Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Залежнасць ад… Бога?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
06.10.2009 16:00
У сучасным свеце мноства людзей пакутуе ад усялякага роду залежнасцяў: ад алкаголя, наркотыкаў, тэлевізара, камп’ютэра, ежы, іншых людзей. А ці магчыма залежнасць ад... Бога?

Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, як мы разумеем залежнасць. Для таго, каб зразумець яе, неабходна было б прасачыць, адкуль яна мае вытокі. На думку некаторых даследчыкаў, залежнасць звязана з прыроджанай схільнасцю асобных людзей, г. зн. яна не з’яўляецца ў чалавека ў працэсе жыццядзейнасці, але ён нараджаецца з біялагічнымі прадпасылкамі да залежнасці. Пагадзіцца з такім меркаваннем — значыць перакласці віну на прыроду (біялогію). А яе, як вядома, не зменіш. Выснова прыхільнікаў такой пазіцыі: чалавек не нясе маральнай адказнасці за прыроджаныя заганы натуры, а значыць, ён не абавязаны (не мае сэнсу) спрабаваць мяняць тое, што ён не ў стане змяніць. У выніку — чалавек павінен паддацца залежнасці, таму што перад ёю (як часткаю натуры) ён бяссільны. Не трэба вялікага розуму, каб зразумець, што такі шлях мыслення вядзе да абсурду і спрыяе маральнай дэградацыі чалавека. Хоць трэба заўважыць, што сапраўды існуюць біялагічныя (фізіялагічныя) НЕБЯСПЕКІ ў патомства залежных бацькоў, якія атручваюць свой арганізм нейкімі хімічнымі сродкамі. Аднак небяспека залежнасці — гэта не прычына, але толькі небяспека!

Калі залежнасць разумець як набытую псіхічную схільнасць, якая развілася ў працэсе неправільнага выхавання або як следства ўцякання ад праблем, то з ёй можна і неабходна змагацца. Бо чалавек мае ўладу над набытым. І хоць маральную адказнасць за дадзеную залежнасць асоба можа спрабаваць перакінуць на акаляючую рэчаіснасць (дрэннае мінулае, асяроддзе, бацькі, выхавацелі, здароўе і г. д.), аднак, яна нясе поўную адказнасць за свае дзеянні ў адносінах да ўсвядомленай залежнасці. Існуюць, безумоўна, аргументы, якія змякчаюць адказнасць, але яны яе не адмяняюць.

Глыбінная прычына залежнасцяў крыецца часцей за ўсё ў тым, што асоба не згаджаецца з рэальным светам. Чалавек схільны раскладваць усё, з чым сустракаецца ў жыцці, па «паліцах» (даваць назвы, вызначаць паняцці, тлумачыць сэнс і значэнне і т. д.). Чалавек разумее, што рэальны свет можа быць лепшы. Чым горшая рэчаіснасць, тым большая спакуса бегчы ад як або ў іншае (лепшае) асяроддзе, або (калі няма магчымасці ўцячы) аддацца марам пра цудоўнае магчымае (ідэальная віртуальная рэальнасць). Другі тып уцёкаў ад цяжкай рэальнасці часцей за ўсё выражаецца ў знешняй пасіўнасці і ўнутранай (псіхічнай) актыўнасці, г. зн. бурных фантазіях. Сучасная цывілізацыя стварыла такога роду «бежанцам» магчымасць не напружваць сваё ўяўленне, а проста спажываць ужо гатовыя на любы выпадак віртуальныя рэальнасці, дастаткова толькі ўключыць тэлевізар або камп’ютэр. Так нараджаюцца «сучасныя» залежнасці, якія некалькі адрозніваюцца ад «класічных», калі стомленая ад невырашальных праблем і правалаў рэальнага свету псіхіка проста «расслаблялася» дзякуючы алкаголю, наркотыкам або іншым сродкам.

Адным з самых вытанчаных спосабаў уцёкаў можа стаць і залежнасць ад... «Бога», г. зн. выкарыстанне штучнага (прыдуманага) вобразу Найвышэйшага як сродку (апраўдання) сыходу ў свет мар. На практыцы гэта праяўляецца ў тым, што чалавек, прыводзячы ў апраўданне высокія ідэалы, можа ўцякаць ад цяжкасцяў у сям’і, на працы, бегчы ад няўдач у асабістым жыцці, закрыцца на асяроддзе. І ўсё гэта ён будзе рабіць нібыта ў імя Бога, якому жадае «аддацца», «служыць» і г. д.

Як адрозніць сапраўднае служэнне Жывому Богу ад (неўратычнай) залежнасці ад выдуманага «бога»? Хворая асоба перш за ўсё будзе закрыта на якую-небудзь крытыку знешнюю (ад іншых) і ўнутраную (асабістую). Залежны ад «бога» чалавек будзе выдумваць усялякага роду табу, закрытыя тэмы, эмацыйна і непрапарцыянальна рэагаваць на разнастайныя заўвагі, якія ставілі б пад пагрозу (сумненне) яго свет. Знешне такі чалавек будзе весці сябе як тыповы неўротык, будзе ўцякаць, бурна рэагаваць і ненавідзець рэальнасць. Пачатак кожнай залежнасці — гэта расчараванне ў рэчаіснасці, дэфіцыт любові.

Усведамляючы небяспеку замены здаровай веры на неўратычныя рэлігійныя выдумкі, варта было б зрабіць практычныя высновы. У першую чаргу хацелася б звярнуць увагу на тое, што сапраўдны хрысціянін — гэта чалавек, які жыве рэальным светам, з аптымізмам акунаецца ў гушчу рэчаіснасці. Хрысціянін разумее, што галоўная крыніца праблем чалавека — гэта аддзяленне сферы ўяўлення ад рэальнага свету. Уменне адрозніваць рэальнае ад выдуманага, факта ад палёту фантазіі — вялікае заданне і крыніца здаровага духу. Уменне самакрытычна глядзець на свае веды, веру, погляды, жаданне зразумець іншага чалавека, давер вучэнню Касцёла, адкрытасць на кампетэнцыю духоўнай асобы — гарантыя нармальнай веры і шанс пабудаваць сапраўдныя адносіны з сапраўдным Богам. Чалавек занадта слабы, таму без адкрытасці на сапраўднага Бога і Яго дапамогу (ласку) ён у складанай сітуацыі лёгка паддаецца спакусе ўцякаць ад рэчаіснасці, не задумваючыся аб выніках. Абвостраная ў складаны момант туга па цудоўнаму, па Раі, аддзяляе чалавека толькі на крок ад уцёку ў свет мар, дзе ён ужо не няўдачнік, а святы. І ёсць шмат тых, хто спекулюе на гэтай тузе душы па Небу. Таму што чым больш брудная зямля, тым больш прыгожым здаецца Неба. І той чалавек, які не ведае Жывога Бога, стане бегчы за любым міражом і будзе гатовы заплаціць самую дарагую цану за тое, каб хоць на імгненне апынуцца ў Раі. І калі няма нармальнага кантакту з сапраўдным Богам, які прапануе сапраўдны Рай, то чалавек будзе спрабаваць знайсці «заменнікі», адпаведныя яго запатрабаванням: алкаголь, наркотык, працу, віртуальны свет і... «бога». Каб не падманваць сябе, варта помніць пра небяспеку залежнасці ад «бога», не баяцца размоваў з духоўным айцом і абавязкова пазнаваць Жывога Бога, каб не прамяняць Яго ні на якія «заменнікі».

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.