Мабыць, ідэальнай схемай выхавання з’яўлялася б тая, пры якой дзіця вучылася б на ўласных памылках і пры нязменнай падтрымцы і добразычлівасці бацькоў сталела б без аніякіх дадатковых пакаранняў, ці, як кажуць, «мер уздзеяння».

Аднак жыццё значна больш складанае, і таму часам бацькам даводзіцца ўводзіць лагічныя наступствы ўчынкаў — гэта і ёсць пакаранне ў прамым сэнсе гэтага слова: «Калі будзеш крычаць у краме — не будзеш увечары глядзець мульцікі». Мы вызначаем забарону і перасцерагаем аб тых наступствах, якія чакаюць дзіця.

Псіхолагі выдзяляюць два тыпы лагічных наступстваў: нейтральныя і адмоўныя. Што гэта такое?

Нейтральнае пакаранне азначае, што дзіця пазбаўляецца нейкай прыемнасці: узровень прыемнасцяў як бы зводзіцца «на нейтральны ўзровень»: «Раней я дазволіла табе ў нядзелю паглядзець фільм, які ідзе позна вечарам. Але калі будзеш біць малодшую сястру — я не дазволю табе гэтага». У гэтым выпадку фільм — як бы «бонус», парушэнне правілаў «на карысць» дзіцяці. Дрэннае абыходжанне з сястрой пазбаўляе дзіця гэтага «бонусу», узровень прыемнасцяў вяртаецца да паўсядзённай практыкі.

Адмоўны ўзровень — гэта калі дзіця атрымлівае нейкія дадатковыя «непрыемнасці» за свае паводзіны: «Калі будзеш біць малодшую сястру — на працягу тыдня не будзеш пасля школы гуляць з сябрамі». У гэтай сітуацыі дзіця звычайна гуляе з сябрамі, але за дрэнныя паводзіны пазбаўляецца гэтага.

Ёсць таксама некалькі правілаў, калі пакаранне не можа быць здзейснена:

1. Нельга караць дзіця, калі яно хварэе ці вельмі стомлена, знаходзіцца ў стане моцнага стрэсу (напрыклад, хвароба ці смерць кагосьці з блізкіх людзей; пераезд на іншае месца жыхарства; перамена месца вучобы дзіцяці; з’яўленне малодшых брацікаў і сястрычак і г.д.). У гэтых выпадках больш карыснай стане размова з дзіцяткам аб ягоных пачуццях, перажываннях, расказ пра ўласныя думкі і пачуцці — адным словам тое, што завецца «размовай па душах».

Тут трэба перасцерагчы бацькоў, што размова па душах — гэта наогул вельмі важны (а можа, і галоўны) сродак устанаўлення даверу і шчырасці паміж бацькамі і дзецьмі, а значыць, гэта вельмі моцны сродак выхавання. Трэба заўсёды быць гатовым на такую размову, адводзіць на яе дастаткова часу, даваць дзіцяці магчымасць выказацца, старацца яго зразумець.

Аднак часам дзеці пачынаюць маніпуляваць бацькамі такім чынам, што «душэўная размова» (насамрэч — падробка пад яе) становіцца сродкам пазбегнуць пакарання. Хрысціянскі пісьменнік К. С. Льюіс прыводзіць прыклад такога няправільнага выхавання ў школе ў сваіх «Хроніках Нарніі»: «Наша история вовсе не о школе, так что о ней много рассказывать не стоит. Мальчики учились там вместе с девочками, и в старину такие заведения называли школами смешанного обучения. Только если где что и смешалось, так в головах начальства. Эти горе-учителя считали, что детям надо позволять все, что им нравится. Как на беду, десятку ребят постарше больше всего нравилось дразнить и мучить остальных. В любой другой школе навели бы порядок за пару месяцев, но в этой творились жуткие вещи. А если что и всплывало на свет Божий, то никого не наказывали. Директриса заявляла, что это — „интересный случай“, вызывала провинившихся и часами с ними беседовала. Тот, кто знал, как ей подыграть, мог даже стать ее любимчиком» (К. С. Льюіс, «Хронікі Нарніі. Трон са срэбра»).

2. Нельга таксама караць дзіця, калі яно не ведае аб вашых забаронах ці не можа іх здзейсніць. Напрыклад, нельга патрабаваць ад 4–5 гадовага дзіцяці, каб яно прыбрала ўсю хату, а потым пакараць за тое, што яно гэтага не зрабіла. Прычына тут не ў непаслухмянасці, а ў фізічнай немагчымасці. Гэтаксама нельга пакараць падлетка, калі ён спазніўся дадому ўвечары, калі прычына гэтага, напрыклад, пробкі на дарозе ці моцны дождж, які было неабходна перачакаць: гэта тое, што завецца «форс-мажор» — абставіны непераадольнай сілы.

Калі ж пакаранне павінна быць здзейсненым, таксама трэба прытрымлівацца некалькіх правілаў:

1. Караць дзіця і прызначаць пакаранні можна толькі валодаючы сабой. Гэта не значыць, што вам усё роўна ці падабаецца тое, што зрабіла дзіця, — але вы кантралюеце свае эмоцыі і памятаеце аб мэтах пакарання. Добры прыклад — гісторыя з маёй сяброўкай і дзяўчынкай у краме, якую я распавядала: «Ты дрэнна зрабіла, і цяпер будзеш пакарана, бо іначай я не магу зрабіць». Прарок Ерамія звяртаецца да Бога з наступнымі словамі: «Карай мяне, Пане, але па праўдзе, не ў гневе Тваім, каб не прынізіць мяне» (Ер 10, 24).

