Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Небяспечныя гульні
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
07.02.2012 15:48

Напэўна, разважаючы аб развіцці сучаснага дзіцяці ў школьным узросце, нельга абысці і такую складаную тэму, як камп’ютарныя гульні. Віртуальная рэальнасць трывала ўвайшла ў нашае жыццё, і добра гэта ці дрэнна, але нават самыя маленькія дзеці так ці інакш ведаюць пра яе і ёю карыстаюцца.

Большасць псіхолагаў ставяцца да камп’ютарных гульняў для дзяцей строга адмоўна. Я маю крыху больш мяккую пазіцыю, якая, аднак, прадугледжвае ясныя абмежаванні. Я б вылучыла некалькі правілаў, якія могуць быць карыснымі для бацькоў, чые дзеці так ці інакш цікавяцца камп’ютарнымі гульнямі і няма магчымасці цалкам іх забараніць.

Пачнём з вельмі непрыемнага для дзяцей слова «нельга». Гэта і ёсць абмежаванні, аб якіх я казала.

Такім чынам,

  • НЕЛЬГА гуляць у камп’ютарныя гульні дзецям да 10 год, а таксама старэйшым за гэты ўзрост у выпадку, калі дзіця мае неўралагічныя дыягназы (напрыклад, сіндром павышанай узбуджальнасці)

  • НЕЛЬГА ў любым дзіцячым узросце (да 18 год) гуляць у гульні, у якіх ёсць сцэны насілля, крыві ці амаральных паводзінаў. (Такім чынам, выключаем з карыстання дзіцяці ўсе магчымыя «стралялкі», «мачылкі» і г.д.).

  • ВЕЛЬМІ НЕ РЭКАМЕНДУЮЦЦА для дзяцей гульні, якія патрабуюць сутаргава-хуткай рэакцыі (так званыя «клікалкі» і «бегалкі» — гульні, калі за абмежаваны час трэба штосьці зрабіць ці «злавіць» штосьці на экране). Такія заданні патрабуюць ненатуральна моцнай канцэнтрацыі ўвагі, нервова-хуткага рэагавання, правакуюць моцныя выкіды адрэналіну і, як вынік, расхістваюць нервовую сістэму дзіцяці. Як прыклад — офісная гульня «Гатэль Джэйн», у якой трэба як мага хутчэй абслугоўваць кліентаў: падаваць ім гарбату, каву, газеты, рэгістраваць тых, хто прыехаў і выехаў… З кожным узроўнем колькасць кліентаў павялічваецца і ўзрастае напружанне.

    Да той жа катэгорыі адносяцца так званыя real time стратэгіі, дзе кожны квест (заданне) павінен быць выкананы за абмежаваны час.

  • Нават калі вы выдалілі ўсе вышэйадзначаныя гульні, і вашаму дзіцяці прынамсі 10 год, — НЕЛЬГА даваць дзіцяці гуляцца ў тыя гульні, у якія вы не гулялі самі. Часам самая нявінная на першы погляд гульня можа змяшчаць і эратычныя, і агрэсіўныя сюжэты, якія, як мы памятаем, знаходзяцца пад поўнай забаронай. З гэтага можна зрабіць больш агульную выснову: калі вы самі не гуляеце ў камп’ютарныя гульні, то не варта дазваляць гэта рабіць вашым дзецям. У гэтай сітуацыі камп’ютарная гульня будзе для вас сцяной, якая будзе падзяляць сям’ю, уцягваючы аднаго з яе членаў — дзіця — у віртуальную рэальнасць.


У той жа час пры мудрым і адказным падыходзе камп’ютарная гульня можа стаць адным са способаў сумеснага сямейнага прабывання, баўлення часу. Што неабходна, каб наш, бацькоўскі падыход да камп’ютарных гульняў быў сапраўды мудрым і адказным?

Па-першае, трэба паклапаціцца аб выкананні санітарна-гігіенічных нормаў: святло ў пакоі, тэхнічна ашчадныя характарыстыкі манітора і г.д. Сюды ж аднясём наступныя правілы: гуляць у камп’ютарную гульню для дзіцяці 10 год можна не болей за 15–20 хвілін і не менш як за 2 гадзіны да сну.

Важна таксама пільна сачыць за рэакцыяй дзіцяці на гэтыя абмежаванні: калі выключэнне камп’ютара суправаджаецца істэрыкай, крыкамі, слязьмі — гэта яскравы паказальнік таго, каб камп’ютарныя гульні былі цалкам выключаны з жыцця дзіцяці, бо немагчымасць кантраляваць сябе, сачыць за часам і перапыняць гульню — гэта праявы камп’ютарнай залежнасці, якой усімі сіламі трэба пазбягаць. Здараецца, што, нягледзячы на тое, што фармальна дзіцяці ўжо споўнілася 10 год, ягоная нервовая сістэма яшчэ не развілася настолькі, каб мець справу з віртуальнай рэальнасцю, і знаёмства з ёю можа справакаваць псіхалагічную траўму.

Па-другое, неабходна гуляць разам з дзіцём. Калі няма магчымасці быць непасрэдна ўключаным у гульню (напрыклад, калі яна разлічана на аднаго гуляючага), трэба быць побач, задаваць дзіцяці пытанні (Чаму ты зараз робіш менавіта гэта? Што будзеш рабіць далей? Што атрымаецца, калі зробіш вось так?). Варта, зразумела, таксама абмяркоўваць персанажаў гульні, іх паводзіны і г.д.

 

Найбольш бяспечнымі для дзяцей можна назваць наступныя тыпы гульняў:

  • Пакрокавыя стратэгіі (гульні, пабудаваныя па прынцыпу шахмат: на кожны крок гуляючага прыходзіцца крок суперніка. Колькасць часу на абдумванне і рэалізацыю ходу не абмежавана). Найбольш яскравы прыклад — «Героі мяча і магіі».
  • Квесты (у залежнасці ад узросту дзіцяці). Як добры прыклад — «Машынарыум», «Сібір», але гэта даволі складаная гульня і, напэўна, больш прыдатная для старэйшых дзяцей. Памятаем таксама, што любую гульню, у тым ліку квесты, неабходна спачатку прайсці бацькам! Ніколі не давайце дзецям «непраінспектаваных» гульняў!
  • Гульні на ўвагу кшталту «я шукаю»: знайсці прадметы ў пакоі, адрозненні на двух малюнках і г.д. Яны садзейнічаюць развіццю ўвагі, магчымасці заўважаць незвычайнае ў звычайным, развіваюць мысленне. Адзіны недахоп — некаторыя заданні ў іх трэба выконваць за абмежаваны час: напрыклад, знайсці 10 рэчаў у пакоі за 10–15 хвілін. Магчыма, што такія заданні варта пакінуць для дзяцей старэйшага, чым 10 гадоў, узросту і падлеткаў, аднак у кожным выпадку пытанне вырашаецца асобна. Усё залежыць ад маштабу квесту і адведзенага часу, а таксама, зразумела, ад рэакцыі дзіцяці.
 
Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.