Калі сітуацыя правакуе ў вас вельмі моцныя эмоцыі — дайце сабе час супакоіцца і толькі потым падумайце аб пакаранні. Дэн Алендэр у сваёй кнізе «Як дзеці выхоўваюць бацькоў» прыводзіць такі прыклад. Аднойчы яго сын-падлетак, мабыць, нагледзеўшыся неразумных камедый, замацаваў над дзвярыма ў сваім пакоі кубак з малаком. Увайшла мама, кубак кульнуўся на яе, малако разлілося, запэцкала ёй валасы і адзенне і вельмі напалохала. Маці была моцна разгневаная, але знайшла ў сабе сілы сказаць: «Ведаеш, ты зрабіў вельмі дрэнную рэч. Зараз мне трэба супакоіцца, а потым мы пагаворым пра тое, як ты будзеш пакараны». У выніку хлопец быў абавязаны папрасіць прабачэння, памыць маміна адзенне, а таксама адмыць дыван і падлогу ад малака. У дадатак яму было забаронена на тыдзень глядзець тэлевізар.

2. Пакаранне павінна быць адпаведным. Гэта значыць адпавядаць узросту дзіцяці, быць для яго не занадта жорсткім, па-другое — адпавядаць учынку.

3. У той жа час пакаранне павінна быць значным для дзіцяці. Гэта значыць, прыносіць акрэслены ўзровень непрыемных перажыванняў: калі вы забароніце за нейкі ўчынак дзіцяці есці яблыкі, якіх яно і так не любіць, — гэта не пакаранне. Гэтаксама, калі вы ў якасці пакарання загадаеце пасядзець на стуле ў пустым пакоі дзіцяці-інтраверту, схільнаму да мараў і паглыблення ў сябе, — гэта не будзе для яго пакараннем.

4. Нельга караць дзіця пагрозай пазбаўлення сваёй любові («усё, раз ты такі — я цябе больш не люблю!») ці пазбаўленнем камунікацыі (надзьмуцца і не размаўляць, рабіць выгляд, што не заўважаеце дзіця і г.д.).

Асобнае пытанне складае фізічнае пакаранне — ці можна яго ўжываць, і калі можна, то як?

Не можа быць сумненняў, што фізічнае пакаранне павінна быць выключэннем з правілаў, ужывацца вельмі рэдка і толькі пры выключных абставінах (памятаючы пры гэтым аб усіх тых нюансах, аб якіх мы разважалі). Насамрэч, калі дзіця робіць нешта такое, што, падаецца, заслугоўвае фізічнага пакарання, гэта можа казаць аб тым, што ў дзіцяці ці ў сям’і сур’ёзныя праблемы, якія ляжаць значна глыбей, чым сам учынак, і галоўнай задачай бацькоў будзе разабрацца менавіта з прычынамі здарэння.

Але калі ў некаторых выпадках вы лічыце фізічнае пакаранне непазбежным, памятайце аб некалькіх важных рэчах:

1. Разлічвайце сваю сілу і ўзрост дзіцяці! А таксама — думайце, куды б’ёце! Вось чаму, яшчэ раз падкрэслю, нельга караць дзіця ў стане гневу. Ведаю гісторыю, калі маладая мама ў стане вельмі моцнага гневу адшлёпала дзіця. Падавалася, па азадку, а высветлілася — па нырках. На жаль, высветлілася ўжо падчас устанаўлення прычынаў смерці дзіцяці…

2. Нельга ўжываць сродкі, якія павялічваюць боль, — рэмень, галіны дрэў і г.д.

3. Дзяцей пасля трох гадоў нельга караць пры іншых людзях — гэта прыніжэнне для дзіцяці, а мы памятаем аб тым, што пакаранне ніколі не мае такой мэты.

Ад фізічнага пакарання як такога адрозніваюцца сітуацыі, калі мы фізічным уздзеяннем перарываем дрэнныя паводзіны дзіцяці, «вяртаем яму прытомнасць». Сапраўды, здараюцца сітуацыі, калі дзіця «напрошваецца» на нашу рэакцыю. Насамрэч яно правярае трываласць межаў, якія мы ўсталявалі, а таксама прыцягвае нашу ўвагу. Мы ўжо ведаем аб адным з відаў такога фізічнага ўздзеяння — узяць дзіця ззаду «ў замок», каб абмежаваць ягоныя рухі падчас істэрычнага прыпадку. Гэтаксама часамі лёгкі пляскач па азадку можа нагадаць дзіцяці, якое «разгулялася», пра існуючыя межы. Аднак варта падкрэсліць: нагадаць пра існуючыя межы, а не паказаць, як мама злуецца ці стомлена!

Напрыканцы хацелася б яшчэ раз падкрэсліць: галоўны сродак выхавання — гэта не пакаранне, а любоў! Менавіта яна з’яўляецца тым камертонам, па якім можна звяраць свае дзеянні пры пакаранні дзяцей: я дзейнічаю згодна з любоўю ці мною валодаюць іншыя матывы?

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.